Захарыі 7 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

У чацьвёрты дзень цара Дарыя было слова Гасподняе Захарыю, у чацьвёрты дзень дзявятага месяца, Хаслэва,
 
І сталася ў чацвёрты год валадарання цара Дарыя, у чацвёрты дзень дзевятага месяца, гэта значыць Каслева, прамовіў Госпад да Захарыі.

калі Вэтыль паслаў Сарацэра і Рэгемалэха і спадарожнікаў яго памаліцца перад абліччам Госпада
 
І з Бэтэля паслаў Сарасара і Рэгэм-Мэлека з іх людзьмі на маленне перад абліччам Госпада, каб сказалі яны святарам дома Госпада Магуццяў

і спытацца ў сьвятароў, якія ў доме Госпада Саваофа, і ў прарокаў, кажучы: ці плакаць мне ў пяты месяц і пасьціцца, як я рабіў гэта ўжо шмат гадоў?
 
і прарокам, кажучы: «Ці ў пятым месяцы трэба мне плакаць і посціць, як гэта рабіў ужо многія гады?»

І было мне слова Госпада Саваофа:
 
І вось што сказаў Госпад Магуццяў мне, кажучы:

скажы ўсяму народу зямлі гэтай і сьвятарам так: калі вы пасьцілі і плакалі ў пятым і сёмым месяцы, прытым ужо семдзесят гадоў; ці дзеля Мяне вы пасьцілі? ці дзеля Мяне?
 
«Скажы ўсяму народу зямлі і святарам, кажучы: “Калі гэтыя семдзесят гадоў посцілі вы і плакалі ў пятым і сёмым месяцы — ці вы сапраўды дзеля Мяне посцілі?

І калі вы ясьце і калі вы п’яце, ці ня дзеля сябе вы ясьце, ці ня дзеля сябе вы п’яце?
 
І калі вы ясце і п’яце, ці вы не для сябе ясце і ці не для саміх сябе п’яце?

Ці ж ня тыя самыя словы ўзьвяшчаў Гасподзь праз ранейшых прарокаў, калі яшчэ Ерусалім быў населены і спакойны, і гарады вакол яго, паўднёвая краіна і нізіна былі населеныя?
 
Ці ж гэта не словы, якія абвясціў Госпад праз даўнейшых прарокаў, калі яшчэ Ерузалім быў заселены і багаты; і ён, і яго навакольныя гарады, і калі Нагэб і разам Сэфэла былі абжытыя?”»

І было слова Гасподняе Захарыю:
 
І прамовіў Госпад да Захарыі, кажучы:

так казаў тады Гасподзь Саваоф: чынеце суд справядлівы і рабеце міласьць і спагаду кожны брату свайму;
 
«Гэта кажа Госпад Магуццяў, гаворачы: “Судзіце справядліва і аказвайце кожны брату свайму міласэрнасць і літасць;

удавы і сіраты, прыхадня і гаротнага ня ўціскайце і ліха адзін супроць аднаго не намышляйце ў сэрцы вашым.
 
і не крыўдзіце ўдоў і сірот, і чужынца ды беднага, і не спаганяйце ў сэрцах вашых злосці кожны супраць брата свайго”».

Але яны не хацелі ўважаць, адвярнуліся ад Мяне, і вушы свае затулілі, каб ня чуць.
 
І яны не захацелі слухаць, і адвярнуліся па-бунтарску, і заткнулі вушы сабе, каб не чуць.

І сэрца сваё скамянілі, каб ня чуць закону і слоў, якія пасылаў Гасподзь Саваоф Духам Сваім праз ранейшых прарокаў: за тое і спасьцігнуў іх вялікі гнеў Госпада Саваофа.
 
І сэрца сваё ператварылі ў дыямент, каб не чуць закону і напамінаў, якія паслаў Госпад Магуццяў праз Духа Свайго за пасрэдніцтвам даўнейшых прарокаў, і ўзгарэўся гнеў вялікі ў Госпада Магуццяў.

І было: як Ён клікаў, а яны ня слухалі, так і яны клікалі, а Я ня слухаў, кажа Гасподзь Саваоф.
 
І сталася так: «Як яны не слухалі, калі Ён напамінаў, — так Я не паслухаю, калі яны будуць Мяне прызываць, — кажа Госпад Магуццяў. —

І Я разьвеяў іх па ўсіх народах, якіх яны ня ведалі, і зямля гэтая апусьцела пасьля іх, так што ніхто не хадзіў па ёй ні назад, ні наперад, і яны зрабілі жаданую зямлю пустыняю.
 
І рассыплю іх па ўсіх народах, якіх не ведалі; і зямля па іх засталася пустыняй, так што ніхто не хадзіў па ёй і не вяртаўся. І перамянілі яны жаданую зямлю ў пустыню».