Выслоўяў Саламонавых 10 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Выслоўі Саламона. Сын мудры радуе бацьку, а сын бязглузды — засмучэньне маці ягонай.
Прыпавесці Саламонавы. Мудры сын — радасць бацьку, а бязглузды сын — гора для маці сваёй.
Не даюць карысьці скарбы няправедныя, а праўда ратуе ад сьмерці.
Ніяк не дапамогуць бязбожныя скарбы, а справядлівасць душу выратуе ад смерці.
Не дапусьціць Гасподзь, каб галадала душа праведнага, а зьдзірства бязбожных адкіне.
Не пашкодзіць Госпад голадам справядліваму, а хцівасць бязбожнікаў знішчыць.
Лянівая рука робіць бедным, а рука руплівая ўзбагачае.
Лянівая рука ўтварае беднасць, а рука працавітых падрыхтоўвае багацце.
Хто зьбірае летам — сын разумны, а хто сьпіць у жніва — сын шалапутны.
Той сын мудры, хто збірае ў жніво, а хто храпе ўлетку — сын шалапутны.
Дабраславеньні — на галаву праведнага, а вусны бязбожным затуліць насільле.
Дабраславенні Госпадавы — на галаве справядлівага, а вусны бязбожнікаў хаваюць лютасць.
Памяць пра праведнага дабраславёная будзе, а імя бязбожных спаганьбіцца.
Памяць справядлівага будзе ў дабраславенні, а імя бязбожнікаў сатлее.
Мудры сэрцам прымае запаведзі, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.
Мудры сэрцам прымае пастановы, а бязглузды загіне праз вусны.
Хто ходзіць у беззаганнасьці, той ходзіць бясьпечна; а хто скрыўляе шляхі свае, той будзе выкрыты.
Хто ходзіць прама, той ходзіць вечна; а хто крывіць дарогі свае, будзе выкрыты.
Хто міргае вачыма, той чыніць прыкрасьць, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.
Хто міргае вокам, той прынясе боль, а бязглузды вуснамі загубіць.
Вусны праведніка — крыніца жыцьця, а вусны бязбожным затуліць насільле.
Вусны справядлівага — крыніца жыцця, а вусны бязбожнікаў хаваюць лютасць.
Нянавісьць будзіць разлад, любоў акупае ўсе грахі.
Нянавісць выклікае сваркі, а любоў пакрывае ўсе грахі.
На вуснах у разумнага мудрасьць, а на целе ў дурнога — дубец.
У вуснах мудрага знаходзіцца мудрасць, а розгі — на спіне таго, хто не мае сэрца.
Мудрыя зьберагаюць веды, а вусны немысьля — блізкая пагібель.
Мудрыя зберагаюць веды, а вусны бязглуздага — блізкія да пагібелі.
Маёмасьць багатага — моцны горад яго, бяда бедным — іхняе ўбоства.
Маёмасць багатага — горад крэпасці яго; пагібель бедных — беднасць іх.
Праца праведнага — на жыцьцё, прыбытак бязбожнага — на грэх.
Праца справядлівага — на жыццё, а плады бязбожніка — на грэх.
Хто захоўвае настаўленьне, той на дарозе да жыцьця; а хто пагарджае засьцярогай — блукае.
Хто беражэ настаўленне — ідзе да жыцця, а хто адхіляе папрокі — блукае.
Хто хавае нянавісьць, у таго вусны ілжывыя; і хто пашырае паклёпы — неразумны.
Ілжывыя вусны хаваюць нянавісць, а хто зневажае — той неразумны.
Пры шматслоўі ня ўнікнуць грэху, а хто стрымлівае вусны свае — разумны.
У шматслоўнасці не будзе недахопу ў грахах, а той, хто ўтрымлівае вусны свае, — самы разважлівы.
Чыстае срэбра — язык праведнага, а сэрца бязбожных — нікчэма.
Мова справядлівага — адборнае срэбра; сэрца ж бязбожнікаў — нічога не вартае.
Вусны праведнага пасьвяць многіх, а неразумныя мруць ад нястачы глузду.
Вусны справядлівага павучаюць вельмі многіх; а той, хто бязглузды, памрэ ад беднасці сэрца.
Дабраславеньне Гасподняе — яно ўзбагачае і смутку з сабой ня прыносіць.
Дабраславенне Госпада робіць людзей багатымі; і не будзе дабаўлена ім ніякага цяжару.
Радуе немысьля — учынак ганебны, а чалавека разумнага — мудрасьць.
Быццам жартам бязглузды робіць злачынства, а мудрасць — для чалавека разважлівага.
Чаго баіцца бязбожнік, тое спасьцігне яго, а жаданьне праведнікаў збудзецца.
Чаго баіцца грэшнік, тое і прыйдзе да яго, а жаданне справядлівага здзейсніцца.
Як падымецца бура, так і няма бязбожнага; а ў праведніка — аснова вечная.
Як праносіцца віхура — так знікне бязбожнік, а справядлівы — як вечны падмурак.
Што воцат зубам і дым вачам, тое гультай тым, хто пасылае яго.
Як укус для зубоў і дым для вачэй, так і гультай для тых, што яго паслалі.
Страх Гасподні дадае дзён, а гады бязбожных скароцяцца.
Страх Госпадаў дні памножыць, а гады бязбожнікаў скарацяцца.
Спадзяваньне праведнікам — радасьць, а надзея бязбожных загіне.
Чаканне справядлівых — радасць, а надзея бязбожнікаў загіне.
Шлях Гасподні — цьвярдыня нявінным і пагібель бязбожным.
Шлях Госпадаў — цвярдыня для чыстых сэрцам і пагібель для тых, хто робіць ліха.
Праведнік вавек не пахісьнецца, а бязбожныя не пажывуць на зямлі.
Справядлівы не пахіснецца да веку, а грэшнікі не выжывуць на зямлі.
З вуснаў праведніка крынічыць мудрасьць, а язык шкодлівы будзе вырваны.
Вусны справядлівага спараджаюць мудрасць, язык крывадушны будзе вырваны.
Вусны праведніка любяць богаспадобнае, а вусны бязбожных — разбэшчанае.
Вусны справядлівага бачаць прыемнае, а вусны бязбожнікаў — дрэннае.