Данііла 9 разьдзел
Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
У першы год Дарыя, сына Асуравага, з роду Мідыйскага, які пастаўлены быў царом над царствам Халдэйскім,
У першы год Дарыя з роду мідзян, сына Асуэра, які валадарыў над царствам халдэйскім,
у першы год яго цараваньня я, Данііл, зразумеў па кнігах лічбу гадоў, пра якую было слова Гасподняе да Ераміі прарока, што семдзесят гадоў споўняцца над руінамі Ерусаліма.
у першы год яго царавання я, Даніэль, зацікавіўся ў кнігах лікам гадоў, аб якім аб’явіў Госпад прароку Ярэмію, каб споўнілася спусташэнне Ерузаліма праз семдзесят гадоў;
І зьвярнуў я сваё аблічча да Госпада Бога з малітваю і маленьнем, у посьце і ў вярэце і ў попеле,
і я звярнуў твар мой да Госпада, Бога майго, каб я прасіў і маліўся ў пастах, зрэбніцы ды попеле.
і маліўся я Госпаду Богу майму і спавядаўся і сказаў: «малю Цябе, Госпадзе Божа вялікі і дзівосны, Ахавальнік запавету і міласьці да тых, якія любяць Цябе і захоўваюць Твае запаведзі!
І маліўся да Госпада Бога, і прызваў, і казаў: «О Госпадзе, Божа вялікі і страшны, Які пільнуеш запавет і міласэрнасць да тых, што Цябе шануюць і пільнуюць Твае прыказанні!
Грашылі мы, учынялі беззаконьне, рабілі несправядліва, упарціліся і адступалі ад запаведзяў Тваіх і ад пастановаў Тваіх
Зграшылі мы, несправядліва дзейнічалі, дапусціліся злачынстваў, і ўзбунтаваліся, і адышлі ад Тваіх загадаў і Тваіх прыказанняў;
і ня прыслухаліся да рабоў Тваіх прарокаў, якія Тваім імем гаварылі царам нашым і вяльможам нашым, і бацькам нашым і ўсяму народу краіны.
не былі паслухмяныя Тваім паслугачам, прарокам, якія прамовілі ў Тваё імя да нашых цароў, да нашых кіраўнікоў, да нашых бацькоў і да ўсяго народа зямлі.
У Цябе, Госпадзе, праўда, а ў нас сорам на тварах, як сёньня ў кожнага Юдэя, і ў жыхароў Ерусаліма і ва ўсяго Ізраіля, і ў блізкіх і ў далёкіх, па ўсіх краях, куды Ты іх выгнаў за паняверства іхняе, зь якім яны адступіліся ад Цябе.
Табе, Госпадзе, справядлівасць, нам жа — сорам на тварах, як сёння: чалавеку Юды і жыхарам Ерузаліма, і ўсяму Ізраэлю, блізкім і далёкім ва ўсіх краях, у якія выгнаў Ты іх з прычыны правіннасцей іх, якімі зграшылі перад Табой.
Госпадзе! сорам на твары нам, царам нашым, князям нашым і нашым бацькам, бо мы зграшылі перад Табою!
Госпадзе, сорам на твары нам, нашым царам, нашым кіраўнікам ды нашым бацькам, бо мы зграшылі супраць Цябе;
А Госпаду Богу нашаму — міласэрнасьць і дараваньне, бо мы бунтаваліся супроць Яго,
Госпаду ж, нашаму Богу, — міласэрнасць і ласка, бо мы адвярнуліся ад Цябе.
і ня слухаліся голасу Госпада Бога нашага, каб хадзіць паводле законаў Яго, якія Ён даў нам праз Сваіх рабоў, прарокаў.
І не паслухалі голасу Госпада, Бога нашага, каб весці сябе па законе Яго, які ўстанавіў нам праз паслугачоў Сваіх — прарокаў;
І ўвесь Ізраіль пераступіў праз закон Твой і адвярнуўся, каб ня слухацца голасу Твайго; і за тое выліліся на нас праклён і прысяга, якія напісаны ў законе Майсея, раба Божага; бо мы зграшылі перад Ім.
