1 царстваў 17 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Філістымляне сабралі войскі свае на вайну і сабраліся ў Сакхоце, што ў Юдэі, і разьмясьціліся табарам паміж Сакхотам і Азэкам у Эфэс-Даміме.
І філістынцы сабралі войскі свае на вайну, і размясціліся ў Соха, што ў Юдэі, ды расклалі лагер між Соха і Азэкаю ў Афэсдаміме.
А Саўл і Ізраільцяне сабраліся і разьмясьціліся табарам у даліне дуба і падрыхтаваліся да вайны супроць Філістымлянаў.
Тым часам Саўл і ваяры ізраэльскія сабраліся, і прыйшлі ў даліну Тэрэбінітаў, і выстраіліся на бой супраць філістынцаў.
І сталі Філістымляне на гары з аднаго боку, і Ізраільцяне на гары з другога боку, а паміж імі была даліна.
Філістынцы стаялі на схіле гары з аднаго боку, а ізраэльцы — на схіле гары з другога боку; і раздзяляла іх даліна.
І выступіў з табара Філістымскага аднаборац, імем Галіяф, з Гэта; ростам ён — шэсьць локцяў зь пядзяю.
І з лагера філістынцаў выйшаў асілак на імя Галіят з Гета, вышынёю ў шэсць локцяў і адну пядзь.
Медны шалом на галаве ў яго; і апрануты ён быў у лускаватую браню, і вага брані ягонай — пяць тысяч сікляў медзі;
І на галаве ён меў медны шлем, і адзеты быў у лускаваты медны панцыр; а вага панцыра яго — пяць тысяч сікляў медзі.
медныя накаленьнікі на нагах ягоных, і медны шчыт за плячамі ў яго;
І на нагах меў ён медныя накаленнікі і медную дзіду за плячамі сваімі.
і дзяржак дзіды ягонай, як навой у кроснах; а сама дзіда ягоная — шэсьцьсот сікляў жалеза, і перад ім ішоў збраяносец.
А дрэўка дзіды яго было як навой ткацкі, а вастрыё дзіды яго важыла шэсцьсот сікляў жалеза; і перад ім ішоў яго збраяносец.
І стаў ён і крычаў да палкоў Ізраільскіх, кажучы ім: навошта вы выйшлі ваяваць? ці ж не Філістымлянін я, а вы рабы Саўлавыя? выбераце ў сябе чалавека, і няхай выйдзе да мяне;
І стаў ён насупраць войска Ізраэля, і крычаў, і казаў ім: «Чаго вы прыйшлі, падрыхтаваўшыся да бою? Ці ж я не філістынец, а вы ці не паслугачы Саўла? Выберыце з вас некага, і хай ён уступіць у бой са мной!
калі ён можа пабіцца са мною і заб’е мяне, дык мы будзем вашымі рабамі; а калі я адолею яго і заб’ю яго, дык вы будзеце нашымі рабамі і будзеце служыць нам.
Калі зможа ён ваяваць са мной і заб’е мяне, мы будзем нявольнікамі вашымі; а калі я перамагу і заб’ю яго, вы будзеце нявольнікамі і будзеце нам служыць».
І сказаў Філістымлянін: сёньня я пасаромлю палкі Ізраільскія; дайце мне чалавека, і мы падужаемся ўдвух.
І паўтараў філістынец: «Я зневажаю сёння дружыны ізраэльцаў: дайце мне чалавека, і хай ён уступіць у бой са мною!»
І пачулі Саўл і ўсе Ізраільцяне гэтыя словы Філістымляніна, і вельмі перапалохаліся і жахнуліся.
Чуючы ж такія словы філістынца, Саўл і ўсе ізраэльцы аслупянелі і моцна напалохаліся.
А Давід быў сын Эфрацяніна зь Віфляема Юдавага, на імя Ясэй, у якога было восем сыноў; гэты чалавек у дні Саўла дасягнуў старасьці і быў старэйшы сярод мужчын.
А Давід быў сынам эфратца, аб якім гаварылася раней, з Бэтлехэма юдэйскага, імя якога было Ясэй; ён меў восем сыноў і ў часы Саўла быў ужо чалавекам старым і ўмудроным гадамі сярод людзей.
