Езэкііля 2 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Такая была ўява падабенства славы Гасподняй. Убачыўшы гэта, я ўпаў на аблічча сваё і чуў голас Таго, Які гаварыў, і Ён сказаў мне: «сыне чалавечы! стань на свае ногі, і Я буду гаварыць з табою».
 
І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, стань на ногі твае, і Я буду гаварыць да цябе».

І калі Ён гаварыў мне, увайшоў у мяне Дух і паставіў мяне на ногі мае, і я чуў Таго, Які гаварыў мне.
 
І ўвайшоў у мяне дух, калі Ён да мяне гаварыў, і паставіў мяне на ногі мае, і я пачуў, як Ён да мяне прамаўляў

І Ён сказаў мне: «сыне чалавечы! Я пасылаю цябе да сыноў Ізраілевых, да людзей непакорлівых, якія ўзбунтаваліся супроць Мяне; яны і бацькі іхнія здраднікі перад Мною да гэтага самага дня.
 
і сказаў: «Сын чалавечы, Я пасылаю цябе да сыноў Ізраэля, да народа адступнікаў, што адвярнуліся ад Мяне; яны і бацькі іх выступаюць супраць Мяне аж да сённяшняга дня.

І гэтыя сыны з агрубелым абліччам і з жорсткім сэрцам, — да іх Я пасылаю цябе, і ты скажаш ім: так кажа Гасподзь Бог!
 
І гэта людзі з тварамі без сораму і закамянелымі сэрцамі; Я пасылаю цябе да іх, і ты скажаш ім: “Гэта кажа Госпад Бог”.

Ці будуць яны слухаць, альбо ня будуць, бо яны мяцежны дом; але няхай ведаюць, што быў прарок сярод іх.
 
А ці паслухаюць яны цябе, ці пагардзяць, — бо гэта народ упорысты, — аднак будуць ведаць, што прарок ёсць між імі.

А ты, сыне чалавечы, ня бойся іх і ня бойся словаў іхніх, калі яны ваўчкамі і цернямі будуць табе, і ты будзеш жыць у скарпіёнаў, — ня бойся словаў іхніх і не палохайся аблічча іхняга, бо яны мяцежны дом;
 
Такім чынам, ты, сын чалавечы, не бойся іх, ані палохайся слоў іх, нават калі вакол цябе будуць чартапалох і цярноўнік ды калі ты апынешся сярод скарпіёнаў. Не бойся іх слоў і не бойся іх твараў, бо гэта народ упорысты.

і кажы ім словы Мае, будуць яны слухаць альбо ня будуць, бо яны ўпартыя.
 
Такім чынам, ты будзеш казаць ім словы Мае, — ці будуць яны слухаць, ці пагардзяць, бо яны ўпорыстыя.

А ты, сыне чалавечы, слухай, што Я буду казаць табе: ня будзь упарты, як гэты мяцежны дом; разьзяві рот свой і зьеж, што Я дам табе».
 
А ты, сын чалавечы, слухай, што Я табе скажу, і не будзь упорысты, як гэты народ бунтоўны; адчыні вусны свае і з’еж, што Я табе даю».

І ўбачыў я, і вось рука працягнута да мяне, і вось у ёй — кніжны сувой.
 
І паглядзеў я: і вось, выцягнулася рука да мяне, у якой быў скрутак кнігі. І разгарнуў Ён яго перада мною; а быў ён спісаны з аднаго і другога боку, і былі ў ім запісаны нараканні, і галашэнні, і бедаванні.

І Ён разгарнуў яго перад мною, і вось, сувой сьпісаны быў усярэдзіне і звонку, і напісана на ім: «плач, і стогн, і гора».