Быццё 24 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Абрагам быў ужо стары і ў сталым веку. Гасподзь дабраславіў Абрагама ўсім.
 
І састарыўся Абрагам, і быў многіх гадоў, і Госпад дабраслаўляў яго ва ўсім.

І сказаў Абрагам рабу свайму, старэйшаму ў доме ягоным, кіроўцу ўсім, што ў яго было: пакладзі руку тваю пад сьцягно маё
 
І сказаў Абрагам слузе, загадчыку дому свайго, які распараджаўся ўсім, што ў яго было: «Палажы руку сваю пад сцягно маё,

і запрысягніся мне Госпадам, Богам неба і Богам зямлі, што ты ня возьмеш сыну майму жонкі з дачок Хананэяў, сярод якіх я жыву;
 
і я папрашу цябе ў імя Госпада, Бога неба і Бога зямлі, каб ты не браў жонку для сына майго з дачок хананейскіх, сярод якіх жыву,

а пойдзеш у зямлю маю, на радзіму маю, і возьмеш жонку сыну майму Ісааку.
 
але пойдзеш у зямлю маю і да радні маёй і адтуль возьмеш жонку сыну майму, Ізааку».

Раб сказаў яму: можа стацца, не захоча жанчына ісьці са мною ў гэтую зямлю; ці павінен я вярнуць сына твайго ў зямлю, зь якое ты выйшаў?
 
Паслугач адказаў: «Калі б жанчына не хацела са мною прыйсці ў гэту зямлю, ці павінен я тады завесці сына твайго ў зямлю, з якой ты паходзіш?»

Абрагам сказаў яму: сьцеражыся, не вяртай сына майго туды;
 
Абрагам сказаў: «Сцеражыся, каб не завесці туды сына майго.

Гасподзь, Бог неба, Які ўзяў мяне з дома бацькі майго і зь зямлі нараджэньня майго, Які гаварыў мне і Які прысягнуў мне, кажучы: нашчадкам тваім дам гэтую зямлю, — Ён пашле анёла Свайго перад табою, і ты возьмеш жонку сыну майму адтуль;
 
Госпад, Бог неба, Які забраў мяне з дому бацькі майго і з зямлі нараджэння майго, Ён сказаў мне і прысягнуў мне, кажучы: “Гэтую зямлю Я дам нашчадкам тваім”. Ён пашле анёла Свайго перад табою, і ты возьмеш адтуль жонку сыну майму.

калі ж не захоча жанчына ісьці з табою, ты будзеш вольны ад гэтай прысягі маёй; толькі сына майго не вяртай туды.
 
Калі б жанчына не хацела ісці з табою, тады ты не будзеш звязаны прысягай. Сына майго толькі не завядзі туды».

І паклаў раб руку сваю пад сьцягно Абрагаму, гаспадару свайму, і запрысягнуўся яму ў гэтым.
 
І паклаў паслугач руку сваю пад сцягно Абрагама, гаспадара свайго, і прысягнуў яму ў гэтай справе.

І ўзяў раб зь вярблюдаў гаспадара свайго дзесяць вярблюдаў і пайшоў. У руках у яго былі таксама ўсякія скарбы гаспадара ягонага. Ён устаў і пайшоў у Месапатамію, у горад Нахораў;
 
І ўзяў паслугач дзесяць вярблюдаў са статка гаспадара свайго, і выправіўся, і, выйшаўшы, накіраваўся ў Арам-Нагараім, у горад Нахора.

і спыніў вярблюдаў па-за горадам, каля калодзежа вады, пад вечар, у той час, калі прыходзяць жанчыны чэрпаць ваду,
 
І калі пакінуў ён вярблюдаў для адпачынку па-за горадам каля студні пад вечар, у той час, калі жанчыны звычайна выходзяць чэрпаць ваду, то сказаў:

і сказаў: Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, пашлі яе сёньня насустрач мне і ўчыні міласьць гаспадару майму Абрагаму;
 
«Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, прашу, паспяшайся сёння да мяне і акажы міласэрнасць гаспадару майму Абрагаму.

вось, я стаю каля крыніцы вады, і дочкі жыхароў горада выходзяць чэрпаць ваду;
 
Вось жа, я стаю каля крыніцы вады, і дочкі жыхароў гэтага горада прыйдуць чэрпаць ваду.