ды ўвесь Ізраэль спракудзіўся адносна закону Твайго і адвярнуўся, каб не слухаць голасу Твайго, ды леглі на нас праклён і ганьба, якія былі запісаны ў кнізе Майсея, паслугача Бога, зграшылі бо мы перад Ім.
І Ён стрымаў Сваё слова, якое сказаў на нас і на судзьдзяў нашых, што судзілі нас, каб навесьці на нас вялікае ліха, якога ня бывала пад небам і якое сталася ў Ерусаліме.
І споўніў словы Свае, якія выказаў супраць нас і нашых суддзяў, якія судзілі нас так, што прывялі яны на нас вялікую бяду, якой не было ніколі пад усім небам, паводле якой сталася ў Ерузаліме.
Як напісана ў законе Майсеевым, так усё гэта ліха спадобіла нас; але мы не ўпрасілі Госпада Бога нашага, каб вярнуцца нам ад правінаў нашых і паразумнець у ісьціне Тваёй.
Так было запісана ў законе Майсеевым — прыйшло на нас усё гэтае няшчасце; і не папрасілі мы аблічча Госпада, Бога нашага, каб адвярнуцца ад сваіх правіннасцей ды здабыць пазнанне Тваёй праўды.
Бачыў Гасподзь ліха і навёў яго на нас, бо справядлівы Гасподзь Бог наш ва ўсіх чынах Сваіх, якія робіць, але мы ня слухалі голасу Ягонага.
Дык рашыўся Госпад на пакаранне і ўзвёў яго на нас, бо Госпад, наш Бог, ёсць справядлівы ва ўсіх Сваіх дзеяннях, якія Ён зрабіў, мы бо не паслухалі голасу Яго.
А цяпер, Госпадзе Божа наш, Які вывеў народ Свой зь зямлі Егіпецкай моцнаю рукою і явіў славу Сваю, як сёньня! зграшылі мы, рабілі несправядліва.
І цяпер, Госпадзе, Божа наш, Ты, што вывеў Свой народ з зямлі Егіпецкай дужай рукою і здабыў Сабе імя, як гэта [ёсць] і сёння, мы зграшылі, дапусціліся несправядлівасці.
Госпадзе! па ўсёй праўдзе Тваёй хай адвернецца гнеў твой і абурэньне Тваё ад Твайго горада Ерусаліма, ад сьвятой гары Тваёй; бо за грахі нашыя і правіны бацькоў нашых Ерусалім і народ Твой у паганьбеньні ва ўсіх, хто нас атачае.
Госпадзе, дзеля ўсякай справядлівасці Тваёй, прашу: хай спыніцца гнеў Твой і абурэнне Тваё над горадам Тваім Ерузалімам і над Тваёю святою гарой: бо дзеля грахоў нашых і несправядлівасцей бацькоў нашых стаў Ерузалім і Твой народ ганьбаю для ўсіх акружаючых нас.
І сёньня пачуй, Божа наш, малітву раба Твайго і маленьне яго і паглядзі прасьветлым абліччам Тваім на спустошаную сьвятыню Тваю, дзеля Цябе, Госпадзе!
Такім чынам, цяпер, Божа наш, выслухай маленне паслугача Твайго і яго просьбы і пакажы аблічча Тваё над святыняй Тваёй, якая спустошана, дзеля Самога Цябе!
Прыхілі, Божа мой, вуха Тваё і паслухай, расплюшчы вочы Свае і паглядзі на спусташэньні нашыя і на горад, дзе названа імя Тваё; бо мы кладзем свае маленьні перад Табою, спадзяючыся не на справядлівасьць нашую, а на Тваю вялікую міласэрнасьць.
Нахілі вуха Сваё, мой Божа, і выслухай! Адкрый вочы Свае і пабач спусташэнне наша і горад, над якім было прызвана імя Тваё! Бо не ў апраўданне сваё прадстаўляем малітвы перад аблічча Тваё, але дзеля літасці Тваёй вялікай.
Госпадзе, выслухай! Госпадзе, даруй! Госпадзе, уважы і зьдзейсьні, не спазьніся дзеля Цябе Самога, Божа мой, бо Тваё імя названа над горадам Тваім і над народам Тваім!»
