Яна 12 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе быў Лазар памерлы, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых.
А за шэсць дзён перад Пасхай прыйшоў Ісус у Бэтанію, дзе быў Лазар, якога Ісус падняў з мёртвых.
Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марфа служыла, а Лазар быў адзін з тых, хто ўзьляжаў зь Ім.
Дык прыгатавалі Яму там вячэру, і Марта паслугавала, а Лазар быў адным з тых, якія ўзлягалі з Ім пры стале.
А Марыя, узяўшы фунт каштоўнага чысьцюткага нардавага міра, памазала ногі Ісусу і абцерла валасамі сваімі ногі Яму; і дом напоўніўся пахошчамі міра.
Марыя ж узяла фунт каштоўнага алейку нардавага і намасціла ногі Ісусу, і абцёрла сваімі валасамі Яго ногі, а пах алейку напоўніў увесь дом.
Тады адзін вучань Ягоны, Юда Сымонаў Іскарыёт, які хацеў выдаць Яго, сказаў:
Кажа тады адзін з вучняў Яго, Юда Іскарыёт, які меўся Яго выдаць:
Чаму б не прадаць гэтае міра за трыста дынараў і не раздаць убогім?
«Чаму не прадалі гэтага алейку за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?»
А сказаў ён гэта не таму, каб парупець за ўбогіх, а таму, што быў злодзей: ён меў пры сабе скарбонку, і насіў, што туды апускалі.
А сказаў гэта не таму, што дзеля ўбогіх цікавіўся ім, але таму, што быў злодзей ды, маючы [грашовы] капшук, насіў тое, што туды кідалі.
А Ісус сказаў: пакіньце яе; яна зьберагла гэта на дзень пахаваньня Майго;
Сказаў тады Ісус: «Не дакучайце ёй, бо яна ўчыняе гэта на дзень Майго пахавання.
убогіх бо заўсёды маеце з сабою, а Мяне — не заўсёды.
Убогіх пры сабе заўсёды маеце, а Мяне — не заўсёды».
Многія Юдэі даведаліся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, а каб пабачыць і Лазара, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых.
І шмат хто з юдэяў даведаўся, што Ён там, і прыйшлі не толькі дзеля Ісуса, але і каб убачыць Лазара, якога Ён падняў з мёртвых.
А першасьвятары вырашылі забіць і Лазара,
Дык першасвятары пастанавілі забіць таксама Лазара,
бо празь яго многія Юдэі прыходзілі і веравалі ў Ісуса.
бо многа юдэяў адыходзіла ад іх дзеля яго і ўверыла ў Ісуса.
На другі дзень мноства людзей, што прыйшлі на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ерусалім,
А назаўтра многія людзі, што прыйшлі на свята, калі пачулі, што Ісус ідзе ў Ерузалім,
узялі пальмавыя галінкі, выйшлі насустрач Яму і ўсклікалі: асанна! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе, Цар Ізраілеў!
назбіралі пальмавых галінак і выйшлі Яму насустрач, усклікаючы: «Гасана! Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада, Цар Ізраэля».
А Ісус, знайшоўшы малое асьляня, сеў на яго, як напісана:
Ісус жа знайшоў асляня і сеў на яго, як напісана:
«ня бойся, дачка Сыёнавая! вось, Цар твой ідзе, седзячы на маладым асьляняці».
«З радасці цешся, дачка Сіёна! Вось жа, Валадар твой прыходзіць, седзячы на асляняці».
Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага; але, калі праславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што так было пра Яго напісана, і гэта зрабілі Яму.
Спачатку вучні Яго не зразумелі гэтага, але, калі Ісус ужо быў праслаўлены, тады яны прыпомнілі, што так было пра Яго напісана і так і здзейснілася з Ім.
Людзі, якія былі зь Ім раней, сьведчылі, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрэсіў яго зь мёртвых;
Таксама сведчылі і людзі, што былі з Ім, калі выклікаў з магілы Лазара і падняў яго з мёртвых.
таму і сустрэў Яго люд, бо чуў, што Ён утварыў гэты цуд.
