Езэкііля 40 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

У дваццаць пятым годзе пасьля перасяленьня нашага, на пачатку года, у дзясяты дзень месяца, у чатырнаццатым годзе пасьля разбурэньня горада, у той самы дзень была на мне рука Госпада, і Ён павёў мяне туды.
 
У дваццаць пятым годзе нашага перасялення, на пачатку года, у дзесяты дзень месяца, у чатырнаццатым годзе пасля зруйнавання горада, у той самы дзень супачыла рука Госпада на мне і завёў Ён мяне сюды.

Ва ўявах Божых прывёў Ён мяне ў зямлю Ізраілевую і паставіў мяне на даволі высокай гары, і на ёй з паўднёвага боку былі як бы гарадскія будынкі,
 
У Божых бачаннях прывёў Ён мяне ў зямлю Ізраэля і паставіў мяне на вельмі высокай гары, на якой было штосьці накшталт пабудовы нейкага горада на поўдзень.

і прывёў мяне туды. І вось муж, выгляд у якога як бы выгляд бліскучай медзі, і льняная вяроўка ў руцэ ў яго і трысьціна для вымярэньня, і стаяў ён каля брамы.
 
І завёў Ён мяне туды, і вось, з’явіўся чалавек, які меў выгляд як бы [ён] з медзі; і меў ён у руцэ сваёй вяроўку з ільну, і ў другой руцэ — прут вымяральны, а стаяў ён пры браме.

І сказаў мне гэты муж: сыне чалавечы! глядзі вачыма тваімі і слухай вушамі тваімі, і прыкладвай сэрца тваё да ўсяго, што я буду паказваць табе, бо ты на тое і прыведзены сюды, каб я паказаў табе гэта; усё, што ўгледзіш, абвясьці дому Ізраілеваму.
 
І сказаў мне той чалавек: «Сын чалавечы, паглядзі вачамі сваімі, і паслухай вушамі сваімі, і сэрцам сваім зважай на ўсё, што я буду табе паказваць, бо прыведзены ты сюды на тое, каб было табе гэта паказана; паведамі дому Ізраэля пра ўсё, што ўбачыш».

І вось, па-за храмам — мур з усіх бакоў яго, і ў руцэ ў таго мужа — трысьціна для вымярэньня ў шэсьць локцяў, калі лічыць кожны локаць локцем з далоню; і намерыў ён у гэтым будынку адну трысьціну таўшчыні і адну трысьціну вышыні.
 
І вось, мур звонку вакол дома, з усіх яго бакоў, і ў руцэ чалавека вымяральны прут даўжынёй у шэсць локцяў, лічачы па локці і адной далоні; і змераў ён шырыню пабудовы адным прутом, і вышыню таксама адным прутом.

Потым пайшоў да брамы, тварам на ўсход, і падняўся па прыступках яе і знайшоў меры ў адным парозе брамы адну трысьціну шырыні і ў другім парозе адну трысьціну шырыні.
 
І прыйшоў ён да брамы, звернутай на ўсход, і ўзышоў па прыступках яе, і змерыў парог брамы адным прутом у шырыню

І ў кожным бакавым пакоі адна трысьціна даўжыні і адна трысьціна шырыні, а паміж пакоямі пяць локцяў, і ў парозе брамы каля бабінца брамы ўсярэдзіне адна трысьціна.
 
і пакой адным прутом у даўжыню і адным прутом у шырыню, і паміж пакояў было пяць локцяў, і парог брамы з боку прысенкаў брамы ўнутры — адным прутом.

І зьмерыў ён у бабінцы брамы ўсярэдзіне адну трысьціну,
 
І змераў ён прысенкі брамы —

а ў бабінцы каля брамы намерыў восем локцяў і два локці ў слупах. Гэты бабінец каля брамы — з боку храма.
 
восем локцяў, і вушак яе — два локці; а прысенкі брамы былі ўнутры.

Бакавых пакояў каля ўсходняй брамы: тры — з аднаго боку і тры — з другога; адна мера ва ўсіх трох і адна мера ў слупах з таго і з другога боку.
 
Затым пакоі брамы ў напрамку ўсходнім: тры з гэтага боку і тры з таго боку, і ўсе тры аднаго памеру, і аднаго памеру вушакі з абодвух бакоў.

Шырыні ў пройме брамы ён намерыў дзесяць локцяў, а даўжыні брамы — трынаццаць локцяў.
 
