1 да Карынфянаў 8 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Што да ідалаахвярнага, дык мы ведаем, бо мы ўсе маем розум. Але розум надзімае, а любоў навучае.
 
Што да ідалам складаных ахвяр, мы ведаем, бо маем усякае веданне. Але веданне надзімае, а любоў будуе.

Хто думае, што ён ведае нешта, той нічога яшчэ ня ведае так, як трэба ведаць;
 
Калі каму здаецца, што ён нешта ведае, дык ён не спазнаў яшчэ, як трэба яму ведаць.

а хто любіць Бога, таму дадзена разуменьне празь Яго.
 
А калі хто любіць Бога, той вядомы Яму.

І гэтак пра спажываньне ідалаахвярнага мы ведаем, што ідал у сьвеце нішто, і што няма іншага Бога, апрача Адзінага.
 
Адносна спажывання ідалам ахвяраванага мы ведаем, што няма на свеце ніякіх ідалаў і ніводнага бога, апрача Адзінага.

Бо, хоць і ёсьць так званыя божышчы, хай то на небе, хай на зямлі, — бо ёсьць шмат багоў і валадароў шмат, —
 
А хоць і ёсць у небе ці на зямлі тыя, што называюцца багамі (бо шмат такіх багоў і гаспадароў),

але ў нас адзін Бог Айцец, зь Якога ўсё, і мы для Яго, і адзін Гасподзь Ісус Хрыстос, празь Якога ўсё, і мы празь Яго.
 
але для нас існуе толькі адзін Бог Айцец, ад Якога ўсё і мы для Яго, і адзін Госпад, Ісус Хрыстос, праз Якога ўсё і мы праз Яго.

Але ня ўсе маюць такое разуменьне: некаторыя і дагэтуль з сумленьнем, якое прызнае ідалаў, ядуць ідалаахвярнае як ахвяры ідальскія, і сумленьне іхняе, як што ёсьць нямоглае, апаганьваецца.
 
Але не ва ўсіх ёсць веданне: некаторыя дасюль, прызвычаіўшыся да ідалаў, ядуць ахвяраванае ідалам, і свядомасць іх спаганьваецца, бо кволая.

Ежа не набліжае нас да Бога: бо, ці мы ямо, нічога не набываем; ці не ямо, нічога ня трацім.
 
А ежа не набліжае нас да Бога, бо не бяднеем, калі не ядзім, і таксама, ядучы, нічога не набываем.

Пільнуйцеся, аднак, каб гэтая свабода вашая ня спрычыніла падзеньня нямоглых.
 
Усё ж такі глядзіце, каб ваша свабода не сталася часам спакусай для слабых.

Бо, калі хто-небудзь убачыць, што ты, маючы разуменьне, сядзіш за сталом у капішчы, дык сумленьне ягонае, як нямоглага, ці ж не падахвоціць яго есьці ідалаахвярнае?
 
Бо, калі б хто ўбачыў таго, што мае веданне і ўзлягае пры ідальскім, няўжо яго свядомасць, паколькі яна слабая, не заахвоціцца есці ідалам ахвяраванага?

І ад разуменьня твайго загіне нямоглы брат, за якога памёр Хрыстос.
 
І слабы загіне з-за твайго ведання; брат, за якога памёр Хрыстос!

А зграшаючы так супроць братоў і ранячы нямоглае сумленьне іхняе, вы грашыце супроць Хрыста.
 
А так робячы грэх супраць братоў і б’ючы па свядомасці іх нядужай, грашыце супраць Хрыста.

І таму, калі ежа спакушае брата майго, ня буду есьці мяса вавек, каб не спакушаць брата майго.
 
Дык, калі ежа горшыць брата майго, давеку не буду есці мяса, каб не горшыць брата майго.