1 царстваў 18 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Калі закончыў Давід гутарку з Саўлам, душа Ёнатана прыляпілася да душы ягонай, і палюбіў яго Ёнатан, як сваю душу.
 
І сталася, калі Давід скончыў размову з Саўлам, што душа Ёнатана прыхілілася да душы Давіда, і палюбіў яго Ёнатан, як душу сваю.

І ўзяў яго Саўл таго самага дня і не дазволіў яму вяртацца ў дом бацькі ягонага.
 
І з таго дня ўзяў яго Саўл да сябе і не адпускаў яго, каб ён вярнуўся ў дом бацькі свайго.

А Ёнатан заключыў з Давідам спрымірэнства, бо палюбіў яго, як сваю душу.
 
Завязалася ж у Ёнатана з Давідам сяброўства; бо палюбіў ён яго, як сваю душу.

І зьняў Ёнатан вопратку сваю, якая была на ім, і аддаў яе Давіду, таксама і астатнюю вопратку сваю, і меч свой, і лук свой, і свой пояс.
 
І зняў з сябе Ёнатан шаты, у якія быў апрануты, і аддаў іх Давіду, і астатняе адзенне сваё, і нават меч і лук свой, і нават пояс.

І Давід дзеяў разумна ўсюды, куды ні пасылаў яго Саўл, і зрабіў яго Саўл начальнікам над ваеннымі людзьмі; і гэта спадабалася ўсяму народу і слугам Саўлавым.
 
І хадзіў Давід па ўсё, па што пасылаў яго Саўл, і ўсюды меў поспех; і паставіў яго Саўл над ваярамі, і падабаўся ён усім людзям, а таксама паслугачам Саўла.

Калі яны ішлі, пры вяртаньні Давіда зь перамогі над Філістымлянінам, дык жанчыны з усіх гарадоў Ізраільскіх выходзілі насустрач Саўлу цару са сьпевамі і танцамі, з урачыстымі тымпанамі і зь кімваламі.
 
Затым, калі вярталіся ваяры, калі вяртаўся Давід, ударыўшы філістынца, выйшлі жанчыны з песнямі і танцамі насустрач цару Саўлу, з тымпанамі, і песнямі радаснымі, і з трашчоткамі.

І крычалі жанчыны, якія ігралі, кажучы: Саўл перамог тысячы, а Давід дзясяткі тысяч!
 
І спявалі жанчыны, радуючыся і кажучы: «Пабіў Саўл свае тысячы, а Давід свае дзесяткі тысяч».

І Саўл моцна засмуціўся, і няпрыемнае яму было гэтае слова, і ён сказаў: Давіду далі дзясяткі тысяч, а мне тысячы; яму нехапае толькі царства.
 
Дык Саўл надта ўзлаваўся, і не падабаліся яму гэтыя словы, і сказаў ён: «Давіду даюць дзесяткі тысяч, а мне даюць толькі тысячы; чаго яму не хапае, акрамя царавання?»

І з таго дня і потым падазрона глядзеў Саўл на Давіда.
 
Ад таго дня і далей глядзеў Саўл на Давіда крывым вокам.

І было на другі дзень: напаў ліхі дух ад Бога на Саўла, і ён шалеў у доме сваім, а Давід граў рукою сваёю на струнах, як і ў іншыя дні; у руцэ ў Саўла была дзіда.
 
А на другі дзень апанаваў Саўла ліхі дух, спасланы Богам, і ён шалеў у доме сваім; а Давід, як штодзень, граў рукою сваёю, а Саўл трымаў дзіду ў руцэ.

І кінуў Саўл дзіду, падумаўшы: прыб’ю Давіда да сьцяны; але Давід два разы ўхіліўся ад яго.
 
І кінуў ён дзіду, думаючы, што можа прыбіць Давіда да сцяны; але Давід ухіліўся, і было так двойчы.

І пачаў баяцца Саўл Давіда, бо Гасподзь быў зь ім, а ад Саўла адступіўся.
 
І баяўся Саўл Давіда, бо Госпад быў з ім, а ад яго адвярнуўся.

І выдаліў яго Саўл ад сябе і паставіў яго ў сябе тысячнікам, і ён уваходзіў і выходзіў перад народам.
 
Дык адсунуў Саўл яго ад сябе і прызначыў яго кіраўніком над тысячай чалавек; і ён хадзіў і вяртаўся на вачах у народа.

І Давід ва ўсіх дзеях сваіх рабіў разумна, і Гасподзь быў зь ім.
 
Таксама на ўсіх шляхах сваіх дзейнічаў Давід паспяхова, і Госпад быў з ім.

І Саўл бачыў, што ён вельмі разумны, і баяўся яго.
 
І ўбачыў Саўл, што дзейнічае ён вельмі паспяхова, і стаў дрыжаць перад ім;

А ўвесь Ізраіль і Юда любілі Давіда, бо ён уваходзіў і выходзіў перад ім.
 
увесь жа народ Ізраэля і Юды любіў Давіда, бо ён хадзіў і вяртаўся на вачах іх.

І сказаў Саўл Давіду: вось старэйшая дачка мая, Мэрова: я дам яе табе за жонку, толькі будзь у мяне адважны і вядзі войны Гасподнія. Бо Саўл думаў: няхай не мая рука будзе на ім, а рука Філістымлянаў будзе на ім.
 
