Езэкііля 48 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Вось імёны плямёнаў. На паўночным краі дарогі ад Хэтлона, якая вядзе ў Эмат, Гацар-Энон, ад паўночнай мяжы Дамаска па дарозе да Эмата: усё гэта ад усходу да мора адзін надзел Дану.
 
«І вось імёны пакаленняў: у межах поўначы, ідучы ў напрамку Гэталона да ўваходу ў Эмат, Асарэнон — межы Дамаска да поўначы каля Эмата — будзе ад усходу аж да мора, атрымае Дан адну частку ва ўласнасць.

Каля мяжы Дана, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Асіру.
 
І каля мяжы Дана, ад усходу аж да мора, атрымае Асэр адну частку ва ўласнасць.

Каля мяжы Асіра, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Нэфталіму.
 
І каля мяжы Асэра, ад усходу аж да мора, атрымае Нэфталі адну частку ва ўласнасць.

Каля мяжы Нэфталіма, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Манасіі.
 
І каля мяжы Нэфталі, ад усходу аж да мора, атрымае Манаса адну частку ва ўласнасць.

Каля мяжы Манасіі, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Яфрэму.
 
І каля мяжы Манасы, ад усходу аж да мора, атрымае Эфраім адну частку ва ўласнасць.

Каля мяжы Яфрэма, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Рувіму.
 
І каля мяжы Эфраіма, ад усходу аж да мора, атрымае Рубэн адну частку ва ўласнасць.

Каля мяжы Рувіма, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Юду.
 
І каля мяжы Рубэна, ад усходу аж да мора, атрымае Юда адну частку ва ўласнасць.

А каля мяжы Юды, ад усходняга краю да заходняга, сьвяшчэнная дзялянка, шырынёю ў дваццаць пяць тысяч трысьцін, а даўжынёю нароўні зь іншымі надзеламі, ад усходняга краю да заходняга; сярод яго будзе сьвяцілішча.
 
І каля мяжы Юды, ад усходу аж да мора, мае быць частка аддзеленая, шырынёю ў дваццаць пяць тысяч прутоў і даўжынёю — як усе часткі, ад усходу аж да мора, і пасярэдзіне яе будзе знаходзіцца святыня.

Дзялянка, якую вы прысьвеціце Госпаду, даўжынёю будзе ў дваццаць пяць тысяч, а шырынёю ў дзесяць тысяч трысьцін.
 
Частка, якую вы аддзеліце для Госпада, будзе даўжынёю ў дваццаць пяць тысяч прутоў і шырынёю ў дваццаць тысяч прутоў.

І гэтая сьвяшчэнная дзялянка павінна належаць сьвятарам, на поўнач дваццаць пяць тысяч і да мора ў шырыню дзесяць тысяч, і на ўсход у шырыню дзесяць тысяч, а на поўдзень у даўжыню дваццаць пяць тысяч трысьцін, і сярод яго будзе сьвяцілішча Гасподняе.
 
Святая ж частка належаць будзе ім, святарам: на поўнач дваццаць пяць тысяч прутоў, і да мора шырынёю дзесяць тысяч прутоў, і на ўсход шырынёю дзесяць тысяч прутоў, і на поўдзень даўжынёю ў дваццаць пяць тысяч прутоў; і святыня Госпада будзе пасярэдзіне яе.

Гэта сьвяцілішча сьвятарам з сыноў Садока, якія стаялі на варце Маёй, якія падчас адступніцтва сыноў Ізраілевых не адступіліся ад Мяне, як адступіліся іншыя Лявіты.
 
Будзе яна пасвячоным святарам, нашчадкам Садока, якія спаўнялі Мае службы і не блукалі, калі блукалі ізраэльцы, як блукалі левіты.

Ім будзе належаць гэтая частка зямлі са сьвяшчэннай дзялянкі, сьвятыня са сьвятынь, каля мяжы Лявітаў.
 
І належаць ім будзе частка з асаблівай часткі зямлі, з святога з святых, каля мяжы левітаў;

І Лявіты атрымаюць таксама каля сьвятарскай мяжы дваццаць пяць тысяч у даўжыню і дзесяць тысяч трысьцін у шырыню; уся даўжыня дваццаць пяць тысяч, а шырыня дзесяць тысяч трысьцін.
 
