Данііла 10 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

У трэці год Кіра, цара Персідскага, было абвешчана слова Даніілу, які называўся імем Валтасар; і ў слове гэтым была ісьціна і вялікая сіла. Ён зразумеў гэтае адкрыцьцё і зразумеў гэтую ўяву.
 
У трэці год цара персаў Кіра Даніэлю, названаму Балтасарам, было аб’яўлена слова, і слова праўдзівае, вялікае змаганне; і зразумеў ён слова, бо яго сэнс адкрыў у бачанні.

У тыя дні я, Данііл, быў у жалобе тры тыдні часу.
 
У тыя дні я, Даніэль, сумаваў тры тыдні дзён,

Смачнага хлеба я ня еў; мяса і віно не ўваходзілі ў вусны мае, і масьцямі я не намашчваў сябе да завяршэньня трох тыдняў часу.
 
не еў я хлеба жаданага, не браў у вусны свае ані віна, ані мяса, не намашчаўся таксама духмянымі рэчывамі, аж пакуль не скончыліся тры тыдні дзён.

А на дваццаць чацьвёрты дзень першага месяца быў я на беразе вялікай ракі Тыгра
 
У дзень жа дваццаць чацвёрты першага месяца быў я каля вялікай ракі, якой з’яўляецца Тыгр,

і ўзьвёў вочы свае і ўбачыў: вось, адзін чалавек, апрануты ў ільняную вопратку, і сьцёгны яго перапяразаны золатам з Уфаза.
 
і падняў вочы свае, і ўбачыў: і вось, адзін чалавек, апрануты ў ільняное адзенне, і сцёгны яго былі падперазаны чыстым золатам;

Цела яго — як тапаз, твар яго — як выгляд маланкі; вочы яго — як запаленыя сьвяцільні, рукі яго і ногі яго з выгляду — як бліскучая медзь, і голас слоў ягоных — як голас мноства людзей.
 
і цела яго было падобна да тапазу, і твар яго — да ззяння маланкі, і вочы яго былі, як факелы агністыя, і рукі яго і тое, што было ўнізе аж да ног, — накшталт ззяючай медзі, і голас размоў яго — як гоман людзей.

І толькі адзін я, Данііл, бачыў гэтую ўяву, а людзі, якія былі са мною, ня бачылі гэтае ўявы; але моцны страх напаў на іх, і яны паўцякалі хавацца
 
І я, Даніэль, адзіны меў бачанне; а людзі, якія былі са мной, бачання не мелі, але страх вялікі ахапіў іх, і яны ўцяклі схавацца.

і застаўся я адзін і бачыў гэтую вялікую ўяву, але ўва мне не засталося моцы і выгляд твару майго вельмі зьмяніўся, не засталося ўва мне бадзёрасьці.
 
Я ж застаўся адзін, і ўбачыў гэтую вялікую з’яву, і не меў у сабе сілы, але і твар мой змяніўся на мне аж да разбурэння, і не хапіла мне сіл.

І пачуў я голас ягоных слоў: і як толькі пачуў голас ягоных слоў, самлеў і прыпаў тварам да зямлі.
 
І пачуў я гук яго слоў, і ўпаў, як ашаломлены, тварам сваім да зямлі, чуючы гук яго слоў.

Але вось, дакранулася да мяне рука і паставіла мяне на калені мае і на далоні маіх рук.
 
І вось, дакранулася да мяне рука і падняла мяне на калені мае і на далоні маіх рук,

І сказаў ён мне: «Данііле, муж любасны! пранікні ў словы, якія я скажу табе, і стань проста на ногі твае; бо да цябе я пасланы сёньня». Калі ён казаў мне гэтыя словы, я ўстаў і дрыжаў.
 
і сказаў мне: «Даніэлю, муж пажаданняў, зразумей словы, якія я кажу табе, і стань на ногі свае; бо я цяпер пасланы да цябе». І калі ён гаварыў мне гэтыя словы, я, дрыжачы, стаяў.

