Быццё 14 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І было ў дні Армафэла, цара Сэнаарскага, Арыёха, цара Эласарскага, Кедарлаамэра, цара Эламскага, і Тыдала, цара Гаімскага,
 
І сталася ў той час, што Амрафэл, цар Сэнаара, і Арыёх, цар Эласара, і Кедар-Лагамэр, цар Элама, і Тадал, цар паганаў,

і пайшлі яны вайною супроць Бэры, цара Садомскага, супроць Біршы, цара Гаморскага, Шынава, цара Адмы, Шэмэвэра, цара Сэваімскага, і супраць цара Бэлы, якая ёсьць Сігор.
 
выйшлі з вайною супраць Бэры, цара Садома, і супраць Біршы, цара Гаморы, і супраць Сенааба, цара Адамы, і супраць Шэмэбэра, цара Себаіма, і супраць цара Бэлы, або Сэгора.

Усе гэтыя злучаліся ў даліне Сідым, дзе сёньня мора Салёнае.
 
Гэтыя цары пагадніліся між сабой у даліне Сідзім, дзе сёння Салёнае мора.

Дванаццаць гадоў былі яны паняволеныя ў Кедарлаамэра, а на трынаццатым годзе ўзбурыліся.
 
Дванаццаць гадоў служылі яны Кедар-Лагамэру, а ў трынаццатым годзе паднялі бунт супраць яго.

На чатырнаццатым годзе прыйшоў Кедарлаамэр і цары, якія зь ім, і пабілі Рэфаімаў у Аштэрот-Карнаіме, Зузімаў у Гаме, Эмімаў у Шаве-Кірыятаіме,
 
А ў чатырнаццатым годзе прыйшоў Кедар-Лагамэр і цары, якія былі з ім разам, і пабілі рэфаімаў у Астарот-Карнаіме, і зузімаў у Хаме, і эмімаў у Савэ-Карыятаіме,

і Харэяў у гары іхняй Сэіры, да Эл-Фарана, што каля пустыні.
 
і харэяў у гарах Сэір аж да Эль-Парана, што ў пустыні.

І вярнуўшыся адтуль, яны прыйшлі да крыніцы Мішпат, якая ёсьць Кадэс, і пабілі ўсю краіну Амалікіцянаў, а таксама Амарэяў, якія жылі ў Хацацон-Тамары.
 
І, вярнуўшыся адтуль, яны прыйшлі да крыніцы Мішпат, значыць Кадэс, і пабілі амалекцаў на ўсёй іх зямлі, а таксама амарэяў, якія жылі ў Асасон-Тамары.

І выйшлі цар Садомскі, цар Гаморскі, цар Адмы, цар Сэваімскі і цар Бэлы, якая ёсьць Сігор; і ўступілі ў бітву зь імі ў даліне Сідым,
 
І выступілі цар Садома і цар Гаморы, цар Адамы і цар Себаіма, і цар Бэлы, якая ёсць Сэгор, і ўладкаваліся ў лагчыне Сідзім да бою

з Кедарлаамэрам, царом Эламскім, Тыдалам, царом Гаімскім, Амрафэлам, царом Сэнаарскім, Арыёхам, царом Эласарскім: чатыры цары супроць пяці.
 
з Кедар-Лагамэрам, царом Элама, і Тадалам, царом паганаў, і Амрафэлам, царом Сэнаара, і Арыёхам, царом Эласара; чатыры цары супраць пяці.

А ў даліне Сідым было многа смаляных ямаў. І цары Садомскі і Гаморскі, якія кінуліся ўцякаць, упалі ў іх; а астатнія ўцяклі ў горы.
 
Даліна ж Сідзім мела многа смаляных ям. І вось жа, цары Садома і Гаморы кінуліся ўцякаць і зваліліся туды; а тыя, хто засталіся, уцяклі ў горы.

Пераможцы пабралі ўсю маёмасьць Садомы і Гаморы і ўвесь запас іхні і пайшлі.
 
І ўзялі яны ўсю маёмасць Садома і Гаморы, і ўсё, што тычыцца харчоў, і пайшлі.