але і левітам падобна мае належаць частка адпаведная межам святароў, даўжынёю ў дваццаць пяць тысяч прутоў і шырынёю ў дзесяць тысяч прутоў, цалкам даўжынёю ў дваццаць пяць тысяч і шырынёю ў дваццаць тысяч прутоў;

І з гэтай часткі яны ня могуць ні прадаць, ні памяняць; і пачаткі зямлі ня могуць пераходзіць да іншых, бо гэта сьвятыня Гасподняя.
 
і не будуць яны магчы з яе нічога прадаць, ані замяніць, ані не будуць магчы перанесці гэтую частку зямлі, бо была яна пасвячона Госпаду.

А астатнія пяць тысяч у шырыню з дваццацьцю пяцьцю тысячамі ў даўжыню назначаюцца гораду на агульны ўжытак, на засяленьне і на прадмесьці; горад будзе ўсярэдзіне.
 
А пяць тысяч прутоў, якія яшчэ застаюцца з шырыні ў дваццаць пяць тысяч прутоў, не будуць святыя, а будуць служыць гораду як месца на жыллё і на пашы, і горад будзе пасярэдзіне [гэтай тэрыторыі].

І вось памеры яго: паўночны бок чатыры тысячы пяцьсот і паўднёвы бок чатыры тысячы пяцьсот, усходні бок чатыры тысячы пяцьсот і заходні бок чатыры тысячы пяцьсот трысьцін.
 
І вось яго памеры: на бок паўночны — чатыры тысячы пяцьсот прутоў; і на бок паўднёвы — чатыры тысячы пяцьсот прутоў, і на бок усходні — чатыры тысячы пяцьсот прутоў, і на бок заходні — чатыры тысячы пяцьсот прутоў.

А прадмесьці горада на поўнач дзьвесьце пяцьдзясят, і на ўсход дзьвесьце пяцьдзясят, і на поўдзень дзьвесьце пяцьдзясят, і на захад дзьвесьце пяцьдзясят трысьцін.
 
А горад будзе мець пашы на дзвесце пяцьдзесят прутоў на поўнач, і на дзвесце пяцьдзесят прутоў на поўдзень, і на дзвесце пяцьдзесят прутоў на ўсход, і на дзвесце пяцьдзесят прутоў да мора.

А што застаецца з даўжыні супроць сьвяшчэннай дзялянкі — дзесяць тысяч на ўсход і дзесяць тысяч на захад насупраць сьвяшчэннай дзялянкі, творы з гэтай зямлі павінны быць для прадуктаў гарадскім работнікам.
 
Тое ж, што застанецца на даўжыню ля святой часткі, будзе на дзесяць тысяч прутоў на ўсход і дзесяць тысяч прутоў на захад, будзе яно ля святой часткі, і будуць плады яго на хлеб тым, хто служыць гораду.

Працаваць жа ў горадзе могуць работнікі з усіх каленаў Ізраілевых.
 
А будуць працаваць работнікі горада з усіх пакаленняў ізраэльскіх.

Уся аддзеленая дзялянка ў дваццаць пяць тысяч даўжыні і ў дваццаць пяць тысяч шырыні, чатырохкутная, выдзеліце пад сьвяшчэнны надзел, уключаючы валоданьні горада:
 
Уся частка будзе мець дваццаць пяць тысяч прутоў даўжыні на дваццаць пяць тысяч шырыні; вазьміце святую частку разам з уласнасцю горада.

а астатняе князю. Як з боку сьвяшчэннай дзялянкі, так і з боку валоданьняў горада, насупраць дваццаці пяці тысяч трысьцін да ўсходняй мяжы дзялянкі, і на захад супраць дваццаці пяці тысяч каля заходняй мяжы суразьмерна з гэтымі надзеламі, надзел князю, так што сьвяшчэнная дзялянка і сьвяцілішча будзе ўсярэдзіне яго.
 