Тры старэйшыя сыны Ясэевыя пайшлі з Саўлам на вайну; імёны трох сыноў ягоных, што пайшлі на вайну: старэйшы — Эліяў, другі за ім — Амінадаў, і трэці — Сама.
А тры старэйшыя яго сыны пайшлі з Саўлам ваяваць; і імёны трох сыноў яго, што пайшлі ваяваць, былі: найстарэйшы Эліяб, а другі — Абінадаб і трэці — Сама.
А Давід быў малодшы. Трое старэйшых пайшлі з Саўлам,
Давід жа быў найменшым; дык, калі тры старэйшыя пайшлі за Саўлам,
а Давід вярнуўся ад Саўла, каб пасьвіць авечкі бацькі свайго ў Віфляеме.
Давід прыходзіў да Саўла і адыходзіў, каб пасвіць статак бацькі свайго ў Бэтлехэме.
І выступаў Філістымлянін той раніцай і ўвечары і выстаўляў сябе сорак дзён.
Філістынец жа выходзіў раніцай і вечарам і выступаў гэтак сорак дзён.
І сказаў Ясэй Давіду, сыну свайму: вазьмі братам сваім эфу сушанага зерня і дзесяць гэтых хлябоў і занясі ў табар да сваіх братоў;
Ясэй жа сказаў сыну свайму Давіду: «Вазьмі для братоў сваіх эфу пражаных зярнят і дзесяць гэтых хлябоў і занясі хутка братам сваім у лагер!
а гэтыя дзесяць сыроў занясі тысячніку і даведайся пра здароўе братоў і даведайся пра патрэбы іхнія.
Занясі таксама гэтых дзесяць кавалкаў сыру для тысячніка, і наведай братоў сваіх, ці добра ім там, і даведайся пра патрэбы іх».
Саўл і яны і ўсе Ізраільцяне былі ў даліне дуба і рыхтаваліся да бітвы зь Філістымлянамі.
А Саўл, і яны, і ўсе сыны Ізраэля змагаліся супраць філістынцаў у даліне Тэрэбінітаў.
І ўстаў Давід рана раніцай, і даручыў авечак вартавому, і, узяўшы ношку, пайшоў, як загадаў яму Ясэй; і прыйшоў да табара, калі войскі былі выведзены ў строй і з крыкам рыхтаваліся да бітвы.
Такім чынам, устаў Давід рана, і статак даручыў вартаўніку, і, нагружаны, пайшоў, як загадаў яму Ясэй. І прыйшоў ён да ўмацавання, калі войска выходзіла на бой з баявым крыкам.
І выставілі Ізраільцяне і Філістымляне строй супроць строю.
І выстраіліся ізраэльцы і філістынцы адны супраць другіх.
Давід пакінуў сваю ношку абознаму вартавому, і пабег у рады і, прыйшоўшы, спытаўся ў братоў сваіх пра здароўе.
А Давід, пакінуўшы ношу, якую прынёс, у руках варты ў абозе, пабег да месца бою і запытаўся, ці ўсё добра ў братоў яго.
І вось, калі ён гутарыў зь імі, аднаборац зь імем Галіяф, Філістымлянін з Гэта, выступае з радоў Філістымскіх і кажа тыя словы, і Давід пачуў.
І ў час размовы з імі выйшаў з лагера той асілак на імя Галіят, філістынец з Гета, і пачуў Давід, калі ён гаварыў тыя самыя словы.
І ўсе Ізраільцяне, убачыўшы гэтага чалавека, уцякалі ад яго і вельмі баяліся.
А ўсе ваяры ізраэльскія, убачыўшы гэтага чалавека, уцякалі з вачэй яго з вельмі вялікім страхам.
І казалі Ізраільцяне: бачыце гэтага чалавека, што выступае? ён выступае, каб ганіць Ізраіля; калі б хто забіў яго, адарыў бы таго цар вялікім багацьцем, і дачку сваю выдаў бы за яго, і дом бацькі ягонага зрабіў бы свабодным у Ізраілі.
І сказаў адзін з ізраэльцаў: «Ці бачыце вы чалавека гэтага, які выходзіць? Ён выходзіць, каб зневажаць Ізраэль. Дык чалавека, які б забіў яго, цар узнагародзіў бы вялікімі багаццямі, і дачку сваю даў бы яму за жонку, і дом бацькі яго вызваліў бы ад падатку ў Ізраэлі».