Але ён сказаў мне: «ня бойся, Данііле; зь першага дня, як ты прыхіліў сваё сэрца, каб дасягнуць разуменьня і ўпакорыцца перад Богам тваім, словы твае пачуты, і я прыйшоў дзеля слоў тваіх,
 
Ды сказаў мне: «Не палохайся, Даніэлю, бо ад першага дня, калі накіраваў ты сэрца сваё, каб зразумець і ўпакорыцца перад тваім Богам, словы твае былі выслуханы; і я прыбыў дзеля тваіх слоў.

але князь Персідскага царства стаяў супроць мяне дваццаць адзін дзень; але вось, Міхаіл, адзін зь першых князёў, прыйшоў памагчы мне, і я заставаўся там пры царах Персідскіх.
 
А князь царства персаў працівіўся мне дваццаць адзін дзень; і вось, прыбыў да мяне з дапамогай Міхаэль, адзін з першых князёў; і я застаўся там, пры цару персаў.

А цяпер я прыйшоў абвясьціць табе, што станецца з народам тваім у апошнія часіны, бо ўява сягае да дзён далёкіх».
 
Прыйшоў жа я, каб навучыць цябе, што спаткае народ твой пры канцы дзён, бо гэта бачанне на тыя дні».

Калі ён гаварыў мне такія словы, я прынік маім тварам да зямлі і зьнямеў.
 
І калі ён мне яшчэ гэтыя словы казаў, апусціў я твар свой да зямлі і замаўчаў.

Але вось, нехта з выгляду падобны да сыноў чалавечых дакрануўся да вуснаў маіх, і я разамкнуў мае вусны, загаварыў і сказаў таму, які стаяў перад мною: «спадару мой! ад гэтай уявы вантробы мае павярнуліся ўва мне і не засталося ўва мне сілы.
 
І вось, як быццам сыны чалавечыя дакрануліся да вуснаў маіх; дык адкрыў я вусны свае і загаварыў, і сказаў таму, хто стаяў перада мною: «Госпадзе мой, у час бачання схапілі мяне болі, і ніякіх сіл не засталося ў мяне.

І як можа гэты раб майго гаспадара гаварыць з гэтым гаспадаром маім, калі ўва мне няма сілы, і дыханьне перахапіла ўва мне».
 
Дык як зможа такі паслугач гаспадара майго гаварыць тут з гэтым гаспадаром маім? Бо ніякіх сіл не засталося ў мяне, і дыхання майго не засталося ў мяне».

Тады зноў дакрануўся да мяне той, што як чалавечы воблік, і ўмацаваў мяне
 
Дык паўторна дакрануўся да мяне той, хто быў падобны да чалавека, і ўздужыў мяне,

і сказаў: «ня бойся, муж любасны! мір табе, будзь мужны, будзь мужны!» І калі ён гаварыў са мною, я ўмацаваўся і сказаў: «кажы, спадару мой; бо ты ўмацаваў мяне».
 
і сказаў: «Не бойся, чалавек пажаданняў; супакой табе! Узмацуйся і будзь дужы». І калі ён гаварыў са мною, я падужэў і казаў: «Гавары, гаспадару, са мною, бо ўздужыў ты мяне».

І ён сказаў: «ці ведаеш ты, чаго я прыйшоў да цябе? Зараз я вярнуся, каб ваяваць зь Персідскім князем; а калі выйду, дык вось, прыйдзе князь Грэцыі.
 
І ён сказаў: «Ці ведаеш, чаго я прыйшоў да цябе? І цяпер вярнуся ваяваць супраць князя персаў, і, як я выйду, тады прыйдзе князь грэкаў.

Рэштаю я абвяшчу табе, што накрэсьлена ў кнізе праўды; і няма нікога, хто падтрымаў бы мяне ў гэтым, акрамя князя нашага Міхаіла.
 
Але паведамлю табе, што ёсць напісана ў Кнізе Праўды: і ніхто не можа мне дапамагчы супраць іх, адзін толькі Міхаэль, князь ваш.