Другі закон 11 разьдзел
Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Дык вось, любі Госпада, Бога твайго, і шануй, што загадана Ім шанаваць, і пастановы Ягоныя і законы Ягоныя і запаведзі Ягоныя ва ўсе дні.
Дык любі Госпада, Бога твайго, і пільнуй Яго настаўленні і загады, законы і прыказанні ўвесь час.
І ведайце сёньня, — бо я гутару ня з сынамі вашымі, якія ня ведаюць і ня бачылі кары Госпада, Бога вашага, — Ягоную велічнасьць, Ягоную моцную руку і высокую мышцу Ягоную,
І вы даведаецеся сёння пра тое, чаго не ведаюць дзеці вашы, якія не бачылі навукі Госпада, Бога вашага, вялікіх учыненняў Яго, і дужай рукі, і ўзнятага пляча,
азнакі Ягоныя і дзеі Ягоныя, якія Ён зрабіў сярод Егіпта з фараонам, царом Егіпецкім, і з усёю зямлёю ягонай,
знакаў і спраў Яго, якія ўчыніў Ён у Егіпце перад фараонам і ўсёй зямлёй яго,
і што Ён зрабіў з войскам Егіпецкім, з конямі ягонымі і калясьніцамі ягонымі, якія Ён утапіў у водах Чэрмнага мора, калі яны гналіся за вамі, — і пагубіў іх Гасподзь, і так трывае аж да сёньня;
і ўсім войскам егіпецкім, конямі і калясніцамі; якім чынам накрылі іх воды Чырвонага мора, калі гналіся яны за вамі, і знішчыў іх Госпад аж да сённяшняга дня,
і што Ён рабіў дзеля вас у пустыні, пакуль вы не дайшлі да месца гэтага,
і што зрабіў Ён вам на пустыні, пакуль вы не прыйшлі на гэтае месца,
і што Ён зрабіў з Датанам і Авіронам, сынамі Эліява, сына Рувімавага, калі зямля разьзявіла вусны свае і сярод усяго Ізраіля праглынула іх і сямействы іхнія, і намёты іхнія і ўсю маёмасьць іхнюю, якая была ў іх;
і [што зрабіў ён] Датану і Абіраму, сынам Эліяба, які быў сынам Рубэна, як іх праглынула зямля, адкрыўшы сваю пашчу, разам з дамамі і палаткамі, і з усёй іх маёмасцю, якую мелі яны сярод Ізраэля.
бо вочы вашыя бачылі ўсе вялікія дзеі Госпада, якія Ён учыніў.
Вочы вашы бачылі ўсе вялікія справы Госпада, якія Ён учыніў,
Дык вось, захоўвайце ўсе запаведзі, якія я пераказваю вам сёньня, каб вы ўмацаваліся і пайшлі і авалодалі зямлёю, у якую вы пераходзіце, каб авалодаць ёю;
каб вы пільнавалі ўсе прыказанні, якія сёння я загадваю вам, каб набраліся вы сілы і змаглі ўвайсці і завалодаць зямлёю, у якую ўступаеце,
і каб жылі вы доўга на той зямлі, даць якую запрысягнуўся Гасподзь бацькам вашым і насеньню іхняму, на зямлі, у якой цячэ малако і мёд.
каб доўгі час жылі ў той зямлі, якую пад прысягай абяцаў Госпад бацькам вашым і нашчадкам іх, — зямлю, што ацякае малаком і мёдам.
Бо зямля, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, не такая, як зямля Егіпецкая, зь якой выйшлі вы, дзе ты, пасеяўшы семя тваё, паліваў з дапамогаю ног тваіх, як аліўны сад;
Бо зямля, у якую ты ўваходзіш, каб завалодаць ёю, не ёсць такой, як зямля Егіпецкая, з якой ты выйшаў: там, калі зерне засеяна, то воды жыватворчыя дастаўляліся нагамі, як у садах;
а зямля, у якую вы пераходзіце, каб авалодаць ёю, ёсьць зямля з гарамі і далінамі, і ад дажджу нябеснага напойваецца вадою, —
але гарыстая і лагчынная, яна чакае дажджу з неба,
зямля, пра якую Гасподзь, Бог ваш, рупіцца: вочы Госпада, Бога твайго, няспынна на ёй, ад пачатку года да канца года.
над якою Госпад, Бог твой, заўсёды апякуецца, і вочы Яго звернуты на яе ад пачатку года аж да канца яго.
калі вы будзеце слухаць наказы мае, якія пераказваю вам сёньня, любіць Госпада, Бога вашага, і служыць Яму ад усяго сэрца вашага і ад усёй душы вашай,
“Дык, калі будзеш слухаць прыказанні Мае, якія сёння Я даю вам, каб любілі Госпада, Бога вашага, і служылі Яму ўсім сэрцам вашым ды ўсёю душой вашай,
дык дам зямлі вашай дажджу ў свой час, раньняга і позьняга, і ты зьбярэш хлеб твой і віно тваё і алей твой;
Я дам зямлі вашай дождж ранні і позні ў свой час, каб мог ты сабраць збожжа, і віно, і алівы.
і дам траву на полі тваім быдлу твайму, і будзеш есьці і наядацца.
І дасць яна траву з палёў на кармленне жывёлы тваёй, каб ты сам еў і наеўся”.
Пільнуйцеся, каб не засмуцілася сэрца вашае і ня ўхіліліся вы і не пачалі служыць іншым багам і не пакланяліся ім;
Сцеражыцеся, каб не ашукалася сэрца ваша, каб не адышлі вы ад Госпада і не служылі чужым багам ды не пакланяліся ім,
і тады запаліцца гнеў Госпада на вас, і замкне Ён неба, і ня будзе дажджу, і зямля ня ўродзіць твораў сваіх, і вы неўзабаве зьнікнеце з добрай зямлі, якую Гасподзь вам дае.
