1 царстваў 26 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Прыйшлі Зіфеі да Саўла ў Гіву і сказалі: вось, Давід хаваецца ў нас на пагорку Гахіла, што направа ад Есімона.
 
І прыбылі зіфейцы ў Габу да Саўла, кажучы: «Вось, Давід хаваецца на ўзгор’і Гахіла, што на супрацьлеглым баку пустыні».

І ўстаў Саўл і спусьціўся ў пустыню Зіф, і зь ім тры тысячы выбраных мужчын Ізраільскіх, каб шукаць Давіда ў пустыні Зіф.
 
І ўстаў Саўл, і вырушыў у пустыню Зіф, і з ім тры тысячы мужчын, з адабраных у Ізраэлі, каб адшукаць Давіда ў пустыні Зіф.

І атабарыўся Саўл на пагорку Гахіла, што направа ад Есімона, каля дарогі; а Давід быў у пустыні і бачыў, што Саўл ішоў за ім у пустыню;
 
І размясціўся лагерам Саўл на ўзгор’і Гахіла, што знаходзілася на дарозе на супрацьлеглым баку пустыні. А Давід знаходзіўся ў пустыні; і, убачыўшы, што выйшаў Саўл за ім у пустыню,

і паслаў Давід віжоў і даведаўся, што Саўл сапраўды прыйшоў з Кэіля.
 
паслаў ён разведчыкаў, і ўпэўніўся, што Саўл сапраўды туды прыйшоў.

І ўстаў Давід і пайшоў да месца, на якім Саўл атабарыўся, і ўбачыў Давід месца, дзе спаў Саўл і Авэнір, сын Ніраў, ваеначальнік ягоны. А Саўл спаў у намёце, а народ разьмясьціўся вакол яго.
 
І ўстаў Давід, і прыбыў да месца, дзе быў Саўл. І ўбачыў ён месца, дзе спаў Саўл і Абнэр, сын Нэра, кіраўнік войска яго. А Саўл спаў у палатцы, і астатні народ вакол яго.

І зьвярнуўся Давід і сказаў Авімэлэху Хэтэяніну і Авэсу, сыну Саруінаму, брату Ёава, кажучы: хто пойдзе са мною да Саўла ў табар? І адказаў Авэса: я пайду з табою.
 
І сказаў Давід Ахімэлеху, хетэю, і Абісаю, сыну Сэруі, брату Ёаба, кажучы: «Хто пойдзе са мною ў лагер да Саўла?» І сказаў Абісай: «Я пайду з табой».

І прыйшоў Давід з Авэсам да людзей Саўлавых уначы; і вось, Саўл ляжыць, сьпіць у намёце, і дзіда ягоная ўваткнутая ў зямлю каля галавы ягонай: а Авэнір і людзі ляжаць вакол яго.
 
Дык Давід і Абісай дабраліся цішком ноччу да людзей і знайшлі Саўла, які ляжаў і спаў у палатцы, і дзіду, убітую ў зямлю каля галавы яго, а Абнэр і народ спалі вакол яго.

Авэса сказаў Давіду: аддаў сёньня Бог ворага твайго ў рукі твае; дык вось, дазволь я прыкалю яго дзідай да зямлі адным ударам і не паўтару ўдару.
 
І сказаў Абісай Давіду: «Сёння Бог аддае ворага твайго ў рукі твае. Дык дазволь, я прыб’ю яго дзідаю да зямлі раз, і другі ўжо раз не будзе патрэбы».

Але Давід сказаў Авэсу: не забівай яго; бо хто, падняўшы руку на памазанца Гасподняга, застанецца непакараны?
 
І сказаў Давід Абісаю: «Не забівай яго, бо ці ж можа быць не вінаваты той, хто падняў руку сваю на намашчэнца Госпадавага?»

І сказаў Давід: жывы Гасподзь! няхай уразіць яго Гасподзь, альбо прыйдзе дзень ягоны, і ён памрэ, альбо пойдзе на вайну і загіне; а мне хай не дазволіць Гасподзь падняць руку маю на памазанца Гасподняга;
 
І сказаў Давід: «Жыве Госпад, бо толькі Госпад пакарае яго, або прыйдзе дзень яго, каб ён памёр, або ён загіне, пайшоўшы на вайну.

а вазьмі ягоную дзіду, якая каля галавы ягонай, і посуд з вадою, і пойдзем да сябе.
 
Хай будзе ласкавы да мяне Госпад, каб я не падняў руку сваю на намашчэнца Госпадавага. А цяпер вазьмі дзіду, што каля галавы яго, і чару з вадой, і пойдзем».

І ўзяў Давід дзіду і посуд з вадою каля галавы Саўла, і пайшлі яны да сябе; і ніхто ня бачыў, і ніхто ня ведаў, і ніхто не прачнуўся, а ўсе спалі, бо сон ад Госпада напаў на іх.
 
І ўзяў Давід дзіду і чару з вадою, якая была каля галавы Саўла, і яны пайшлі, і ніхто іх не бачыў, і ніхто не ведаў, і ніхто не прачнуўся, але ўсе спалі, бо сон ад Госпада сышоў на іх.

І перайшоў Давід на другі бок і стаў на вяршыні гары ўдалечыні; вялікая адлегласьць была паміж імі.
 
І калі перайшоў Давід на другі бок і стаў на вяршыні гары здалёку і быў вялікі прастор між імі,

І заклікаў Давід народ і Авэніра, сына Ніравага, кажучы: адказвай, Авэнір. І адказваў Авэнір і сказаў: хто ты, што крычыш і турбуеш цара?
 
