Адкрыцьцё 6 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І я ўгледзеў, што Ягня зьняло першую зь сямі пячатак, і я пачуў адну з чатырох жывых істотаў, якая гаварыла як бы грамавым голасам: ідзі і глядзі!
І пасля ўбачыў я, як Ягня зламала першую з сямі пячатак, і пачуў, як адна з чатырох жывёлін сказала быццам гукам грымоты: «Прыйдзі [і глядзі]!»
Я зірнуў, і вось, конь белы, і на ім верхавец, які меў лук, і дадзены яму быў вянок, і выйшаў ён як пераможны, і каб перамагчы.
І ўбачыў я: і вось, белы конь; і той, што сядзеў на ім, трымаў лук, і дадзены яму вянец, і выйшаў ён як пераможца, каб перамагаць.
І калі Ён зьняў другую пячатку, я пачуў другую жывую істоту: ідзі і глядзі.
І калі адкрыў Ён другую пячатку, пачуў я другую жывёліну, што казала: «Прыйдзі [і глядзі]!»
І выйшаў другі конь гняды; і таму, хто на ім сядзеў, дадзена было ўзяць мір зь зямлі, і каб забівалі адзін аднаго; і дадзены яму вялікі меч.
І выйшаў тады іншы конь, руды; і таму, што сядзеў на ім, дадзена, каб спыніў супакой на зямлі, каб людзі адны другіх забівалі, і дадзены яму вялікі меч.
І калі Ён зьняў трэйцюю пячатку, я чуў трэйцюю жывую істоту, якая казала: ідзі і глядзі. Я зірнуў, і вось, конь вараны, і на ім верхавец, які меў вагі ў руцэ сваёй.
І калі адкрыў Ён трэцюю пячатку, пачуў я трэцюю жывёліну, што казала: «Прыйдзі [і глядзі]!» І ўбачыў я: і вось, конь вараны; і той, што сядзеў на ім, трымаў вагу ў руцэ сваёй.
І чуў я голас з-пасярод чатырох жывых істотаў, які казаў: мера пшаніцы за дынар, і тры меры ячменю за дынар; а алею і віна не марнуй!
І пачуў я быццам голас паміж тых чатырох жывёлін, што казаў: «Хінікс пшаніцы за дынар, і тры хініксы ячменю за дынар; і не марнуй віна і алею».
І калі Ён зьняў чацьвёртую пячатку, я чуў голас чацьвёртай жывой істоты, які казаў: ідзі і глядзі.
І калі адкрыў Ён чацвёртую пячатку, пачуў я голас чацвёртай жывёліны, што казаў: «Прыйдзі [і глядзі]!»
І я зірнуў, і вось, конь бледны, і на ім верхавец, якому імя сьмерць; і пекла ішло за ім сьледам, і дадзена яму ўлада над чвэрцю зямлі — забіваць мечам і голадам, і пошасьцю і зьвярамі зямнымі.
І ўбачыў я: і вось, конь папялісты, і вершніку, які сядзеў на ім, было імя смерць, і пекла ішло следам за ім, і дадзена яму ўлада на чацвёртай частцы зямлі забіваць мечам, голадам, і смерцю, і звярамі зямлі.
І калі Ён зьняў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам душы забітых за слова Божае і за сьведчаньне, якое мелі яны.
І калі адкрыў Ён пятую пячатку, убачыў я пад ахвярнікам душы тых, якія былі пазабіваны за слова Божае і за сведчанне, якое яны мелі.
І залямантавалі яны моцным голасам, кажучы: дакуль, Уладыка сьвяты і праведны, ня судзіш і ня помсьціш жыхарам зямным за кроў нашу?
І гаманілі яны гучным голасам, кажучы: «Госпадзе, святы і справядлівы, як доўга будзеш марудзіць з судом і помстай за нашу кроў над жыхарамі зямлі?»
І дадзена было кожнаму зь іх адзеньне белае, і сказана ім, каб яны супакоіліся яшчэ на нядоўгі час, пакуль і саслужнікі іхнія і браты іхнія, якія будуць забітыя, як і яны, дапоўняць лік.
І кожнаму з іх была дадзена белая вопратка, і сказана было ім, каб пачакалі яшчэ кароткі час, пакуль не дапоўніцца лік супрацоўнікаў іх і братоў, якія маюць памерці падобна, як і яны.
І калі Ён зьняў шостую пячатку, я зірнуў, і вось, сталася вялікае трасеньне зямлі, і сонца счарнела, як валасяніца, і месяц зрабіўся бы кроў,
І калі Ён адкрыў шостую пячатку, убачыў я, як зрабіўся жудасны землятрус, і сонца стала чорнае, як мех валасяны, і месяц быццам заліўся крывёю,
і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як смакоўніца, патрасаная моцным ветрам скідае нясьпелыя смоквы свае.
і зоркі нябесныя паспадалі на зямлю так, як фігавае дрэва скідае свае недаспелыя плады, калі ім страсяне вялікі вецер,
І неба схавалася, зьвіўшыся як сувой; і кожная гара і выспа рушылі зь месцаў сваіх;
і неба знікла, як быццам звілося ў скрутак, і ўсе горы і астравы зрушыліся са сваіх месцаў.
і цары зямныя і вяльможы, і багатыя і тысячнікі і моцныя, і кожны раб і кожны вольнік схаваліся ў пячоры і ў цясьніны гор,
І цары зямлі, і магнаты, і тысячнікі, і багацеі, і асілкі, і кожны нявольнік і вольны пахаваліся ў пячорах і горных скалах
і кажуць гарам і камяням: упадзеце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Хто сядзіць на троне, і ад гневу Гасподняга;
і кажуць гарам і скалам: «Валіцеся на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Які сядзіць на пасадзе, і ад гневу Ягняці,
бо прыйшоў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто можа выстаяць?
бо надышоў вялікі дзень гневу Яго, і хто зможа вытрымаць?»