Быццё 23 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Жыцьця Саррынага было сто дваццаць сем гадоў: вось гады жыцьця Саррынага:
Сара жыла сто дваццаць сем гадоў.
і памерла Сарра ў Кірыят-Арбе, што сёньня Хэўрон, у зямлі Ханаанскай. І прыйшоў Абрагам галасіць па Сарры і аплакваць яе.
І памерла яна ў Карыят-Арбе, значыць Геброне, у зямлі Ханаан; і прыйшоў Абрагам, каб смуткаваць і плакаць па ёй.
І адышоў Абрагам ад памерлай сваёй, і казаў сынам Хэтавым, і сказаў:
І калі скончыў ён абрад пахавання, звярнуўся да сыноў Хета, кажучы:
я ў вас прыхадзень і пасяленец: дайце мне ва ўласнасьць месца пад магілу паміж вамі, каб мне памерлую маю пахаваць ад вачэй маіх.
«Я ў вас чужынец і пасяленец, дазвольце мне прыдбаць магілу побач з вамі, каб мог я пахаваць сваю памерлую».
Сыны Хэта адказвалі Абрагаму і сказалі яму:
А сыны Хета адказалі, гаворачы:
паслухай нас, спадару наш; ты князь Божы сярод нас; у найлепшым з нашых пахавальных месцаў пахавай памерлую тваю; ніхто з нас не адмовіць табе пахавальнага месца, дзеля пахаваньня памерлай тваёй.
«Паслухай нас, гаспадару, ты ў нас князь Божы; дык пахавай сваю памерлую ў найлепшай з магіл нашых. Ніхто з нас табе не забароніць, каб ты пахаваў сваю памерлую ў яго магіле».
Абрагам устаў і пакланіўся люду зямлі той, сынам Хэтавым;
Тады Абрагам устаў і аддаў паклон народу зямлі, значыць сынам Хетавым,
і казаў і сказаў: калі вы згодныя, каб я пахаваў памерлую маю, дык паслухайце мяне, папрасеце за мяне Эфрона сына Цахаравага,
і сказаў ім: «Калі вы згаджаецеся, каб я пахаваў памерлую сваю, то паслухайце мяне, папрасіце за мяне Эфрона, сына Сэора,
каб ён аддаў мне пячору Махпэлу, якая ў яго на канцы поля ягонага, каб за дастатковую цану аддаць яе мне сярод вас, ва ўласнасьць дзеля пахаваньня.
каб даў мне пячору Махпэла, якую мае ён на канцы поля свайго. За адпаведную цану хай мне прадасць яе ў вашай прысутнасці, каб меў я магілу ва ўласнасць».
А Эфрон сядзеў сярод сыноў Хэтавых. І адказваў Эфрон Хэтэянін Абрагаму ў вушы сыноў Хэта, усіх, хто ўваходзіў у браму горада ягонага, і сказаў:
А Эфрон сядзеў сярод сыноў Хета. І Эфрон Хетыт пры ўсіх сынах Хета, якія сышліся пры браме горада таго, адказаў Абрагаму, гаворачы:
не, спадару мой, паслухай мяне: я даю табе поле і пячору, якая на ім, даю табе, перад вачыма сыноў народу майго табе яе, пахавай памерлую тваю.
«Ніколі не будзе так, валадару мой, паслухай мяне. Даю табе поле і пячору, якая на ім, у прысутнасці сыноў народа майго, хавай памерлую сваю».
Абрагам пакланіўся перад людзьмі зямлі той
Абрагам пакланіўся перад народам зямлі
і казаў Эфрону ў вушы люду зямлі той і сказаў: калі паслухаешся, я даю табе за поле срэбра; вазьмі ў мяне, і я пахаваю там памерлую маю.
і сказаў Эфрону ў прысутнасці народа зямлі: «Прашу, паслухай мяне. Я дам грошы за поле, прымі іх, і тады пахаваю памерлую сваю на ім».
Эфрон адказаў Абрагаму і сказаў яму:
А Эфрон адказаў Абрагаму, гаворачы:
спадару мой! паслухай мяне: зямля каштуе чатырыста сікляў срэбра; мне і табе што гэта? пахавай памерлую тваю.
«Гаспадару мой, паслухай мяне. Зямля вартая чатырыста сікляў срэбра, сума невялікая для мяне і цябе, хавай сваю памерлую!»
Абрагам выслухаў Эфрона; і наважыў Абрагам Эфрону срэбра, колькі ён абвясьціў у вушы сынам Хэтавым, чатырыста сікляў срэбра, якое ходзіць у купцоў.
І паслухаў Абрагам Эфрона, і адважыў грошы на суму, якую Эфрон назваў у прысутнасці сыноў Хета, чатырыста сікляў срэбра, як было прынята ў купцоў.
І сталася поле Эфронавае, якое каля Махпэлы, насупраць Мамрэ, поле і пячора, якая на ім і ўсе дрэвы на полі, ва ўсіх межах яго навакол,
Так вось поле Эфрона, якое было ў Махпэле, паблізу Мамрэ, дзе была пячора на ім, ды ўсе дрэвы яго ўздоўж граніцы яго кругом
валоданьнем Абрагамавым перад вачыма сыноў Хэта, усіх, хто ўваходзіць у браму горада ягонага.
сталіся ўласнасцю Абрагама, у прысутнасці сыноў Хета і ўсіх, якія ўвайшлі ў браму таго горада.
Пасьля гэтага Абрагам пахаваў Сарру, жонку сваю, у пячоры на полі ў Махпэле, насупраць Мамрэ, што сёньня Хэўрон у зямлі Ханаанскай.
Пасля пахаваў Абрагам Сару, жонку сваю, у пячоры на полі Махпэле, паблізу Мамрэ, значыць Геброна, у зямлі Ханаан.
Так дасталіся Абрагаму ад сыноў Хэтавых поле і пячора, якая на ім, ва ўласнасьць пад пахаваньне.
Адсюль поле і пячора, што была на ім, перайшлі ад сыноў Хета да Абрагама, каб прыдбаць магілу.