Ісаі 26 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Таго дня пасьпяваная будзе песьня гэтая ў зямлі Юдавай: горад моцны ў нас; ратунак даў ён замест мура і вала.
У той дзень у зямлі Юдэйскай будзе спявана гэта песня: «Горад магутны — нам на збаўленне; паставіў Ён муры і вал.
Адчынеце браму; хай увойдзе народ праведны, які захоўвае вернасьць.
Адчыніце брамы! І хай увойдзе народ справядлівы, які беражэ вернасць.
Цьвёрдага духам Ты ахоўваеш у дасканалым міры, бо на цябе спадзяецца ён.
Намер яго — трывалы, захаваеш дзеля яго супакой, бо ў Табе мае надзею.
Кладзеце надзею на Госпада заўсёды, бо Гасподзь Бог ёсьць цьвярдыня вечная:
Спадзявайцеся на Госпада ў векі вечныя; Госпад — скала вечная.
Ён скінуў тых, што жылі на вышыні, высока пастаўлены горад; разваліў яго, абярнуў на зямлю, шпурнуў яго ў пыл.
Бо Ён скінуў тых, якія пражывалі на вышынях, упакорыць горад высокі, упакорыць яго аж да зямлі, сцягне яго ў самы пыл.
Нага топча яго, ногі беднага, ступакі ўбогіх.
Стопча яго нага, ногі беднага, ногі няшчасных.
Дарога ў праведніка простая; Ты раўняеш сьцежку праведніку.
Сцежка справядлівага — правільная, Ты раўняеш правільную сцежку справядлівага.
І на дарозе судоў Тваіх, Госпадзе, мы мелі надзею на Цябе; да імя Твайго і да ўспаміну пра Цябе парывалася душа нашая.
Таксама на сцежцы прысудаў Тваіх, Госпадзе, спадзяёмся на Цябе. Да імя Твайго і да памяці пра Цябе — прагненне душы!
Душою маёю я парываўся да Цябе ўначы, і духам маім я буду шукаць Цябе ў нутробе маёй з раньняга рана: бо калі суды Твае адбываюцца на зямлі, тады тыя, што жывуць у сьвеце, вучацца праўдзе.
Душа мая прагне Цябе ноччу, але духам маім шукаю Цябе ў сэрцы маім. Калі заяснеюць прысуды Твае на зямлі, вучыцца будуць справядлівасці жыхары свету.
Калі бязбожнік будзе памілаваны, дык не навучыцца ён праўды, — будзе зладзейнічаць у зямлі справядлівасьці і ня будзе зважаць на веліч Госпада.
Аказаць міласэрнасць злачынцу — ён не навучыцца справядлівасці, на зямлі будзе чыніць ліхое ды не ўбачыць велічнасці Госпада.
Госпадзе! рука Твая была высока паднятая, але яны ня бачылі яе; убачаць і пасаромеюцца ненавісьнікі народу Твайго; агонь зжарэ ворагаў Тваіх.
Госпадзе, Твая рука паднятая! Але не бачаць; хай, засаромленыя, убачаць руплівасць Тваю пра народ, ды агонь на ворагаў Тваіх праглыне іх.
Госпадзе! Ты даруеш нам мір; бо ўсе дзеі нашыя Ты ўладжваеш нам.
Госпадзе, Ты дасі нам супакой; бо ўсе нашы справы Ты ўчыніў для нас.
Госпадзе Божа наш! Іншыя ўладыкі акрамя Цябе панавалі над намі; але толькі Табою мы славім імя Тваё.
Госпадзе, Божа наш, не Ты, а іншыя гаспадары нас апанавалі, але мы толькі з Табой успамінаць будзем імя Тваё.
Мёртвыя не ажывуць; Рэфаімы ня ўстануць, бо Ты адведаў і зьнішчыў усякую памяць пра іх.
Памерлыя не ажывуць, пахаваныя не ўваскрэснуць. Таму наведаў Ты іх, і знішчыў, і сцёр усякі ўспамін пра іх.
Ты памножыў народ, Госпадзе, памножыў народ, — праславіў Сябе, пашырыў усе межы зямлі.
Павялічыў Ты народ, Госпадзе, павялічыў народ, праславіўся; пашырыў усе межы зямлі.
Госпадзе! у нягодзе ён шукаў Цябе; ліў ціхія маленьні, калі кара Твая спаткала яго.
Госпадзе, у нядолі шукалі яны Цябе, складалі малітвы, калі кара Твая засцігала іх.
Як жанчына цяжарная на пачатку родаў пакутуе, лямантуе ад боляў сваіх, так мы былі перад Табою, Госпадзе.
Як тая, якая пачала, калі набліжаецца да родаў, балесна крычыць у пакутах сваіх, і падобнымі мы сталіся перад абліччам Тваім, Госпадзе!
Былі цяжарныя, пакутавалі, — і нараджалі як бы вецер; шчасьця зямлі ня ўчынілі, і астатнія жыхары сусьвету не загінулі.
Пачалі і пакутавалі родамі, нарадзілі ж быццам вецер. Не ўчынілі мы збаўлення на зямлі, таму і не нарадзіліся жыхары зямлі.
Ажывуць мерцьвякі Твае, паўстануць мёртвыя целы! Паўстаньце і ўзрадуйцеся, кінутыя ў пыл: бо раса Твая — сьветлая раса, і зямля выкіне мерцьвякоў.
Ажывуць Твае памерлыя, забітыя мае ўваскрэснуць. Абудзіцеся і спявайце хвалебна вы, якія жывяце ў парахне, бо раса святла — раса Твая, і зямля выдасць на святло пахаваных сваіх.
Ідзі, народзе мой, увайдзі ў пакоі твае і замкні за сабою дзьверы твае, схавайся на хвіліну, пакуль ня мінецца гнеў;
Ідзі, народзе мой, увайдзі ў святліцы свае, зачыні дзверы свае за сабой! Схавайся на малую хвілінку, пакуль не праміне гнеў [Яго].
бо вось, Гасподзь выходзіць з жытлішча Свайго пакараць насельнікаў зямлі за іх беззаконьне, і зямля адкрые пралітую на ёй кроў, і ўжо не схавае забітых сваіх.
Бо, вось жа, Госпад выйдзе са Свайго месца, каб караць разбэшчанасць жыхара зямлі супраць Яго. Тады зямля выявіць кроў сваю і не схавае больш забітых сваіх».