Лукаша 5 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Аднойчы, калі люд ціснуўся да Яго, каб чуць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генісарэцкага,
І сталася, калі натоўп ціснуўся да Яго слухаць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генезарэт,
убачыў Ён дзьве лодкі, якія стаялі на возеры; а рыбакі, выйшаўшы зь іх, вымывалі мярэжы.
убачыў дзве лодкі, што стаялі пры беразе возера; рыбакі з іх выйшлі і паласкалі сеткі.
Увайшоўшы ў адну лодку, якая была Сымонава, Ён прасіў яго адплыць крыху ад берагу, і сеўшы, вучыў людзей з лодкі.
Дык Ісус, увайшоўшы ў адну лодку, што была Сімонава, папрасіў, каб адплылі крыху ад берага. І, седзячы, навучаў людзей з лодкі.
А калі перастаў вучыць, сказаў Сымону: адплыві на глыбокае, і закіньце мярэжы свае для лову.
А як скончыў прамаўляць, сказаў Сімону: «Паплыві на глыбіню ды закіньце сеткі вашы на лоўлю».
Сымон сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі; але па слове Тваім закінем мярэжу.
А Сімон адказаў Яму: «Настаўнік, мы, усю ноч працуючы, нічога не злавілі. Аднак на Тваё слова закіну сетку».
Зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікае мноства рыбы, і нават мярэжа ў іх рвалася.
А калі гэта зрабілі, злавілі так многа рыбы, што сетка рвалася.
І далі знак супольнікам, якія былі ў другой лодцы, каб прыйшлі пасобіць ім, і прыйшлі, і напоўнілі абедзьве лодкі, так што яны пачалі тануць.
Дык махнулі таварышам, якія былі ў другой лодцы, каб яны прыйшлі і дапамаглі ім. Дык прыйшлі і запоўнілі абедзве лодкі так, што ледзь не танулі.
Убачыўшы гэта, Сымон Пётр прыпаў да каленяў Ісуса і сказаў: выйдзі ад мяне, Госпадзе! бо я чалавек грэшны.
Калі ўбачыў гэта Сімон Пётра, паў да кален Ісуса, кажучы: «Адыдзі ад Мяне, бо я — чалавек грэшны, Госпадзе».
Бо жах агарнуў яго і ўсіх, хто быў зь Ім, ад гэтага ўлову рыбы, імі злоўленае;
Бо ад такога налову рыбы, што яны злавілі, яго ды ўсіх, што з ім былі, ахапіў жах.
таксама і Якава і Яна; сыноў Зевядзеевых, якія былі супольнікамі Сымону. І сказаў Сымону Ісус: ня бойся; ад сёньня будзеш лавіць людзей.
Таксама і Якуба, і Яна, сыноў Зебядзеевых, таварышаў Сімона. І гаворыць Ісус Сімону: «Не бойся, адгэтуль ужо людзей лавіць будзеш».
І выцягнуўшы абедзьве лодкі на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Ім.
І, выцягнуўшы лодкі на бераг, пакінулі ўсё, і пайшлі за Ім.
Калі Ісус быў у адным горадзе, прыйшоў чалавек увесь у праказе і, убачыўшы Ісуса, упаў ніцма, молячы Яго і кажучы: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
І здарылася, калі Ісус быў у адным горадзе, і вось, прыйшоў адзін чалавек цалкам пракажоны; ён, убачыўшы Ісуса, упаў на твар і прасіў Яго, кажучы: «Госпадзе, калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І адразу праказа сышла зь яго.
І Ісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны». І зараз жа праказа сышла з яго.
І Ён загадаў яму нікому не расказваць, а пайсьці паказацца сьвятару і прынесьці ахвяру за ачышчэньне сваё, як загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.
І загадаў яму, каб нікому пра гэта не гаварыў, але сказаў: «Ідзі, пакажыся святару і ахвяруй за сваё ачышчэнне, як загадаў Майсей на сведчанне ім».
Але тым болей шырыліся чуткі пра Яго, і вялікае мноства людзей сьцякалася да Яго — слухаць і ацаляцца ў Яго ад хваробаў сваіх.
Але разыходзіліся весткі аб Ім тым больш, і збіраліся вялікія натоўпы людзей, каб паслухаць Яго ды быць аздароўленымі ад сваіх немачаў.
А Ён адыходзіў у пустэльныя мясьціны і маліўся.
Але Ён аддаляўся ў пустыні і маліўся.
Аднаго дня, калі Ён вучыў, і сядзелі тут фарысэі і законьнікі, якія прыйшлі з усіх мясцовасьцяў Галілеі і Юдэі і зь Ерусаліма, і сіла Гасподняя зьяўлалася ў ацаленьні хворых —
І сталася: аднаго дня Ён навучаў; і сядзелі фарысеі і заканазнаўцы, што прыйшлі з усіх пасяленняў Галілеі, і Юдэі, і Ерузаліма. І магутнасць Госпадава была ў Яго на аздараўленне.
вось, прынесьлі нейкія на пасьцелі чалавека, які быў паралізаваны, і спрабавалі ўнесьці яго ў дом і пакласьці перад Ісусам;
І вось, мужчыны прынеслі чалавека, які быў спаралізаваны, на ложку і стараліся ўнесці яго і пакласці перад Ісусам.