і дзяўчына, якой я скажу: нахілі збанок твой, я нап’юся; і яна скажа: пі, я і вярблюдам тваім дам піць, — вось тая, якую Ты назначыў рабу Твайму Ісааку; і з гэтага даведаюся я, што Ты чыніш мілату гаспадару майму.
 
Дык вось, дзяўчына, якой я скажу: “Нахілі збан твой, каб я мог напіцца”, а яна адкажа: “Пі, і вярблюдам тваім я дам напіцца”, — гэта і ёсць тая, якую прызначыў Ты слузе Твайму, Ізааку, і з гэтага зразумею, што Ты аказваеш міласэрнасць гаспадару майму».

Яшчэ не перастаў ён гаварыць, і вось, выйшла Рэбэка, якая нарадзілася ад Ватуіла, сына Мілкі, жонкі Нахора, брата Абрагамавага, і збанок яе на плячы ў яе;
 
Яшчэ не вымавіў ён пра сябе гэтых слоў, аж вось Рэбэка, дачка Бэтуэля, сына Мілкі, жонкі Нахора, брата Абрагама, выйшла, маючы збан на плячы.

дзяўчына была прыгожая з твару, дзева, якое не спазнаў муж. Яна сышла да крыніцы, напоўніла збанок свой і пайшла ўгору.
 
А была яна дзяўчына вельмі прыгожая, дзяўчына, якая не ведала мужа. Яна спусцілася да крыніцы, зачэрпнула поўны збан і хацела вяртацца.

І пабег раб насустрач ёй і сказаў: дай мне выпіць крыху вады са збанка твайго.
 
І пераняў яе паслугач, і кажа: «Дазволь мне крыху папіць вады з твайго збана».

Яна сказала: пі, гаспадару мой. І адразу апусьціла збанок свой на руку сваю і напаіла яго.
 
Яна адказала: «Пі, гаспадару мой», і шпарка спусціла збан свой на руку сваю, і дала яму піць.

І, калі напаіла яго, сказала: я пачну чэрпаць і вярблюдам тваім, пакуль не нап’юцца ўсе.
 
І, калі ён напіўся, дадала: «Я начэрпаю і для вярблюдаў тваіх вады, пакуль яны ўсе не нап’юцца».

І адразу выліла ваду са збанка свайго ў карыта, і пабегла зноў да калодзежа зачарпнуць, і начэрпала ўсім вярблюдам ягоным,
 
І, выліўшы ваду са збана ў паіла, пабегла да студні зачэрпнуць вады, і, начэрпаўшы, дала ўсім вярблюдам.

Чалавек той глядзеў на яе са зьдзіўленьнем моўчкі, хочучы зразумець, ці дабраславіў Гасподзь дарогу ягоную, ці не.
 
Ён жа моўчкі са здзіўленнем глядзеў на яе, жадаючы ведаць, ці ўшчаслівіць Госпад падарожжа яго, ці не.

Калі вярблюды перасталі піць, тады чалавек той узяў залатую завушніцу, вагою паўсікля, і два запясьці на рукі ёй, вагою ў дзесяць сікляў золата,
 
А калі вярблюды напіліся, дастаў той чалавек залаты кольчык у нос, паўсікля вагой, і два залатыя бранзалеты на рукі яе, дзесяць сікляў вагой,

і сказаў: чыя ты дачка? скажы мне; ці ёсьць у доме ў бацькі твайго месца нам начаваць?
 
і папытаўся: «Чыя ты дачка, скажы мне. Ці ў доме бацькі твайго знойдзецца месца для нас на начлег?»

Яна сказала яму: я дачка Ватуіла, сына Мілкі, якога яна нарадзіла Нахору.
 
А яна адказала: «Я дачка Бэтуэля, сына Мілкі, якога яна нарадзіла Нахору».

І яшчэ сказала яму: у нас многа саломы і корму; і ёсьць месца начаваць.
 
І дадала, кажучы: «Шмат у нас саломы і ежы, і ёсць месца на начлег».

І схіліўся чалавек той, і пакланіўся Госпаду,
 
Тады чалавек той схіліў галаву і пакланіўся Госпаду,

і сказаў: дабраславёны Гасподзь, Бог гаспадара майго Абрагама, Які не абышоў гаспадара майго ласкаю Сваёю і праўдаю Сваёю! Гасподзь роўнаю дарогаю прывёў мяне да дома брата гаспадара майго.
 
