Быццё 48 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Пасьля таго Язэпу сказалі: вось, бацька твой хворы. І ён узяў з сабою двух сыноў сваіх, Манасію і Яфрэма.
Па гэтых падзеях было паведамлена Язэпу, што захварэў бацька яго. І ён узяў з сабой двух сыноў, Манасу і Эфраіма.
Якаву паведамілі і сказалі: вось, сын твой Язэп ідзе да цябе. Ізраіль сабраў сілу сваю і сеў на пасьцелі.
І сказалі старому: «Вось жа, сын твой Язэп прыйшоў да цябе». Ён, сабраўшы сілы, сеў на ложку
І сказаў Якаў Язэпу: Бог Усемагутны явіўся мне ў Лузе, у зямлі Ханаанскай, і дабраславіў мяне,
і, калі той увайшоў да яго, сказаў: «Усемагутны Бог аб’явіўся мне ў Лузе, які ёсць у зямлі Ханаан, і дабраславіў мяне,
і сказаў мне: вось, Я распладжу цябе і памножу цябе, і выведу зь цябе мноства народаў, і дам зямлю гэтую нашчадкам тваім пасьля цябе, у вечнае валоданьне.
і сказаў: “Я пашыру цябе і размножу, і зраблю цябе мноствам народаў. Дам табе і нашчадкам тваім па табе гэтую зямлю на вечную ўласнасць”.
І сёньня два сыны твае, што радзіліся ў зямлі Егіпецкай, да майго прыбыцьця да цябе ў Егіпет, мае яны; Яфрэм і Манасія, як Рувім і Сымон, будуць мае;
Дык два твае сыны, якія нарадзіліся табе ў зямлі Егіпецкай, перш чым я прыйшоў да цябе сюды, мае будуць: Эфраім і Манаса будуць лічыцца маімі, як Рубэн і Сімяон.
а твае дзеці, якія народзяцца ад цябе пасьля іх, будуць твае; яны пад імем братоў сваіх будуць называцца ў спадках іхніх.
Астатнія ж, якія народзяцца табе пасля іх, будуць тваімі і імем братоў сваіх назавуцца ва ўладаннях сваіх.
Калі я ішоў зь Месапатаміі, памерла ў мяне Рахіль у зямлі Ханаанскай, на дарозе, не даходзячы крыху да Эфраты, і я пахаваў яе там на дарозе да Эфраты, што сёньня Віфляем.
У мяне, вось, калі я вяртаўся з Падан-Арама, памерла Ракель, маці твая, у зямлі Ханаан, у той жа дарозе, калі заставаўся яшчэ нейкі кавалак да Эфраты, і я пахаваў яе ля дарогі ў Эфрату, якая іншым імем называецца Бэтлехэм».
І ўбачыў Ізраіль сыноў Язэпавых і сказаў: хто гэта?
Бачачы ж сыноў яго, спытаўся ў яго: «Хто гэта?»
І сказаў Язэп бацьку свайму: гэта сыны мае, якіх Бог даў мне тут. Якаў сказаў: падвядзі іх да мяне, і я дабраслаўлю іх.
[Язэп] адказваў: «Сыны мае, якіх даў мне Бог у гэтым месцы». «Падвядзі, — кажа, — іх да мяне, каб я іх дабраславіў!»
А вочы Ізраілевыя прытупіліся ад старасьці, ня мог ён бачыць ясна. Язэп падвёў іх да яго, і ён пацалаваў іх і абняў іх.
А вочы Ізраэля дзеля вялікай старасці былі зацмёныя і не маглі выразна бачыць. Дык калі падвёў іх да яго, абняў іх і пацалаваў,
І сказаў Ізраіль Язэпу: не спадзяваўся я ўбачыць твой твар: але вось, Бог паказаў мне і дзяцей тваіх.
і сказаў сыну свайму: «Не быў я пазбаўлены таго, каб убачыць цябе, звыш таго, паказаў мне Бог нашчадкаў тваіх».
І адвёў іх Язэп ад каленяў ягоных і пакланіўся яму тварам да самай зямлі.
Язэп, адсунуўшы дзяцей ад грудзей бацькі, пакланіўся яму тварам аж да зямлі.
