Быццё 31 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І пачуў Якаў словы сыноў Лаванавых, якія казалі: Якаў завалодаў усім, што было ў бацькі нашага, і з маёмасьці бацькі нашага склаў усё багацьце гэта.
 
І чуў, як сыны Лабана гаварылі: «Якуб забраў усё, што было ў нашага бацькі, і з маёмасці нашага бацькі набыў такія багацці».

І ўбачыў Якаў Лаванаў твар, і вось, ён не такі да яго, як быў учора і заўчора.
 
Пасля таго звярнуў Якуб увагу на твар Лабана, што стаўся ён адносна яго, не як учора і заўчора.

І сказаў Гасподзь Якаву: вярніся ў зямлю бацькоў тваіх і на радзіму тваю: і Я буду з табою.
 
І сказаў Госпад Якубу: «Вяртайся ў зямлю бацькоў сваіх і да радні сваёй, а Я буду з табой».

І паслаў Якаў, і паклікаў Рахіль і Лію ў поле, да статку дробнага быдла свайго,
 
І паслаў Якуб паклікаць Ракель і Лію на поле, дзе ён пасвіў статкі,

і сказаў ім: я бачыў твар бацькі вашага, што ён да мяне не такі, як быў учора і заўчора; але Бог бацькі майго быў са мною;
 
і сказаў ім: «Бачу па выразе твару вашага бацькі, што ён не такі для мяне, як учора і заўчора, але Бог майго бацькі быў са мною

вы самі ведаеце, што я з усяе сілы служыў бацьку вашаму,
 
і вы самі ведаеце, што з усіх намаганняў маіх я служыў бацьку вашаму.

а бацька ваш ашукваў мяне і разоў дзесяць перамяняў узнагароду маю; але Бог не дапусьціў яго зрабіць мне ліха.
 
Але бацька ваш усё падманвае мяне і дзесяць разоў мяняе маю плату; ды, аднак, Бог не даў яму пакрыўдзіць мяне.

Калі сказаў ён, што быдла з плямкамі будзе табе ўзнагародаю, дык быдла ўсё радзіла з плямкамі. А калі ён сказаў: пярэстыя будуць табе ўзнагародаю, дык усё быдла і радзіла пярэстых.
 
Калі вось сказаў: “Крапкаваныя будуць тваёй платай”, — нараджалі ўсе авечкі крапкаваных ягнят. Калі ж сказаў ён наадварот: “Тых, што пярэстыя, атрымаеш як плату”, — усе жывёлы ў статку нараджалі пярэстых.

І адабраў Бог быдла ў бацькі вашага і даў мне.
 
Так забраў Бог маёмасць бацькі вашага і даў мне.

Аднаго разу ў такую пару, калі быдла зачынае, я паглядзеў і ўбачыў у сьне, і вось казлы, якія падняліся на быдла, пярэстыя з плямкамі і стракацінамі.
 
Пасля таго як надышоў час апладнення статка, узнёс я вочы мае і ўбачыў у сне, што самцы, якія пакрываюць самак, — пярэстыя, крапкаваныя і плямістыя.

Анёл Божы сказаў мне ў сьне: Якаве! Я сказаў: вось я.
 
І сказаў мне ўва сне анёл Божы: “Якуб!” Я адказаў: “Вось я”.

Ён сказаў: падымі вочы твае і паглядзі: усе казлы, што падняліся на быдла, пярэстыя, з плямкамі і стракацінамі; бо Я бачу ўсё, што Лаван робіць з табою;
 
Ён сказаў: “Падымі вочы свае і паглядзі на ўсіх самцоў, што пакрываюць самак: яны пярэстыя, крапкаваныя і ў плямах. Я ж бачу ўсё, што зрабіў табе Лабан.

Я Бог у Вэтылі, дзе ты паліў алеем помнік і даў Мне зарок; цяпер устань, выйдзі зь зямлі гэтай і вярніся да зямлі радзіны тваёй.
 
Я — Бог з Бэтэля, дзе намасціў ты камень і дзе прынёс Мне прысягу. Дык цяпер падыміся, выйдзі з гэтай зямлі, каб вярнуцца ў зямлю, дзе ты нарадзіўся”».

Рахіль і Лія сказалі яму ў адказ: ці ёсьць нам яшчэ доля і спадчына ў доме бацькі нашага?
 
Адказалі яму Ракель і Лія: «Ці маем мы яшчэ частку і спадчыну ў доме бацькі нашага?

