Ісаі 34 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Падыдзеце, народы, слухайце і ўважайце, плямёны! Хай чуе зямля і ўсё, што яе напаўняе, сусьвет і ўсё, што нараджаецца ў ім!
 
Прыступіце, народы, каб паслухаць! І вы, людзі, зважце! Няхай слухае зямля ды ўсё, што яе запаўняе, сусвет і ўсё, што ў ім расце!

Бо гнеў Госпада на ўсе народы, і лютасьць Яго на ўсё воінства іхняе. Ён аддаў іх на закляцьце, аддаў іх на закол.
 
Бо Госпад гарыць гневам супраць усіх паганаў і абураны на ўсё войска іх; прызначыў Ён іх на вынішчэнне і аддаў іх на загубу.

І забітыя іхнія будуць раскіданы, і ад трупаў іх падымецца смурод, і горы размокнуць ад іхняй крыві.
 
Забітыя іх будуць ляжаць параскіданыя, і ад трупаў іх будзе ўздымацца смурод; размокнуць горы ад крыві іх.

І сатлее ўсё нябеснае воінства: і нябёсы згорнуцца, як сувой кніжны; і ўсё воінства іхняе ўпадзе, як ападае лісьце зь вінаграднай лазы, і як завялае лісьце — са смакоўніцы.
 
І змарнее ўсё войска нябеснае, і згорнуцца нябёсы, як кніга, і ўсё войска іх спадзе, як спадае ліст з вінаграднай лазы ды сухая лістота з фігавага дрэва.

Бо ўпіўся меч Мой на нябёсах: вось, дзеля суду сыходзіць ён на Эдом і на народ, аддадзены Мною на закляцьце.
 
«Бо ап’янеў Мой меч на небе, вось жа, спадзе ён на Эдом і на народ, які асудзіў Я на вынішчэнне».

Меч Госпада напоўніцца крывёю, атлусьцее ад тлушчу, ад крыві ягнят і казлоў, ад тлушчу з нырак авечых: бо ахвяра ў Госпада ў Васоры і вялікі закол у зямлі Эдома.
 
Меч Госпадаў увесь скрываўлены, пакрыты тлушчам, крывёй ягнят і казлоў, тлустасцю нырак барановых, бо ахвяра Госпада ў Босры і разня вялікая ў зямлі Эдом.

І буйвалы ўпадуць зь імі, і цяляты разам з валамі, і ўп’ецца зямля іх крывёю, і прах іх разбухне ад тлушчу.
 
Падаюць быкі разам з імі, цяляты разам з валамі, зямля напітаецца іх крывёю, а глеба — тлушчам іх сытасці;

Бо дзень помсты ў Госпада, год помсты за Сіён.
 
бо дзень помсты — у Госпада, год адплаты дзеля абароны Сіёна.

І ператворацца рэкі яго ў смалу, і прах яго — у серку, і будзе зямля яго палкаю смалою:
 
І ператворацца ручаі яго ў смалу, а глеба яго — у серу, і будзе зямля яго смалою гаручаю.

ня будзе гаснуць ні ўдзень, ані ўночы; вечна будзе ўзьвівацца дым ад яе; будзе з роду ў род заставацца апусьцелаю; вавекі вякоў ніхто ня пройдзе па ёй;
 
Не згасне ані ўдзень, ані ўночы яго дым, падымацца будзе вечна, пуставаць будзе з пакалення ў пакаленне, на векі вякоў ніхто праз яго не пройдзе.

і завалодаюць ёю пелікан і вожык; і сава і груган паселяцца ў ёй; і працягнуць па ёй вяроўку спусташэньня і адвес зьнішчэньня.
 
Пелікан і вожык будуць валодаць ім, пугач і крук паселяцца ў ім, і расцягне [Госпад] над ім шнур пустэчы і адвес спусташэння.

Нікога не застанецца там са знакамітых яе, каго можна было б заклікаць на царства, і ўсе князі яе будуць нішто.
 
Вяльможаў яго не застанецца, і не абвесцяць яны царства, ды ўсе князі яго будуць ні на што.

І зарастуць палацы яе калючымі расьлінамі, крапівою і дзядоўнікам — цьвярдыня яе; і будзе яна селішчам шакалаў, прыстанішчам страўсам.
 
На дамах яго вырастуць церні, на ўмацаваннях яго — крапіва і асот, і будзе лежбішча драконаў і выган страусаў.

І зьвяры пустыні будуць сустракацца зь дзікімі катамі, і лясуны будуць перагукацца адзін з адным; там будзе адпачываць начны прывід і знаходзіць сабе спакой.
 
І збягуцца гіены ды суслікі, і касматае страшыдла будзе прызываць сябра свайго; там лямія прыляжа і знойдзе сабе адпачынак.

Там угняздуецца лятучы зьмей, будзе класьці яйкі і выводзіць дзяцей і зьбіраць іх пад цень свой; там і каршуны будуць зьбірацца адзін да аднаго.
 
Там гняздуецца змяя і кладзе яйкі, акопвае іх наўкола і выседжвае ў засені іх; туды злятаюцца каршуны адзін да аднаго.

Знайдзеце ў кнізе Гасподняй і прачытайце; ніводнае з гэтых не забавіцца прыйсьці, і адно адным не заменіцца. Бо самі вусны Яго загадалі, і сам дух Яго зьбярэ іх.
 
Пашукайце ў кнізе Госпада і чытайце! — аніводнага з іх не будзе бракаваць, адзін аднаго не павінен чакаць; бо вусны Госпада загадалі ды дух Яго — Ён іх сабраў.

І Сам Ён кінуў ім жэрабя, і Яго рука падзяліла яе меркаю; вечна будуць яны валодаць ёю, род у род на ёй жыцьмуць.
 
І Ён кінуў ім лёс, ды рука Яго падзяліла зямлю іх меркаю; вечна будуць валодаць ёю, з пакалення ў пакаленне будуць жыць на ёй.