І змераў шырыню ўваходу праз браму — дзесяць локцяў, і глыбіня брамы — трынаццаць локцяў,

А перад пакоямі выступ у адзін локаць, і ў адзін локаць — з другога боку выступ; гэтыя пакоі з аднаго боку мелі шэсьць локцяў і шэсьць локцяў з другога боку.
 
і перад пакоямі была перагародка ў адзін локаць з аднаго і з другога боку; а пакоі мелі шэсць локцяў з аднаго і другога боку.

Потым намерыў ён у браме ад даху аднаго пакоя да даху другога дваццаць пяць локцяў шырыні; дзьверы былі насупраць дзьвярэй.
 
Потым змераў ён браму ад даху пакоя аж да даху яго з супрацьлеглага боку, шырыня была дваццаць пяць локцяў ад дзвярэй да дзвярэй.

А ў слупах ён налічыў шасьцьдзясят локцяў — у кожным слупе каля двара і каля брамы,
 
Змераў таксама прысенкі — дваццаць локцяў. Навокал брамы быў двор з усіх бакоў.

і ад пярэдняга боку ўваходу ў браму да пярэдняга боку ўнутранае брамы — пяцьдзясят локцяў.
 
І ад уваходу ў браму аж да прысенкаў брамы ўнутры было пяцьдзесят локцяў.

Кратаваныя вокны былі і ў бакавых пакоях і ў слупах іх, усярэдзіну брамы вакол, таксама і ў бабінцах вокны былі вакол на зьнешні бок, і на слупах — пальмы.
 
І вокны з устаўленымі рамамі былі наўкола ў пакоях і пры вушаках з усіх бакоў; ды таксама былі вокны наўкола прысенкаў унутры, і перад вушакамі былі аздабленні ў выглядзе пальмаў.

І прывёў ён мяне на зьнешні двор, і вось там — пакоі і каменны памост вакол двара; трыццаць пакояў на тым памосьце.
 
І завёў ён мяне на знешні панадворак, і вось, былі на панадворку пакоі, і падлога, выкладзеная кругом каменем; трыццаць пакояў было на падлозе кругом;

І памост гэты быў абапал брамы, адпаведна даўжыні брамы; гэты памост быў ніжэй.
 
і падлога знаходзілася з боку ад брамы адпаведна да глыбіні брамы; была гэта ніжняя падлога.

І намерыў ён у шырыню ад ніжняе брамы да зьнешняга краю ўнутранага двара сто локцяў — на ўсход і на поўнач.
 
І змераў ён шырыню ад знешняга боку брамы ніжняй аж да пярэдняга боку ўнутранай брамы звонку — сто локцяў.

Ён зьмерыў таксама даўжыню і шырыню брамы зьнешняга двара, які выходзіў на поўнач,
 
Таксама браму, якая была звернута на поўнач, на знешні панадворак, ён змераў: як у даўжыню, так і ў шырыню;

і бакавыя пакоі пры іх, тры з аднаго боку і тры з другога; і слупы іх і выступы іх былі такой самай меры, як у ранейшае брамы: даўжыня іх — пяцьдзясят локцяў, а шырыня — дваццаць пяць локцяў.
 
і мелі яе пакоі тры локці з аднаго боку і тры — з другога; і яе вушакі, і яе прысенкі былі адпаведныя памеру першай брамы: пяцьдзесят локцяў — яе даўжыні і дваццаць пяць локцяў — яе шырыні.

І вокны іх і выступы іх і пальмы іх — той самай меры, як у брамы, якая выходзіць на ўсход; і ўваходзяць у яе па сямі прыступках, і перад імі выступы.
 
І вокны яе прысенкаў разам з аздабленнем у выглядзе пальмаў былі адпаведна памеру брамы, якая была звернута на ўсход; і ўваходам у яе былі сем прыступак, і ўнутры — прысенкі.

І ва ўнутраны двор ёсьць брама насупраць брамаў паўночнай і ўсходняй; і намерыў ён ад брамы да брамы сто локцяў.
 
І насупраць брамы паўночнай была брама ўнутранага панадворка, як пры браме ўсходняй; і ён змераў ад брамы аж да брамы: сто локцяў.

І павёў мяне на поўдзень, і вось там — брама паўднёвая; і намерыў ён у слупах і выступах такую самую меру.
 
І завёў ён мяне на поўдзень, і вось, была там брама, звернутая на поўдзень; і змераў ён яе вушакі і яе прысенкі паводле папярэдніх памераў.

