Быццё 1 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
На пачатку стварыў Бог неба і зямлю.
Спачатку стварыў Бог неба і зямлю.
А зямля была нябачная і пустая і цемра над безданьню, і Дух Божы лунаў над вадою.
Зямля была пустая і неабжытая; і цемра над абліччам бяздоння, і Дух Божы ўзносіўся над водамі.
І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло.
І сказаў Бог: «Хай станецца святло!» І сталася святло.
І ўбачыў Бог сьвятло, што яно добра, і аддзяліў Бог сьвятло ад цемры.
І бачыў Бог, што святло было добрае, і раздзяліў Бог святло і цемру.
І назваў Бог сьвятло днём, а цемру ноччу. І быў вечар, і была раніца: дзень адзін.
І назваў Бог святло днём, а цемру — ноччу. І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень першы.
І сказаў Бог: хай будзе цьвердзь пасярод вады, і хай аддзяляе яна ваду ад вады.
Потым сказаў Бог: «Хай станецца цвярдыня сярод водаў і хай аддзеліць воды ад водаў».
І стварыў Бог цьвердзь, і аддзяліў ваду, якая пад цьвердзю, ад вады, якая над цьвердзю. І сталася так.
І зрабіў Бог цвярдыню, і аддзяліў воды, якія былі пад цвярдыняй, ад тых, якія былі над цвярдыняй. І сталася гэтак.
І назваў Бог цьвердзь небам. І быў вечар, і была раніца: дзень другі.
І назваў Бог цвярдыню небам. І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень другі.
І сказаў Бог: хай зьбярэцца вада, якая пад небам, у адно месца, і хай явіцца суша. І сталася так.
Сказаў зноў Бог: «Хай збяруцца воды, якія пад небам, у адно месца, і хай з’явіцца сухмень». І сталася гэтак.
І назваў Бог сушу зямлёю, а збор вады назваў морамі. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
І назваў Бог сухмень зямлёю, а сабранне водаў назваў морамі. І бачыў Бог, што гэта добра.
І сказаў Бог: хай уродзіць зямля зеляніну, траву, каб сеяла насеньне, дрэва плоднае, каб радзіла паводле роду свайго плод, у якім насеньне яго на зямлі. І сталася так.
Дык сказаў Бог: «Хай родзіць зямля зелень, і траву, што дае насенне, і дрэва пладаноснае, што дае плод па гатунку сваім, насенне якога — у сабе [самім] на зямлі». І сталася гэтак.
І ўтварыла зямля зеляніну, траву, што сеяла насеньне паводле роду яе, і дрэва, што радзіла плод, у якім насеньне паводле роду ягонага. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
І выдала зямля траву зялёную і траву, якая прыносіць насенне па гатунку сваім, і дрэвы, якія даюць плады і маюць у сабе насенне паводле гатунку свайго. І бачыў Бог, што гэта добра.
І быў вечар, і была раніца: дзень трэці.
І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень трэці.
І сказаў Бог: хай будуць сьвяцілы на цьвердзі нябеснай дзеля аддзяленьня дня ад ночы, і на азнакі і поры, і дні і гады;
Потым сказаў Бог: «Хай з’явяцца свяцілы на цвярдыні неба, каб аддзялялі дзень ад ночы, і хай будуць на знакі часоў, і дзён, і гадоў,
і хай будуць яны сьвяцільнямі на цьвердзі нябеснай, каб сьвяціць на зямлю. І сталася так.
каб свяцілі на цвярдыні неба і асвятлялі зямлю». І сталася гэтак.
І стварыў Бог два сьвяцілы вялікія: сьвяціла большае, каб кіраваць днём, і сьвяціла меншае, каб кіраваць ноччу, і зоркі;
І стварыў Бог два свяцілы велізарныя: свяціла большае, каб валадарыла над днём, і свяціла меншае, каб валадарыла над ноччу, і зоркі.