кажучы: «Няхай будзе дабраславёны Госпад, Бог гаспадара майго Абрагама, Які не ўхіліў міласэрнасці сваёй і вернасці сваёй ад гаспадара майго і правільным шляхам прывёў мяне да дому брата гаспадара майго».

Дзяўчына пабегла і расказала пра гэта ў доме маці сваёй.
 
І пабегла дзяўчына, і абвясціла ў доме маці сваёй пра ўсё, што здарылася.

У Рэбэкі быў брат, якога звалі Лаван. Лаван выбег да таго чалавека, да крыніцы.
 
А Рэбэка мела брата на імя Лабан, які паспешна пайшоў да чалавека, туды, дзе была крыніца.

І калі ён убачыў завушніцу і запясьці на руках у сястры сваёй, якая казала: так гаварыў са мною чалавек гэты, — дык прыйшоў да чалавека, і вось, ён стаіць каля вярблюдаў ля крыніцы;
 
Калі ўбачыў ён кольчык у носе і бранзалеты на руках сваёй сястры і пачуў, як яна перадала ўсё слова ў слова: «Так сказаў мне [той] чалавек», ён пайшоў да чалавека, які стаяў каля вярблюдаў недалёка ад студні з вадой,

і сказаў яму: увайдзі, дабраславёны Госпадам; чаго ты стаіш звонку? я падрыхтаваў дом і месца вярблюдам.
 
і сказаў яму: «Увайдзі, дабраславёны Госпадам, чаго стаіш на двары? Я прыгатаваў дом і месца для вярблюдаў».

І ўвайшоў чалавек. Лаван расьсядлаў вярблюдаў і даў саломы і корму вярблюдам і вады памыць ногі яму і людзям, якія былі зь ім;
 
І ўвёў яго ў святліцу, і рассядлаў вярблюдаў, і даў саломы і корму вярблюдам, і падаў вады на мыццё ног яму і мужчынам, што прыйшлі разам з ім.

і прапанавалі яму ежы. Але ён сказаў: ня буду есьці, пакуль не скажу справы сваёй. І сказалі: кажы.
 
І паклаў перад ім хлеб. Той гаворыць: «Не буду есці, пакуль не выкажу слоў маіх». Той адказаў: «Гавары».

Ён сказаў: я раб Абрагамаў;
 
І ён кажа: «Я — паслугач Абрагама.

Гасподзь вельмі дабраславіў гаспадара майго, і ён зрабіўся вялікім: Ён даў яму авечак і валоў, срэбра і золата, рабоў і рабыняў, вярблюдаў і аслоў.
 
І Госпад дабраславіў асаблівым чынам майго гаспадара, і быў ён узвялічаны. Ён даў яму авечак і валоў, срэбра і золата, паслугачоў і паслугачак, вярблюдаў і аслоў.

Сарра, жонка гаспадара майго, ужо пастарэўшы, нарадзіла гаспадару майму сына, якому ён аддаў усё, што ў яго;
 
І нарадзіла Сара, жонка гаспадара майго, сына гаспадару майму ў старасці сваёй; і даў ён яму ўсё, што меў.

і ўзяў зь мяне прысягу гаспадар мой, сказаўшы: не бяры жонкі сыну майму з дачок Хананэяў, у зямлі якіх я жыву,
 
І гаспадар мой загадаў мне прысягнуць, кажучы: “Не возьмеш сыну майму жонкі з дачок хананейскіх, у зямлі якіх жыву,

а ідзі ў дом бацькі майго і да сваякоў маіх, і возьмеш жонку сыну майму.
 
але падасіся ў дом бацькі майго і з радні маёй возьмеш жонку сыну майму”.

І сказаў гаспадару майму: магчыма, ня пойдзе жанчына са мною.
 
Я тады сказаў гаспадару майму: “А калі б жанчына не хацела са мной ісці?”

Ён сказаў мне: Гасподзь, прад абліччам Якога я хаджу, пашле з табою анёла Свайго і добра ўладкуе шлях твой, і возьмеш жонку сыну майму з родзічаў маіх і з дому бацькі майго;
 
“Госпад, кажа ён, перад абліччам Якога жыву, пашле анёла Свайго з табой, і ён пакіруе дарогай тваёй. І возьмеш сыну майму жонку з радні маёй і з дому бацькі майго.

тады будзеш ты вольны ад прысягі маёй, калі сходзіш да родзічаў маіх; і калі яны не дадуць табе, ты будзеш вольны ад прысягі маёй.
 