ці ня чужымі ён лічыць нас? бо ён прадаў нас і зьеў нават срэбра наша;
 
Ці ж не лічыў ён нас за чужых, бо прадаў нас і з’еў плату за нас?

таму ўсё багацьце, якое Бог адабраў у бацькі нашага, ёсьць нашае і дзяцей нашых; дык вось, рабі ўсё, што Бог сказаў табе.
 
Але ўсё багацце, якое Бог забраў у бацькі нашага, нам аддаў і дзецям нашым. Таму ўсё, што Бог загадаў табе, рабі».

І ўстаў Якаў, і пасадзіў дзяцей сваіх і жонак сваіх на вярблюдаў,
 
Дык устаў Якуб, і пасадзіў дзяцей сваіх і жонак сваіх на вярблюдаў,

і ўзяў з сабою ўсё быдла сваё, якое набыў, быдла ўласнае ягонае, якое ён набыў у Месапатаміі, каб ісьці да Ісаака, бацькі свайго, у зямлю Ханаанскую.
 
і ўзяў з сабой усе статкі свае і ўсю маёмасць сваю, што здабыў у Падан-Араме, каб ісці да Ізаака, бацькі свайго, у зямлю Ханаан.

І як Лаван пайшоў стрыгчы быдла сваё, дык Рахіль забрала ідалаў, якія былі ў бацькі яе.
 
У той час Лабан выбраўся стрыгчы авечак, і Ракель скрала балванаў хатніх бацькі свайго.

А Якаў забраў сэрца ў Лавана Арамэйца, бо не паведаміў яму, што адыходзіць.
 
А Якуб ашукаў сэрца Лабана, не папярэджваючы яго, што мае ўцячы.

І пайшоў з усім, што ў яго было; і ўстаўшы перайшоў раку і скіраваўся да гары Галаад.
 
І калі ўцёк ён з усім, што меў, то, перайшоўшы рэчку, накіраваўся на гару Галаад.

На трэці дзень сказалі Лавану, што Якаў сышоў.
 
Трэцяга дня паведамілі Лабану, што Якуб уцёк.

Тады ён узяў з сабою родзічаў сваіх, і гнаўся за ім сем дзён, і дагнаў яго на гары Галаад.
 
Той, сабраўшы братоў сваіх, сем дзён даганяў яго і дагнаў яго на гары Галаад.

І прыйшоў Бог да Лавана Арамэйца ўначы ў сьне і сказаў яму: сьцеражыся, не кажы Якаву ні добрага, ні благога.
 
І прыйшоў Бог да Лабана арамейца ноччу ўва сне, і сказаў яму: «Сцеражыся, не гавары нічога благога супраць Якуба!»

І дагнаў Лаван Якава; а Якаў паставіў намёт свой на гары, і Лаван з родзічамі сваімі паставіў на гары Галаад.
 
Якуб на гары ўжо расцягваў палатку, калі Лабан, дагнаўшы яго з братамі сваімі, на той жа гары Галаад паставіў палатку.

І сказаў Лаван Якаву: што ты зрабіў? навошта ты ашукаў мяне і зьвёў дачок маіх, як палоненых зброяй?
 
І сказаў ён Якубу: «Чаму ты так зрабіў і ашукаў сэрца маё, вывеўшы дачок маіх, як паланянак?

навошта ты ўцёк таемна, і схаваўся ад мяне, і не сказаў мне? Я адпусьціў бы цябе з радасьцю і зь песьнямі, з бубнам і з гусьлямі;
 
Чаму ты патаемна ўцёк і ашукаў мяне, не паведаміўшы мне, каб я мог правесці цябе з радасцю і спевамі, з бубнамі і цытрамі?

ты не дазволіў мне нават пацалаваць унукаў маіх і дачок маіх; неразумна ты зрабіў.
 
Ты не даў мне пацалаваць маіх унукаў і дачок, неразумна зрабіў ты!

Ёсьць у руцэ маёй сіла зрабіць вам ліхое; але Бог бацькі вашага ўчора гаварыў са мною і сказаў: сьцеражыся, не кажы Якаву ні добрага, ні благога.
 
А цяпер магла рука мая адгадзіць табе ліхам, але Бог бацькі твайго ўчора сказаў мне: “Сцеражыся, не гавары нічога ліхога супраць Якуба!”