І ўзяў Язэп абодвух, Яфрэма ў правую сваю руку насупраць левай Ізраіля, а Манасію ў левую насупраць правай Ізраіля, і падвёў да яго.
І паставіў Эфраіма праваруч сябе, гэта значыць леваруч Ізраэля, а Манасу лявіцай сваёй, значыць, праваруч бацькі; і падвёў абодвух да яго.
Але Ізраіль працягнуў правую руку сваю і паклаў на галаву Яфрэму, хоць гэты быў меншы, а левую на галаву Манасіі. З намерам паклаў ён так рукі свае, хоць Манасія быў першынец.
Той, выцягнуўшы правую руку, паклаў яе на галаву Эфраіма, малодшага брата, а левую руку — на галаву Манасы, старэйшага гадамі, змяняючы рукі.
І дабраславіў Язэпа і сказаў: Бог, прад Якім хадзілі бацькі мае, Абрагам і Ісаак, Бог, Які пасе мяне з таго часу, як я існую, да сёньня,
І дабраславіў Якуб Язэпа, і сказаў: «Бог, у прысутнасці Якога хадзілі бацькі мае, Абрагам і Ізаак, Бог, Які пасвіў мяне ад юнацтва майго аж па сённяшні дзень,
анёл, які ратуе мяне ад усякага ліха, каб дабраславіць хлопчыкаў гэтых; хай будзе на іх названа імя маё і імя бацькоў маіх, Абрагама і Ісаака, і хай паўстануць яны ў мностве пасярод зямлі.
Анёл, які вырываў мяне з усякіх бед, хай дабраславіць гэтых хлопцаў! Хай імя маё, а таксама імёны бацькоў маіх, Абрагама і Ізаака, прызываюцца над імі, і хай яны растуць у вялікае мноства на зямлі!»
І ўбачыў Язэп, што бацька ягоны паклаў правую руку сваю на галаву Яфрэму; і скрушліва было яму ад гэтага. І ўзяў ён руку бацькі свайго, каб перакласьці яе з галавы Яфрэма на галаву Манасіі,
Калі Язэп убачыў, што бацька яго паклаў правую руку на галаву Эфраіма, не спадабалася гэта яму. І, схапіўшы бацькаву руку, паспрабаваў перакласці з галавы Эфраіма на галаву Манасы.
і сказаў Язэп бацьку свайму: ня так, бацька мой, бо гэта — першынец; пакладзі на яго правую руку тваю.
І сказаў бацьку: «Не выпадае так, ойча, бо гэты першародны: пакладзі правіцу сваю на яго галаву!»
Але бацька яго не згадзіўся і сказаў: ведаю, сыне мой, ведаю; і ад яго пойдзе народ, і ён будзе вялікі; але меншы яго брат будзе большы за яго, і ад семені яго пойдзе шматлікі народ.
Але бацька, пярэчачы, сказаў: «Ведаю, сын мой, ведаю, і гэты таксама стане народам і памножыцца, але брат яго меншы большым будзе за яго, і патомства яго разрасцецца ў мноства плямёнаў».
І дабраславіў іх у той дзень, кажучы: табою будзе дабраслаўляць Ізраіль, кажучы: Бог няхай створыць табе, як Яфрэму і Манасіі. І паставіў Яфрэма вышэй за Манасію.
І дабраславіў іх у той дзень, кажучы: «Табою будзе дабраслаўляць Ізраэль, і скажа: “Хай учыніць табе Бог, як Эфраіму і як Манасе!”» І даў ён пяршынства Эфраіму перад Манасам.
І сказаў Ізраіль Язэпу: вось, я паміраю; і Бог будзе з вамі і верне вас у зямлю бацькоў вашых;
І сказаў ён Язэпу, сыну свайму: «Вось, я паміраю, але Бог будзе з вамі і верне вас у зямлю бацькоў вашых.
я даю табе, звыш братоў тваіх, адну дзялянку, якую я ўзяў з рук Амарэяў мечам сваім і лукам сваім.
І я даю табе болей, чым братам тваім, на адну частку, якую здабыў я з рукі амарэя мечам і лукам сваім».