Эстэр 8 разьдзел

Кніга Эстэр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

У той дзень цар Артаксэркс аддаў царыцы Эстэры дом Амана, ворага Юдэяў; а Мардахэй увайшоў перад аблічча цара, бо Эстэр абвясьціла, што ён для яе.
 
У той дзень цар Асуэр даў царыцы Эстэр дом Амана, ворага юдэяў, і Мардахэй увайшоў перад аблічча цара, бо Эстэр сказала яму, кім быў ён для яе.

І зьняў цар пярсьцёнак свой, які ён адабраў у Амана, і аддаў яго Мардахэю; а Эстэр паставіла Мардахэя наглядчыкам над домам Амана.
 
Цар зняў пярсцёнак свой, які прыказаў узяць ад Амана, і даў Мардахэю; Эстэр жа паставіла Мардахэя загадчыкам дому Амана.

І гаварыла Эстэр далей перад царом і ўпала да ног ягоных, і плакала і ўмольвала яго адхіліць злосьць Амана Вугэяніна і намысел ягоны, які ён намысьліў супроць Юдэяў.
 
І зноў Эстэр прамовіла да цара і ўпала да ног яго, і плакала, і маліла яго, сказаўшы, каб ухіліўся ён ад змовы Амана Агагіта і падкопаў яго найгоршых, скіраваных супраць юдэяў.

І працягнуў цар да Эстэры залаты скіпетр; і ўстала Эстэр, і стала перад абліччам цара,
 
А цар выцягнуў у руцэ залаты скіпетр паводле звычаю, і яна, падняўшыся, стала перад ім

і сказала: калі цару заўгодна, і калі я здабыла ўпадабаньне перад абліччам ягоным, справядлівая справа гэтая перад абліччам цара, і падабаюся я вачам ягоным, дык няхай было б напісана, каб вернутыя былі пісьмы паводле намыслаў Амана, сына Амадата, Вугэяніна, пісаныя ім пра зьнішчэньне Юдэяў ва ўсіх вобласьцях цара;
 
і сказала: «Калі падабаецца цару, ды калі знайшла я ласку перад ім, і калі мая просьба не здаецца яму супраціўнай, і калі прынята была я ў вачах яго, дык малю, каб новымі лістамі былі скасаваны ранейшыя лісты Амана, сына Амадата, Агагіта, інтрыгана і ворага юдэяў, у якіх загадаў ён загубіць юдэяў ва ўсіх царскіх правінцыях.

бо, як я магу бачыць бедства, якое спасьцігне народ мой, і як я магу бачыць пагібель родных маіх?
 
Бо як я змагу перанесці гора, якое будзе цярпець народ мой, і загубу роду майго?»

І сказаў цар Артаксэркс царыцы Эстэры і Мардахэю Юдэю: вось, я дом Амана аддаў Эстэры, і яго самога павесілі на дрэве за тое, што накладваў руку сваю на Юдэяў;
 
І тады адказаў цар Асуэр царыцы Эстэр і юдэю Мардахэю: «Перадаў я Эстэр дом Амана і яго загадаў я павесіць на шыбеніцы, бо асмеліўся ён падняць руку на юдэяў.

напішэце і вы пра Юдэяў, што вам заўгодна, ад імя цара і змацуйце царскім пярсьцёнкам, бо ліст, напісаны ад імя цара і змацаваны пярсьцёнкам царскім, нельга зьмяніць.
 
Дык вы, калі вам падабаецца, напішыце юдэям ад імя цара, запячаткаваўшы лісты пярсцёнкам маім, бо лісты, напісаныя ад імя цара і пярсцёнкам яго запячаткаваныя, не могуць быць зменены».

І пакліканы былі тады царскія пісцы ў трэці месяц, гэта значыцца, у месяц Сіван, на дваццаць трэцім дні яго, і напісана было ўсё, як загадаў Мардахэй, як Юдэям так і сатрапам, і вобласьценачальнікам і ўпраўцам вобласным ад Індыі да Эфіопіі — ста дваццаці сямі вобласьцяў, у кожную вобласьць пісьмёнамі яе і да кожнага народу на мове ягонай, і да Юдэяў пісьмёнамі іхнімі і на мове іхняй.
 