І ўзялі Лота, пляменьніка Абрамавага, які жыў у Садоме, і маёмасьць ягоную, і пайшлі.
 
Захапілі яны таксама Лота, сына брата Абрама, які жыў у Садоме, і маёмасць яго.

І прыйшоў адзін з ацалелых і паведаміў Абраму Габрэю, які жыў тады каля дубровы Мамрэ, Амарэяніну, брату Эшколу і брату Анэру, якія былі спрымірэнцы Абрамавыя.
 
І вось, адзін з тых, хто ўцёк, паведаміў Абраму, гебраю, які жыў каля дубровы амарэя, на імя Мамрэ, брата Эскола і брата Анэра: яны заключылі пагадненне з Абрамам.

Абрам, пачуўшы, што родзіч ягоны ўзяты ў палон, узброіў рабоў сваіх, народжаных у доме ягоным, трыста васямнаццаць, і гнаў супастатаў да Дана;
 
Калі пачуў Абрам, што яго брат Лот у палоне, сабраў сярод паслугачоў сваіх трыста васемнаццаць найбольш спраўных мужчын і пусціўся ў пагоню аж пад Дан.

і падзяліўшыся, напаў на іх уначы, сам і рабы ягоныя і пабіў іх, і гнаў іх да Ховы, што па левы бок ад Дамаска;
 
І, падзяліўшы сваіх людзей, ноччу напаў на іх, і разбіў іх, і гнаў іх аж да Гобы, што налева ад Дамаска.

і вярнуў усю маёмасьць і Лота, родзіча свайго, і маёмасьць ягоную вярнуў, а таксама і жанчын і народ.
 
І вярнуў ён усю маёмасць, а таксама брата свайго Лота з яго маёмасцю, жанчын і народ.

Калі ён вяртаўся пасьля паразы Кедарлаамэра і цароў, якія былі зь ім, цар Садомскі выйшаў яму насустрач у даліну Шавэ, што сёньня даліна царская;
 
Калі ж ён вяртаўся па перамозе над Кедар-Лагамэрам і царамі, якія з ім былі, то цар Садома пераняў яго ў лагчыне Савэ, або Царскай.

і Мэлхісэдэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно, — ён быў сьвятар Бога Ўсявышняга, —
 
А Мэльхісэдэх, цар Салема, прынёс хлеб і віно, бо быў святаром Бога Найвышэйшага,

і дабраславіў яго і сказаў: дабраславёны Абрам ад Бога Ўсявышняга, Уладара неба і зямлі;
 
дабраславіў яго і сказаў: «Дабраславёны Абрам Богам Узвышнім, Які стварыў неба і зямлю,

і дабраславёны Бог Усявышні, Які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае. Абрам даў яму дзясятую частку з усяго.
 
і дабраславёны Бог Узвышні, Які аддаў у рукі твае ворагаў тваіх». І даў яму [Абрам] дзесятую частку з усяго.

І сказаў цар Садомскі Абраму: аддай мне людзей, а маёмасьць вазьмі сабе.
 
А цар Садома сказаў Абраму: «Аддай мне людзей, а маёмасць вазьмі сабе».

Але Абрам сказаў цару Садомскаму: падымаю руку маю да Госпада Бога Ўсявышняга, Уладара неба і зямлі,
 
Той адказаў яму: «Падымаю руку сваю да Госпада, Бога Узвышняга, Творцы неба і зямлі,

што нават ніткі і рэменя ад абутку не вазьму з усяго твайго, каб ты не сказаў: я ўзбагаціў Абрама;
 
што ані ніткі пражы, ані раменьчыка ад сандаляў, нічога не вазьму з усяго таго, што табе належыць, каб ты пасля не казаў: “Гэта я ўзбагаціў Абрама”,

апрача таго, што зьелі падлеткі, і апрача долі, якая належыць людзям, што хадзілі са мною; Анэр, Эшкол і Мамрый хай возьмуць сваю долю.
 
за выключэннем таго, што пайшло на пракармленне юнакоў, ды апроч долі мужоў, якія хадзілі са мною, — Анэра, Эскола і Мамрэ; хай яны возьмуць сваю долю».