І сказаў Давід людзям, якія стаялі зь ім: што зробяць таму, хто заб’е гэтага Філістымляніна і здыме ганьбу зь Ізраіля? бо хто гэты неабрэзаны Філістымлянін, што так ганіць войска Бога жывога?
І спытаўся Давід у людзей, што стаялі з ім, кажучы: «Што дадуць чалавеку, які заб’е гэтага філістынца і здыме ганьбу з Ізраэля? Бо хто ён, гэты неабрэзаны філістынец, што так зняважыў войска Бога жывога?»
І сказаў яму народ тыя самыя словы, кажучы: вось, што зроблена будзе таму чалавеку, які заб’е яго.
А людзі паўтарылі тыя самыя словы, кажучы: «Гэта і гэта дадуць таму чалавеку, які заб’е яго».
І пачуў Эліяў, старэйшы брат Давідаў, што гаварыў ён зь людзьмі, і раззлаваўся Эліяў на Давіда і сказаў: навошта ты сюды прыйшоў і на каго пакінуў нямногія авечкі тыя ў пустыні? я ведаю пыху тваю і благое сэрца тваё, ты прыйшоў падзівіцца на бойку.
Калі пачуў Эліяб, старэйшы брат яго, як ён гаварыў аб гэтым з іншымі, загневаўся на Давіда і сказаў: «Чаго ты прыйшоў і каму пакінуў тых нешматлікіх авечак у пустыні? Я ведаю пыху тваю і ліхоту сэрца твайго, бо прыйшоў ты, каб паглядзець на вайну».
І сказаў Давід: што ж я зрабіў? ці ня словы гэта?
І Давід сказаў яму: «Што я зрабіў? Ці ж няможна пра гэта гаварыць?»
І адвярнуўся ад яго да другога і казаў тыя самыя словы, і адказаў яму народ па-ранейшаму.
І адышоў трохі ад яго да іншага і зноў спытаў тое самае; і людзі адказалі яму, як раней.
І пачулі словы, якія казаў Давід, і пераказалі Саўлу, і той паклікаў яго.
Пачулі ж тыя словы, што гаварыў Давід, і пераказалі Саўлу. Калі Давіда прывялі да яго,
І сказаў Давід Саўлу: няхай ніхто ня падае духам празь яго; раб твой пойдзе і памерыцца з гэтым Філістымлянінам.
ён сказаў яму: «Хай ніхто не падае духам дзеля яго; я, паслугач твой, пайду і буду ваяваць супраць гэтага філістынца».
І сказаў Саўл Давіду: ня можаш ты ісьці супроць гэтага Філістымляніна, каб дужацца зь ім, бо ты яшчэ хлопец, а ён воін з маладосьці сваёй.
І сказаў Саўл Давіду: «Не можаш ты ісці супраць гэтага філістынца і ваяваць супраць яго, бо ты юнак; а ён — ваяр з маладосці сваёй».
І сказаў Давід Саўлу: раб твой пасьвіў авечкі ў бацькі свайго, і калі, бывала, прыходзіў леў або мядзьведзь і задзіраў авечку ў статку,
І сказаў Давід Саўлу: «Паслугач твой пасвіў статак бацькі свайго, і прыходзіў леў ці мядзведзь і хапаў барана са статка.
дык я гнаўся за ім і нападаў на яго і адбіраў з пашчы ягонай; а калі ён кідаўся на мяне, дык я браў яго за касмачы і біў яго і забіваў яго;
І я даганяў іх, і ўдараў, і вырываў з пашчаў іх; і яны выходзілі на мяне, і я хапаў іх за загрывак, і ўдараў, і забіваў іх.
і льва і мядзьведзя забіваў раб твой, і з гэтым Філістымлянінам неабрэзаным будзе тое самае, што зь імі, бо так ганіць войска Бога жывога.
Бо і льва, і мядзведзя забіваў паслугач твой; дык і гэты неабрэзаны філістынец як адзін з іх, бо ён асмеліўся ганьбіць войска Бога жывога!»