Але хай бы ты пайшоў, бо табе не цярпелася быць у доме ў бацькі твайго, — навошта ты ўкраў багоў маіх?
 
Добра, ты выправіўся, бо цягнула цябе да дому бацькі твайго, але чаму ты скраў багоў маіх?»

Якаў адказаў Лавану і сказаў: я баяўся, бо я думаў, каб жа не адабраў ты ў мяне дачок тваіх.
 
Якуб адказаў: «Бо я баяўся. Бо я думаў, каб ты часам сілай не адабраў дачок сваіх у мяне.

У каго знойдзеш багоў тваіх, той ня будзе жывы: пры родзічах нашых даведвайся, што ў мяне і вазьмі сабе. Якаў ня ведаў, што Рахіль украла іх.
 
А ў каго знойдзеш багоў сваіх, хай той не жыве! У прысутнасці братоў нашых абшукай, і што знойдзеш свайго ў мяне — забірай!» А не ведаў Якуб, што Ракель скрала балванаў.

І хадзіў Лаван у намёт Якаваў і ў намёт Ліін і ў намёт дзьвюх рабыняў, але не знайшоў. І выйшаў з намёта Ліі, і ўвайшоў у намёт Рахілін.
 
І Лабан, увайшоўшы ў палаткі Якуба і Ліі, і абедзвюх паслугачак, не знайшоў, і, выйшаўшы з палаткі Ліі, увайшоў у палатку Ракель.

А Рахіль узяла ідалаў і паклала іх пад вярблюджае сядло, і села на іх. І абшукаў Лаван увесь намёт, і не знайшоў.
 
А яна схавала балванаў пад вярблюдавае сядло і села зверху. А калі абшукаў Лабан усю палатку і не знайшоў нічога,

А яна сказала бацьку свайму: хай не загневаецца гаспадар мой, што я не магу ўстаць перад табою; бо ў мяне звычайнае жаночае. І Лаван шукаў, але не знайшоў ідалаў.
 
сказала: «Хай не гневаецца гаспадар мой, што перад табою ўстаць не магу, бо дзеля звычайнага жаночага не магу». Дык абшукаў ён, але балванаў не знайшоў.

Якаў раззлаваўся і ўступіў у спрэчку з Лаванам. І загаварыў Якаў і сказаў Лавану: якая віна мая, які грэх мой, што ты дагнаў мяне?
 
І, раззлаваўшыся, сказаў Якуб з лаянкай: «Дзеля якой віны маёй і дзеля якога граху майго ты так пераследуеш мяне,

ты агледзеў у мяне ўсе рэчы, што знайшоў ты з усіх рэчаў твайго дома? пакажы тут перад родзічамі маімі і перад родзічамі тваімі; няхай яны рассудзяць нас абодвух.
 
што абшукваеш усе рэчы мае? Што ты знайшоў з усёй маёмасці дому твайго? Пакладзі тут, у прысутнасці братоў маіх і братоў сваіх, і хай яны рассудзяць між мной і табой.

Вось, дваццаць гадоў я быў у цябе; авечкі твае і козы твае ня выкідвалі; бараноў са статку твайго я ня еў;
 
Вось, дваццаць гадоў я жыў з табой. Твае авечкі і козы не скідалі, і бараноў са статка твайго я не еў.

разадранага зьверам Я ня прыносіў табе, гэта была мая страта; ты зь мяне спаганяў ці калі ўдзень што-колечы прападала, а ці ўначы прападала;
 
Раздзёртага дзікім зверам не прыносіў табе, я сам аддаваў за ўсякую страту. Калі што было скрадзена ці ўдзень, ці ўначы — ты вымагаў ад мяне.

я зьнемагаў удзень ад сьпёкі, а ўначы ад сьцюжы, і сон мой бег ад вачэй маіх.
 
Днём мучыла мяне спякота, а ноччу холад, сон уцякаў ад вачэй маіх.

Такія мае дваццаць гадоў у доме тваім. Я служыў табе чатырнаццаць гадоў за дзьвюх дачок тваіх і шэсьць гадоў за быдла тваё; а ты дзесяць разоў мяняў узнагароду маю.
 
Так праз дваццаць гадоў у доме тваім я служыў табе: чатырнаццаць за дачок, а шэсць за статкі твае. Дзесяць разоў таксама змяняў ты плату маю.

Калі б ня быў са мною Бог бацькі майго, Бог Абрагама і страх Ісаака, — ты б цяпер адпусьціў мяне ні з чым. Бог убачыў гароту маю і працу рук маіх і заступіўся за мяне ўчора.
 