І калі былі скліканы пісары цара — бо гэта быў час трэцяга месяца, які завецца Сібан, яго дзень дваццаць трэці, — напісаны былі лісты, як загадаў Мардахэй: юдэям, і сатрапам, і намеснікам, і князям, якія кіравалі ад Індыі аж да Этыёпіі, значыць ста дваццаццю сямю правінцыямі: паасобным правінцыям паасобным народам паводле іх моў і пісьма, і юдэям паводле іх пісьма і іх мовы.

І напісаў ён ад імя цара Артаксэркса, і змацаваў царскім пярсьцёнкам, і паслаў пісьмы праз ганцоў на конях, на драмадэрах і мулах царскіх,
 
І гэтыя лісты пасылаліся ад імя цара і запячаткаваны былі пярсцёнкам яго, і былі пасланыя праз вестуноў — коннікаў царскіх, якія скакалі на адборных жарабцах царскіх.

пра тое, што цар дазваляе Юдэям, якія ў любым горадзе, сабрацца і стаць на абарону жыцьця свайго, зьнішчыць, забіць і загубіць усіх моцных у народзе і ў вобласьці, якія ў варожасьці зь імі, дзяцей жонак, і маёмасьць іхнюю зрабаваць
 
У гэтых лістах цар дазволіў юдэям у паасобных гарадах збірацца ў адно, і стаяць, абараняючы сваё жыццё, забіваць і знішчаць усіх сваіх ворагаў разам з іх жонкамі і дзецьмі, а таксама забіраць іх маёмасць.

у адзін дзень па ўсіх вобласьцях цара Артаксэркса, у трынаццаты дзень дванаццатага месяца, гэта значыцца, месяца Адара.
 
І быў вызначаны адзін дзень помсты ва ўсіх правінцыях, гэта значыць трынаццаты дзень дванаццатага месяца, які завецца Адар. 12а Як загадаў ён ім карыстацца сваімі законамі ў кожным горадзе, і дапамагаць ім, і абыходзіцца з іх ворагамі і праціўнікамі, як яны жадаюць, у адзін дзень 12б ва ўсім царстве Артаксэркса, у чатырнаццаты дзень дванаццатага месяца, гэта значыць Адара. 12в Гэта копія ліста: 12г «Вялікі цар Артаксэркс перасылае прывітанне ста дваццаці сямі правінцыям ад Індыі да Этыёпіі, сатрапам ды ўсім, хто падначальваецца нашаму загаду. 12д Многія з-за надзвычайнай ласкавасці князёў і пашаны, якая была на іх ускладзена, падняліся ў пыху; 12дж і не толькі спрабуюць яны ўціскаць царскіх падданых, але і чыняць падкопы, узнёсшыся ў дадзенай ім славе, тым, хто даў яе. 12дз І не задавольваюцца яны атрыманнем ад людзей падзякі, але з-за пахвальбы сваёй не ведаюць дабра, фанабэрыстыя, а таксама думаюць, што могуць ухіліцца ад волі Бога, Які ўсё ведае і ненавідзіць ліха. 12е Часта ж і многія, надзеленыя ўладаю, з-за парады прыяцеляў, якім даручаны справы, становяцца ўдзельнікамі праліцця нявіннае крыві і ўцягваюцца ў непапраўныя беды, 12ё калі яны лжывымі і пераваротнымі падкопамі падманваюць шчырую спагадлівасць кіраўнікоў. 12ж Гэта можна бачыць як на даўніх гісторыях, так і на тых, якія на вачах паказваюць, што адбываецца з-за пошасці тых, хто ўладарыць ганебна. 12з Адсюль у далейшым трэба забяспечыць супакой ува ўсіх правінцыях. 12і Калі рашаем справы супярэчныя, якія перад вачамі, рашаем заўсёды з найспагаднейшаю ўвагаю. 12й Бо Аман, сын Амадата, мацэдонец, і чужы персам па крыві, і вельмі далёкі ад нашае дабраты, быў прыняты намі як госць. 12к І ўдастоіўся ён такой зычлівасці, якую адносна ўсяго маем народа, што бацькам нашым быў ён публічна называны, ды паважалі яго ўсе заўсёды, як другую асобу па цару. 12л Ён падняўся да такой пыхлівасці і нахабнасці, што меў намер пазбавіць нас і царства, і жыцця. 12м Бо жадаў нашага захавальніка і заўсёднага дабрадзея Мардахэя і беззаганную суправіцельніцу нашага царства Эстэр з усім іх народам нейкімі хітрымі і лжывымі махінацыямі давесці да загубы; 12н гэтак думаючы, спадзяваўся ён, што, забіўшы іх, наладзіць засаду ў час нашай бездапаможнасці і дзяржаву персаў перадаць мацэдонцам. 12о Мы ж знайшлі юдэяў сярод людзей, асуджаных на найгоршую смерць, без аніякай віны, наадварот, народам, які кіруецца найбольш справядлівымі законамі, 12п і сынамі найвышэйшага, і найвялікшага, і жывога заўсёды Бога, спагаднасць Якога да нас і да нашых продкаў — гэта царства, пабудаванае ў найлепшым парадку. 12р І добра зробіце, калі не будзеце глядзець на лісты, прысланыя Аманам, сынам Амадата, 12с ён за гэтае злачынства быў павешаны на шыбеніцы перад брамай гэтага горада, гэта значыць Сузаў, ён, які чыніў падкопы разам з усім родам сваім, бо Бог, Які ўсім валодае, неўзабаве аддаў яму за тое, што ён заслужыў. 12т А копію гэтага эдыкта, які цяпер пасылаем, памясціце ва ўсіх гарадах, каб дазволена было юдэям карыстацца сваімі законамі. 12у Маеце ім дапамагчы супраць тых, якія ў час бяды на іх нападуць, каб яны маглі абараніцца чатырнаццатага дня дванаццатага месяца, які завецца Адар. 12ў Гэты бо дзень, прызначаны на загубу выбранага народа, абярнуў Бог Усемагутны ў радасць ім. 12ф Дык і вы між вашых святаў гэты дзень майце за асаблівы ды святкуйце яго з вялікай радасцю, 12х каб цяпер і ў будучым быў ён для нас і прыхільных персаў збаўленнем, а для тых, якія наладжваюць засаду на нас, — памяткай загубы. 12ц Кожны ж горад і правінцыя, якая не захоча быць удзельнікам гэтае ўрачыстасці, згіне няхай ад меча ды агню; ды так хай будзе знішчана, каб быць недаступнай не толькі людзям, але каб таксама звярам і птушкам навек застацца агіднай. Бывайце».