І сказаў Давід: Гасподзь, Які выбаўляў мяне ад ільва і ад мядзьведзя, выбавіць мяне і ад рукі гэтага Філістымляніна. І сказаў Саўл Давіду: ідзі, і хай будзе Гасподзь з табою.
І сказаў Давід: «Госпад, Які выратаваў мяне з кіпцюроў ільва і з кіпцюроў мядзведзя, Сам ухавае мяне і ад рук філістынца гэтага». Дык сказаў Саўл Давіду: «Ідзі, і хай Госпад будзе з табою».
І апрануў Саўл Давіда ў сваю вопратку, і ўсклаў на галаву ягоную медны шалом, і надзеў на яго браню.
І апрануў Саўл Давіда ў адзенне сваё, і даў медны шлем яму на галаву, і апрануў яго ў панцыр.
І аперазаўся Давід мечам паверх вопраткі і пачаў хадзіць, бо ня прывык да такое зброі; потым сказаў Давід Саўлу: я не магу хадзіць у гэтым, я ня прывык. І зьняў Давід усё гэта зь сябе.
І, падперазаўшыся мечам яго паверх адзення, Давід пачаў спрабаваць, ці можа ён хадзіць, узброены, бо не быў яшчэ спрактыкаваны. І сказаў Давід Саўлу: «Не магу я так хадзіць, бо звычкі не маю». І скінуў Давід усё з сябе,
І ўзяў кій свой у руку сваю, і выбраў сабе пяць гладкіх камянёў з ручая, і паклаў іх у пастуховую торбу, якая была зь ім; і з торбаю і з прашчаю ў руцэ сваёй выступіў супроць Філістымляніна.
і ўзяў ён у руку сваю палку сваю; і выбраў сабе пяць гладкіх камянёў з ручая, і ўклаў іх у торбу пастухоўскую, якую выкарыстоўваў замест мяшочкаў для камянёў, і ўзяў прашчу ў руку, і накіраваўся да філістынца.
Выступіў і Філістымлянін, ідучы і набліжаючыся да Давіда, і збраяносец ішоў паперадзе яго.
А філістынец, ідучы, ішоў і набліжаўся да Давіда, і збраяносец яго перад ім.
І зірнуў Філістымлянін і, убачыўшы Давіда, з пагардаю паглядзеў на яго, бо ён быў малады, бялявы і прыгожы тварам.
І, калі глянуў філістынец і ўбачыў Давіда, ён пагардзіў ім; бо быў ён яшчэ хлопец, руды і прыгожы абліччам.
І сказаў Філістымлянін Давіду: што ты ідзеш на мяне зь кіем? хіба я сабака? І пракляў Філістымлянін Давіда сваімі багамі.
І сказаў філістынец Давіду: «Ці ж я сабака, што ты ідзеш да мяне з кіем?» І пракляў філістынец Давіда сваімі багамі,
І сказаў Філістымлянін Давіду: падыдзі да мяне, і я аддам цела тваё птушкам нябесным і зьвярам польным.
і сказаў ён Давіду: «Хадзі да мяне, а я аддам цела тваё птушкам паднебным і звярам зямным».
А Давід адказваў Філістымляніну: ты ідзеш супроць мяне зь мечам і дзідай і шчытом, а я іду супроць цябе ў імя Госпада Саваофа, Бога войска Ізраільскага, якое ты ганіў;
А Давід сказаў філістынцу: «Ты ідзеш на мяне з мечам, і дзідай, і шчытом; а я іду на цябе ў імя Госпада Магуццяў, Бога войскаў Ізраэля, Якога ты зневажаў.
сёньня аддасьць цябе Гасподзь у руку маю, і я заб’ю цябе, і здыму зь цябе галаву тваю, і аддам трупы войска Філістымскага птушкам нябесным і зьвярам польным, і ўведае ўся зямля, што ёсьць Бог у Ізраілі;
Сёння аддасць цябе Госпад у рукі мае, і я заб’ю цябе, і адсяку табе галаву; і аддам труп твой і трупы лагера філістынцаў сёння птушкам паднебным і звярам зямным, каб ведала ўся зямля, што ёсць Бог у Ізраэля
і ўведае ўвесь гэты гурт, што ня мечам і дзідаю ратуе Гасподзь, бо гэта вайна Госпада, і Ён аддасьць вас у рукі нашыя.