І вокны ў іх і перад дзьвярыма ў іх — такія самыя, як тыя вокны: даўжыні пяцьдзясят локцяў, а шырыні дваццаць пяць локцяў.
 
І мела яна прысенкі кругом і вокны, як астатнія вокны; пяцьдзесят локцяў была яна даўжынёю і дваццаць пяць — шырынёю.

Пад’ём да іх — у сем прыступак, і пераддзьвер’е перад імі; і пальмавыя акрасы — адно з аднаго боку і адно з другога — на слупах іх.
 
І ўваходзілі ў яе па сямі прыступках, і яе прысенкі былі ўнутры; і мела яна пальмы разной работы на вушаках сваіх з абодвух бакоў.

І ва ўнутраны двор была паўднёвая брама; і намерыў ён ад брамы да брамы паўднёвай сто локцяў.
 
І была брама на ўнутраным панадворку, звернутая на поўдзень; і змераў ён у напрамку паўднёвым ад брамы аж да брамы — сто локцяў.

І прывёў ён мяне праз паўднёвую браму ва ўнутраны двор; і намерыў у паўднёвай браме тую самую меру.
 
І завёў ён мяне на ўнутраны панадворак пры браме паўднёвай і змераў браму паводле папярэдніх памераў;

І бакавыя пакоі іх і слупы іх і бабінцы іх — той самай меры, і вокны ў іх і ў бабінцах іх былі вакол; усяго ў даўжыню — пяцьдзясят локцяў, а ў шырыню — дваццаць пяць локцяў.
 
пакоі, і вушакі яе, і прысенкі яе мелі тыя ж самыя памеры; і мела яна вокны кругом, як і прысенкі. Пяцьдзесят локцяў мела даўжыні і дваццаць пяць локцяў шырыні.

Бабінцы былі вакол у дваццаць пяць локцяў, а шырынёю ў пяць локцяў.
 
Верш у тэксце Новай Вульгаты адсутнічае. [Прысенкі былі вакол даўжынёю ў пяцьдзесят локцяў і шырынёю ў пяць локцяў.]

І бабінцы былі ў іх на зьнешні двор, і пальмы былі на слупах іх; пад’ём да іх — на восем прыступак.
 
І яе прысенкі былі пры знешнім панадворку; і на яе вушаках былі пальмы, і ўваходзілі ў яе па васьмі прыступках.

І павёў мяне ўсходняю брамаю на ўнутраны двор; і намерыў у гэтай браме тую самую меру.
 
І завёў ён мяне на знешні панадворак на ўсходнім баку, і змераў браму; і мела яна тыя самыя памеры;

І бакавыя пакоі іх і слупы іх былі вакол; даўжыня на пяцьдзясят локцяў, і шырыня — дваццаць пяць локцяў.
 
яе пакоі, і вушакі яе, і прысенкі яе мелі тыя ж самыя памеры; і вокны мела яна, гэтак жа, як і прысенкі, навокал. У даўжыню мела яна пяцьдзесят локцяў і ў шырыню — дваццаць пяць локцяў.

Бабінцы ў іх былі на зьнешні двор, і пальмы на слупах іх з таго і другога боку; пад’ём да іх — на восем прыступак.
 
І прысенкі яе знаходзіліся пры знешнім панадворку, і разной работы пальмы былі на яе вушаках з аднаго і другога боку, і ўваход у яе меў восем прыступак.

Потым прывёў мяне да паўночнае брамы і намерыў у ёй тую самую меру.
 
І прывёў ён мяне да брамы паўночнай, і змераў паводле папярэдніх памераў пакоі яе і прысенкі яе;

Бакавыя пакоі пры ёй, слупы яе былі вакол; усяго ў даўжыню — пяцьдзясят локцяў і ў шырыню — дваццаць пяць локцяў.
 
і мела яна вокны кругом. Пяцьдзесят локцяў была даўжыня яе і дваццаць пяць локцяў шырыня.

Бабінцы ў ёй былі на зьнешні двор і пальмы на слупах яе з таго і з другога боку; пад’ём да яе — на восем прыступак.
 
І яе прысенкі вялі да знешняга панадворка, і аздабленні ў выглядзе пальмаў былі на яе вушаках з аднаго і другога боку, і ўваход у яе меў восем прыступак.

Быў таксама пакой, з уваходам у яго, каля слупоў брамы: там абмываюць ахвяры цэласпаленьня.
 
І была там камора, уваход у якую быў у прысенках брамы; там будуць мыць ахвяры цэласпалення.

