Езэкііля 8 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І было на шостым годзе, на шостым месяцы, у пяты дзень месяца, сядзеў я ў доме маім, і старэйшыны Юдэйскія сядзелі перад абліччам маім, і сышла на мяне там рука Госпада Бога.
 
І сталася, што шостага года, пятага дня шостага месяца сядзеў я ў сваім доме, і старэйшыны Юды сядзелі перада мной, і супачыла там на мне рука Госпада Бога,

І ўбачыў я: і вось падабенства, як бы вогненнае, і ад сьцёгнаў яго і ніжэй — агонь, і ад сьцёгнаў яго і вышэй — як бы зьзяньне, як бы сьвятло полымя.
 
і ўбачыў я: і вось, была там істота, падобная выглядам да чалавека; ад таго, што выглядала падобным на яго сцёгны, унізе быў агонь, і ўгару ад таго, што выглядала падобным на сцёгны, было штосьці, што нагадвала бляск злітка золата са срэбрам.

І працягнуў Ён як бы руку і ўзяў мяне за валасы галавы маёй, і падняў мяне Дух паміж зямлёю і небам і прынёс мяне ва ўявах Божых у Ерусалім да ўваходу ўнутранае брамы, павернутай на поўнач, дзе пастаўлены быў ідал рупнасьці, які абуджае рупнасьць.
 
Выцягнуў Ён штосьці, быццам руку, і схапіў мяне за валасы на галаве маёй; і дух падняў мяне ўгару між зямлёй і небам, і ў Божых бачаннях завёў у Ерузалім у прысенак брамы ўнутранай, размешчанай на паўночным баку, там, дзе знаходзіўся ідал зайздрасці.

І вось там была слава Бога Ізраілевага, падобная на тую, якую я бачыў на полі.
 
І вось, была там слава Бога Ізраэля, такая, як у бачанні, што я бачыў на полі;

І сказаў мне: сыне чалавечы! падымі вочы твае на поўнач, і я падняў вочы мае на поўнач, і вось, з паўночнага боку каля брамы ахвярніка — той ідал рупнасьці пры ўваходзе.
 
і сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, падымі свае вочы на поўнач!» І падняў я вочы свае на поўнач, і вось, на поўнач ад брамы ахвярніка знаходзіўся ля ўваходу той ідал зайздрасці.

І сказаў Ён мне: сыне чалавечы! ці бачыш ты, што яны робяць? вялікія гідоты, якія робіць дом Ізраілеў тут, каб Я адышоў ад сьвятыні Маёй? Але павярніся, і ты ўбачыш яшчэ большыя гідоты.
 
І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, ці бачыш, што яны робяць, страшныя агіднасці, якія робіць тут дом Ізраэля, каб Мяне змусіць аддаліцца ад Маёй святыні. І калі лепш прыгледзішся, убачыш агіднасці яшчэ горшыя».

І прывёў мяне да ўваходу ў двор, і я зірнуў, і вось у сьцяне — адтуліна.
 
І завёў мяне да ўваходу ў панадворак, і я прыгледзеўся, і вось, там была адна дзірка ў муры.

І сказаў мне: сыне чалавечы! пракапай сьцяну; і я пракапаў сьцяну і вось нейкія дзьверы.
 
І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, прабі мур гэты!» І калі я прабіў мур, з’явіўся адзін праход.

І сказаў мне: увайдзі і паглядзі на агідныя гнюсоты, якія яны робяць тут.
 
І Ён сказаў мне: «Увайдзі і паглядзі на тыя найгоршыя агіднасці, якія яны тут робяць!»

І я ўвайшоў, і бачу, і вось усялякія выявы паўзуноў і нячыстых жывёл і ўсялякія ідалы дома Ізраілевага, напісаныя на сьценах навакол.
 
І я ўвайшоў, і паглядзеў, і вось, усякія выявы звяроў зямных і брыдкіх істот ды ўсе ідалы дому Ізраэля былі намаляваныя ўсюды кругом на сцяне.

І семдзесят мужоў са старэйшынаў дома Ізраілевага стаяць перад імі і Езанія, сын Сафанаў, сярод іх; і ў кожнага ў руцэ — сваё кадзіла, і густое воблака пахошчаў узносіцца ўгору.
 
І семдзесят мужоў пасярод старэйшын дому Ізраэля стаялі між імі, і Язанія, сын Сафана, стаяў; стаялі яны перад малюнкамі, і ў руцэ ў кожнага была свая кадзільніца, і пах ад курэння ўзносіўся да воблакаў.

І сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы, што робяць старэйшыны дому Ізраілевага ў цемры, кожны ў сваім расьпісаным пакоі? бо кажуць: «ня бачыць нас Гасподзь, пакінуў Гасподзь зямлю гэтую».
 
І сказаў Ён мне: «Ці бачыш, сын чалавечы, што робіць патаемна кожны са старэйшын дому Ізраэля ў сваім спальным пакоі? Яны бо кажуць: “Госпад нас не бачыць, Госпад пакінуў нашу зямлю”».

І сказаў мне: абярніся, і ўбачыш яшчэ большыя гідоты, якія яны робяць.
 
І сказаў Ён мне: «Убачыш яшчэ горшыя агіднасці, якія яны робяць».

І прывёў мяне да ўваходу ў браму дома Гасподняга, якая на поўнач, і вось, там сядзяць жанчыны і плачуць па Тамузе,
 
І завёў Ён мяне ў прысенак брамы святыні Госпада, які знаходзіўся на паўночным баку, і вось, сядзелі там жанчыны і плакалі па Тамузе.

і сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы? абярніся, і ўбачыш яшчэ большыя гідоты.
 
І сказаў Ён мне: «Ці бачыш, сын чалавечы? Убачыш агіднасці яшчэ горшыя за гэтыя».

І ўвёў мяне ва ўнутраны двор дома Гасподняга, і вось, каля брамы храма Гасподняга, паміж бабінцам і ахвярнікам, каля трыццаці пяці мужоў стаяць сьпінамі сваімі да Гасподняга храма, а тварамі сваімі да ўсходу, і кланяюцца на ўсход сонцу.
 
І завёў Ён мяне на ўнутраны панадворак дома Госпада, і вось, ля ўваходу ў святыню Госпада, між уваходам і ахвярнікам, знаходзілася каля дваццаці пяці мужчын, павернутых спіной да святыні Госпада і тварамі на ўсход, і яны пакланяліся ўсходу сонца.

І сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы? ці мала дому Юдаваму, каб рабіць такія гідоты, якія яны робяць тут? але яны яшчэ зямлю напоўнілі крыўдаю, і тым болей гневаюць Мяне, і вось, яны галінкі падносяць да насоў сваіх.
 
І сказаў Ён мне: «Ці бачыш, сын чалавечы, гэта? Ці не досыць дому Юды чыніць гэтыя агіднасці, якія яны тут робяць? Напаўняюць бо яны зямлю гэтую злачыннасцю і зноў Мяне зневажаюць, і вось, падносяць яны галінку да свайго носа.

Затое і Я пачну дзейнічаць люта; не пашкадуе вока Маё, і не памілую; і хай хоць бы крычалі ў вушы Мае моцным голасам, — не пачую іх.
 
Такім чынам, і Я буду дзейнічаць у абурэнні: вока Маё не пашкадуе, і не злітуюся, і калі будуць прызываць Мяне з крыкам, Я іх не выслухаю».