Ёва 9 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І адказваў Ёў і сказаў:
І сказаў Ёў у адказ:
праўда! ведаю, што так; але як апраўдаецца чалавек прад Богам?
«Сапраўды, ведаю, што так ёсць, ды як апраўдаецца чалавек, перад Богам?
Калі захоча ўступіць у спрэчку зь Ім, дык не адкажа Яму ні на адно з тысячы.
Калі хто захоча спрачацца з Ім, Ён не адкажа яму і на адно [пытанне] з тысячы.
Мудры сэрцам і магутны сілаю; хто паўставаў супроць Яго і заставаўся ў спакоі?
Ён мудры сэрцам і магутны сілаю; хто супрацівіўся Яму і застаўся цэлым?
Ён перасоўвае горы, і не пазнаюць іх: Ён ператварае іх у гневе Сваім;
Ён пераносіць горы, і не ведаюць яны, якія пераварочвае Ён у гневе Сваім.
зрушвае зямлю зь месца яе, і слупы яе дрыжаць:
Ён зрушае зямлю з месца свайго, і слупы яе трасуцца.
скажа сонцу, — і ня ўзыдзе, і на зоркі накладвае пячатку.
Ён загадвае сонцу, і тое не ўзыходзіць, і замыкае зоркі, быццам пад пячаткай.
Ён адзін распасьцірае нябёсы і ходзіць па вышынях мора;
Ён адзін расцягвае нябёсы і крочыць па хвалях марскіх.
стварыў Ас, Кесіль, і Хіма і тайнікі поўдня;
Ён стварае Арктур, і Арыён, і Гіяды, і скрытыя [зоркі] поўдня.
робіць вялікае, непаддасьледнае і цудоўнае бясконца!
Ён стварае вялікае, і недаследнае, і дзівоснае без ліку.
Вось, Ён пройдзе перад мною, і ня ўбачу Яго; праімчыцца, і не заўважу Яго.
Калі Ён прыйдзе да мяне, я не ўбачу Яго; калі адыдзе, не зразумею.
Возьме, і хто забароніць Яму? хто скажа Яму: што Ты робіш?
Калі Ён раптам схопіць [каго], хто ж Яму перашкодзіць? Або хто можа сказаць: “Што Ты робіш?”
Бог не адверне гневу Свайго; прад Ім упадуць паборцы гардунства.
Бог не ўстрымлівае гневу Свайго, і пад ім схіляюцца прыхільнікі Рагаба.
Тым больш ці магу я адказваць Яму і шукаць сабе словаў прад Ім?
Дык ці ж я такі вялікі, каб адказваць Яму і гаварыць з Ім падабранымі словамі?
Хоць бы я і ў праўдзе быў, але ня буду адказваць, а буду ўмольваць Судзьдзю майго.
Бо, нават калі б я быў справядлівы, я не адказваў бы, а толькі ўпрошваў бы суддзю майго.
Калі б я паклікаў і Ён адказаў мне, — я не паверыў бы, што голас мой пачуў Той,
І калі б Ён пачуў мяне, які прызывае Яго, не паверу, што Ён выслухаў бы голас мой.
Хто ў віхуры пабівае мяне і памнажае бязьвінна раны мае,
Бо Ён знішчыць віхурай мяне і павялічыць раны мае нават без прычыны.
не дае мне перавесьці дух, а перапаўняе мяне гаротамі.
Ён не дазваляе супакоіцца духу майму і напаўняе мяне горыччу.
Калі дзеяць сілаю, дык Ён магутны; калі судом, хто зьвядзе мяне зь Ім?
Калі спытаць пра сілу — Ён магутнейшы; калі пра суд — хто ж асудзіў бы Яго?
Калі я буду апраўдвацца, дык мае ж вусны зьвінавацяць мяне; калі я невінаваты, дык Ён прызнае мяне вінаватым.
Калі захачу сябе апраўдаць, то мае ж вусны асудзяць мяне; калі я буду даказваць, што я бязгрэшны, Ён засведчыць, што я заганны.
Невінаваты я; не хачу ведаць душы маёй, пагарджаю жыцьцём маім.
Нават калі я буду шчыры, гэтага не прызнае душа мая і я асуджу жыццё маё.
Усё адно; таму я сказаў, што Ён губіць і беззаганнага і вінаватага.
Усё адно, як я сказаў: і бязгрэшнага, і бязбожнага Ён знішчае.
Калі гэтага пабівае Ён бічом раптам, дык з пыткі нявінных сьмяецца.
Калі раптоўна каго біч [смерці] забівае, з бяды бязгрэшных Ён пасмяецца.
Зямля аддадзена ў рукі бязбожных; твары судзьдзяў яе Ён засланяе. Калі не Ён, тады хто ж?
Зямля аддадзена ў рукі бязбожнага, твар суддзяў яе Ён закрывае. Калі не Ён гэта, дык хто?
Дні мае хутчэйшыя за ганца, — бягуць, ня бачаць дабра,
Дні мае хутчэйшыя за бегуна: уцяклі і не бачылі дабра,
імчацца, як лёгкія лодкі, як арол імкне на здабычу.
праляцелі, як чаўны трысняговыя, як арол, што ляціць па ежу.
Калі сказаць мне: «забуду я скаргі мае, адкладу змрочны выгляд свой і падбадзёруся»,
Калі скажу я: “Забудуся пра смутак свой, змяню аблічча сваё і стану я вясёлы”,
дык трымчу ад усіх пакутаў маіх, ведаючы, што Ты не абвесьціш мяне невінаватым.
дык дрыжу перад усімі пакутамі маімі, ведаючы, што Ты не апраўдаеш мяне.
Калі ж я вінаваты, дык навошта марна пакутую?
Калі я такі бязбожны, навошта дарма мардуюся?
Хоць бы я абмыўся і сьнежнаю вадою і цалкам ачысьціў рукі мае,
Калі я буду абмыты, быццам снегавой вадою, і ачышчу лугам рукі мае,
дык і тады Ты апусьціш мяне ў бруд, і пагардзіць мною вопратка мая.
то і тады Ты ўвапхнеш мяне ў бруд і будзе брыдзіцца мною адзенне маё.
Бо Ён не чалавек, як я, каб я мог адказваць Яму і ісьці разам зь Ім на суд!
Бо не чалавеку, які падобны да мяне, буду я адказваць; і не чалавек Ён, з якім я буду спрачацца ў судзе.
Няма паміж імі пасрэдніка, які паклаў бы руку сваю на абодвух нас.
Няма між намі пасрэдніка, які паклаў бы руку сваю на абодвух.
Хай адхіліць Ён ад мяне жазло Сваё і страх Ягоны хай не жахае мяне, —
Хай Ён забярэ ад мяне бізун Свой, і страх Яго хай не палохае мяне.
і тады я буду гаварыць і не збаюся Яго, бо я не такі самы ў сабе.
І буду я тады гаварыць, і не буду баяцца Яго, бо так я сам не ў сабе.