Дзеі 26 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Агрыпа сказаў Паўлу: дазваляецца табе гаварыць за сябе. Тады Павал, прасьцёршы руку, пачаў гаварыць у сваю абарону:
 
Агрыпа гаворыць да Паўлы: «Дазваляецца табе гаварыць у тваю абарону». Тады Паўла, працягнуўшы руку, пачаў апраўдвацца:

цару Агрыпе! лічу сябе шчасьлівым, што сёньня магу бараніцца перад табою ва ўсім, у чым вінавацяць мяне Юдэі,
 
«Цар Агрыпа! Лічу я сябе шчаслівым, што магу сёння выступаць у абарону сваю перад табой адносна ўсяго, у чым вінавацяць мяне юдэі.

тым болей, што ты ведаеш усе звычаі і спрэчныя думкі Юдеяў. Таму прашу цябе выслухаць мяне шчырадушна.
 
Тым больш, што ты ведаеш усё, што звычайнае і спрэчнае сярод юдэяў; таму прашу цярпліва мяне выслухаць.

Жыцьцё маё зь юнацтва майго, якое спачатку праводзіў я сярод народу майго ў Ерусаліме, ведаюць усе Юдэі;
 
Жыццё маё ад маладосці, якое праходзіла ў народзе маім і ў Ерузаліме, ведаюць усе юдэі.

яны здаўна ведаюць пра мяне, калі захочуць засьведчыць, што я жыў фарысэем паводле найстражэйшага ў нашым веравызнаньні вучэньня.
 
Яны добра ведаюць мяне ад пачатку і, каб хацелі, маглі б засведчыць, што я, як фарысей, жыў паводле звычаяў найдасканалейшага вучэння нашай рэлігіі.

І сёньня я стаю перад судом за надзею на абяцаньне, дадзенае ад Бога нашым бацькам,
 
І цяпер стаю перад судом за надзею на тое, што было абяцана ад Бога бацькам нашым,

выкананьне якога спадзяюцца пабачыць нашыя дванаццаць родаў, рупліва служачы Богу дзень і ноч: за гэтую вось надзею, цару Агрыпе, вінавацяць мяне Юдэі.
 
на выкананне гэтага спадзяюцца дванаццаць пакаленняў нашых, служачы заўсёды, днём і ўночы. Дзеля гэтае надзеі, цару, і вінавацяць мяне юдэі.

Што ж? Няўжо вы за неверагоднае ўважаеце, што Бог уваскрашае мёртвых?
 
Чаму вам здаецца немагчымым, што Бог уваскрашае памерлых?

Праўда, і я быў думаў, што мне трэба шмат дзейнічаць супраць імя Ісуса Назарэя;
 
Калісьці і мне самому здавалася, што мушу чыніць многа перашкод імені Ісуса з Назарэта,

гэта я і рабіў у Ерусаліме; атрымаўшы ўладу ад першасьвятароў, я многіх сьвятых замыкаў у цямніцу і, калі забівалі іх, я падаваў за тое свой голас;
 
што і рабіў у Ерузаліме; і, атрымаўшы ўладу ад першасвятароў, кідаў у вязніцы шматлікіх святых, і аддаваў голас «за», калі іх забівалі.

і ва ўсіх сынагогах я шмат разоў мучыў іх і прымушаў зьневажаць Ісуса і, бязь меры лютуючы супраць іх, прасьледаваў нават і ў чужых гарадах.
 
І часта ва ўсіх сінагогах карамі прымушаў іх да блюзнення, і пераследаваў іх празмерна нават па іншых гарадах.

Дзеля гэтага ідучы ў Дамаск з уладаю і даручэньнем ад першасьвятароў,
 
І так ішоў я ў Дамаск з уладаю і з даручэннем ад першасвятароў,

сярод белага дня на дарозе я ўбачыў, цару, зь неба сьвятло, большае за сонечнае зьзяньне, якое азарыла мяне і ўсіх, што ішлі са мною.
 
і ў дарозе апоўдні ўбачыў я, о цару, святло з неба, ярчэйшае за ззянне сонца, якое агарнула мяне і тых, што ішлі разам са мной.

Усе мы ўпалі на зямлю, і я пачуў голас, які гаварыў мне па-Габрэйску: Саўле! Саўле! што ты гоніш Мяне? цяжка табе ісьці супраць ражна.
 
І, калі ўпалі мы ўсе на зямлю, пачуў я голас, што гаварыў да мяне на гебрайскай мове: “Саўле, Саўле, чаму Мяне пераследуеш? Цяжка табе ўпірацца супраць ражна!”

Я сказаў: хто Ты, Госпадзе? Ён сказаў: я Ісус, Якога ты гоніш.
 
Я сказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” А Госпад адказаў: “Я — Ісус, Якога ты пераследуеш.

