Езэкііля 42 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І вывеў мяне да зьнешняга двара паўночнаю дарогаю і прывёў мяне да пакояў, якія насупраць плошчы і насупраць будынка на поўнач.
 
І вывеў ён мяне на панадворак знешні на паўночным баку ды завёў мяне ў залу, якая знаходзілася насупраць адгароджанага месца і насупраць будынка з паўночнага боку.

да таго месца, якое каля паўночных дзьвярэй мае ў даўжыню сто локцяў, а ў шырыню пяцьдзясят локцяў.
 
Даўжыня яе была сто локцяў з паўночнага боку, і шырыня — пяцьдзесят локцяў.

Насупраць дваццаці локцяў унутранага двара і насупраць памоста, які на зьнешнім двары, былі галярэя супраць галярэі ў тры ярусы.
 
Насупраць дваццаці локцяў панадворка ўнутранага і таксама насупраць падлогі, каменем выкладзенай, на панадворку знешнім падымаліся адзін за адным тры паверхі.

А перад пакоямі — ход у дзесяць локцяў шырыні, а ўсярэдзіну адзін локаць; дзьверы іх выходзяць на поўнач.
 
І перад заламі быў праход шырынёй у дзесяць локцяў, які быў звернуты ўнутр, даўжынёй у сто локцяў; і дзверы іх знаходзіліся на паўночным баку.

Верхнія пакоі — вузейшыя, бо галярэя забірае ў іх крыху адносна ніжніх і сярэдніх пакояў гэтага будынка.
 
Верхнія пакоі былі вузейшыя за ніжнія і сярэднія пакоі будынка, бо паверхі займалі іх прастору.

Яны — у тры ярусы, і такіх слупоў, якія на дварах, няма ў іх; таму яны і зроблены вузей за ніжнія і сярэднія пакоі, пачынаючы ад дарогі.
 
Былі бо яны трохпавярховыя і не мелі калон такіх, як калоны на панадворках; таму, такім чынам, будынак падымаўся ад зямлі па паверхах: ад ніжніх і ад сярэдніх.

А вонкавая сьцяна насупраць гэтых пакояў ад зьнешняга двара, якая складае франтальны бок пакояў, мае даўжыні пяцьдзясят локцяў;
 
І мур, што ішоў звонку адносна залаў, быў у напрамку знешняга панадворка насупраць залаў, меў даўжыню ў пяцьдзесят локцяў,

бо і пакоі на зьнешнім двары займаюць даўжыні толькі пяцьдзясят локцяў, і вось, перад храмам сто локцяў.
 
бо даўжыня залаў знешняга панадворка была пяцьдзесят локцяў, а тых, што перад імі, — цалкам была сто локцяў.

А зьнізу — ход да гэтых пакояў з усходняга боку, калі падыходзяць да іх са зьнешняга двара.
 
І ніжэй тых залаў быў уваход ад усходу, калі ісці да іх ад знешняга панадворка.

У шырыню сьцены двара на ўсход перад плошчаю і перад будынкам былі пакоі.
 
І ў верхняй частцы мура панадворка ў напрамку паўднёвым перад адгароджаным месцам і перад будынкам былі таксама залы,

І ход перад імі — такі самы, як і ў тых пакоях, якія выходзяць да поўначы, такая самая даўжыня, як і ў тых, і такая самая шырыня, і ўсе выхады зь іх і будова іхняя і дзьверы ў іх такія самыя, як і ў тых.
 
і быў перад імі праход, падобны да залаў, што былі на паўночным баку; паводле даўжыні іх і шырыні іх — такія ўсе іх выхады, і ўладкаванні, і брамы іх.

Такія самыя дзьверы, як і ў пакоях, якія на поўдзень, і для ўваходу ў іх — дзьверы каля самай дарогі, якая ішла проста ўздоўж сьцяны на ўсход.
 
І ля брам залаў, якія былі на паўднёвым баку, — брама ў верхняй частцы праходу, які быў праходам перад ахоўным мурам для тых, хто ўваходзіць праз усходні бок.

І сказаў ён мне: пакоі на поўнач і пакоі на поўдзень, якія перад плошчаю, ёсьць пакоі сьвяшчэнныя, у якіх сьвятары, якія набліжаюцца да Госпада, ядуць самыя сьвятыя ахвяры; там сама яны кладуць самыя сьвятыя ахвяры і хлебнае прынашэньне, і ахвяру за грэх і ахвяру за злачынства, бо гэта месца сьвятое.
 
І сказаў ён мне: «Залы паўночныя і залы паўднёвыя, што знаходзяцца перад месцам адгароджаным, — гэта святыя залы, дзе святары, якія маюць права набліжацца да Госпада, маюць есці найсвяцейшыя дары: там маюць яны складаць найсвяцейшыя дары, і ахвяру з ежы, і ахвяры за грэх і за злачынства, бо месца гэта — святое.

Калі ўвойдуць туды сьвятары, дык яны не павінны выходзіць з гэтага сьвятога месца на зьнешні двор, пакуль не пакінуць там вопраткі сваёй, у якой служылі, бо яна сьвяшчэнная; яны павінны апрануцца ў іншае адзеньне, і тады выходзіць да людзей.
 
А калі святары ўваходзяць, то не павінны яны выходзіць са свяцілішча на знешні панадворак, але павінны там скінуць свае шаты, у якіх спраўляюць сваю службу, бо яны святыя; і маюць ускласці на сябе адзенне іншае, і тады толькі ісці да месца, прызначанага для народа».

Калі ён закончыў мерыць унутраны храм, дык вывеў мяне праз браму, якая выходзіць на ўсход, і пачаў мерыць яе вакол.
 
І калі скончыў ён мераць унутраную прастору дома, то павёў мяне ў напрамку брамы, звернутай на ўсход, і змераў яе там навокал з усіх бакоў.

Ён абмерыў усходні бок мернаю трысьцінаю і намераў мернаю трысьцінаю ўсяго пяцьсот трысьцін;
 
А змераў прутом вымяральным з усходняга боку — пяцьсот прутоў паводле прута вымяральнага навокал.

з паўночнага боку тою самаю мернаю трысьцінаю намераў усяго пяцьсот трысьцін;
 
І змераў з паўночнага боку — пяцьсот прутоў пры дапамозе прута вымяральнага навокал.

з паўднёвага боку намераў мернаю трысьцінаю таксама пяцьсот трысьцін.
 
І змераў з паўднёвага боку пяцьсот прутоў пры дапамозе вымяральнага прута навокал.

Павярнуўшыся на заходні бок, намераў мернаю трысьцінаю пяцьсот трысьцін.
 
І павярнуўся, і змераў заходні бок — пяцьсот прутоў пры дапамозе вымяральнага прута.

З усіх чатырох бакоў ён вымерыў яго; вакол яго быў мур даўжынёю ў пяцьсот трысьцін і ў пяцьсот трысьцін шырынёю, каб аддзяліць сьвятое месца ад несьвятога.
 
Змераў яго на чатыры бакі; кругом яго з усіх бакоў быў мур, даўжынёю ў пяцьсот локцяў і шырынёю ў пяцьсот локцяў, каб аддзяліць свяцілішча ад несвятога месца.