Данііла 8 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

На трэці год цараваньня цара Валтасара явілася мне, Даніілу, уява пасьля той, якая явілася мне раней.
 
На трэці год валадарання Балтасара цара меў бачанне я, Даніэль, па тым, што з’явілася мне спачатку.

І бачыў я ва ўяве, — і калі бачыў, я быў у Сузах, прастольным горадзе ў акрузе Эламскай, — і бачыў я ва ўяве, як бы я быў каля ракі Улай.
 
Убачыў я ў бачанні, і сталася: пакуль я разумеў, што быў я ў Сузах, у крэпасці, якая знаходзіцца ў правінцыі Элам, а назіраў я ў бачанні, што апынуўся я за ракой Улай.

Узьвёў я вочы мае і ўбачыў: вось, адзін баран стаіць каля ракі; у яго два рогі, і рогі высокія, але адзін вышэйшы за другі, і вышэйшы вырас пасьля.
 
І падняў я вочы свае і ўбачыў: і вось, адзін баран стаяў над ракой, меў ён два рогі, і рогі высокія, і адзін большы за другі, і вышэйшы вырас апошнім. Убачыў я барана, які круціў рагамі на захад, і на поўнач, і на поўдзень,

Бачыў я, як гэты баран бароў на захад і на поўнач і на поўдзень, і ніякі зьвер ня мог устояць супроць яго, і ніхто ня мог уратавацца ад яго; і ён рабіў, што хацеў і стаў велічны.
 
і ніводзін са звяроў не мог яму супрацівіцца, ані вызваліцца ад яго; і ён рабіў, што хацеў, і ўславіўся.

Я ўважліва глядзеў на гэта, і вось, з захаду ішоў казёл па ўлоньні зямлі, не дакранаючыся да зямлі; у гэтага казла быў відаць рог паміж яго вачамі.
 
І я глядзеў уважліва: вось жа, казёл ад коз ішоў з захаду над паверхняй усёй зямлі, і не дакранаўся да яе; і, прытым, казёл меў выдатны рог між вачамі сваімі.

Ён пайшоў да таго барана, які меў рогі, якога бачыў я, як ён стаяў каля ракі, і кінуўся на яго ў моцнай лютасьці сваёй.
 
І падышоў ён аж да таго рагатага барана, якога я бачыў, калі ён стаяў перад ракою, і пабег ён да яго ў разгоне ўсёй сілы сваёй.

І бачыў я, як ён, дабегшы да барана, раз’ятрыўся на яго і ўдарыў барана і зламаў яму рогі; і ня стала сілы ў барана ўстояць супроць яго, і той паваліў яго на зямлю і патаптаў яго, і ня было нікога, хто мог бы адратаваць барана ад яго.
 
І бачыў я яго, калі падбягаў ён блізка да барана, і раз’юшыўся ён супраць яго, і ўдарыў барана, і зламаў абодва рогі яго, і баран не змог устаяць перад ім; і калі ён паваліў яго на зямлю, то стаптаў яго нагамі, ды не было нікога, хто мог бы вызваліць барана ад яго моцы.

Тады казёл над меру ўзьвялічыўся; але калі ён узмацніўся, дык зламаўся вялікі рог, і замест яго вырасьлі чатыры, павернутыя на чатыры вятры нябесныя.
 
Казёл ад коз стаў вялікім вельмі; і, калі разросся, зламаўся рог яго вялікі, і выраслі на яго месцы чатыры рогі на чатыры вятры нябесныя.

А з аднаго выйшаў малы рог, які нязвычайна вырас на поўдзень і на ўсход і да цудоўнай краіны,
 
А з аднаго з іх вырас адзін рог малы і разросся дужа на поўдзень, і на ўсход, і ў моц,

і падняўся да войска нябеснага, і скінуў на зямлю частку гэтага войска і зорак і патаптаў іх,
 
і ўзрос у славе аж да магуцця нябеснага, і выкінуў ад магуцця і ад зорак, і стаптаў іх,

і нават падняўся на Правадыра таго войска, і адабрана была ў Яго штодзённая ахвяра, і паганьбавана было месца сьвятыні Ягонай,
 
і ўзвялічыўся аж да Князя Магуццяў, і адняў ад Яго вечную ахвяру, і зняславіў месца Яго свяцілішча.

і войска аддадзена разам з штодзённаю ахвяраю за грэх, і ён, скідаючы ісьціну на зямлю, дзеяў і меў посьпех.
 
Войска ж дадзена было супраць пастаяннай ахвяры з-за грахоў, і праўда была кінута на зямлю; ён жа зрабіў рог, і пашанцавала яму.

І пачуў Я аднаго сьвятога, які гаварыў, і сказаў гэты сьвяты камусьці на пытаньне: «да якога часу сягае гэтая ўява пра штодзённую ахвяру і пра зьнішчальны грэх, калі сьвятыня і войска аддадзены на патаптаньне?»
 
