Мацьвея 25 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Тады ўпадобніцца Царства Нябеснае дзесяцём дзевам, якія, узяўшы сьвяцільні свае, выйшлі сустрэць маладога.
Тады падобна будзе Валадарства Нябеснае да дзесяці дзяўчын, якія, узяўшы лампады свае, выйшлі насустрач жаніху.
пяць зь іх было неразумных і пяць мудрых;
Пяць з іх было неразумных, а пяць — разумных.
неразумныя, узяўшы сьвяцільні свае, не ўзялі з сабою алею;
Але неразумныя, узяўшы лампады свае, не ўзялі з сабою алею.
а мудрыя ўзялі алею ў пасудзінах разам зь сьвяцільнямі сваімі;
Разумныя ж узялі алею ў посуд разам з лампадамі сваімі.
і калі малады замарудзіўся, дык задрамалі ўсе і паснулі.
А паколькі жаніх замарудзіў, задрамалі ўсе і паснулі.
Але апоўначы крык пачуўся: «вось, малады ідзе, выходзьце на сустрэчу яму».
А апоўначы ўзняўся крык: “Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач”.
Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі сьвяцільні свае.
Тады падняліся ўсе тыя дзяўчаты і падрыхтавалі свае лампады.
А неразумныя мудрым сказалі: «дайце нам алею вашага, бо сьвяцільні нашыя гаснуць».
Неразумныя ж сказалі разумным: “Дайце нам вашага алею, бо нашы лампады гаснуць”.
А мудрыя сказалі ў адказ: «каб ня сталася недахопу і ў нас і ў вас, ідзеце лепей да прадаўцоў і купеце сабе».
Адказалі разумныя, кажучы: “Каб раптам не было недахопу і нам, і вам, лепш ідзіце да прадаўцоў ды купіце сабе”.
Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў малады, і гатовыя ўвайшлі зь ім на вясельле, і зачыніліся дзьверы.
Калі яны пайшлі купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былі прыгатаваны, увайшлі з ім на вяселле. І дзверы зачыніліся.
Пасьля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: «спадару! спадару! адчыні нам».
Нарэшце прыйшлі і астатнія дзяўчаты, кажучы: “Госпадзе, Госпадзе, адчыні нам!”
Ён жа сказаў ім у адказ: «праўду кажу вам: ня ведаю вас».
А Ён, адказваючы, гаворыць: “Сапраўды кажу вам: Я не ведаю вас”.
Дык вось, чувайце; бо ня ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы.
Дык чувайце, бо не ведаеце ані дня, ані гадзіны [, калі Сын Чалавечы прыйдзе].
Гэтак і чалавек нейкі, адыходзячы, заклікаў рабоў сваіх і даручыў ім маёмасьць сваю:
Падобным чынам чалавек, адыходзячы ў далёкі край, склікаў сваіх паслугачоў і даручыў ім сваю маёмасць.
і аднаму даў пяць талянтаў, другому два, таму адзін, кожнаму паводле ягонай сілы; і адразу адышоў.
І аднаму даў пяць талентаў, а другому два, а іншаму адзін — кожнаму паводле яго здольнасці, і выправіўся.
Той, хто атрымаў пяць талянтаў, пайшоў: ужыў іх у справу і набыў другія пяць;
Той, які атрымаў пяць талентаў, пайшоў і, скарыстаўшыся з іх, зарабіў яшчэ пяць.
гэтак сама і той з двума набыў другія два;
Падобна і той, хто атрымаў два, зарабіў яшчэ два.
а той, хто атрымаў адзін талянт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю і схаваў серабро гаспадара свайго.
А той, хто атрымаў адзін, пайшоў і закапаў яго ў зямлю ды схаваў грошы гаспадара свайго.
Па доўгім часе прыходзіць гаспадар рабоў тых і зводзіць зь імі рахунак.
Потым па доўгім часе прыходзіць гаспадар паслугачоў тых і выстаўляе рахунак ім.
І той, хто атрымаў пяць талянтаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талянтаў і кажа: «Гаспадар! пяць талянтаў ты даў мне; вось, другія пяць талянтаў я набыў на іх».
І, прыйшоўшы, той, які атрымаў пяць талентаў, прынёс яшчэ пяць талентаў, кажучы: “Гаспадару, ты даў мне пяць талентаў; вось, я зарабіў дадаткова яшчэ пяць талентаў”.