і каб ведала ўся гэтая грамада, што Госпад не мечам і дзідай ратуе: бо гэта вайна Госпада, і Ён выдасць вас у рукі нашы».
Калі Філістымлянін падняўся і пачаў падыходзіць і зьбліжацца дзеля сустрэчы з Давідам, Давід пасьпешліва пабег да строю насустрач Філістымляніну.
І калі філістынец устаў, і пайшоў, і наблізіўся да Давіда, Давід паспяшаўся і пабег на бой супраць філістынца.
І апусьціў Давід руку сваю ў торбу і дастаў адтуль камень, і шпурнуў з прашчы і пацэліў Філістымляніну ў лоб, так што камень упіўся ў лоб ягоны, і ён упаў тварам на зямлю.
І ўсунуў ён руку сваю ў торбу, і выняў адзін камень, і пусціў яго прашчай; і ўдарыў ім філістынца ў лоб, і засеў той камень у лбе яго, і ён упаў тварам на зямлю.
Так адолеў Давід Філістымляніна прашчаю і каменем, і падужаў Філістымляніна і забіў яго; а меча ня было ў руках у Давіда.
І перамог Давід філістынца прашчай і каменем, і, паколькі меча не было ў руцэ Давіда,
Тады Давід падбег і, наступіўшы на Філістымляніна, узяў меч ягоны і дастаў яго з похваў, ударыў яго і адсек ім галаву ягоную; Філістымляне, убачыўшы, што асілак іхні памёр, пабеглі.
падбег ён і стаў каля філістынца; і ўзяў меч яго, і выцягнуў яго з ножан яго, і забіў яго, і адсек галаву яго. А філістынцы, бачачы, што найдужэйшы з іх мёртвы, кінуліся ўцякаць.
І падняліся мужчыны Ізраільскія і Юдэйскія, і закрычалі і гналі Філістымлян да ўваходу ў даліну і да брамы Акарона. І падалі бітыя Філістымляне па дарозе Шаарымскай, да Гэта і да Акарона.
І ваяры Ізраэля і Юды падняліся, і закрычалі, і кінуліся ў пагоню за філістынцамі, і гналі іх аж да Гета і да брамы Акарона. І параненыя філістынцы ляжалі па дарозе ад Саарыма аж да Гета і да Акарона.
І вярнуліся сыны Ізраільскія з пагоні за Філістымлянамі і разрабавалі табар іхні.
І, вяртаючыся пасля пагоні за філістынцамі, сыны Ізраэля абрабавалі лагер іх.
І ўзяў Давід галаву Філістымляніна і занёс яе ў Ерусалім, а зброю ягоную паклаў у намёце сваім.
А Давід, узяўшы галаву філістынца, занёс яе ў Ерузалім; а зброю яго склаў у сваёй палатцы.
Калі Саўл убачыў Давіда, які выходзіў супроць Філістымляніна, дык сказаў Авэніру, начальніку войска: Авэнір, чый сын гэты хлопец? Авэнір адказаў: хай жыве душа твая, цару; я ня ведаю.
У той жа час, калі Саўл убачыў Давіда, які выходзіць супраць філістынца, спытаў Абнэра, кіраўніка войска: «Абнэр, з якога роду паходзіць гэты юнак?» І сказаў Абнэр: «Жыве душа твая, валадару, не ведаю».
І сказаў цар: дык спытайся, чый сын гэты хлопец?
І сказаў цар: «Запытайся, чый ён сын, юнак гэты».
А калі Давід вяртаўся пасьля пагібелі Філістымляніна, дык Авэнір узяў яго і прывёў да Саўла, і галава Філістымляніна была ў руцэ ў яго.
І калі па забойстве філістынца Давід вярнуўся, несучы галаву філістынца ў руцэ, узяў яго Абнэр і прывёў да Саўла.
І спытаўся ў яго Саўл: чый ты сын, хлопча? І адказаў Давід: сын раба твайго Ясэя зь Віфляема.
І спытаўся ў яго Саўл: «З якога ты роду, юнача?» І Давід адказаў: «Я сын паслугача твайго Ясэя з Бэтлехэма».