Быццё 38 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Тым часам Юда адышоў ад братоў сваіх і пасяліўся паблізу аднаго Адаламіцяніна, імя якога: Хіра.
 
У той час Юда пакінуў братоў сваіх і накіраваўся да чалавека адаламіта на імя Хіра.

І ўбачыў там Юда дачку аднаго Хананэяніна, імя якога: Шуа; і ўзяў яе і ўвайшоў у яе.
 
І ўбачыў там дачку аднаго хананея на імя Шуа, і, узяўшы яе за жонку, увайшоў да яе.

Яна зачала і нарадзіла сына; і ён даў яму імя: Ір.
 
Яна пачала, і нарадзіла сына, і дала яму імя Гэр.

І зачала зноў, і нарадзіла сына, і дала яму імя: Анан.
 
І зноў яна пачала, і народжанага сына назвала Анан.

І яшчэ нарадзіла сына і дала яму імя: Шэла. Юда быў у Хэзіве, калі яна нарадзіла яго.
 
І трэцяга нарадзіла таксама, і назвала яго Шэла. Яна прабывала ў Кезібе, калі яго нарадзіла.

І ўзяў Юда жонку Іру, першынцу свайму; імя ёй Тамар.
 
Юда даў свайму першароднаму сыну Гэру жонку на імя Тамар.

Ір, першынец Юдаў, быў неспадобны прад вачыма Госпада, і ўсьмерціў яго Гасподзь.
 
І першародны сын Юды Гэр быў нягодны ў вачах Госпада, і Ён паслаў на яго смерць.

І сказаў Юда Анану: увайдзі да жонкі брата твайго, ажаніся зь ёю, як швагер, і аднаві семя брату твайму.
 
Тады Юда сказаў Анану: «Увайдзі да жонкі брата свайго і жыві з ёй, каб вырасціць брату свайму нашчадкаў».

Анан ведаў, што семя будзе не яму; і таму, калі ўваходзіў да жонкі брата свайго, выліваў на зямлю, каб ня даць семя брату свайму.
 
А той, ведаючы, што нашчадкі не будуць яго, уваходзячы да жонкі брата свайго, семя зліваў на зямлю, каб не нарадзіліся нашчадкі з імем брата.

Благое было прад вачыма Госпада тое, што ён рабіў; і Ён усьмерціў яго.
 
Дзеля таго і на яго паслаў Госпад смерць, бо гнюсную справу чыніў ён.

І сказаў Юда Тамары, нявестцы сваёй: жыві ўдавою ў доме бацькі твайго, пакуль падрасьце Шэла, сын мой. Бо ён сказаў: не памёр бы і ён, як браты ягоныя. Тамар пайшла і пачала жыць у доме ў бацькі свайго.
 
З гэтай прычыны Юда сказаў Тамар, нявестцы сваёй: «Будзь удавой у доме бацькі свайго, пакуль не вырасце Шэла, сын мой». Баяўся бо, каб і той не памёр, як браты яго. А яна пайшла і жыла ў доме бацькі свайго.

Прайшло шмат часу, і памерла дачка Шуі, жонка Юдава. Юда суцешыўшыся пайшоў у Тамну, да стрыгалёў быдла ягонага, сам і Хіра, сябар ягоны Адаламіцянін.
 
І прайшло многа гадоў, і памерла дачка Шуа, жонка Юды. Ён па жалобе суцешыўся і выбраўся ў Тамну да стрыгуноў авечак сваіх, ён сам і прыяцель яго Хіра адаламіт.

І паведамілі Тамары, кажучы: вось, сьвёкар твой ідзе ў Тамну стрыгчы быдла сваё.
 
І нехта паведаміў Тамар, што свёкар яе выбіраецца ў Тамну стрыгчы авечак.

І зьняла яна зь сябе вопратку ўдоўства свайго, накрыла сябе пакрывалам і закрыўшыся села каля брамы Энаіма, што на дарозе ў Тамну. Бо бачыла, што Шэла вырас, і яна ня дадзена яму за жонку.
 
І яна, скінуўшы шаты ўдоўскія, пакрыла сябе вэлюмам і, змяніўшы выгляд, села ў браме Энайм каля дарогі, якая ідзе ў Тамну. Шэла вырас, а яна не атрымала яго за мужа.

І ўбачыў яе Юда і палічыў яе за распусьніцу, бо яна захінула твар свой.
 
І калі ўбачыў яе Юда, ён падумаў, што яна блудніца, бо прыкрыла твар свой.

Ён павярнуўся да яе і сказаў: увайду я да цябе. Бо ня ведаў, што гэта — нявестка ягоная. Яна сказала: што ты дасі мне, калі ўвойдзеш да мяне?
 