Сьпіс з гэтага ўказу аддаць у кожную вобласьць, як закон, абвешчаны ўсім народам, каб Юдэі гатовыя былі да таго дня помсьціць ворагам сваім.
 
Копія ліста ў форме закону была абвешчана ва ўсіх правінцыях, каб усе народы ведалі, што юдэі прыгатаваліся ў той дзень спагнаць помсту на ворагах сваіх.

Ганцы, якія паехалі на борздых конях царскіх, пагналі хутка і сьпешна з царскім загадам. Абвешчаны быў указ і ў Сузах, сталічным горадзе.
 
І вырушылі вестуны на конях, спяшаючыся абвясціць, ды эдыкт царскі быў павешаны ў Сузах.

І Мардахэй выйшаў ад цара ў царскім адзеньні яхантавага і белага колеру і ў вялікім залатым вянку і ў мантыі вісоннай і пурпуровай. І горад Сузы разьвесяліўся і зарадаваўся.
 
Мардахэй жа выйшаў ад цара з палаца ў бліскучым адзенні царскім, гэта значыць у гіяцынтавым і белым, несучы вялікі залаты вянец на галаве, і апрануты ў плашч шаўковы і пурпуровы: і ўвесь горад цешыўся і весяліўся.

А ў Юдэяў было тады асьвячэньне і радасьць, і весялосьць і сьвяткаваньне.
 
У юдэяў жа, здалося, узышло новае святло: радасць, гонар і слава.

І ў кожнай вобласьці і ў кожным горадзе, у кожным месцы, куды толькі даходзіў ўказ ягоны, была радасьць у Юдэяў і весялосьць, гасьціна і сьвяточны дзень. І многія з народаў краіны зрабіліся Юдэямі, бо напаў на іх страх перад Юдэямі.
 
Ва ўсіх народах, гарадах і правінцыях, куды загады цара даходзілі, у юдэяў была радасць, застоллі і частаванні, і дзень святочны да таго, што вельмі многія іншага роду і веравання пераходзілі да іх рэлігіі і рытуалаў; бо напаў на ўсіх страх вялікі перад юдэямі.