бо разгневаецца Госпад на вас, і зачыніць Ён неба, і не будзе падаць дождж, і зямля не дасць плода свайго, і згінеце вы хутка на найлепшай зямлі, якую мае даць вам Госпад.
Дык вось, пакладзеце гэтыя словы Мае ў сэрца вашае і ў душу вашую і навяжэце іх як знак на руку сваю, і хай будуць яны павязкаю над вачыма вашымі;
Дык пакладзіце гэтыя словы Мае ў сэрцах і ў душах вашых, і прывяжыце іх як знак на руках, і звяжыце іх, быццам якую падвеску, паміж вачэй вашых.
вучэце сыноў сваіх, кажучы пра іх, калі ты сядзіш у доме тваім і калі ідзеш дарогаю, і калі кладзешся і калі ўстаеш;
Навучыце ім дзяцей вашых, гаворачы пра іх, калі сядзіш у доме сваім і калі ідзеш дарогаю, калі кладзешся і ўстаеш.
і напішы іх на вушаках дома твайго і на варотах тваіх,
І напішы іх на бэльках дому свайго і над брамамі сваімі,
каб гэтулькі ж многа было дзён вашых і дзён дзяцей вашых на той зямлі, даць якую Гасподзь запрысягнуўся бацькам вашым, колькі дзён неба будзе над зямлёю.
каб памножыліся дні твае і дзяцей тваіх на зямлі, пра якую прысягнуў Госпад бацькам тваім, што дасць ім [яе] да таго часу, пакуль неба будзе ўзвышацца над зямлёй.
Бо калі вы будзеце шанаваць усе запаведзі гэтыя, якія наказваю вам выконваць, будзеце любіць Госпада, Бога вашага, хадзіць усімі шляхамі Ягонымі і гарнуцца да Яго,
Калі, вось, будзеце пільнаваць усе прыказанні гэтыя, якія я загадваю вам, ды будзеце спаўняць іх, каб любіць Госпада, Бога вашага, ды будзеце хадзіць усімі шляхамі Яго і будзеце туліцца да Яго,
дык прагоніць Гасподзь усе народы гэтыя ад аблічча вашага, і вы авалодаеце народамі, якія большыя і мацнейшыя за вас;
то Госпад перад абліччам вашым расцярушыць усе гэтыя народы, і вы будзеце валодаць імі, хоць яны большыя і дужэйшыя за вас.
усякае месца, на якое ступіць нага ваша, будзе ваша: ад пустыні і Лівана, ад ракі, ракі Еўфрата, аж да мора заходняга будуць межы вашыя;
Кожнае месца, на якое стане нага ваша, будзе вашым: ад пустыні, ад Лібана, ад вялікай ракі Эўфрат аж да заходняга мора будуць межы вашы.
ніхто ня ўстоіць супроць вас: Гасподзь, Бог ваш, навядзе страх і трымценьне перад вамі на ўсякую зямлю, на якую вы ступіце, як Ён казаў вам.
Ніхто не ўстаіць супраць вас. Госпад, Бог ваш, навядзе страх і жах перад вамі на ўсякую зямлю, на якую вы ступіце, як Ён вам казаў.
Вось, я прапаную вам сёньня дабраславеньне і праклён:
Дык вось, прапаную сёння перад абліччам вашым дабраславенне і праклён:
дабраславеньне, калі паслухаецеся наказаў Госпада, Бога вашага, якія я пераказваю вам сёньня,
дабраславенне, калі паслухаеце прыказанні Госпада, Бога вашага, якія я вам сёння загадваю;
а праклён, калі не паслухаецеся запаведзяў Госпада, Бога вашага, і ўхіліцеся ад шляху, які наказваю вам сёньня, і пойдзеце за багамі іншымі, якіх вы ня ведаеце.
і праклён, калі не паслухаеце прыказанні Госпада, Бога вашага, але сыдзеце з дарогі, якую я вам цяпер паказваю, і пойдзеце за багамі чужымі, якіх не ведаеце.
Калі ўвядзе цябе Гасподзь, Бог ваш, у тую зямлю, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, тады вымаві дабраславеньне на гары Гарызім, а праклён на гары Гевал:
Калі ўвядзе цябе Госпад, Бог твой, у зямлю, у якую ты ідзеш, каб пасяліцца ў ёй, тады абвясці дабраславенне на гары Гарызім, а праклён — на гары Гэбал.
вось ён за Ярданам, па дарозе да захаду сонца, у зямлі Хананэяў, якія жывуць на раўніне, насупраць Галгала, паблізу дубровы Марэ.
Горы гэтыя за Ярданам, за дарогай, што схіляецца на захад сонца ў зямлі хананеяў, якія жывуць у Арабе, насупраць Галгала, каля дубоў Марэг.
Бо вы пераходзіце Ярдан, каб пайсьці авалодаць зямлёю, якую Гасподзь, Бог ваш, дае вам, і авалодаеце ёю і будзеце жыць на ёй.
Бо вы пройдзеце праз Ярдан, каб завалодаць зямлёю, якую Госпад, Бог ваш, мае даць вам, і будзеце жыць на ёй.
Дык вось, старайцеся выконваць усе пастановы і законы, якія прапаную вам я сёньня.
Дык глядзіце, каб спаўнялі ўсе загады і законы, якія я кладу сёння перад абліччам вашым.