Павярнуўшы да яе на дарозе, ён сказаў: «Хадзем, хачу з табой пагуляць», а не ведаў ён, што гэта яго нявестка. А калі яна запыталася: «Што мне дасі за тое, што са мною пагуляеш?» —

Ён сказаў: я прышлю табе казьляня са статку. Яна сказала: ці дасі ты мне заклад, пакуль прышлеш?
 
ён сказаў: «Пашлю табе казляня са статка». Яна зноў сказала: «А ці дасі мне заруку, пакуль прышлеш яго?»

Ён сказаў: які даць табе заклад? Яна сказала: пячатку тваю, і перавязь тваю, і лёску тваю, якая ў руцэ тваёй. І даў ён ёй і ўвайшоў да яе; і яна зачала ад яго.
 
Юда кажа: «Якую даць табе заруку?» Адказала: «Пячатку тваю, і пасак, і кій, які трымаеш у руцэ». І ён даў ёй, і ад сувязі з ім жанчына пачала.

І ўстаўшы пайшла, зьняла зь сябе пакрывала сваё і апранулася ў вопратку ўдоўства свайго.
 
Потым паднялася яна, і пайшла, і, зняўшы вэлюм, апранулася зноў ва ўдоўскія шаты.

А Юда паслаў казьляня празь сябра свайго Адаламіцяніна, каб забраць заклад з рукі жанчыны; але ён не знайшоў яе.
 
А Юда паслаў казляня праз сябра свайго адаламіта, каб вярнуў заруку, якую ён даў жанчыне. Той жа, калі не знайшоў яе,

І спытаўся ў жыхароў той мясьціны, кажучы: дзе распусьніца, якая была ў Энаіме пры дарозе? Але яны сказалі: тут ня было распусьніцы.
 
распытваўся ў людзей таго месца: «Дзе блудніца, якая сядзела пры дарозе ў Энайм?» А многія адказвалі: «Не было на гэтым месцы блудніцы».

І вярнуўся ён да Юды і сказаў: я не знайшоў яе; ды і жыхары мясьціны той сказалі: тут ня было распусьніцы.
 
Тады той, вярнуўшыся да Юды, сказаў яму: «Не знайшоў яе, і людзі таго месца казалі мне, што там ніколі не сядзела блудніца».

Юда сказаў: няхай яна возьме сабе, каб толькі не пачалі з нас сьмяяцца; вось, я пасылаў гэтае казьляня; але ты не знайшоў яе.
 
І кажа Юда: «Хай сабе мае. Каб толькі з нас не смяяліся. Я паслаў казляня, якое абяцаў, але ты яе не знайшоў».

Прайшло каля трох месяцаў, і сказалі Юду, кажучы: Тамар, нявестка твая, далася ў распусту, і вось, яна цяжарная ад распусты. Юда сказаў: выведзіце яе, і хай яна будзе спалена.
 
І вось, па трох месяцах паведамілі Юду: «Твая нявестка Тамар аддалася распусце і зацяжарала з распусты». І сказаў Юда: «Прывядзіце яе, каб была спалена».

Але калі павялі яе, яна паслала сказаць сьвёкру свайму: я цяжарная ад таго, чые гэта рэчы. І сказала: даведайся, чыя гэта пячатка і перавязь і лёска.
 
А калі яе выводзілі на пакаранне, яна паслала да свайго свёкра сказаць яму: «Я пачала ад таго мужчыны, якога гэтыя рэчы. Пазнавай, чыя пячатка, пасак і кій».

Юда пазнаў і сказаў: яна справядлівейшая за мяне, бо я ня даў яе Шэлу, сыну майму. І не спазнаваў яе болей.
 
І ён, пазнаўшы заруку, сказаў: «Яна справядлівейшая за мяне, бо я не аддаў яе Шэлу, сыну майму!» І болей да яе не ўваходзіў.

Пад час родаў яе выявілася, што блізьняты ў нутробе ў яе.
 
І калі настаў час нараджаць, выявілася, што мае ва ўлонні двайнятаў. У час родаў адно з дзяцей высунула ручку, на якую павітуха завязала чырвоную стужку, кажучы:

І пад час родаў яе паказалася рука; і ўзяла бабка-павітуха і навязала яму на руку чырвоную нітку, сказаўшы: гэты выйшаў першы.
 
«Гэты выйшаў першы».

Але ён вярнуў руку сваю; і вось, выйшаў брат ягоны. І яна сказала: як ты разарваў сабе перашкоду? І дадзена яму імя: Фарэс.
 
Але яно ўцягнула ручку, і выйшаў брат яго. І сказала жанчына: «Як ты зламаў сабе перагароду?» І з той прычыны было дадзена імя яму Пэрэсa.

Потым выйшаў брат ягоны з чырвонаю ніткаю на руцэ. І дадзена яму імя: Зара.
 
А па ім выйшаў брат яго, у якога на руцэ была стужка; і ён названы Зараb.