Выслоўяў Саламонавых 1 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Выслоўі Саламона, сына Давідавага, цара Ізраільскага.
 
Прыпавесці Саламона, сына Давідава, цара Ізраэльскага,

Каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець разумныя выслоўі;
 
каб спасцігнуць мудрасць і настаўленне, каб зразумець словы мудрасці;

засвоіць правілы добрай разважлівасьці, справядлівасьці, права і слушнасьці;
 
каб атрымаць веды ў навучанні: справядлівасць, прыказанне і законнасць;

прастадушным даць кемнасьць, юнаку — веды і разважлівасьць;
 
каб простым людзям прыдаць кемлівасці, юнаку — ведаў і развагі.

паслухае мудры і памножыць веды, і разумны знойдзе мудрыя парады;
 
Мудры слухае і павялічвае веды, а разумны прыдбае ўмеласць:

каб разумець выслоўе і загадкавую мову, словы мудрацоў і загадкі іхнія.
 
зверне ўвагу на прытчу і алегорыю, словы мудрых і іх загадкі.

Пачатак мудрасьці — страх Гасподні; толькі дурні пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.
 
Шанаванне Госпада ёсць аснова ведаў. Мудрасці і навучання адцураюцца бязглуздыя.

Слухай, сыне мой, настаўленьне бацькі твайго, і не адкідай запавету маці тваёй:
 
Сыне мой, слухай перасцярогі бацькі свайго і не адхіляй запавету маці сваёй,

бо гэта — прыгожы вянок на галаву тваю і акраса на шыю тваю.
 
бо яны — вянок годнасці на галаве тваёй і каралі на шыі тваёй.

Сыне мой! калі цябе будуць намаўляць грэшнікі, не згаджайся.
 
Сыне мой, калі цябе будуць прыцягваць грэшнікі, не прыставай да іх.

Калі будуць казаць: «ідзі з намі, зробім засаду на кроў, падпільнуем бязгрэшнага і бязьвіннага,
 
Калі яны скажуць: «Пойдзем з намі! Наладзім засаду дзеля забойства, наставім прыхавана пасткі на бязвіннага;

жывых праглынем іх, як апраметная, і — цэлых, як тых, што ў магілу сыходзяць;
 
праглынём іх, як пекла: тых, што жывуць, і здаровых, як тых, што сыходзяць у магілу;

набяром усякага каштоўнага дабра, напоўнім дамы нашыя здабычаю;
 
знойдзем усякую каштоўную маёмасць, запоўнім дамы свае здабыткамі;

далучы сваю долю да нашай, складка адна будзе на ўсіх нас»:
 
далучы долю сваю да нашай, хай будзе адна кішэнь для ўсіх нас»;

Сыне мой! не хадзі адною дарогаю зь імі, утрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй,
 
сыне мой, не хадзі з імі, утрымай нагу сваю ад іх сцежак.

бо іхнія ногі бягуць да ліхога і сьпяшаюцца кроў праліваць.
 
Бо ногі іх бягуць да злачынства і спяшаюцца, каб праліць кроў.

На вачах ва ўсіх птушак дарма раскідаецца сетка;
 
Дарэмна закідваецца сетка перад вачамі мноства птушак.

а яны кроў сваю сочаць, засады ладзяць на душы свае.
 
Яны наладжваюць засаду дзеля ўласнага забойства і задумваюць злачынствы супраць сваіх душ.

Такія дарогі ва ўсіх, хто прагне чужога дабра: яно забірае жыцьцё ў свайго ўласьніка.
 
Такі шлях у кожнага, хто імкнецца да нарабаванага: захоплівае яно душу таго, хто валодае ім.

Мудрасьць кліча на вуліцах, на плошчах узносіць свой голас,
 
Мудрасць гукае па плошчах, на вуліцах падымае голас свой,

на шумных сходах прапаведуе, каля гарадское брамы прамаўляе слова сваё:
 
на важнейшым месцы дарог шматлюдных крычыць, каля ўваходу ў гарадскую браму гучаць яе словы:

«Дакуль, немысьлі, любіцьмеце невуцтва? дакуль пакепнікі будуць кепствам цешыцца? дакуль бязглуздыя будуць ненавідзець навуку?
 
«Дакуль жа, невукі, будзеце любіць невуцтва, а насмешнікі — жадаць для сябе высмейвання, і недасведчаныя — ненавідзець навукі?

паслухайце маёй засьцярогі: вось, я вылью на вас Духа майго, абвяшчу вам словы мае.
 
Звярніцеся да майго выкрывання: вось, удыхну ў вас дух мой і выкажу вам словы мае.

Я клікала, а вы не паслухаліся; я падавала руку маю, і ніхто не зважаў;
 
Бо вось, я клікала, а вы адмовіліся, працягнула руку сваю, але не было нікога, хто заўважыў бы яе.

і вы адкінулі ўсе мае рады, і перасьцярогаў маіх не прынялі:
 
Вы пагрэбавалі ўсякаю маёю парадаю і адхілілі мае папрокі.

за тое і я пасьмяюся з вашай пагібелі; парадуюся, калі прыйдзе ваш страх;
 
Такім чынам, і я буду смяяцца з вашай пагібелі і кпіць буду, калі прыйдзе да вас трывога.

калі прыйдзе ваш страх, як бура, і няшчасьце, як віхура, наляціць на вас; калі спадобіць вас нядоля і ўціск.
 
Калі накінецца, як бура, страх, і пагібель узнікне, быццам віхура, калі апануе вас бяда і цесната.

Тады будуць клікаць мяне, і я не пачую.
 
Тады прызываць будуць мяне, а не выслухаю, рупліва шукаць мяне будуць, а не знойдуць мяне.

За тое, што зьненавідзелі веды і ня выбралі страху Гасподняга,
 
З-за таго, што настаўленне ненавідзелі і не выбралі страх Госпадаў,

не схацелі парады маёй, пагардзілі ўсімі перасьцярогамі маімі;
 
не згадзіліся з маёю парадаю і пагрэбавалі ўсім маім выкрываннем.

за тое няхай ядуць яны з плоду дарог сваіх і насычаюцца з парадаў сваіх.
 
І вось, хай яны спажываюць плён свайго шляху, насычаюцца сваімі парадамі.

Бо адступніцтва неразумных заб’е іх, і бястурботнасьць немысьляў загубіць іх.
 
Адступніцтва невукаў заб’е іх, а нядбаласць бязглуздых загубіць іх.

А хто мяне слухае, будзе жыць у бясьпецы і спакойна, не баючыся ліха».
 
А той, хто слухае мяне, і прытулак ад страху знойдзе, і спакойны будзе, пазбавіўшыся страху перад ліхімі людзьмі».