Але ўстань і стань на ногі твае; бо Я на тое і зьявіўся табе, каб паставіць цябе слугою і сьведкам таго, што ты бачыў і што я адкрыю табе,
 
Але падыміся і стань на ногі свае, бо аб’явіўся Я табе, каб паставіць цябе паслугачом і сведкам таго, што ты пабачыў, ды таго, што табе аб’яўлю,

вызваляючы цябе ад народу Юдэйскага і язычнікаў, да якіх Я цяпер пасылаю цябе
 
і абараню цябе ад народа і ад паганаў, да якіх цябе пасылаю,

адкрыць вочы ім, каб яны навярнуліся зь цемры ў сьвятло і ад улады сатаны да Бога, і празь веру ў Мяне атрымалі дараваньне грахоў і долю з асьвечанымі.
 
каб адкрыў ты ім вочы, каб павярнуліся ад цемры да святла і ад улады шатана да Бога, каб атрымалі адпушчэнне грахоў і ўдзел са святымі праз веру ў Мяне”.

Таму, цару Агрыпе, я не супрацівіўся нябеснай уяве,
 
Адсюль, цару Агрыпа, не мог я працівіцца з’яве з неба,

а спачатку жыхарам Дамаска і Ерусаліма, потым усёй зямлі Юдэйскай і язычнікам прапаведаваў, каб яны пакаяліся і навярнуліся да Бога, учыняючы дзеі, вартыя пакаяньня.
 
але перш тым, што ў Дамаску, і ў Ерузаліме, і ва ўсёй краіне Юдэі, і паганам прапаведаваў, каб пакаяліся ды навярталіся да Бога і спаўнялі ўчынкі праўдзівага навяртання.

За гэта схапілі мяне Юдэі ў храме і спрабавалі разарваць.
 
З гэтай прычыны, схапіўшы мяне, калі я быў у святыні, юдэі спрабавалі мяне забіць.

Але, атрымаўшы дапамогу ад Бога, я да сёньня стаю, сьведчачы малому і вялікаму, нічога ня кажучы, акрамя таго, пра што прарокі і Майсей казалі, што гэта будзе,
 
Але з дапамогай Божай жыву да сёння і стаю, сведчачы малым і вялікім, не кажучы нічога звыш таго, што прадказвалі прарокі і Майсей,

гэта значыцца, што Хрыстос меў адпакутаваць і, паўстаўшы першы зь мёртвых, абвясьціць сьвятло народу Юдэйскаму і язычнікам.
 
што Хрыстос мае цярпець, што будзе Першым уваскрослым з мёртвых ды што будзе прапаведаваць святло для народа і для паганаў».

Калі ён так бараніўся, Фест гучным голасам сказаў: шалееш ты, Паўле! вялікая вучонасьць даводзіць цябе да вар’яцтва.
 
А калі ён так выступаў у абароне, Фэст гучным голасам сказаў: «Паўле, ты адурнеў. Вялікая навука давяла цябе да вар’яцтва».

Не, глыбокашаноўны Фесьце, сказаў ён, я не шалею, а кажу словы ісьціны і здаровага сэнсу:
 
А Паўла адказаў: «Дастойнейшы Фэст, я не вар’ят, але гавару словы праўды і разважнасці!

бо ведае пра гэта цар, перад якім і гавару сьмела; я зусім ня веру, каб ад яго было што-небудзь з гэтага ўтоена; бо гэта не ў закутку адбывалася;
 
Ведае пра гэта цар, да якога гавару смела. Я мяркую, што нічога з гэтага для яго не таямніца, бо адбывалася яно не ў нейкім закутку.

ці верыш, цару Агрыпе, прарокам? Ведаю, што верыш.
 
Ці верыш, цар Агрыпа, прарокам? Ведаю, што верыш».

Агрыпа сказаў Паўлу: ты мала што не ўгаворваеш мяне зрабіцца хрысьціянінам.
 
На гэта Агрыпа [сказаў] Паўлу: «Ты амаль пераканаў мяне стаць хрысціянінам!»

Павал сказаў: маліў бы я Бога, каб хай меней, хай болей, ня толькі ты, а і ўсе, хто слухае мяне сёньня, зрабіліся такімі, як я, але бяз гэтых кайданаў.
 
А Паўла: «Я маліў бы Бога, каб хутка ці няскора не толькі ты, але таксама ўсе, што мяне сёння слухаюць, сталіся б такімі, як я, апрача гэтых путаў».

Калі ён сказаў гэта, цар і правіцель, Вэрэніка і, хто зь імі сядзеў, усталі
 
І ўстаў цар, і намеснік, і Берэніка, ды тыя, што з імі сядзелі,

і, адышоўшыся ўбок, казалі паміж сабою, што гэты чалавек нічога вартага сьмерці альбо кайданаў ня чыніць.
 
і, выходзячы, гаварылі адзін аднаму, кажучы: «Гэты чалавек не зрабіў нічога, вартага смерці або вязніцы».

І сказаў Агрыпа Фесту: можна было б вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не дамагаўся суду ў кесара. Таму і рашыўся правіцель паслаць яго да кесара.
 
А Агрыпа сказаў Фэсту: «Можна было б адпусціць яго, калі б ён не апеляваў да цэзара».