Адкрыцьцё 8 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І калі Ён зьняў сёмую пячатку, моўча паўстала на небе як бы на паўгадзіны.
І калі Ягня зняў сёмую пячатку, настала ў небе маўчанне каля паўгадзіны.
І ўгледзеў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам; і дадзена ім сем трубаў.
І ўбачыў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і дадзена было ім сем труб.
І прыйшоў іншы анёл і стаў перад ахвярнікам, трымаючы залатое кадзіла; і дадзена было яму багата фіміяму, каб ён з малітвамі ўсіх сьвятых усклаў яго на залаты ахвярнік перад тронам.
І выступіў іншы анёл, і стаў перад ахвярнікам, трымаючы залатую кадзільніцу, і дадзена было яму шмат кадзілаў, каб з малітвамі ўсіх святых узнёс іх на залаты ахвярнік, які перад пасадам.
І ўзьнёсься дым фіміяму з малітвамі сьвятых ад рукі анёла перад Богам.
І падняўся дым кадзілаў разам з малітвамі святых з рукі анёла да Бога.
І ўзяў анёл кадзіла, і напоўніў яго жарам з ахвярніка, і кінуў на зямлю: і ўчыніліся галасы і грамы, і маланкі і землятрусы.
І ўзяў анёл кадзільніцу, і напоўніў яе агнём з ахвярніка, і кінуў на зямлю; і сталіся грымоты, і галасы, і маланкі, і землятрусы.
І сем анёлаў, што мелі сем трубаў, падрыхтаваліся трубіць.
І сем анёлаў, што мелі сем труб, нарыхтаваліся, каб трубіць.
Першы анёл затрубіў, і зрабіўся град і вагонь, зьмяшаныя з крывёю, і апалі на зямлю; і траціна ўсіх дрэваў згарэла, і ўся трава зялёная выгарала.
І першы затрубіў. І стаўся град і агонь, змяшаны з крывёй, і ўпалі на зямлю. І трэцяя частка зямлі згарэла, і трэцяя частка дрэў спалымнела, і ўся трава зялёная згарэла.
Другі анёл затрубіў, і як бы вялікая гара, вагнём распаленая, абвалілася ў мора; і траціна мора зрабілася крывёю,
І другі анёл затрубіў. І тады быццам велізарная гара, што палымнее агнём, кінута была ў мора. І трэцяя частка мора сталася крывёй,
і вымерла траціна жывога стварэньня ў моры, і траціна караблёў загінула.
і трэцяя частка марскіх істот, што мелі душы, вымерла, і трэцяя частка караблёў загінула.
Трэйці анёл затрубіў, і ўпала зь неба вялікая зорка, палаючы, нібы сьветач, і ўпала на траціну рэк і крыніцы водаў.
І затрубіў трэці анёл. І зляцела з неба велізарная зорка, якая палымнела, як паходня, і ўпала яна на трэцюю частку рэк і крыніц водных.
Імя гэтай зорцы палын; і траціна ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі.
І назва той зоркі чытаецца Палын. І трэцяя частка водаў ператварылася ў палын, і многа людзей паўмірала ад той вады, бо вельмі была горкая.
Чацьвёрты анёл затрубіў, і ўдар спасьціг траціну сонца і траціну месяца і траціну зорак, так што зацьмілася траціна іх, і траціна дня не сьвяціла больш — так, як і ночы.
І чацвёрты анёл затрубіў. І тады была пашкоджана трэцяя частка сонца, і трэцяя частка месяца, і трэцяя частка зорак, так што пацямнела іх трэцяя частка, і ўдзень не яснела трэцяя частка, і таксама ноччу.
І бачыў я і чуў аднаго анёла, які ляцеў пасярод неба і прамаўляў гучным голасам: гора, гора, гора жывым на зямлі ад астатніх трубных галасоў трох анёлаў, якія будуць трубіць!
Потым глянуў я і пачуў аднаго [анёла], які ляцеў па сярэдзіне неба, голасна ўскрыкваючы: «Гора, гора, гора жыхарам зямлі ад гукаў іншых труб трох анёлаў, якія павінны неўзабаве трубіць».