Будзеш вольны ад наракання майго, калі прыбудзеш да сваякоў маіх, і не дадуць табе; тады вольны будзеш ад наракання майго”.

І прыйшоў я сёньня да крыніцы і сказаў: Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама! Калі Ты добра ўладкуеш шлях, які я праходжу,
 
Дык прыбыў я сёння да крыніцы і сказаў: “Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, каб жа Ты кіраваў дарогай маёй, па якой я цяпер іду,

дык вось, я стаю каля крыніцы вады, і дзяўчына, якая выйдзе зачарпнуць і якой я скажу: дай мне выпіць крыху са збанка твайго,
 
вось, я стаю каля крыніцы вады; і калі б дзяўчына, якая выйдзе чэрпаць ваду і пачуе ад мяне: “Дай мне крыху вады напіцца са збана твайго”,

і якая скажа мне: і ты пі, і вярблюдам тваім я начэрпаю, — вось жонка, якую Гасподзь вызначыў сыну гаспадара майго.
 
сказала мне: “І ты пі, і вярблюдам тваім я начэрпаю”, — гэта тая жанчына, якую прызначыў Госпад сыну гаспадара майго”.

Яшчэ не перастаў я гаварыць у думках маіх, і вось, выйшла Рэбэка, і збанок яе на плячы ў яе, і сышла да крыніцы і зачарпнула; і я сказаў ёй: напаі мяне.
 
Пакуль я гэтак моўчкі разважаў сам у сабе, паказалася Рэбэка, прыходзячы са збанам, які несла на плячы. І спусцілася яна да крыніцы, і начэрпала вады. А я кажу ёй: “Дай мне крыху папіць”.

Яна адразу апусьціла зь сябе збанок свой і сказала: пі, і вярблюдаў тваіх я напаю. І я піў. І вярблюдаў яна напаіла.
 
Яна хутка зняла збан з пляча і сказала мне: “І ты пі, і вярблюдам тваім дам напіцца”. Папіў я, і напаіла яна вярблюдаў.

Я спытаўся ў яе і сказаў: чыя ты дачка? Яна сказала: дачка Ватуіла, сына Нахоравага, якога нарадзіла яму Мілка. І даў я завушніцы ёй і запясьці на рукі яе.
 
І спытаўся ў яе і сказаў: “Чыя ты дачка?” Яна адказала: “Я — дачка Бэтуэля, сына Нахора, якога нарадзіла яму Мілка”. Дык павесіў я кольчык у ноздры яе і ўсклаў бранзалеты на рукі яе.

І схіліўся я і пакланіўся Госпаду, і дабраславіў Госпада, Бога гаспадара майго Абрагама, Які роўнай дарогаю прывёў мяне, каб узяць дачку брата гаспадара майго за сына ягонага.
 
І, пакланіўшыся, пачаў маліцца я Госпаду, дабраслаўляючы Госпада, Бога гаспадара майго Абрагама, Які прывёў мяне правільным шляхам, каб узяў дачку брата гаспадара майго сыну яго.

І цяпер скажэце мне: ці маеце вы намер зрабіць ласку і праўду гаспадару майму, ці не? скажэце мне, і я павярнуся направа альбо налева.
 
Дзеля таго, калі акажаце ласку і вернасць гаспадару майму, паведамце мне, калі ж іншае вам даспадобы, і пра гэта скажыце мне, каб падаўся я направа або налева».

І адказвалі Лаван і Ватуіл і сказалі: ад Госпада прыйшла гэтая дзея; мы ня можам сказаць табе папярок ні благога, ні добрага;
 
Адказалі Лабан і Бэтуэль: «Ад Госпада выйшла слова; мы не можам сказаць па-за воляй Яго што іншае табе.

вось Рэбэка перад табою; вазьмі і ідзі; хай будзе яна жонкаю сыну гаспадара твайго, як сказаў Гасподзь.
 
Вось, Рэбэка перад табой. Вазьмі яе і ідзі, і хай будзе яна жонкаю сына гаспадара твайго, як сказаў Госпад».

Калі раб Абрагамаў пачуў словы іхнія, дык пакланіўся Госпаду да зямлі.
 
Калі пачуў гэта паслугач Абрагама, то, упаўшы на зямлю, пачаў маліцца Госпаду.

І дастаў раб срэбныя рэчы і залатыя рэчы і вопратку і даў Рэбэцы; таксама і брату яе і маці яе даў багатыя дарункі.
 