З гэтай прычыны выйшаў натоўп людзей Яму на спатканне, бо чулі, што Ён гэткі знак учыніў.
А фарысэі гаварылі паміж сабою: ці ж ня бачыце, што не пасьпяваеце анічога? увесь сьвет ідзе за Ім.
Фарысеі ж казалі між сабою: «Бачыце, што ад вас нічога не залежыць? Вось, увесь свет пайшоў за Ім».
Сярод тых, што прыйшлі на пакланеньне ў сьвята, былі некаторыя Эліны;
Між тымі, што прыбылі на дзень святочны, каб пакланіцца Богу, было таксама некалькі грэкаў;
яны падыйшлі да Піліпа, які быў зь Віфсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: спадару! нам хочацца бачыць Ісуса.
яны вось звярнуліся да Піліпа, што быў з Бэтсайды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: «Гаспадару, хочам пабачыць Ісуса».
Піліп ідзе і кажа пра тое Андрэю; і потым Андрэй і Піліп кажуць пра тое Ісусу.
Дык Піліп ідзе і кажа Андрэю, а Андрэй і Піліп ідуць і кажуць Ісусу.
А Ісус сказаў ім у адказ: прыйшоў час праславіцца Сыну Чалавечаму:
А Ісус адказвае ім, кажучы: «Прыйшла гадзіна, каб праслаўлены быў Сын Чалавечы.
Праўду, праўду кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, дык застанецца адно; а калі памрэ, дык уродзіць багата плоду.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, укінутае ў зямлю, не памрэ, дык застаецца адно; а калі памрэ, то прыносіць шмат пладоў.
Хто любіць душу сваю, загубіць яе; а хто ненавідзіць душу сваю ў сьвеце гэтым, захавае яе ў жыцьцё вечнае.
Хто любіць сваю душу, загубіць яе, а хто мае ў нянавісці сваю душу на гэтым свеце, зберажэ яе на жыццё вечнае.
Хто Мне служыць, Мне няхай сьледуе, і дзе Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне служыць, таго ўпачцівіць Айцец Мой.
Хто б хацеў Мне служыць, хай ідзе за Мною, і дзе Я, там будзе і паслугач Мой; калі хто Мне служыць, шануе яго Айцец.
Душа Мая цяпер узрушылася; і што Мне сказаць? Войча! збаў Мяне ад гадзіны гэтай! але на гэтую гадзіну Я і прыйшоў;
Цяпер стрывожылася душа Мая. Можа, Мне сказаць: Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны? Але ж Я прыйшоў дзеля гэтай гадзіны.
Войча! праславі імя Тваё! Тады прыйшоў зь неба голас: і праславіў і яшчэ праслаўлю.
Ойча, праслаў імя Тваё!» І азваўся голас з неба: «І праславіў, і яшчэ праслаўлю!»
А люд, што стаяў і чуў тое, казаў: гэта гром. А другія казалі: анёл гаварыў Яму.
А людзі, што стаялі і чулі, казалі, што загрымела; а іншыя казалі: «Анёл прамовіў да Яго».
Ісус на гэта сказаў: ня Мне быў голас гэты, а народу;
Адказаў Ісус і сказаў: «Не дзеля Мяне азваўся голас гэты, але дзеля вас.
сёньня суд сьвету гэтаму; сёньня князь сьвету гэтага выгнаны будзе прэч.
Цяпер суд гэтаму свету, цяпер князя гэтага свету выганяць вон;
І калі Я ўзьнесены буду над зямлёю, усіх прыхіну да Сябе.
а Я, калі буду падняты над зямлёй, усіх пацягну да Сябе».
Гэта казаў Ён, даючы ўразумець, якою сьмерцю Ён памрэ.
А казаў гэта, вызначаючы, якою смерцю мае памерці.
Народ адказваў Яму: мы чулі з закона, што Хрыстос жыве вечна; як жа Ты кажаш, што мае быць Сын Чалавечы ўзьнесены? хто Гэты Сын Чалавечы?
