1 да Карынфянаў 4 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Дык вось, кожны павінен уважаць нас за слуг Хрыстовых і за будаўнікоў тайнаў Божых;
Хай уважае нас чалавек за паслугачоў Хрыстовых і за аканомаў тайнаў Божых.
ад будаўнікоў жа патрабуецца, каб кожны быў верны.
Ад аканомаў жа патрабуецца, каб кожны аказаўся верным.
Мне вельмі мала залежыць, як судзіце мяне вы, альбо як судзяць людзі; я і сам сябе ня суджу.
Мяне мала турбуе, як вы пра мяне судзіце або людзі. Я і сам сябе не суджу.
Бо, хоць я нічога ня ведаю за сабою, але гэтым не апраўдваюся; а судзьдзя мне — Гасподзь.
Бо хоць я не пачуваюся ні ў чым вінаватым, гэтым яшчэ не апраўданы. Госпад — Той, Хто судзіць мяне.
Таму ня судзеце ніяк дачасна, пакуль ня прыйдзе Гасподзь, Які і асьветліць схаванае ў змроку і выявіць сардэчныя намеры, і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.
Дык ніяк не судзіце заўчасна, пакуль не прыйдзе Госпад, Які асвеціць тое, што ў цемры скрыта, ды выявіць намеры сэрцаў. Тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.
Гэта, браты, прыклаў я да сябе і да Апалоса дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не мудраваць звыш таго, што напісана, і не выстаўліся адзін перад адным.
Гэта вось, браты, перанёс я на сябе і на Апалоса дзеля вас, каб вы засвоілі вось што: «Няма нічога вышэй за напісанае»; ды каб ніхто ў сваёй пыхлівасці не падымаўся адзін над адным.
Бо хто вылучае цябе? Што ты маеш, чаго не атрымаў бы? А калі атрымаў, чаго хвалішся, быццам не атрымаў?
Хто бо цябе адзначае? Ды што ты маеш, чаго б не атрымаў? Калі ж ты атрымаў, дык нашто хвалішся, як быццам не атрымаў?
Вы перанасыціліся ўжо, вы ўжо ўзбагаціліся, вы пачалі валадарыць бяз нас. О, калі б на самай справе валадарылі, каб і мы з вамі валадарылі!
Вы ўжо насыціліся і сталіся ўжо багатымі, без нас ужо валадарыце. О, каб вы сапраўды валадарылі, ды каб і мы з вамі разам маглі валадарыць!
Бо я думаю, што нам, апошнім пасланцам, Бог вызначыў быць як бы засуджанымі на сьмерць; бо мы зрабіліся ганьбішчам для сьвету, для анёлаў і людзей.
Бо думаю, што Бог нас, апосталаў, паставіў як апошніх, быццам на смерць асуджаных, бо сталіся мы відовішчам для свету, для анёлаў і для людзей.
Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы нямоглыя, а вы дужыя; вы ў славе, а мы ў ганьбе.
Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы разумныя ў Хрысце; мы кволыя, а вы дужыя; вас шануюць, а намі грэбуюць.
Нават дагэтуль трываем голад і смагу, і галечу, і б’юць нас, і бадзяемся,
Аж да гэтай пары мы галадаем, смагнем і голыя ходзім, і б’юць нас, і мы выгнаннікі,
і працуем, робячы сваімі рукамі. Ліхасловяць нас, мы дабраслаўляем; гоняць нас, мы трываем;
і працуем, робячы рукамі нашымі; выклятыя, мы дабраслаўляем; пераследаваныя, церпім;
клянуць нас, мы молімся; мы як сьмецьце для сьвету, як пыл, усімі таптаны дагэтуль.
зневажаныя, мы молімся; мы сталіся, быццам смецце гэтага свету, агідай для ўсіх аж дасюль.
Ня каб пасароміць вас, пішу гэта, а на розум наводжу вас, як любасных дзяцей маіх.
Не пішу гэтага, каб вас засароміць, але каб вам, як найдаражэйшым маім дзецям, даць напамін.
Бо, хоць у вас тысячы настаўнікаў у Хрысьце, але няшмат айцоў: я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе зьвеставаньнем.
Бо хоць бы вы мелі ў Хрысце тысячу выхавацеляў, але не шмат бацькоў, бо я ў Хрысце Ісусе праз Евангелле нарадзіў вас.
Таму прашу вас: пераймайце мяне, як я Хрыста.
Дык прашу вас, будзьце маімі пераймальнікамі.
На тое паслаў я да вас Цімафея, майго любаснага і вернага ў Госпадзе сына, які нагадае вам пра шляхі мае ў Хрысьце Ісусе, як я вучу ўсюды ў кожнай царкве.
Дзеля гэтага пасылаю да вас Цімафея, які ёсць сын мой найдаражэйшы і верны ў Госпадзе, ён вам прыгадае шляхі мае, якія ў Хрысце, ды як я навучаю ўсюды ў кожнай царкве.
Як я ня йду да вас, дык некаторыя ў вас заганарыліся;
Некаторыя заганарыліся, быццам я не маю намеру наведаць вас.
але я неўзабаве прыйду да вас, калі заўгодна будзе Госпаду, і выпрабую ня словы гардуноў, а сілу,
Але я прыйду неўзабаве да вас, калі Госпад дазволіць, і спазнаю не словы тых, што заганарыліся, а моц,
бо Царства Божае ня ў слове, а ў сіле.
бо Валадарства Божае не ў словах, але ў моцы.
Чаго вы хочаце? каб з посахам прыйшоў да вас, ці зь любоўю і духам лагоднасьці?
Што хочаце? Ці каб з дубцом да вас я прыйшоў, ці з любоўю і духам лагоднасці?