Каб Бог бацькі майго, Бог Абрагама, і Той, Каго з бояззю славіць Ізаак, не ўспамагаў мне, то ты, несумненна, пусціў бы мяне з нічым; няшчасце маё і цяжкую працу рук маіх убачыў Бог і вынес прысуд учора».

І адказваў Лаван і сказаў Якаву: дочкі — мае дочкі; дзеці — мае дзеці; быдла — маё быдла, і ўсё, што ты бачыш, гэта маё; ці магу я цяпер што зрабіць з дочкамі маімі і зь дзецьмі іхнімі, якія народжаны імі?
 
Лабан адказаў яму: «Дочкі — мае дочкі, дзеці — мае дзеці, статкі — мае статкі ды ўсё, што бачыш, — маё. Але што я магу зрабіць сёння маім дочкам або іх дзецям, якіх яны нарадзілі?

цяпер пастановім спрымірэньне я і ты, і гэта будзе сьведчаньнем паміж мною і табою.
 
Дык хадзем, заключым пагадненне, я і ты, каб было яно сведчаннем між мною і табой».

І ўзяў Якаў камень і паставіў яго помнікам.
 
Тады вось Якуб прынёс камень, і паставіў як памятны знак,

І сказаў Якаў родзічам сваім: набярэце камянёў. Яны ўзялі камяні і зрабілі курган, і елі там на кургане.
 
і сказаў братам сваім: «Назбірайце камянёў!» Яны назбіралі і зрабілі курган. І елі там на ім.

І назваў яго Лаван: Егар-Сагадута; а Якаў назваў яго Галаадам.
 
І Лабан назваў яго: Егар-Сагадутаa, а Якуб — Галедамb.

І сказаў Лаван: сёньня гэты курган паміж табою і мною сьведка. Таму і дадзена яму імя: Галаад,
 
І Лабан сказаў: «Хай курган гэты будзе сведкам згоды сёння між мной і табой». І таму ён быў названы Галед,

а таксама: Міцца, за тое, што Лаван сказаў: няхай наглядае Гасподзь і за мною і за табою, калі мы зьнікнем адзін ад аднаго;
 
а таксама Міцпаc, бо ён сказаў: «Хай наглядае Госпад за мной і табой, калі разыдземся між сабой.

калі ты будзеш блага абыходзіцца з дочкамі маімі, альбо возьмеш жонак звыш дачок маіх, дык хоць няма чалавека паміж намі, але глядзі, Бог сьведка паміж мною і табою.
 
Калі б ты крыўдзіў дачок маіх і калі б узяў сабе акрамя іх іншых жонак, то хоць не будзе нікога з людзей між намі — глядзі: Бог — сведка між мной і табой!»

І сказаў Лаван Якаву: вось курган гэты і вось помнік, які я паставіў паміж мною і табою;
 
І сказаў Лабан Якубу: «Вось, курган і камень, якія я паставіў між мною і табой.

гэты курган сьведка, і гэты помнік сьведка, што ні я не перайду да цябе за гэты курган, ні ты не пяройдзеш да мяне за гэты курган і за гэты помнік, дзеля ліха;
 
Гэты курган і камень будуць сведкамі, што я не перайду за гэты курган, ідучы да цябе, і што ты не пяройдзеш за гэты курган і гэты камень дзеля ліхога.

Бог Абрагамаў і Бог Нахораў хай судзяць паміж намі, Бог бацькі іхняга. Якаў запрысягнуўся страхам бацькі свайго Ісаака.
 
Бог Абрагама і Бог Нахора хай рассудзіць паміж намі». І Якуб прысягнуў Тым, Каго з бояззю славіў Ізаак, яго бацька.

І закалоў Якаў ахвяру на гары і паклікаў родзічаў сваіх есьці хлеб; і яны елі хлеб і начавалі на гары.
 
А потым забіў на гары жывёлін на ахвяру і запрасіў сваіх братоў, каб паелі хлеба. А калі паелі, ляглі спаць на гары.

І ўстаў Лаван з самага рана і пацалаваў унукаў сваіх і дачок сваіх, і дабраславіў іх. І пайшоў і вярнуўся Лаван у сваё месца.
 
І Лабан, узняўшыся рана, пацалаваў унукаў сваіх і дачок сваіх, дабраславіў іх і вярнуўся ў сваё месца.