Езэкііля 35 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І было мне слова Гасподняе:
 
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:

сын чалавечы! павярні аблічча тваё да гары Сэір і вымаві на яе прароцтва
 
«Сын чалавечы, звярні аблічча тваё супраць гары Сэір і праракуй супраць яе і кажы ёй:

і скажы ёй: так кажа Гасподзь Бог: вось Я — на цябе, гара Сэір! і працягну на цябе руку Маю і зраблю цябе пустою і незаселенаю.
 
гэта кажа Госпад Бог: “Вось, я супраць цябе, гара Сэір; і Я выцягну руку Маю супраць цябе і зраблю з цябе пустыню і пустэчу.

Гарады твае ператвару ў разваліны, і ты сама апусьцееш і ўведаеш, што Я — Гасподзь.
 
Гарады твае зраблю руінамі, і станеш ты пустыняй, і даведаешся, што Я — Госпад.

Як што ў цябе вечная варожасьць, і ты аддавала сыноў Ізраілевых у рукі мечу ў час няшчасьця іхняга, у час канчатковай пагібелі,
 
За тое, што меў ты вечную варожасць і аддаў сыноў Ізраэля пад меч у час смутку іх, у час страшнай кары,

за гэта, жыву Я! кажа Гасподзь Бог, зраблю цябе крывёю, і кроў будзе перасьледаваць цябе; як што ты не ненавідзела крыві, дык кроў і будзе перасьледаваць цябе.
 
дзеля таго, жыву Я, — кажа Госпад Бог, — Я аддам цябе ў кроў, і кроў будзе пераследаваць цябе, і паколькі ты крыві не ўзненавідзеў, кроў пераследаваць цябе будзе.

І зраблю гару Сэір пустым і бязьлюдным стэпам і вынішчу на ёй прыхадня і вяртанца.
 
І гару Сэір Я ператвару ў пустыню і пустэчу, ды вынішчу на ёй усё жывое,

І напоўню вышыні яе забітымі яе: на пагорках тваіх і ў далінах тваіх і ва ўсіх калдобінах тваіх будуць падаць пабітыя мечам.
 
і ўзгоркі яе Я напоўню трупамі забітых, на ўзвышшах тваіх, і ў лагчынах тваіх, і ва ўсіх рэках тваіх будуць падаць пазабіваныя мечам.

Зраблю цябе пустыняю вечнаю, і ў гарадах тваіх ня будуць жыць, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
 
Я зраблю цябе вечнай пустыняй, і гарады твае будуць неабжытыя, і даведаецеся, што Я — Госпад.

Так, як ты казала: гэтыя два народы і гэтыя дзьве зямлі будуць мае, і мы завалодаем імі, хоць і Гасподзь быў там,
 
За тое, што ты сказаў: “Абодва народы і абедзве зямлі будуць мае, і я вазьму іх ва ўласнасць”, — хоць там быў Госпад,

за тое, жыву Я! кажа Гасподзь Бог, зраблю з табою ў меру нянавісьці тваёй, якую ты выказала зь нянавісьці тваёй да іх, і яўлю Сябе ім, калі буду судзіць цябе.
 
дзеля таго, жыву Я, — кажа Госпад Бог, — Я зраблю табе паводле гневу твайго і паводле зайздрасці тваёй, якую выказаў ты, маючы нянавісць да іх, і Я стану вядомым сярод іх, калі буду судзіць цябе.

І ўведаеш, што Я Гасподзь чуў усе глумленьні твае, якія ты вымаўляла на горы Ізраілевыя, кажучы: «апусьцелі! нам аддадзены, каб мы зьелі!»
 
Ды зразумееш ты, што Я, Госпад, пачуў усе твае знявагі, якія ты казаў супраць гор Ізраэля, кажучы: “Яны спустошаны, аддадзены нам на ежу!”

Вы пышыліся перада Мною языком вашым і памнажалі прамовы вашыя супроць Мяне; я чуў гэта.
 
І ўзвысіліся вы адносна Мяне вуснамі сваімі, і пракрычалі вы словы свае супраць Мяне; і Я пачуў гэта”.

Так кажа Гасподзь Бог: калі ўся зямля будзе радавацца, Я зраблю цябе пустыняю.
 
Вось што кажа Госпад Бог: “На радасць усёй зямлі Я ператвару цябе ў пустыню;

Як ты радавалася таму, што доля дому Ізраілевага апусьцела, так зраблю Я і з табою: спустошана будзеш, гара Сэір, і ўся Ідумэя разам, — і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
 
як цешыўся ты з прычыны таго, што спадчына дому Ізраэля была спустошана, гэтак Я зраблю і з табой: пустыняй станеш, гара Сэір і ўся Ідумея, і даведаюцца, што Я — Госпад”.