Быццё 11 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

На ўсёй зямлі была адна мова і адна гаворка.
 
Была на ўсёй зямлі адна мова і аднолькавыя словы.

Рушыўшы з усходу, яны знайшлі ў зямлі Сэнаар раўніну і пасяліліся там.
 
І калі яны вандравалі з усходу, сустрэлі раўніну ў зямлі Сэнаар і там абжыліся.

І сказалі адно аднаму: наробім цэглы і абпалім агнём. І стала ў іх цэгла замест камянёў, а земляная смала замест вапны.
 
І сказалі яны адзін аднаму: «Хадземце, наробім цэглы і абпалім яе агнём». Дык замест камянёў мелі яны цэглу, а смалу замест цэменту.

І сказалі яны: збудуем сабе горад і вежу, вышынёю да нябёсаў, і зробім сабе імя, перш чым расьсеемся па ўлоньні ўсёй зямлі.
 
І вось, сказалі яны: «Хадземце, зробім сабе горад і вежу, якой верх будзе дакранацца да неба, і зробім сабе імя, каб не расцярушыліся мы па ўсёй зямлі».

І сышоў Гасподзь паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны людзкія.
 
І зышоў Госпад, каб убачыць горад і вежу, якую збудавалі сыны чалавечыя,

І сказаў Гасподзь: вось, адзін народ, і адна ў іх мова; і вось, што пачалі яны рабіць, і не адстануць ад таго, што задумалі рабіць;
 
і сказаў Госпад: «Вось, адзін народ і адна для ўсіх мова. Гэта вось пачатак іх працы, у далейшым нічога не будзе для іх цяжкім, што б ні задумалі яны зрабіць.

сыдзем жа і зьмяшаем там мову іхнюю, так каб адзін не разумеў гаворкі другога.
 
Хадземце, вось, сыдзем, памяшайма там іх мову, каб не маглі зразумець гаворкі адзін аднаго».

І расьсеяў іх Гасподзь адтуль па паверхні ўсёй зямлі; і яны перасталі будаваць горад.
 
Гэтак вось рассеяў іх Госпад з таго месца па ўсёй зямлі, таму перасталі будаваць горад.

Таму дадзена яму імя: Вавілон, бо так зьмяшаў Гасподзь мову ўсёй зямлі, і адтуль расьсеяў іх Гасподзь па ўсёй зямлі.
 
І дзеля таго быў названы ён Бабель, бо там была памяшана мова ўсяе зямлі, і адтуль рассеяў іх Госпад па ўсёй зямлі.

Вось радавод Сіма: Сіму было сто гадоў і спарадзіў Арфаксада, праз два гады пасьля патопу;
 
Гэтыя вось нашчадкі Сэма. Сэм меў сто гадоў, калі нарадзіўся яму Арпаксад, праз два гады па патопе.

пасьля нараджэньня Арфаксада Сім жыў пяцьсот гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
 
Па нараджэнні Арпаксада Сэм жыў пяцьсот гадоў і меў сыноў і дачок.

Арфаксад жыў трыццаць пяць гадоў і спарадзіў Салу.
 
Арпаксад пражыў трыццаць пяць гадоў, і нарадзіўся яму Сала.

Пасьля нараджэньня Салы Арфаксад жыў чатырыста тры гады і спарадзіў сыноў і дачок.
 
А па нараджэнні Салы жыў Арпаксад чатырыста тры гады і меў сыноў і дачок.

Сала жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Эвэра.
 
Сала пражыў трыццаць гадоў, і нарадзіўся яму Гебэр.

Пасьля нараджэньня Эвэра Сала жыў чатырыста тры гады і спарадзіў сыноў і дачок.
 
Па нараджэнні Гебэра жыў Сала чатырыста тры гады і меў сыноў і дачок.

Эвэр жыў трыццаць чатыры гады і спарадзіў Фалека.
 
