Быццё 16 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Але Сара, Абрамава жонка, не нараджала яму. У яе была служанка Егіпцянка, на імя Агур.
А Сараі, жонка Абрама, не нарадзіла яму дзяцей, але мела яна нявольніцу егіпцянку на імя Агар.
І сказала Сара Абраму: вось, Гасподзь замкнуў чэрава маё, каб мне не раджаць; увайдзі ж да служанкі маёй: можа, я буду мець дзяцей ад яе. Абрам паслухаўся Сарыных слоў.
І сказала яна мужу свайму: «Вось, зачыніў Госпад мяне, каб я не нараджала; дык увайдзі да паслугачкі маёй, можа, з яе атрымаю сыноў». І той суцешыўся яе просьбай.
І ўзяла Сара, жонка Абрамава, Егіпцянку Агар, пасьля таго як прайшло дзесяць гадоў Абрамавых у зямлі Ханаанскай, і дала яе Абраму, мужу свайму, за жонку.
І ўзяла яна сваю паслугачку Агар, егіпцянку, і дала яе за жонку мужу свайму Абраму, калі ўжо мінула дзесяць гадоў, як Абрам пасяліўся ў зямлі Ханаан.
Ён увайшоў да Агары, і яна зачала. А ўбачыўшы, што зачала, яна пачала пагарджаць гаспадыняй сваёй.
І ўвайшоў ён да яе. І яна, бачачы, што пачала, стала пагарджаць гаспадыняй сваёй.
І сказала Сара Абраму: у крыўдзе маёй ты вінаваты; я аддала служанку маю ва ўтробу тваю; а яна, угледзеўшы, што зачала, пачала пагарджаць мною; Гасподзь хай будзе судзьдзя паміж мною і табою.
Тады сказала Сараі Абраму: «Крыўдзіш ты мяне; я табе дала паслугачку сваю на ўлонне тваё, і яна, чуючыся, што пачала, пагарджае мною. Хай Госпад будзе суддзёю між мною і табой».
Абрам сказаў Сары: вось, служанка твая ў тваіх руках; рабі зь ёю, што табе заўгодна. І Сара пачала ўціскаць яе, і тая ўцякла ад яе.
Прамовіў ёй Абрам у адказ: «Вось, паслугачка твая ў руках тваіх, зрабі з ёй, як табе падабаецца». Сараі тады стала прыгнятаць яе, і яна ўцякла ад яе.
І знайшоў яе анёл Гасподні каля крыніцы вады ў пустыні, каля крыніцы на дарозе да Сура.
Калі Анёл Госпадаў знайшоў яе паблізу крыніцы водаў у пустыні, каля крыніцы пры дарозе на Сур,
І сказаў: Агар, служанка Сарына, адкуль ты прыйшла і куды ідзеш? Яна сказала: я бягу ад аблічча Сары, гаспадыні маёй.
сказаў ёй: «Агар, паслугачка Сараі, адкуль ты ідзеш і куды?» Яна адказала: «Я ўцякаю ад гаспадыні сваёй Сараі».
І сказаў ёй анёл Гасподні: вярніся, да гаспадыні сваёй і скарыся ёй.
Сказаў ёй Анёл Госпадаў: «Вярніся да гаспадыні сваёй і пакорна падпарадкуйся ёй».
І сказаў ёй анёл Гасподні: множачы памножу нашчадкаў тваіх, так што нельга будзе і палічыць іх ад мноства.
І Анёл Госпадаў паведаміў ёй: «Багата размножу нашчадкаў тваіх, і нельга будзе злічыць іх дзеля мноства».
І яшчэ сказаў ёй анёл Гасподні: вось, ты цяжарная, і народзіш сына, і дасі яму імя: Ізмаіл; бо пачуў Гасподзь пакуту тваю;
І далей сказаў ёй Анёл Госпадаў: «Вось, ты пачала і народзіш сына, і назавеш яго імем Ізмаэль, таму што Госпад пачуе пра гора тваё.
ён будзе сярод людзей дзікі асёл: рукі яго на ўсіх, і рукі ўсіх на ім; жыцьме ён перад абліччам усіх братоў сваіх.
Ён будзе чалавекам, падобным да дзікага асла, будзе ён ваяваць супраць усіх і ўсе супраць яго: і будзе ён ставіць палаткі ва ўсіх акругах братоў сваіх».
І назвала Госпада, Які гаварыў зь ёю, гэтым імем: Ты Бог, Які бачыць мяне. Бо сказала яна: праўда, я бачыла тут Таго, Які сьледам бачыць мяне.
І назвала імя Госпада, Які прамаўляў да яе: «Ты Бог, Які бачыш мяне». І сказала яна: «Напэўна, бачыла я з плячэй Таго, Хто бачыць мяне».
Таму крыніца тая называецца: Бэер-Лахай-Роі. Яна паміж Кадэсам і Барэдам.
Дзеля таго студню гэтую назвалі Бээр-Лахай-Ройa. Яна паміж Кадэсам і Барэдам.
Агар нарадзіла Абраму сына; і назваў імя сыну свайму, народжанаму ад Агары: Ізмаіл.
І нарадзіла Агар Абраму сына. І Абрам назваў народжанага Агар сына свайго імем Ізмаэль.
Абраму было восемдзесят шэсьць гадоў, калі Агар нарадзіла Абраму Ізмаіла.
Абрам меў восемдзесят шэсць гадоў, калі Агар нарадзіла яму Ізмаэля.