Езэкііля 9 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І абвясьціў у вушы мае вялікім голасам, кажучы: хай наблізяцца карнікі горада, кожны са сваёю згубнаю прыладаю ў руцэ сваёй.
І я пачуў, як закрычаў Ён моцным голасам, кажучы: «Наблізіліся выпрабаванні да горада, і хай кожны мае ў руцэ сваёй зброю».
І вось, шэсьць чалавек ідуць ад верхняе брамы, павернутае да поўначы, і ў кожнага ў руцэ пагібельная прылада ягоная, і сярод іх адзін, апрануты ў ільняную вопратку, у якога на поясе пісцовыя прылады. І прыйшлі і сталі каля меднага ахвярніка.
І вось, прыбыло шэсць мужоў дарогай ад Верхняе брамы, што глядзіць на поўнач, і кожны са зброяй у сваёй руцэ; між імі таксама быў адзін чалавек, апрануты ў ільняныя шаты і з пісарскай прыладай на сцёгнах сваіх; і ўвайшлі яны, і затрымаліся перад ахвярнікам медным.
І слава Бога Ізраілевага сышла з херувіма, на якім была, да парога Дома. І паклікаў Ён чалавека, апранутага ў ільняную вопратку, у якога на поясе пісцовыя прылады.
І слава Бога Ізраэля паднялася з-над херубінам, на якім знаходзілася, да парога дома; і, паклікаўшы чалавека, апранутага ў ільняныя шаты, які меў пісарскую прыладу на сцёгнах сваіх,
І сказаў яму Гасподзь: прайдзі пасярод горада, пасярод Ерусаліма, і на ілбах людзей, якія смуткуюць і ўбольваюцца праз усе гідоты, што чыняцца сярод яго, зрабі знак.
Госпад сказаў яму: «Прайдзі праз сярэдзіну горада, праз сярэдзіну Ерузаліма, і напішы “таў” на лбах мужчын, якія ўздыхаюць і бядуюць дзеля ўсіх агіднасцей, што ў ім адбываюцца».
А тым сказаў у слых мой: ідзеце за ім па горадзе і беце; хай не шкадуе вока ваша, і ня літуйце;
І да іншых сказаў так, што я пачуў: «Ідзіце за ім па горадзе і забівайце; хай вока ваша не шкадуе, ані не спачувайце:
старога, юнака і дзяўчыну, і дзіця і жанчын беце да сьмерці, але не чапайце ніводнага чалавека, на якім знак, і пачнеце ад сьвятыні Маёй. І пачалі яны з тых старэйшынаў, якія былі перад Домам.
старога, юнака, і дзяўчыну, і не-маўля, і жанчын забівайце ўшчэнт; не дакранайцеся, аднак, да ніводнага чалавека, на якім убачыце “таў”. І пачынайце ад Маёй святыні». І пачалі яны ад тых старцаў, якія стаялі перад домам.
І сказаў ім: апаганьце Дом і напоўніце двары забітымі, і выйдзіце. І выйшлі і пачалі забіваць у горадзе.
Потым сказаў Ён ім: «Апаганьце таксама дом, панадворкі яго закідайце трупамі! Выходзьце». І выйшлі яны ды забівалі тых, хто быў у горадзе.
І калі яны іх забілі, а я застаўся, тады я ўпаў на аблічча сваё і закрычаў, і сказаў: о Госпадзе Божа! няўжо Ты загубіш усю рэшту Ізраіля, выліваючы гнеў Твой на Ерусалім?
І калі забойства скончылася, я застаўся сам, і ўпаў на твар свой, і так маліўся ўголас: «О Божа, Госпадзе! Ці хочаш такім чынам вынішчыць усю рэшту Ізраэля, выліваючы Сваё абурэнне на Ерузалім?»
І сказаў Ён мне: бязбожнасьць дому Ізраілевага і Юдавага вялікая, вельмі вялікая; і зямля гэтая поўная крыві, і горад поўны крыўды; бо яны кажуць: «пакінуў Гасподзь зямлю гэтую, і ня бачыць Гасподзь».
І сказаў Ён мне: «Злачыннасць дому Ізраэля і Юды занадта вялікая; і зямля напоўнілася крывёю, і горад напоўніўся несправядлівасцю. Кажуць бо яны: “Госпад пакінуў гэтую зямлю. Госпад не бачыць”.
Затое і Маё вока не ўмілажаліцца, і не памілую; абярну іх паводзіны на іхнюю галаву.
Дык і Маё вока не пашкадуе, і не злітуюся: адказнасць за іх паводзіны Я ўскладу на іх галовы».
І вось, чалавек, апрануты ў ільняную вопратку, у якога на поясе пісцовыя прылады, даў адказ і сказаў: я зрабіў, як Ты загадаў мне.
І вось той чалавек, які быў апрануты ў ільняныя шаты, з пісарскай прыладай на сцёгнах сваіх, паведаміў у адказ: «Я зрабіў, як Ты загадаў мне».