А Саўл сказаў Давіду: «Вось, маю я старэйшую дачку Мэраб, дам яе табе за жонку; але будзь у мяне мужным чалавекам і вядзі войны Госпада». А Саўл думаў, кажучы: «Калі не мая рука на яго ляжа, то хай будзе на ім рука філістынцаў».

Але Давід сказаў Саўлу: хто я і што жыцьцё маё і род бацькі майго ў Ізраілі, каб мне быць зяцем царовым?
 
А Давід сказаў Саўлу: «Хто я, або якое жыццё маё, або які род бацькі майго ў Ізраэлі, каб быць мне зяцем цара?»

А калі настаў час аддаць Мэрову, дачку Саўлавую, Давіду, дык яна выдадзена была замуж за Адрыэла з Мэхолы.
 
Але калі наблізіўся час аддаць Мэраб, дачку Саўла, Давіду, аддадзена была яна за жонку Гадрыэлю з Мэхолы.

Але Давіда пакахала другая дачка Саўлавая, Мэлхола; і калі паведамілі пра гэта Саўлу, дык гэта было прыемна яму.
 
Але другая дачка Саўла, Міхол, пакахала Давіда, і было пра гэта сказана Саўлу, і спадабалася гэта яму;

Саўл думаў: аддам яе за яго, і яна будзе яму сеткаю, і рука Філістымлянаў будзе на ім. І сказаў Саўл Давіду: праз другую ты пароднішся са мною.
 
і сказаў Саўл: «Аддам яму яе, каб была яна яму на загубу і каб была на ім рука філістынцаў». Такім чынам, другі раз сказаў Саўл Давіду: «Сёння будзеш маім зяцем».

І загадаў Саўл слугам сваім: скажэце Давіду патаемна: вось, цар дабраволіць табе, і ўсе слугі ягоныя любяць цябе; дык вось, будзь зяцем царовым.
 
І загадаў Саўл паслугачам сваім: «Пагаварыце з Давідам таемна, кажучы яму: “Вось, ты падабаешся цару, і ўсе яго паслугачы любяць цябе; дык будзь зараз зяцем цара”».

І перадалі слугі Саўлавыя ў вушы Давіду ўсе словы гэтыя. І сказаў Давід: хіба лёгка здаецца вам быць зяцем цара? я — чалавек бедны і нязначны.
 
І гаварылі ўсе гэтыя словы паслугачы Саўла ў вушы Давіда, і Давід сказаў: «Ці ж вам здаецца, што я раўня быць зяцем цара? Я ж чалавек бедны і нязначны».

І данесьлі Саўлу слугі ягоныя і сказалі: вось, што кажа Давід.
 
І паведамілі паслугачы Саўлу: «Вось гэтак сказаў Давід».

І сказаў Саўл: так скажэце Давіду, цар ня хоча вена, апрача ста краеабразаньняў Філістымскіх, у помсту ворагам царовым. Бо Саўл меў на думцы загубіць Давіда рукамі Філістымлянаў.
 
А Саўл сказаў: «Вось, кажучы, так скажыце Давіду: “Цар не патрабуе ніякай платы за нявесту, але толькі сто крайніх плоцяў філістынскіх, каб адпомсціць ворагам цара”». Саўл бо думаў выдаць Давіда ў рукі філістынцаў.

І пераказалі слугі ягоныя Давіду гэтыя словы, і спадабалася Давіду стацца зяцем царовым.
 
Калі паслугачы цара пераказалі Давіду словы, якія сказаў Саўл, спадабалася гэтая прамова Давіду, каб стацца зяцем цара.

Яшчэ не прайшлі вызначаныя дні, як Давід устаў і пайшоў сам і людзі ягоныя зь ім, і забіў дзьвесьце чалавек Філістымлянаў, і прынёс Давід краеабразаньні іхнія, і падаў іх у поўным ліку цару, каб зрабіцца зяцем царовым. І выдаў Саўл за яго Мэлхолу, дачку сваю, замуж.
 
І яшчэ не скончыліся прызначаныя дні, калі Давід пайшоў з ваярамі сваімі і забіў дзвесце філістынцаў, і прынёс крайнія плоці іх, і адлічыў іх цару, каб быць яго зяцем. І аддаў Саўл дачку сваю Міхол за жонку яму.

І ўбачыў Саўл і зразумеў, што Гасподзь з Давідам, і што Мэлхола, дачка Саўлавая, любіла Давіда.
 
І ўбачыў Саўл, і зразумеў, што Госпад ёсць з Давідам, а Міхол, дачка Саўла, кахала яго.

І пачаў Саўл яшчэ больш баяцца Давіда і зрабіўся ворагам ягоным на ўсё жыцьцё.
 
І тым больш пачаў Саўл баяцца Давіда; і стаўся Саўл ворагам Давіду на ўсё жыццё.

І калі правадыры Філістымскія выйшлі на вайну, Давід, з самага выхаду іхняга, дзеяў разумней за ўсіх слуг Саўлавых, і вельмі праславілася імя ягонае.
 
А кіраўнікі філістынцаў выходзілі ваяваць; але колькі разоў нападалі яны, Давід з поспехам перамагаў іх лепш, чым усе паслугачы Саўла, і вельмі слаўным сталася імя яго.