І пачуў я, як адзін са святых казаў, і як адзін святы казаў другому, якога я не ведаю і які казаў: «Як доўга патрывае бачанне: і вечная ахвяра, і грэх загубы, якая сталася, і святыня, і магуцце, якое будзе таптацца?»

І сказаў мне: «да двух тысяч трохсот вечароў і раніц; і тады сьвятыня ачысьціцца».
 
І ён адказаў яму: «Яшчэ дзве тысячы трыста дзён, з вечара аж да раніцы, і свяцілішча ачысціцца».

І было: калі я, Данііл, убачыў гэтую ўяву і шукаў сутнасьці яе, вось, стаў перад мною як бы воблік Мужа.
 
Сталася ж, калі я, Даніэль, бачыў бачанне і стараўся зразумець яго сэнс, вось, стаў перада мною нехта ў выглядзе мужчыны,

І пачуў я ад сярэдзіны Улая голас чалавечы, які заклікаў і сказаў: «Гаўрыіле! растлумач яму гэтую ўяву!»
 
і пачуў я голас чалавечы над ракой Улай, які пазваў гэтымі словамі: «Габрыэле, вытлумач яму бачанне!»

І ён падышоў туды, дзе я стаяў, і калі ён прыйшоў, я жахнуўся і ўпаў на аблічча маё; і сказаў ён мне: «ведай, сыне чалавечы, што пра часіну канца гэтая ўява!»
 
Дык падышоў ён да месца, дзе я стаяў, і, калі прыбыў, перапалохаўся я і ўпаў на твар свой, і ён сказаў мне: «Ведай, чалавеча, што бачанне споўніцца ў апошні час».

І калі ён гаварыў са мною, я самлеў і ляжаў сваім тварам на зямлі; але ён дакрануўся да мяне і паставіў мяне на маё месца
 
І калі ён са мною гаварыў, упаў я, збянтэжаны, тварам да зямлі, і дакрануўся ён да мяне, і паставіў мяне на ногі мае,

і сказаў: «вось, я адкрываю табе, што будзе ў апошнія дні гневу; бо пра часіну канца вызначанага часу гэтая ўява.
 
і сказаў: «Вось, я паведамляю табе, што мае стацца пры канцы гневу, бо гэта будзе ў час канца.

Баран, якога ты бачыў з двума рагамі, гэта цары Мідыйскі і Персідскі.
 
Баран, якога ты ўбачыў з двума рагамі, абазначае цароў мідзян і персаў;

А казёл кашлаты — цар Грэцыі, а вялікі рог, які паміж вачэй у яго, гэта — яе першы цар;
 
казёл жа ад коз — цар грэкаў, і вялікі рог, што быў паміж вачамі яго, — гэта першы цар.

ён зламаўся, і замест яго вырасьлі іншыя чатыры: гэта — чатыры царствы паўстануць з гэтага народу, але не зь яго сілаю.
 
А тое, што рог быў зламаны, і чатыры рогі, што выраслі на яго месцы, гэта чатыры царствы, якія ўзнікнуць з яго народа, аднак без яго моцы.

А пад канец царства іх, калі адступнікі напоўняць меру беззаконьняў сваіх, паўстане цар нахабны і спрытны ў падступнасьці;
 
І пры канцы іх царавання, калі ўзрастуць яны ў сваёй несправядлівасці, паўстане цар жорсткага аблічча і здатны зразумець намеры;

і ўмацуецца сіла ягоная, хоць і не яго сілаю, і ён будзе чыніць дзівосныя спусташэньні і мець посьпех і дзеяць і губіць моцных і народ сьвятых,
 
і яго магуцце будзе ўзвялічвацца, але не яго ўласнымі сіламі, і ён будзе знішчаць усё — больш таго, што можна ўявіць, і пашанцуе яму, і будзе ён дзейнічаць, і будзе забіваць дужых і народ святых,

і, пры яго розуме, падступнасьць будзе мець посьпех у руцэ ў яго, і сэрцам сваім ён узьнясецца і ў час міру загубіць многіх і супраць Уладара ўладароў паўстане, але будзе зламаны — ня рукою.
 
і з прычыны мудрасці хітрасць яго будзе ўдачнай у руцэ яго, і ўзвялічыцца ў сэрцы яго; і спакойна падрыхтуе ён загубу вельмі многім; і паўстане ён супраць Валадара валадароў, і без дачынення рукі людской будзе знішчаны.

А ўява пра вечар і раніцу, пра якую сказана, сапраўдная; але ты схавай гэтую ўяву, бо яна пра далёкія часіны».
 
І бачанне вечара і раніцы, аб якіх расказана табе, ёсць праўда! Такім чынам, ты адзнач бачанне, бо будзе яно пасля многіх дзён».

А я, Данііл, зьнямогся, і нядужыў некалькі дзён; потым устаў і пачаў займацца царскімі справамі; я вельмі зьдзіўлены быў уяваю гэтаю і не разумеў яе.
 
І мяне, Даніэля, ахапіла немач, і хварэў я многія дні; і калі падняўся, то рабіў справы царскія, і быў неспакойны адносна бачання, бо не было нікога, хто зразумеў бы яго.