Гебэр пражыў трыццаць чатыры гады, і нарадзіўся яму сын Пэлег,

Пасьля нараджэньня Фалека Эвэр жыў чатырыста трыццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
 
а па нараджэнні Пэлега жыў Гебэр чатырыста трыццаць гадоў і меў сыноў і дачок.

Фалек жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Рагава.
 
Пэлег пражыў трыццаць гадоў, і нарадзіўся яму Рэў.

Пасьля нараджэньня Рагава Фалек жыў дзьвесьце дзевяць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
 
Па нараджэнні Рэва Пэлег жыў яшчэ дзвесце дзевяць гадоў і меў сыноў і дачок.

Рагаў жыў трыццаць два гады і спарадзіў Саруха.
 
Рэў жа пражыў трыццаць два гады, і нарадзіўся яму Сэруг.

Пасьля нараджэньня Саруха Рагаў жыў дзьвесьце сем гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
 
Па нараджэнні Сэруга пражыў яшчэ Рэў дзвесце сем гадоў і меў сыноў і дачок.

Сарух жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Нахора.
 
Сэруг жа пражыў трыццаць гадоў, і нарадзіўся яму Нахор.

Пасьля нараджэньня Нахора Сарух жыў дзьвесьце гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
 
Па нараджэнні Нахора Сэруг пражыў дзвесце гадоў і меў яшчэ сыноў і дачок.

Нахор жыў дваццаць дзевяць гадоў і спарадзіў Тару.
 
Нахор пражыў дваццаць дзевяць гадоў, і нарадзіўся яму Тэрах.

Пасьля нараджэньня Тары Нахор жыў сто дзевятнаццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
 
Па нараджэнні Тэраха Нахор пражыў яшчэ сто дзевятнаццаць гадоў і меў сыноў і дачок.

Тара жыў семдзесят гадоў і спарадзіў Абрама; Нахора і Арана.
 
Тэрах пражыў семдзесят гадоў, і нарадзіліся яму Абрам, Нахор і Аран.

Вось радавод Тары: Тара спарадзіў Абрама, Нахора і Арана. Аран спарадзіў Лота.
 
Такія вось пакаленні Тэраха: Тэрах быў бацькам Абрама, Нахора і Арана, а Аран быў бацькам Лота.

І памёр Аран пры Тары, бацьку сваім, у зямлі нараджэньня свайго, у Уры Халдэйскім.
 
Аран памёр яшчэ за жыццём Тэраха, бацькі свайго, у зямлі, у якой нарадзіўся, у Уры Халдэйскім.

Абрам і Нахор узялі сабе жонак; імя жонкі Абрамавай: Сара; імя жонкі Нахоравай: Мілка, дачка Арана, бацькі Мілкі і бацькі Іскі.
 
Абрам і Нахор узялі сабе жонак. Імя жонкі Абрама Сараі, а імя жонкі Нахора Мілка. Яна дачка Арана, які меў яшчэ другую дачку на імя Іска.

І Сара была няплодная і бязьдзетная.
 
Сараі была бясплодная і не мела дзяцей.

І ўзяў Тара Абрама, сына свайго, і Лота, сына Аранавага, унука свайго, і Сару, нявестку сваю, жонку Абрама, сына свайго, і выйшаў зь імі з Ура Халдэйскага, каб ісьці ў зямлю Ханаанскую; але дайшоўшы да Харана, яны спыніліся там.
 
І ўзяў Тэрах Абрама, Лота, сына Арана, свайго ўнука, і Сараі, сваю нявестку, жонку Абрама, сына свайго, і вывеў іх з Ура Халдэйскага, каб пайсці ў зямлю Ханаан. Але дайшлі яны да Харана і абжыліся там.

І было дзён жыцьця Тары дзьвесьце пяць гадоў, і памёр Тара ў Харане.
 
І было дзён Тэраха дзвесце пяць гадоў, і памёр ён у Харане.