Адказаў Яму натоўп: «Мы чулі з закону, што Хрыстос трывае вечна; а як жа Ты кажаш: “Трэба, каб быў падняты Сын Чалавечы”? Хто гэты Сын Чалавечы?»
Тады Ісус сказаў ім: яшчэ на кароткі час сьвятло будзе з вамі; хадзеце, пакуль ёсьць сьвятло, каб не абняла вас цемра; а хто ходзіць у цемры, ня ведае, куды ідзе;
Сказаў ім тады Ісус: «Яшчэ толькі кароткі час будзе святло сярод вас; хадзіце, пакуль маеце святло, каб вас цемра не агарнула; бо хто ў цемры ходзіць, не ведае, куды ідзе.
пакуль сьвятло з вамі, верце ў сьвятло, і будзьце сынамі сьвятла. Сказаўшы гэта, Ісус адыйшоў і зьнік ад іх.
Пакуль маеце святло, верце ў святло, каб былі вы сынамі святла». Гэта сказаў Ісус і адышоў, ды схаваўся ад іх.
Столькі цудаў утварыў Ён перад імі, і яны ня веравалі ў Яго,
Ды хоць так многа знакаў учыніў перад імі, не верылі ў Яго,
хай збудзецца слова Ісаі прарока: Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас? і каму адкрылася сіла Гасподняя?
каб споўніліся словы Ісаі прарока, які сказаў: «Госпадзе, хто ўверыў пачутаму ад нас, ды рука Госпада каму была аб’яўлена?»
Таму не маглі яны вераваць, што як яшчэ сказаў Ісая,
Дзеля таго не змаглі ўверыць, што, як далей сказаў Ісая:
«народ гэты асьляпіў вочы свае і скамяніў сэрца сваё, хай ня бачаць вачыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх».
«Засляпіў вочы іх і закамяніў сэрца іх, каб часам вачамі не ўбачылі ды сэрцам не зразумелі, і не навярнуліся, і Я не аздаравіў іх».
Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і казаў пра Яго.
Гэта сказаў Ісая, калі ўбачыў хвалу Яго і гаварыў пра Яго.
Урэшце і з начальнікаў многія ўверавалі ў Яго, але дзеля фарысэяў не прызнаваліся, каб не адлучылі іх ад сынагогі;
Усё ж такі многа з кіраўнікоў уверыла ў Яго, але са страху перад фарысеямі не прызнаваліся, каб іх не вылучылі з сінагогі;
бо палюбілі больш славу чалавечую, чым славу Божую.
бо славу людзей больш узлюбілі, чым славу Божую.
А Ісус абвясьціў, сказаўшы: хто ў Мяне веруе, не ў Мяне веруе, а ў Таго, Хто паслаў Мяне;
А Ісус усклікнуў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне;
і хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
і хто Мяне бачыць, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
Я сьвятлом прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.
Я святлом прыйшоў у свет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.
І калі хто пачуе Мае словы і не паверыць, Я ня суджу яго: бо Я прыйшоў ня судзіць сьвет, а выратаваць сьвет.
І хто б слухаў словы Мае, а не збярог, Я яго не суджу, бо Я не прыйшоў, каб судзіць свет, але каб збавіць свет.
Хто Мяне адкідае і ня прымае словаў Маіх, мае судзьдзю сабе: слова, якое Я абвяшчаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень;
Хто грэбуе Мною і не прымае слоў Маіх, той ужо мае таго, хто будзе судзіць яго: слова, што Я сказаў, яно асудзіць яго ў апошні дзень;
Бо Я гаварыў не ад Сябе; а Айцец, Які паслаў Мяне, Ён даў мне наказ, што сказаць і што гаварыць.
бо Я не ад Самога Сябе гаварыў, але Айцец, Які Мяне паслаў, Ён Мне даў загад, што маю гаварыць і вясціць.
І ведаю Я, што наказ Ягоны ёсьць жыцьцё вечнае. Дык вось, што Я кажу, кажу, як сказаў Мне Айцец.
І Я ведаю, што загад Яго ёсць жыццё вечнае. І тое, што Я гавару, Я гавару так, як Мне сказаў Айцец».