А рэшта мае належаць валадару з абодвух бакоў святой часткі і ўласнасці горада, уздоўж тых дваццаці пяці тысяч прутоў часткі аж да мяжы ўсходняй, але і з абшару да мора ўздоўж тых дваццаці пяці тысяч прутоў аж да мяжы мора, адпаведна часткам пакаленняў: гэта будзе належаць валадару. І святая частка і свяцілішча святыні будуць пасярэдзіне яе,

І тое, што ад валоданьняў Лявітаў і ад валоданьняў горада застаецца ў прамежку, належыць таксама князю; прамежак паміж граніцаю Юды і паміж граніцаю Веньяміна будзе належаць князю.
 
яна будзе аддзеленая ад уласнасці левітаў і ўласнасці горада сярод частак, што належаць валадару: паміж мяжою Юды і мяжою Бэньяміна будзе знаходзіцца ўласнасць валадара.

А астатняе ад плямёнаў, ад усходняга краю да заходняга — адзін надзел Веньяміну.
 
І рэшце пакаленняў, ад усходу аж да захаду: Бэньяміну — адна частка.

Каля мяжы Веньяміна, ад усходняга краю да заходняга — адзін надзел Сымону.
 
І каля мяжы Бэньяміна, ад усходу аж да захаду, адна частка Сімяону.

Каля мяжы Сымона, ад усходняга краю да заходняга — адзін надзел Ісахару.
 
І каля мяжы Сімяона, ад усходу аж да захаду, адна частка Ісахару.

Каля мяжы Ісахара, ад усходняга краю да заходняга — адзін надзел Завулону.
 
І каля мяжы Ісахара, ад усходу аж да захаду, адна частка Забулону.

Каля мяжы Завулона, ад усходняга краю да заходняга — адзін надзел Гаду.
 
І каля мяжы Забулона, ад усходу аж да мора, адна частка Гаду.

А каля мяжы Гада на паўднёвым баку ідзе паўднёвая мяжа ад Тамара да водаў міжрэчча каля Кадыса, уздоўж патоку да вялікага мора.
 
І каля мяжы Гада, з боку паўднёвага, на поўдзень будзе ісці мяжа ад Тамара аж да водаў Мэрыбы каля Кадэса і ўздоўж ракі аж да Вялікага мора.

Вось зямля, якую вы па жэрабі падзялеце плямёнам Ізраілевым, і вось дзялянкі іх, кажа Гасподзь Бог.
 
Гэта вось зямля, якую вы падзеліце жэрабем між пакаленнямі Ізраэля, і гэтыя вось часткі іх, — кажа Госпад Бог.

І вось выхады горада: з паўночнага боку меры чатыры тысячы пяцьсот;
 
І вось выхад з горада: з паўночнага боку, памер якога будзе чатыры тысячы пяцьсот прутоў,

і брамы горада называюцца імёнамі плямёнаў Ізраілевых; на поўнач тры брамы: брама Рувімава адна, брама Юдава адна, брама Лявііна адна.
 
брамы горада будуць названыя паводле імёнаў пакаленняў Ізраэля: тры брамы з паўночнага боку: адна брама Рубэна, адна брама Юды, адна брама Левія.

І з усходняга боку меры чатыры тысячы пяцьсот, і тры брамы: брама Язэпава адна, брама Веньямінава адна, брама Данава адна;
 
І з усходняга боку на адлегласці чатырох тысяч пяцісот прутоў тры брамы: адна брама Язэпа, адна брама Бэньяміна, адна брама Дана.

і з паўднёвага боку меры чатыры тысячы пяцьсот, і тры брамы: брама Сымонава адна, брама Ісахарава адна, брама Завулонава адна.
 
І з паўднёвага боку, памер якога будзе чатыры тысячы пяцьсот прутоў, тры брамы: адна брама Сімяона, адна брама Ісахара, адна брама Забулона.

З марскога боку меры чатыры тысячы пяцьсот; брам тут таксама тры: брама Гадава адна, брама Асірава адна, брама Нэфталімава адна.
 
І з заходняга боку, на адлегласці чатырох тысяч пяцісот прутоў, тры брамы: адна брама Гада, адна брама Асэра, адна брама Нэфталі.

Усяго вакол васямнаццаць тысяч. А імя гораду з таго дня будзе: Гасподзь-там.
 
Наўкола горад мае васемнаццаць тысяч прутоў, і назва горада будзе з таго дня: “Госпад ёсць там!”»