Затым, дастаўшы срэбраныя і залатыя рэчы ды шаты, даў іх Рэбэцы, і даў каштоўныя рэчы брату яе і маці.

І елі і пілі ён і людзі, якія былі зь ім, і заначавалі. Калі ж усталі раніцай, дык ён сказаў: пусьцеце мяне да гаспадара майго.
 
Тады елі і пілі ён сам і мужчыны, якія былі з ім, і там пераначавалі. А ўстаўшы раніцай, сказаў паслугач: «Пусціце мяне, каб вярнуўся я да гаспадара майго».

Але брат яе і маці сказалі: хай пабудзе з намі дзяўчына дзён зь дзесяць; потым пойдзеш.
 
І адказалі брат яе і маці: «Хай застанецца дзяўчына прынамсі дзесяць дзён у нас, а потым выправіцца».

Ён сказаў ім: ня трымайце мяне, бо Гасподзь добра ўладкаваў шлях мой; пусьцеце мяне, і я пайду да гаспадара майго.
 
«Не затрымлівайце мяне, кажа ён, бо Госпад накіраваў дарогу маю. Адпусціце мяне, каб я паспяшыў да гаспадара майго».

Яны сказалі: паклічам дзяўчыну і спытаемся, што яна скажа.
 
Сказалі яны: «Паклічам дзяўчыну і запытаемся яе волі».

І паклікалі Рэбэку і сказалі ёй: ці пойдзеш з гэтым чалавекам? Яна сказала: пайду.
 
Калі пакліканая прыйшла, запыталі яе: «Хочаш ісці з гэтым чалавекам?» Яна кажа: «Пайду».

І пусьцілі Рэбэку, сястру сваю, і карміцельку яе, і раба Абрагамавага, і людзей ягоных.
 
Дык адпусцілі Рэбэку, сястру сваю, і карміліцу яе, і паслугача Абрагама, і спадарожных яго,

І дабраславілі Рэбэку і сказалі ёй: сястра наша, хай родзяцца ад цябе тысячы тысяч, і хай валодаюць нашчадкі твае жытлішчамі ворагаў тваіх,
 
жадаючы ўсяго найлепшага сястры сваёй і кажучы: «Ты — сястра наша, расці ў тысячы тысяч, і хай патомства тваё здабудзе брамы сваіх ворагаў!»

І ўстала Рэбэка і служанкі яе, і селі на вярблюдаў, і паехалі за тым чалавекам. І раб узяў Рэбэку і пайшоў.
 
Тады ўзнялася Рэбэка і яе паслугачкі і, сеўшы на вярблюдаў, падаліся ў дарогу за [тым] чалавекам. І паслугач забраў Рэбэку, і выехаў.

А Ісаак прыйшоў з Бэер-Лахай-Роі, бо жыў ён у зямлі паўдзённай.
 
А Ізаак, які жыў у зямлі Нагэб, акурат вяртаўся ад студні Лахай-Рой.

Як пачало вечарэць, Ісаак выйшаў у поле падумаць, і ўзьвёў вочы свае, і ўбачыў: вось, ідуць вярблюды.
 
І выйшаў Ізаак на поле надвячоркам памаркоціцца. Калі падняў ён вочы, убачыў вярблюдаў надыходзячых.

Рэбэка зірнула, і ўбачыла Ісаака, і спусьцілася зь вярблюда.
 
Рэбэка таксама падняла вочы і ўбачыла Ізаака, і сышла яна з вярблюда.

І сказала рабу: хто гэты чалавек, які ідзе па полі насустрач нам? Раб сказаў: гэта гаспадар мой. І яна ўзяла пакрывала і закрылася.
 
І пытаецца ў паслугача: «Што гэта за чалавек, які ідзе праз поле насустрач нам?» Ён сказаў ёй: «Сам гаспадар мой». Тады яна, хутка ўзяўшы вэлюм, прыкрылася.

А раб сказаў Ісааку ўсё, што зрабіў.
 
А паслугач усё, што ўчыніў, расказаў Ізааку.

І ўвёў яе Ісаак у намёт Сарры, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку, і яна сталася яму жонкай, і ён пакахаў яе; і суцешыўся Ісаак у журбоце па маці сваёй.
 
І той увёў яе ў палатку Сары, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку за жонку, і пакахаў яе, і яна была суцяшэннем яму па смерці маці яго.