Выслоўяў Саламонавых 25 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І гэта выслоўі Саламона, сабраныя мужамі Эзэкіі, цара Юдэйскага.
 
Гэта таксама прыслоўі Саламона, якія перапісалі людзі Эзэкіі — цара Юдэі.

Слава Божая — пакрываць таямніцаю справу, а славай цароў — дасьледаваць справу.
 
Слава Божая — таіць слова, а слава цароў — даследаваць размову.

Як неба ў вышыні і зямля ў глыбіні, так сэрца цароў — недасьледвальнае.
 
Як неба ў вышыні і зямля ў глыбіні — так сэрца цароў невызнана.

Аддзялі дамешку ад срэбра, і выйдзе ў срэбніка посуд:
 
Аддзялі шлакі ад срэбра, і выйдзе ў срэбраніка посуд.

адвядзі няправеднага ад цара, і трон ягоны ўмацуецца праўдай.
 
Выведзі ад вачэй цара бязбожніка — і справядлівасць умацуе пасад яго.

Ганарліва не выстаўляйся перад абліччам цара і на месца вялікіх не станавіся;
 
Не паказвайся фанабэрыстым перад царом і не стой на месцы вялікіх.

бо лепей хай скажуць табе: «узыдзі сюды вышэй», чым калі прынізяць цябе перад знакамітым, якога ўбачылі вочы твае.
 
Лепш, калі табе скажуць: «Узніміся сюды», чым каб зняважылі цябе перад кіраўніком.

Ня ўступай пасьпешліва ў цяжбіну: бо што будзеш рабіць у канцы, калі супернік твой сарамаціць цябе?
 
Што вочы твае бачылі, не адкрывай гэта хутка ў судзе, бо што зробіш потым, калі абняславіць цябе сябар твой?

Вядзі цяжбіну зь блізкім тваім, але таямніцы ягонае не адкрывай,
 
Справу сваю вырашай з сябрам тваім і не выяўляй сакрэт чужога чалавека,

каб не папракнуў цябе той, хто чуў гэта, бо тады ганьба твая ад цябе не адстане.
 
каб ён часам не пакпіў з цябе, калі пачуе, і ганьба твая не зможа быць адклікана.

Залатыя яблыкі ў срэбным празрыстым посудзе — слова, сказанае прыстойна.
 
Залатыя яблыкі на срэбраным посудзе — слова, сказанае ў свой час.

Залатая завушніца і аздоба з чыстага золата — гэта мудры абскаржнік для ўважлівага вуха.
 
Залаты пярсцёнак з лепшага золата — мудры, які гаворыць на вуха таму, хто слухае.

Што прахалода ад сьнегу ў жніва, тое верны пасол таму, хто яго пасылае: ён прыносіць душы гаспадара свайго радасьць.
 
Як холад снегу ў дзень жніва, так пасланец верны таму, хто паслаў яго; ён ацверажае яго душу.

Што хмары і вятры без дажджу, тое чалавек, які абяцае гасьцінцы і іх не дае.
 
Хмары і вецер без дажджу — гэтак вядомы чалавек фанабэрысты і які не выконвае абяцанняў.

Цярплівасьць схіляе да літасьці вяльможу, і мяккі язык ломіць костку.
 
Цярплівасць кіраўніка зробіць падатлівым, а мяккі язык зломіць косці.

Знайшоў ты мёд? еж, колькі трэба табе, каб не аб’есьціся ім і ня выбляваць яго.
 
Ты знайшоў мёд? З’еш, колькі табе трэба, каб часам, наеўшыся, не вырыгнуць яго.

Не ўчашчай у дом сябра твайго, каб ты не абрыд яму, каб ён не зьненавідзеў цябе.
 
Утрымай нагу тваю ад дому блізкага твайго, каб, усім задаволены, ён не ўзненавідзеў цябе.

Што молат і меч і вострая страла, тое чалавек, які сьведчыць ілжыва супроць блізкага свайго.
 
Молат, і меч, і вострая страла — гэта чалавек, які гаворыць ілжывае сведчанне супраць блізкага свайго.

Што гнілы зуб і паралізаваная нага, тое надзея на ненадзейнага чалавека ў нягодзе.
 
Гнілы зуб і хісткая нага — гэта той, хто ў дзень бяды спадзяецца на ненадзейнага.

Як той, хто здымае зь сябе вопратку ў халодны дзень, і як воцат на рану, так і той, хто сьпявае песьні тужліваму сэрцу.
 
Як плашч здымаць у халодны дзень, як выліваць воцат у соду — так спяваць песні сумнаму сэрцу.

Калі вораг твой галодны, накармі яго хлебам; і калі ён сьмягне, напаі яго вадою:
 
Калі непрыяцель твой галодны, накармі яго; калі смагне — напаі яго:

бо, робячы гэта, ты зьбіраеш распаленае вугольле на галаву ягоную, і Гасподзь аддзячыць табе.
 
бо вуголле пякучае збярэш ты на галаву яго, а Госпад адплаціць табе.

Паўночны вецер нясе дождж, а патаемная гаворка — незадаволеныя твары.
 
Паўночны вецер спараджае дажджы, а язык, што паклёпнічае, — сумны твар.

Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме.
 
Лепш сядзець у кутку на гарышчы, чым з жонкай сварлівай у агульным доме.

Што халодная вада натомленай смагай душы, тое добрая вестка з далёкай краіны.
 
Як халодная вада для душы, што смагне, так добры вястун — з далёкай краіны.

Што ўскаламучаная крыніца і парушаная крыніца, тое праведнік, які падае перад бязбожнікам.
 
Крыніца, патурбаваная нагою, і ручай сапсаваны — гэта справядлівы, што падае перад бязбожнікам.

Як нядобра есьці многа мёду, так дамагацца славы ня ёсьць слава.
 
Нядобра есці занадта мёду, і здабыццё славы не ёсць слава.

Што горад разбураны, без мура, тое чалавек, які не валодае духам сваім.
 
Горад разбураны і без муроў — гэта чалавек, які не можа валодаць духам сваім.