1 царстваў 11 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І прыйшоў Наас Аманіцянін і аблажыў Явіс Галаадскі. І сказалі ўсе жыхары Явіса Наасу: заключы з намі спрымірэнства, і мы будзем служыць табе.
І вырушыў Наас Аманеец, і пачаў ваяваць супраць горада Явіс у Галаадзе. І сказалі Наасу ўсе жыхары Явіса: «Заключы з намі саюз, і мы будзем служыць табе».
І сказаў ім Наас Аманіцянін: я ўступлю з вамі ў спрымірэнства, але дзеля таго, каб выкалаць кожнаму з вас правае вока і тым самым пакласьці няславу на ўсяго Ізраіля.
І Наас Аманеец адказаў ім: «Заключу з вамі саюз з гэтаю ўмовай, што кожнаму з вас выкалю правае вока і выстаўлю вас на пасмяянне перад усім Ізраэлем».
І сказалі яму старэйшыны Явіса: дай нам тэрміну сем дзён, каб паслаць нам паслоў ва ўсе межы Ізраільскія, і калі ніхто не дапаможа нам, дык мы пойдзем да цябе.
І адказалі яму старэйшыны Явіса: «Дай нам сем дзён, каб мы маглі разаслаць пасланцоў ва ўсе межы Ізраэля; і калі не будзе нікога, хто абароніць нас, мы выйдзем да цябе».
І прыйшлі паслы ў Гіву Саўлавую і пераказалі словы гэтыя ў вушы народу; і ўвесь народ падняў лямант і заплакаў.
І прыбылі пасланцы ў Габу, горад Саўла, і сказалі прамову перад усім народам; і залямантаваў увесь народ, і заплакаў.
І вось, прыйшоў Саўл, ідучы за валамі, з поля і сказаў: што зрабілася з народам, што ён плача? І пераказалі яму словы жыхароў Явіса.
І вось, Саўл прыгнаў валоў з поля і сказаў: «Што здарылася, што народ плача?» І расказалі яму словы людзей з Явіса.
І сышоў Дух Божы на Саўла, калі ён пачуў словы гэтыя, і моцна ўспалымніўся гнеў ягоны;
І сышоў на Саўла Дух Госпадаў, калі пачуў ён гэтыя словы; і ахапіў яго гнеў страшэнны.
І ўзяў ён пару валоў, і расьцяў іх на часткі, і паслаў ва ўсе межы Ізраільскія праз тых паслоў, абвяшчаючы, што так будзе зроблена з валамі таго, хто ня пойдзе сьледам за Саўлам і Самуілам. І напаў страх Гасподні на народ, і выступілі як адзін чалавек.
І, узяўшы пару валоў, ён пасек іх на часткі і паслаў праз рукі пасланцоў ва ўсе межы Ізраэля, кажучы: «Хто не выйдзе і не пойдзе за Саўлам і Самуэлем, так станецца з яго валамі». І ахапіў страх Госпадаў народ, і выйшлі яны ўсе, як адзін чалавек.
Саўл агледзеў іх у Вэзэку, і знайшоў сыноў Ізраілевых трыста тысяч, і мужчын Юдавых трыццаць тысяч
І ён палічыў іх у Бэзэку: і было трыста тысяч сыноў Ізраэля; а ваяроў Юды было трыццаць тысяч.
І сказалі прыйшлым паслам: так скажэце жыхарам Явіса Галаадскага: заўтра будзе вам дапамога, калі прыгрэе сонца. І прыйшлі паслы і абвясьцілі жыхарам Явіса, і яны зарадаваліся.
І сказаў ён пасланцам, якія прыбылі: «Так скажыце жыхарам Явіса ў Галаадзе: “Заўтра, калі сонца прыгрэе, прыйдзем вас ратаваць”». І вярнуліся пасланцы, і расказалі гэта жыхарам Явіса, а тыя вельмі ўсцешыліся
І сказалі жыхары Явіса: заўтра выйдзем да вас, і рабеце з намі, як вам заўгодна.
і сказалі: «Раніцай мы выйдзем да вас, і вы, што захочаце, зробіце нам».
На другі дзень Саўл падзяліў народ на тры атрады, і яны праніклі ўсярэдзіну табара ў час ранішняй варты і пабілі Аманіцянаў да дзённай сьпёкі; тыя, што засталіся, расьсеяліся, так што не засталося зь іх двух разам.
І сталася, калі прыйшоў наступны дзень, што Саўл падзяліў народ на тры часткі, і яны на світанні ўварваліся ў сярэдзіну лагера і забівалі аманіцян да дзённай спякоты. А астатнія рассеяліся так, што не засталося сярод іх двух разам.
Тады сказаў народ Самуілу: хто казаў: ці ж Саўлу цараваць над намі? дайце гэтых людзей, і мы аддамо іх сьмерці.
І казаў народ Самуэлю: «Хто гэта казаў: “Ці можа Саўл цараваць над намі?” Аддайце нам гэтых людзей, і мы заб’ём іх».
Але Саўл сказаў: у гэты дзень нікога ня трэба аддаваць сьмерці, бо сёньня Гасподзь учыніў выратаваньне ў Ізраілі.
І Саўл сказаў: «Ніхто не будзе забіты ў гэты дзень, бо сёння Госпад учыніў збаўленне для Ізраэля».
І сказаў Самуіл народу: пойдзем у Галгал і абновім там царства.
А Самуэль сказаў народу: «Хадземце, пойдзем у Галгал і там адновім уладу царскую».
І пайшоў увесь народ у Галгал, і паставілі там Саўла царом прад Госпадам у Галгале, і прынесьлі там мірныя ахвяры прад Госпадам. І вельмі весяліліся там Саўл і ўсе Ізраільцяне.
І вырушыў увесь народ у Галгал, і ўстанавілі там царом Саўла перад Госпадам у Галгале, і там склалі ахвяры прымірэння перад Госпадам. І ўсцешыўся там вельмі Саўл і ўсе жыхары Ізраэля.