А ў бабінцы каля брамы два сталы — з аднаго боку і два — з другога боку, каб калоць на іх ахвяры цэласпаленьня і ахвяры за грэх і ахвяры за злачынства.
 
І ў прысенках брамы былі два сталы з аднаго і два сталы з другога боку для забівання на іх ахвяр цэласпалення, і ахвяр за грэх, і ахвяр аднагараджэння.

І са зьнешняга боку каля ўваходу ў праёміну паўночнае брамы былі два сталы, і з другога боку каля бабінца пад брамай — два сталы.
 
І на знешнім баку прысенкаў, пры ўваходзе ў браму паўночную, былі два сталы; і з другога боку прысенкаў пры браме былі таксама два сталы.

Чатыры сталы — з аднаго боку і чатыры сталы — з другога боку і абапал брамы: усяго восем сталоў, на якіх колюць ахвяры.
 
Чатыры сталы тут і чатыры сталы там па баках брамы: было восем сталоў, на якіх будуць забіваць ахвяры.

І чатыры сталы для прыгатаваньня цэласпаленьня былі з часаных камянёў, даўжынёю ў паўтара локця і шырынёю ў паўтара локця, а вышынёю ў адзін локаць; на іх кладуць прылады для заколу ахвяры цэласпаленьня і іншыя ахвяры.
 
А чатыры сталы на ахвяры цэласпалення былі зроблены з чатырохвугольных камянёў, даўжынёю ў паўтара локця і шырынёю ў паўтара локця, і вышынёю ў адзін локаць;

І гакі ў адну далоню ўроблены былі ў сьцены будынка вакол, а на сталах клалі ахвярнае мяса.
 
і крукі на шырыню далоні былі прыроблены да сцен памяшкання кругом, 42б на іх будуць класці прылады да забівання ахвяр цэласпаленняў і іншых ахвяр, 43б а на сталы — мяса ахвяры.

Звонку ўнутранае брамы былі пакоі для сьпевакоў; на ўнутраным двары, з боку паўночнае брамы, адна на поўдзень, а другая, з боку паўднёвае брамы, на поўнач.
 
І звонку ўнутранай брамы былі два пакоі на ўнутраным панадворку; адзін быў з боку брамы паўночнай, і пярэдні бок яго накіраваны на поўдзень, і адзін з боку брамы паўднёвай, і пярэдні бок яго накіраваны на поўнач.

І сказаў ён мне: гэты пакой, які выходзіць на поўдзень — для сьвятароў, якія чуваюць на варце храма;
 
І сказаў ён мне: «Гэта пакой, які накіраваны на поўдзень; ён будзе прызначаны для святароў, якія будуць несці варту пры святыні.

а пакой, які выходзіць на поўнач — для сьвятароў, якія чуваюць на варце ахвярніка: гэта сыны Садока, якія адны з сыноў Лявія набліжаюцца да Госпада, каб служыць Яму.
 
А пакой, які накіраваны на поўнач, будзе прызначаны для святароў, якія будуць спаўняць службу пры ахвярніку: гэта сыны Садока, якія з сыноў Левія маюць права набліжацца да Госпада, каб Яму служыць».

І намерыў ён у двары сто локцяў даўжыні і сто локцяў шырыні: ён быў чатырохкутны: а перад храмам стаяў ахвярнік.
 
І змераў ён панадворак — квадрат у сто локцяў даўжыні і сто локцяў шырыні. Ахвярнік стаяў перад святыняй.

І прывёў ён мяне да бабінца храма і намерыў у слупах бабінца пяць локцяў з аднаго боку і пяць локцяў з другога; а ў браме — тры локці шырыні з аднаго боку і тры локці з другога.
 
І ўвёў мяне ў прысенкі святыні, і змераў вушакі прысенкаў: пяць локцяў з аднаго і пяць локцяў з другога боку, і брама была шырынёю ў чатырнаццаць локцяў, і бакі брамы мелі тры локці з аднаго боку і тры локці з другога;

Даўжыня бабінца — дваццаць локцяў, а шырыня — адзінаццаць локцяў, і ўзыходзяць у яго па дзесяці прыступках; і былі падпоры ў слупоў: адна — з аднаго боку, а другая — з другога.
 
а даўжыня прысенкаў была дваццаць локцяў, і шырыня — дванаццаць локцяў, і ўваходзілі ў іх па дзесяці прыступках, і слупы былі на вушаках, адзін з аднаго, другі ж — з другога боку.