Сказаў жа яму гаспадар ягоны: «добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго».
Гаворыць яму гаспадар яго: “Добра, паслугач добры і верны; у малым быў ты верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.
Падышоў таксама і той, што атрымаў два талянты, і сказаў: «гаспадар! два талянты ты даў мне; вось, другія два талянты набыў я на іх».
Прыйшоў таксама і той, які атрымаў два таленты, і гаворыць: “Гаспадару, ты даручыў мне два таленты, вось я зарабіў яшчэ два”.
Сказаў жа яму гаспадар ягоны: «добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго».
Гаворыць яму гаспадар яго: “Добра, паслугач добры і верны; ты быў у малым верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.
Падышоў і той, што атрымаў адзін талянт, і сказаў: «гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі, жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпаў;
А той, што атрымаў адзін талент, прыходзячы, гаворыць: “Гаспадару, я ведаю цябе як чалавека жорсткага: ты жнеш, дзе не пасеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў.
і пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талянт твой у зямлі; вось табе тваё».
Дык, баючыся, пайшоў я і закапаў твой талент у зямлю. Вось, бяры, што тваё”.
Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: «ліхі раб і гультай! ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў;
У адказ гаспадар яго сказаў: “Паслугач благі і неруплівы! Ты ведаў, што я жну, дзе не пасеяў, і збіраю, дзе не рассыпаў.
таму трэба было табе аддаць серабро маё гандлярам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам.
Дык належала б табе мае грошы даць мяняльшчыкам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы, што маё, з прыбыткам.
Дык вось вазьмеце ў яго талянт і дайце таму, хто мае дзесяць талянтаў,
Таму вазьміце ад яго талент і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў.
бо кожнаму, хто мае, дасца і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае;
Бо кожнаму, хто мае, будзе дададзена, і ён будзе багаты; а ў таго, хто не мае, адбяруць і тое, што ён мае.
а нягоднага раба выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў». (Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!).
А паслугача нягоднага кіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.
Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе сьвятыя анёлы зь Ім, тады сядзе на троне славы Сваёй,
А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе анёлы разам з Ім, тады Ён сядзе на пасадзе славы Сваёй.
і зьбяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў;
І збяруцца перад Ім усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў.
і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў — леваруч.
І Ён паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў — леваруч.
Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго: «Прыйдзеце, дабраславёныя Айца Майго, прымеце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэньня сьвету:
Тады скажа Валадар тым, што будуць праваруч Яго: “Прыходзьце, дабраславёныя Айца Майго; атрымайце Валадарства, прыгатаванае для вас ад заснавання свету.
бо быў галодны Я, і вы далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне;
Бо быў Я галодны, і вы накармілі Мяне; быў сасмаглы, і вы далі Мне піць; быў госцем, і вы прынялі Мяне;
быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.
быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне”.
Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: «Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасьмяглага і напаілі?
Тады адкажуць Яму справядлівыя, кажучы: “Госпадзе, калі ж мы Цябе бачылі галодным і накармілі Цябе, або сасмаглым і далі Табе піць?
калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі?
Калі ж мы бачылі госцем Цябе і прынялі, або голым і апранулі?
калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?».
Калі ж мы бачылі хворым Цябе або ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?”
І Цар скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне».
І, адказваючы, Валадар скажа ім: “Сапраўды кажу вам: “Што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, тое Мне зрабілі”.
Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: «ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, угатаваны д’яблу і анёлам ягоным:
Тады скажа Ён і тым, хто леваруч Яго будуць: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, які прыгатаваны для д’ябла і анёлаў яго.
бо быў галодны Я, вы не далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы не напаілі Мяне;
Бо быў Я галодны, і вы не далі Мне есці, быў Я сасмаглы, і вы не далі Мне піць;
быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне».
быў Я госцем, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворым і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне”.
Тады і яны скажуць яму ў адказ: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасьмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?»
Тады адкажуць яны Яму, кажучы: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, або сасмаглым, або госцем, або голым, або хворым, або ў вязніцы і не паслужылі Табе?”
Тады скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне».
Тады Ён адкажа ім, кажучы: “Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з тых найменшых, таго і Мне не зрабілі”.
І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.
І пойдуць яны на вечную муку, а справядлівыя — у жыццё вечнае».