і не знайшоўшы дзе пранесьці яго, з прычыны люднасьці, залезьлі на дах дома і праз дах апусьцілі яго з пасьцельлю на сярэдзіну перад Ісусам.
І, не знайшоўшы, з якога боку паднесці яго з-за натоўпу, узышлі на дах і праз сталяванне спусцілі яго на ложку на сярэдзіну перад Ісусам.
І Ён, бачачы веру іхную, сказаў чалавеку таму: даруюцца табе грахі твае.
І Ён, бачачы іх веру, сказаў: «Чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае».
Кніжнікі і фарысэі пачалі разважаць, кажучы: хто гэта, Які блюзьнерыць? хто можа дараваць грахі, апрача аднаго Бога?
І пачалі разважаць кніжнікі і фарысеі, кажучы: «Хто Ён, што блюзніць? Хто можа грахі адпускаць, апрача Самога Бога?»
Ісус, зразумеўшы намыслы іхнія, сказаў ім у адказ: што намышляеце ў сэрцах вашых?
А Ісус пранік іх разважанні і сказаў, адказваючы ім: «Што вы думаеце ў сэрцах вашых?
што лягчэй сказаць: «даруюцца табе грахі твае», альбо сказаць: «устань і хадзі»?
Што лягчэй сказаць: “Адпускаюцца табе грахі твае”, або: “Устань і хадзі?”
але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — сказаў Ён паралізаванаму: табе кажу: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой.
Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі, — гаворыць спаралізаванаму: “Кажу табе, падыміся, вазьмі ложак свой ды ідзі да дому свайго”».
І той адразу ўстаў перад імі, узяў, на чым ляжаў, і пайшоў у дом свой, славячы Бога.
І ён, зараз падняўшыся на віду ўсіх, узяў на чым ляжаў, і пайшоў да дому, славячы Бога.
І жах агарнуў усіх, і славілі Бога; і, поўныя страху, казалі: дзівосныя дзеі бачылі мы сёньня.
Дык усіх ахапіў жах, і славілі Бога, і былі поўныя страху, кажучы: «Бачылі мы сёння дзівосы».
Пасьля гэтага Ісус выйшаў і ўбачыў мытніка, якога звалі Лявій, які сядзеў каля мытні, і кажа яму: ідзі за Мною.
І пасля гэтага выйшаў Ён, і ўбачыў мытніка на імя Леві, які сядзеў пры мыце, і гаворыць яму: «Ідзі за Мною!»
І ён, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім.
І ён, пакінуўшы ўсё, падняўшыся, пайшоў за Ім.
І зрабіў Яму Лявій у доме сваім бяседу вялікую; і там было мноства мытнікаў і іншых, якія ўзьляжалі зь імі.
Затым справіў Яму Леві вялікі банкет у доме сваім, і было вялікае мноства мытнікаў і іншых, якія ўзлягалі з Ім пры стале.
А кніжнікі і фарысэі наракалі і казалі вучням Ягоным: навошта вы ясьце і п’яце з мытнікамі і грэшнікамі?
Дык наракалі фарысеі і кніжнікі на вучняў Яго, кажучы: «Чаму гэта вы з мытнікамі і грэшнікамі ясце і п’яце?»
А Ісус сказаў ім у адказ: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але немачныя.
Я прыйшоў заклікаць ня праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.
Не прыйшоў Я клікаць справядлівых, але грэшнікаў да навяртання».
А яны сказалі Яму: чаму вучні Янавыя посьцяць часта і ўзносяць малітвы, таксама і фарысэйскія, а Твае ядуць і п’юць?
Але яны сказалі Яму: «Янавы вучні часта посцяць і моляцца, падобна і фарысейскія, а Твае ядуць і п’юць?»
Ён сказаў ім: ці можаце прымусіць сыноў харомаў шлюбных пасьціцца, калі зь імі малады?
І Ісус гаворыць ім: «Ці ж можаце змушаць посціць вясельнікаў, пакуль жаніх з імі?
але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца у тыя дні.
Прыйдуць, аднак, дні, калі забраны будзе ад іх жаніх, тады посціць яны будуць у тыя дні».
Пры гэтым сказаў ім прытчу: ніхто ня прышывае латку да старой адзежыны, ададраўшы ад новай адзежыны; а інакш і новую падзярэ, і да старой не падыдзе латка ад новай.
Казаў ім яшчэ для параўнання: «Ніхто латы з адзення новага не прышывае да старога адзення, бо і новае раздзярэ, ды лата з новага не надаецца да старога.
І ніхто ня ўлівае маладога віна ў мяхі старыя; а інакш маладое віно парве мяхі, і само выцеча, і мяхі прападуць;
Ніхто таксама новага віна не лье ў старыя мяхі, бо новае віно разрывае мяхі, і само разальецца, і мяхі прападуць.
а маладое віно трэба ўліваць у мяхі новыя; тады зьберажэцца і тое і другое.
Але віно новае трэба ўліваць у новыя мяхі, тады адно і другое зберагаецца.
І ніхто, піўшы старое віно, не захоча адразу маладога; бо кажа: старое лепшае.
Ды ніхто, п’ючы старое, не хоча адразу новага, бо кажа: “Старое лепшае”».