Эстэр 6 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
У тую ноч Гасподзь забраў сон у цара, і ён загадаў прынесьці памятную кнігу дзённых запісаў; і чыталі іх перад царом,
У тую ноч цар не мог заснуць, дык загадаў прынесці яму памятную кнігу — аналы мінулага часу. Калі іх чыталі ў прысутнасці цара,
і знойдзена запісанае там, як данёс Мардахэй на Гавату і Тару, двух еўнухаў царскіх, якія ахоўвалі парог, якія намышлялі накласьці руку на цара Артаксэркса.
знойдзена было тое месца, у якім было напісана, як Мардахэй данёс пра падкопы двух прыдзверных еўнухаў, Багату і Тарэса, якія хацелі накласці рукі на цара Асуэра.
І сказаў цар: якая дадзена пашана і адрозьненьне Мардахэю за гэта? І сказалі хлопчыкі царовыя, якія служылі пры ім: нічога ня зроблена яму.
Калі гэта цар пачуў, спытаўся: «Што за гэту вернасць атрымаў Мардахэй, якую пашану і ўзнагароду?» І сказалі яму паслугачы яго і памочнікі: «Ён не атрымаў зусім ніякай узнагароды».
І сказаў цар: хто на двары? Аман прыйшоў тады на зьнешні двор царскага дома пагаварыць з царом, каб павесілі Мардахэя на дрэве, якое ён падрыхтаваў для яго.
І раптам спытаўся цар: «Хто там на панадворку?» А гэта прыйшоў Аман на знешні панадворак царскага дома параіць цару, каб ён загадаў павесіць на шыбеніцы, якую [Аман] яму падрыхтаваў, Мардахэя.
І сказалі хлопчыкі цару: вось, Аман стаіць на двары. І сказаў цар: хай увойдзе.
Паслугачы адказалі: «Гэта Аман стаіць на панадворку». І цар загадаў: «Хай увойдзе!»
І ўвайшоў Аман. І сказаў яму цар: што зрабіў бы таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанай? Аман падумаў у сэрцы сваім: каму іншаму захоча цар зрабіць пашану, акрамя мяне?
І, калі ён увайшоў, сказаў яму: «Што належыць зрабіць таму чалавеку, якога цар хоча ўшанаваць?» Аман жа, думаючы ў сваім сэрцы і разумеючы, што нікога іншага, але яго цар ушанаваць хоча,
І сказаў Аман цару: таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанаю,
адказаў: «Чалавек, якога цар прагне ўшанаваць,
хай прынясуць вопратку царскую, у якую апранаецца цар, і прывядуць каня, на якім езьдзіць цар, пакладуць царскі вянок на галаву яму,
павінен апрануцца ў царскія шаты, у якія цар апрануты, і павінен быць пасаджаны на каня з-пад сядла царскага, і хай возьме на галаву сваю вянец царскі;
і хай пададуць вопратку і каня ў руку аднаму зь першых князёў царскіх, — і апрануць таго чалавека, якога цар хоча вылучыць пашанаю, і вывядуць яго на кані на гарадскі пляц, і абвесьцяць перад ім, так робіцца таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанай!
ды хай першы з найбольш знатных князёў царскіх апране яго, і трымае каня яго, і, ідучы вуліцамі горада, выкрывае і кажа: “Так будзе ўшанаваны кожны, каго захоча цар ушанаваць”».
І сказаў цар Аману: зараз жа вазьмі вопратку і каня, як ты сказаў, і зрабі гэта Мардахэю Юдэю, які сядзіць каля царскае брамы; нічога не прапусьці з таго, што ты казаў.
Дык сказаў яму цар: «Паспяшайся, узяўшы шаты і каня, як ты сказаў — зрабі Мардахэю, юдэю, які сядзіць у браме палаца; глядзі, каб не прапусціць нічога з таго, што ты сказаў».
І ўзяў Аман вопратку і каня і апрануў Мардахэя, і вывеў яго на кані на гарадскі пляц і абвясьціў перад ім: так робіцца таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанаю!
Такім чынам, Аман узяў шаты і каня; і ўбраў Мардахэя, і, пасадзіўшы на каня, ішоў наперадзе па гарадской плошчы, выкрыкваючы: «Такою пашанаю ўшаноўваецца той, каго захоча цар ушанаваць».
І вярнуўся Мардахэй да царскае брамы. А Аман пасьпяшаўся ў дом свой, журботны і закрыўшы галаву.
І вярнуўся Мардахэй да брамы палаца; і Аман паспешна пайшоў, сумны, у дом свой з закрытай галавой.
І пераказаў Аман Зэрэшы, жонцы сваёй, і ўсім сябрам сваім усё, што здарылася зь ім. І сказалі яму мудрацы ягоныя і Зэрэш, жонка ягоная: калі з племені Юдэяў Мардахэй, празь якога ты пачаў падаць, дык не перасіліш яго, а, мабыць, упадзеш перад ім.
І Аман расказаў жонцы сваёй Зарэс і прыяцелям пра ўсё, што спаткала яго; адказалі яму мудрацы, якіх меў для парады, і жонка яго: «Калі Мардахэй з народа юдэйскага, а ты перад ім пачаў падаць, дык не зможаш перамагчы яго, але падзеш перад ім».
Яны яшчэ гутарылі зь ім, як прыйшлі еўнухі цара і сталі прысьпешваць ісьці на гасьціну, якую прыгатавала Эстэр.
Калі яны яшчэ з ім размаўлялі, прыйшлі еўнухі цара і прымусілі яго хутка ісці на застолле, якое справіла царыца Эстэр.