і паставіў іх Бог на цьвердзі нябеснай, каб сьвяціць на зямлю,
І размясціў іх Бог на цвярдыні неба, каб свяцілі яны на зямлю,
і кіраваць днём і ноччу, і аддзяляць сьвятло ад цемры. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
і валадарылі над днём і ноччу, і аддзялялі святло ад цемры. І бачыў Бог, што гэта добра.
І быў вечар, і была раніца: дзень чацьвёрты.
І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень чацвёрты.
І сказаў Бог: хай утворыць вада паўзуноў, душу жывую; і птушкі хай паляцяць над зямлёю, па цьвердзі нябеснай.
Сказаў таксама Бог: «Хай народзяць воды паўзуноў, жывыя істоты, і птушкі хай лётаюць над зямлёй пад цвярдыняй неба».
І стварыў Бог рыб вялікіх і ўсякую душу жывёл паўзуноў, якіх утварыла вада, паводле роду іх, і ўсякую птушку крылатую паводле роду яе. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
І стварыў Бог вялізных марскіх жывёл і ўсялякую істоту жывую і рухавую, якую нараджаюць воды, паводле гатункаў сваіх, і ўсялякіх птушак паводле роду свайго. І бачыў Бог, што гэта добра.
І дабраславіў іх Бог, кажучы: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце воды ў морах, і птушкі хай множацца на зямлі.
І дабраславіў іх Бог, кажучы: «Расціце і размнажайцеся, і запаўняйце воды мора, а птушкі хай размнажаюцца над зямлёю».
І быў вечар, і была раніца: дзень пяты.
І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень пяты.
І сказаў Бог: хай утворыць зямля душу жывую паводле роду яе, быдла, і гадаў, і зьвяроў зямных паводле роду іх. І сталася так.
Сказаў таксама Бог: «Хай выдасць зямля жывую істоту ў родзе сваім: жывёл, і паўзуноў, і звяроў зямных паводле гатункаў сваіх». І сталася гэтак.
І стварыў Бог жывёл зямных паводле роду іх, і быдла паводле роду яго, і ўсіх гадаў зямных паводле роду іх. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
І стварыў Бог звяроў зямных па гатунках сваіх, і жывёлу паводле гатункаў сваіх, і ўсякіх паўзуноў зямных у родзе сваім. І бачыў Бог, што гэта добра.
І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам, і над усёю зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі.
Дык сказаў Бог: «Учыньма чалавека на вобраз і падобнасць Нашу; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, і звярамі, і над усёй зямлёй і над усякім паўзуном, які рухаецца па зямлі».
І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх.
І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой; на вобраз Бога стварыў яго: мужчынам і жанчынай стварыў іх.
І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю і валодайце ёю, і валадарце над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над усякай жывёлаю, што поўзае па зямлі.
І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: «Расціце і размнажайцеся, і запаўняйце зямлю, і падпарадкоўвайце яе сабе, і валадарце над рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, ды ўсім жывым, што рухаецца па зямлі».
І сказаў Бог: вось, Я даў вам усякую траву, што сее насеньне, якая ёсьць на ўсёй зямлі, і ўсякае дрэва, у якога плод дрэўны, што сее насеньне, — вам гэта будзе ежаю:
Потым сказаў Бог: «Вось, Я даў вам усякую траву, што дае насенне па ўсёй зямлі, і ўсялякія дрэвы, што маюць у сабе плод дрэва, што прыносіць насенне, каб былі вам на ежу.
а ўсім зьвярам зямным, і ўсім птушкам нябесным, і ўсякаму, што поўзае па зямлі, у якім душа жывая, даў Я ўсю зеляніну травяную на ежу. І сталася так.
І ўсім жывунам на зямлі, усякай птушцы паднебнай, ды ўсім, што рухаюцца па зямлі і ў якіх ёсць жывая існасць, Я даў усякую траву зялёную на ежу». І сталася гэтак.
І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў, і вось, добра вельмі. І быў вечар, і была раніца: дзень шосты.
І бачыў Бог усё, што стварыў, і вось, было яно вельмі добрае. І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень шосты.