Захарыі 10 разьдзел
Кніга прарока Захарыі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Прасеце ў Госпада дажджу ў час добрай патрэбы; Гасподзь блісьне маланкаю і дасьць вам шчодры дождж, кожнаму колас на полі.
Прасіце ў Госпада дажджу ў час, калі дождж спазняецца. Госпад выклікае маланкі і дасць дождж з хмараў кожнай раслінцы ў полі.
Бо ідалы гавораць пустое, і вяшчуны бачаць ілжывае і расказваюць сны ілжывыя; яны суцяшаюць пусткаю; таму яны бадзяюцца як авечкі, церпяць гароту, бо няма пастыра.
Бо тэрафімы гавораць пустое, і вешчуны бачаць падман, і сны — падманныя, цешаць надарма; таму блукаюць яны, як статак, вынішчаюць іх, бо не маюць яны пастуха».
На пастыраў запаліўся гнеў Мой, і казлоў Я пакараю; бо наведае Гасподзь Саваоф статак Свой, і дом Юдаў, і паставіць іх, як славутага каня Свайго на змаганьне.
«Разгарэлася абурэнне Маё супраць пастухоў, і казлоў я пакараю: напэўна, наведае Госпад Магуццяў статак свой, дом Юды, і зробіць з імі, як з канём славы Сваёй у баі.
Зь яго будзе кутні камень, зь яго — цьвік, зь яго — лук для змаганьня, зь яго пойдуць усе кіроўцы народаў.
З яго — вугал, з яго — калок, з яго — лук баявы, з яго выйдзе кожны загадчык разам.
І яны будуць, як героі, што топчуць ворагаў на вайне, як гразь на вуліцы, і змагацца, бо Гасподзь зь імі, і паганьбяць вершнікаў на конях.
І будуць яны — як мужныя ваяры, якія ў баі топчуць смецце дарогі, і будуць ваяваць, бо Госпад з імі; і вершнікі на конях будуць пасаромлены.
І ўмацую дом Юдаў і ўратую дом Язэпаў, і вярну іх, бо Я ўмілажаліўся зь іх, і яны будуць, як бы Я не пакідаў іх: бо Я — Гасподзь Бог іхні, і пачую іх.
І ўзмацую дом Юды, і збаўлю дом Язэпа, і прывяду назад іх, бо пашкадую іх; і будуць яны, як быццам Я іх не адкінуў: бо Я Госпад, Бог іх, ды выслухаю іх.
Як герой будзе Яфрэм; узьвесяліцца сэрца іхняе, як ад віна; і ўбачаць гэта сыны іхнія і парадуюцца; у захапленьні будзе сэрца іхняе ў Госпадзе.
І будуць яны — як мужныя ваяры Эфраіма, ды будзе цешыцца сэрца іх, як ад віна, і дзеці іх будуць гэта бачыць і цешыцца, і будзе радавацца сэрца іх у Госпадзе.
Я дам ім знак і зьбяру іх, бо Я адкупіў іх; яны будуць гэтакія ж шматлікія, як раней;
Засвішчу ім і збяру іх, бо адкупіў іх, і стануць яны шматлікімі, як былі шматлікімі раней.
і расьсялю іх паміж народаў, і ў далёкіх краінах яны будуць успамінаць пра Мяне і жыцьмуць зь дзецьмі сваімі, і вернуцца;
І расцярушу іх паміж народамі, і будуць памятаць пра Мяне, знаходзячыся далёка; і выгадуюць дзяцей сваіх, і вернуцца.
і вярну іх зь зямлі Егіпецкай і з Асірыі зьбяру іх, і прывяду іх у зямлю Галаадскую і на Ліван, і ня хопіць месца ім.
І вярну іх з зямлі Егіпецкай, і з Асірыі забяру іх, і завяду іх у зямлю Галаад і Лібан, ды не знойдзецца ім месца.
І пройдзе бедства па моры і разаб’е хвалі марскія, і высахнуць усе глыбіні ракі, і ўпакорыцца ганарыстасьць Асура, і жазло адымецца ў Егіпта.
І будуць праходзіць праз мора трывогі, і ўдарыць іх хваля марская, і высахнуць усе глыбіні ракі; ды будзе ўпакорана пыхлівасць Асірыі і валадаранне Егіпта спыніцца.
Умацую іх у Госпадзе, і яны хадзіцьмуць у імя Яго, кажа Гасподзь.
Зраблю іх моцнымі ў Госпадзе, і будуць хадзіць яны ў імя Яго», — кажа Госпад.