Выслухай, Госпадзе! Злітуйся, Госпадзе! Зважай і дзейнічай дзеля Сябе Самога, не марудзячы, мой Божа, бо імя Тваё прызвана было над горадам і над народам Тваім».
І калі я яшчэ гаварыў і маліўся і спавядаўся ў грахах маіх і грахах народу майго, Ізраіля, і клаў маленьне маё перад Госпадам Богам маім за сьвятую гару майго Бога,
І калі я яшчэ гаварыў, і маліўся, і вызнаваў грахі свае і грахі народа майго Ізраэля, і выкладаў просьбы свае перад абліччам Бога майго за гару святую Бога майго,
калі я яшчэ гаварыў на малітве, а муж Гаўрыіл, якога бачыў я раней ва ўяве, хутка прыляцеўшы, дакрануўся да мяне ў часіну вячэрняй ахвяры
калі яшчэ працягваў я малітву, вось, муж Габрыэль, якога бачыў я перад тым у бачанні, дакрануўся да мяне, хутка лятаючы, у час вячэрняй ахвяры;
і настаўляў на розум мяне, гаварыў са мною і сказаў: «Данііле! цяпер я прыйшоў, каб умудрыць цябе ў разуменьні.
і навучаў мяне, і гаварыў, і сказаў мне: «Даніэлю, выйшаў я цяпер, каб навучыць цябе і каб зразумеў ты.
На пачатку маленьня твайго выйшла слова, і я прыйшоў абвясьціць яго табе, бо ты — муж жаданьняў; дык вось, пранікні ў слова і ўразумей уяву.
Ад пачатку маленняў тваіх выйшла слова; я ж прыбыў, каб паведаміць табе, бо ты чалавек пажаданняў, дык звярні ўвагу на слова і зразумей бачанне.
Семдзесят тыдняў вызначана твайму народу і сьвятому гораду твайму, каб пакрыта было злачынства, мера грахоў перапоўнілася і спакутавана віна, і каб прыведзена была вечная праўда і спраўдзіліся ўява і прарок і каб памазаны быў Сьвяты Сьвятых.
Устаноўлена семдзесят тыдняў над народам тваім і над святым горадам тваім, каб знішчыць злачыннасць, і каб грэх скончыць, і каб знішчыць несправядлівасць, і каб увесці вечную справядлівасць, і каб здзейснілася з’ява і прароцтвы, і каб быў намашчоны Святы з святых.
Дык ведай і разумей: ад часу, як выйдзе загад, каб адбудаваць Ерусалім, да Хрыста Ўладара сем тыдняў і шэсьцьдзясят два тыдні; і вернецца народ і адбудуюцца вуліцы і муры, але ў цяжкія часіны.
Такім чынам, ведай і разумей: ад сказанага слова, што зноў будзе адбудаваны Ерузалім, аж да Правадыра Намашчэнца — сем тыдняў. І пройдуць шэсцьдзесят два тыдні; і зноў будуць адбудаваны плошча і муры, але ў часы прыгнёту.
І як скончацца шэсьцьдзясят два тыдні, аддадзены будзе на сьмерць Хрыстос, і ня будзе; а горад і сьвятыню разбурыць народ правадыра, які прыйдзе, і канец яго будзе як ад паводкі, і да канца вайны будуць спусташэньні.
І па шасцідзесяці двух тыднях Намашчэнец будзе забіты; і нічога ў Яго не будзе; і горад, і святыню знішчыць народ маючага прыйсці Правадыра, і апусташэнне да канца яго, і аж да канца вайны ўстаноўлена апусташэнне.
І зацьвердзіць запавет многім адзін тыдзень, а за паўтыдня спыніцца ахвяра і прынашэньне, і на крыле сьвятыні будзе гідота запусьценьня, пакуль канчатковая вызначаная пагібель не спадобіць спусташальніка».
Умацуе ж запавет з многімі ў адзін тыдзень; і ў палавіне тыдня спыніць крывавыя ахвяры і ахвяраванне, і на крыле агіднасці будзе разбуральнік, і ад гэтае пары знішчэнне і вырашэнне будуць абрушвацца на разбуральніка».