закрычаў Давід да людзей і да Абнэра, сына Нэра: «Абнэр, ці не адкажаш мне?» І Абнэр у адказ сказаў: «Хто ты? Чаму ты звяртаешся да цара?»

І сказаў Давід Авэніру: ці ня ты мужчына, роўнага якому няма ў Ізраілі? Чаму ж ты не ахоўваеш гаспадара твайго, цара? бо прыходзіў нехта зь людзей, каб загубіць цара, гаспадара твайго.
 
І Давід сказаў Абнэру: «Ці ты не мужчына? І хто іншы параўнаецца з табой у Ізраэлі? Дык чаму ты не пільнаваў гаспадара свайго, цара? Бо ўваходзіў нехта з народа, каб забіць цара, гаспадара твайго.

Нядобра ты гэта робіш; жывы Гасподзь! вы вартыя сьмерці за тое, што не ахоўваеце гаспадара вашага, памазанца Гасподняга. Паглядзі, дзе дзіда царовая і посуд з вадою, што былі каля галавы ягонай?
 
Нядобра тое, што ты зрабіў. Жыве Госпад, бо вы — сыны смерці, якія не пільнавалі гаспадара свайго, намашчэнца Госпадавага. Такім чынам, цяпер паглядзі, дзе дзіда цара і дзе чара з вадою, што стаяла каля галавы яго».

І пазнаў Саўл голас Давідаў і сказаў: ці твой гэта голас, сыне мой Давідзе? І сказаў Давід: мой голас, гаспадару мой, цару.
 
А Саўл пазнаў голас Давіда і сказаў: «Ці гэта твой голас, сын мой Давід?» І Давід сказаў: «Гэта мой голас, гаспадару мой, цар».

І сказаў: за што гаспадар мой перасьледуе раба свайго? што я зрабіў? якое ліха ў руцэ маёй?
 
І гаварыў: «Чаму гаспадар мой пераследуе паслугача свайго? Што я зрабіў? Ці ёсць што благое ў руцэ маёй?

І сёньня няхай выслухае гаспадар мой, цар, слова раба свайго: калі Гасподзь узбудзіў цябе супроць мяне, дык хай гэта будзе ад цябе духмянаю ахвяраю; а калі — сыны чалавечыя, дык пракляты яны прад Госпадам, бо яны выгналі мяне сёньня, каб не належаць мне да спадчыны Госпада, кажучы: ідзі, служы багам чужым.
 
Дык вось, цяпер хай паслухае, прашу, гаспадар мой, цар, словы паслугача свайго: “Калі Госпад падгаварыў цябе супраць мяне, хай будзе Яму прыемная пахкая ахвяра; калі ж сыны чалавечыя — хай будуць яны праклятыя перад Госпадам, бо выгналі яны мяне сёння, каб я не жыў у спадчыне Госпада, кажучы: “Ідзі, служы чужым багам”.

Хай жа не пральецца кроў мая на зямлю прад абліччам Госпада: бо цар Ізраілеў выйшаў шукаць адну блыху, як ганяюцца за курапаткаю па гарах.
 
І зараз хай кроў мая не будзе вылітая на зямлю далёка ад аблічча Госпада; бо цар Ізраэля выбраўся, каб цікаваць на адну блыху, як быццам пераследуе хтосьці ў гарах курапатку».

І сказаў Саўл: зграшыў я; вярніся, сыне мой Давідзе, бо я ня буду больш чыніць табе зла, бо душа мая была дарагая сёньня ў вачах тваіх; неразумна рабіў я і многа грашыў.
 
І сказаў Саўл: «Зграшыў я. Вярніся, сын мой Давід; бо ўжо ніколі больш не зраблю табе крыўды за тое, што дарагая была сёння ў вачах тваіх душа мая; відаць, што я дзейнічаў бязглузда і шмат разоў памыляўся».

І адказваў Давід і сказаў: вось дзіда царовая; няхай адзін хлопчык прыйдзе і возьме яе;
 
І ў адказ сказаў яму Давід: «Вось дзіда цара; хай пяройдзе адзін з паслугачоў і возьме яе.

і хай дасьць Гасподзь кожнаму паводле праўды ягонай і паводле ісьціны ягонай, бо Гасподзь аддаваў цябе ў рукі мае, але я не захацеў падняць рукі маёй на памазанца Гасподняга;
 
А Госпад адплаціць кожнаму паводле яго справядлівасці і вернасці; бо аддаў цябе сёння Госпад у рукі мае, і я не хацеў падымаць рукі сваёй на намашчэнца Госпадавага.

і няхай, як каштоўнае было жыцьцё тваё сёньня ў вачах маіх, так цэніцца маё жыцьцё ў вачах Госпада, і хай выбавіць мяне з усякай бяды!
 
І як каштоўным было жыццё тваё ў вачах маіх, так няхай каштоўным будзе жыццё маё ў вачах Госпада, і хай вызваліць Ён мяне ад усякага няшчасця».

І сказаў Саўл Давіду: дабраславёны ты, сыне мой Давідзе; і дзею ўчыніш, і пераадолець пераадолееш. І пайшоў Давід сваёй дарогаю, а Саўл вярнуўся ў сваё месца.
 
І сказаў Саўл Давіду: «Дабраславёны ты, сын мой Давід; і ўсё, што будзеш рабіць, зробіш, і чым пажадаеш авалодаць, тым будзеш валодаць». А Давід пайшоў сваёй дарогай, і Саўл вярнуўся на сваё месца.