Ісаі 59 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Вось, рука Госпада не пакарацела, каб ратаваць, і вуха Яго не ацяжэла, каб чуць.
Вось жа, рука Госпада не скарацілася, каб не магла зберагаць, ані вуха Яго не пагоршылася, каб не чула.
А беззаконьні вашыя зрабілі падзел паміж вамі і Богам вашым, і грахі вашыя адварочваюць аблічча Яго ад вас, каб ня чуць.
Але правіннасці вашы аддзялілі вас ад Бога вашага і грахі вашы засланілі аблічча Яго ад вас, каб вас не чуў.
Бо рукі вашыя апаганены крывёю і пальцы вашыя — беззаконьнем; вусны вашыя кажуць ману, язык ваш вымаўляе няпраўду.
Рукі бо вашы сплямлены крывёю, а пальцы вашы — злачынствам, вусны вашы кажуць няпраўду, а язык ваш дапускаецца злачынства.
Ніхто не падае голасу за праўду, і ніхто не заступаецца за ісьціну: спадзяюцца на пустое і хлусяць, зачынаюць ліха і спараджаюць ліхадзейства;
Няма нікога, хто б заклікаў да справядлівасці, няма нікога, хто б судзіў праўдзіва. Ні на што не абапіраюцца і гавораць марна, і нараджаюць злачынства, і плодзяць ліхоту.
выседжваюць зьмяіныя яйкі і ткуць павуціну: хто паесьць яек іх, — памрэ, а калі раздушыць, — выпаўзе яхідна.
Выседжваюць яйкі змеяў ды ткуць павуцінне; хто з’есць іх яйкі, памрэ, а з разбітага [яйка] праб’ецца васіліск.
Павуціньне іхняе на вопратку няпрыдатнае, і яны не накрыюцца сваім творам; учынкі іхнія — учынкі няправедныя, і насільле ў руках у іх.
Тканіны іх не прыдадуцца на адзенне, і не апрануцца яны ў вырабы свае; учынкі іх — гэта ўчынкі збродныя, і злачынствы гвалту — на іх руках.
Ногі іхнія бягуць ад ліха, і яны сьпяшаюцца праліваць нявінную кроў; думкі іхнія — думкі бязбожныя; спусташэньне і пагібель на сьцежках іхніх.
Ногі іх бягуць да ліхоты і скорыя да праліцця бязвіннай крыві; намеры іх — намеры збродныя, знішчэнне ды няшчасце на іх шляхах.
Шляху спакойнага яны ня ведаюць, і няма суду на сьцежках іхніх; шляхі іхнія скрыўленыя, і ніхто, калі ідзе па іх, ня ведае спакою.
Не спазналі яны шляху супакою, і няма законнасці на іх шляхах; сцежкі іх скрывіліся для іх; кожны, хто ходзіць па іх, не знойдзе супакою.
Таму і далёкі ад нас суд, і правасудзьдзе не дастае нас: чакаем сьвятла, і вось цемра, — азарэньня, і ходзім у змроку.
Таму аддалілася ад нас законнасць і не даходзіць да нас правасуддзе; чакаем святла, і, вось, цемра, яснасці, а ходзім у тумане.
Адчуваем, як сьляпыя сьцяну, і, як без вачэй, ходзім навобмацак; спатыкаемся аполудні, як упоцемках, сярод жывых — як мёртвыя.
Як сляпыя, вобмацкам шукаем сцяну і, як бы без вачэй, ідзём усляпую; спатыкаемся апоўдні, быццам на змярканні, сярод здаровых — быццам мёртвыя.
Усе мы равем, як мядзьведзі, і вуркочам, як галубы; чакаем суду, і няма яго, — ратунку, але ён далёкі ад нас.
Усе рыкаем, быццам мядзведзі, і, як галубы, гуркочам. Чакаем законнасці, а яе няма, збаўлення, але яно ад нас далёка.
Бо злачынствы нашыя шматлікія перад Табою, і грахі нашыя сьведчаць супроць нас; бо злачынствы нашыя з намі і беззаконьні нашыя мы ведаем.
Размножыліся, вось, беззаконні нашы перад Табою, і грахі нашы адкажуць за нас; бо злачынствы нашы — з намі ды пазнаём мы сваю заганнасць.
Мы здрадзілі і зманілі перад Госпадам, і адступіліся ад Бога нашага; гаварылі паклёп і здраду, зачыналі і нараджалі з сэрца ілжывыя словы.
Грашым і хлусім супраць Госпада, і адступаемся ад Бога нашага; нараджаем і мармычам з сэрца словы хлусні.
І суд адступіў назад, і праўда стала здалёку, бо ісьціна спатыкнулася на плошчы, і сумленнасьць ня можа ўвайсьці.
Перавярнулі дагары нагамі закон, а дзе там справядлівасць; захісталася праўда на плошчы, і законнасць увайсці туды не можа.
І ня стала ісьціны, і той, хто бяжыць ад ліха, падпадае пад зьнявагу. І Гасподзь убачыў гэта, і агідна было вачам Яго, што няма суду,
І так праўда пайшла ў забыццё, мала хто сцеражэцца ліхоцця. І бачыць Госпад — зло паказалася Яму на вочы: няма закону.
і бачыў, што няма чалавека, і зьдзіўляўся, што няма заступніка; і памагла Яму сіла Яго, і праўда Ягоная падтрымала Яго.
І бачыць Госпад — няма чалавека, і засумняваўся, што няма каму прыйсці на дапамогу. Тады рука Яго прынесла Яму перамогу, а справядлівасць сама дапамагла Яму.
І Ён усклаў на Сябе праўду, як браню, і шлем ратунку — галаву Сваю; і апрануўся ў шату мсьцівасьці, як у вопратку, і пакрыў Сябе руплівасьцю, як плашчом.
Адзеўся ў справядлівасць, як у панцыр, і шалом збаўлення на галаве яго, адзеўся ў вопратку помсты. Ды ўбраўся ў руплівасць, быццам у плашч.
Па меры адпомсты, паводле гэтай меры Ён дасьць праціўнікам Сваім — лютасьць, ворагам Сваім — помстаю, выспам аддасьць мусовую плату.
Паводле заслуг адплаціць кожнаму: ворагам Сваім — гневам, астравам — узаемнай адплатай.
І збаяцца імені Госпада на захадзе і славы Яго — на ўсходзе сонца. Калі вораг прыйдзе як рака, — подых Госпада прагоніць яго.
Якія ад захаду — будуць баяцца імя Госпада, а тыя, што ад усходу сонца, — славы Яго, калі прыйдзе, як ручай у разліве, гнаны духам Госпада.
І прыйдзе Адкупнік Сіёна і сыноў Якава, што адвярнуліся ад бязбожнасьці, кажа Гасподзь.
І прыйдзе з Сіёна Збаўца, і да тых, якія вярнуліся назад ад правіннасці ў Якубе, звернецца Госпад.
І вось, запавет Мой зь імі, кажа Гасподзь: Дух Мой, які на табе, і словы Мае, якія ўклаў Я ў вусны твае, не адступяць ад вуснаў тваіх і ад вуснаў нашчадкаў тваіх і ад вуснаў нашчадкаў нашчадкаў тваіх, кажа Гасподзь, ад сёньня і давеку.
«І гэта ім ад Мяне запавет, — кажа Госпад: — Дух Мой, Які на табе, і словы Мае, якія ўклаў Я ў вусны твае, не сыдуць з вуснаў тваіх ды з вуснаў патомства твайго, — кажа Госпад, — адсюль і навечна».