Ераміі 16 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І было мне слова Гасподняе:
 
І было слова Госпада да мяне, і казала:

не бяры сабе жонкі, і хай ня будзе ў цябе ні сыноў, ні дачок на месцы гэтым.
 
«Не возьмеш ты жонкі і не будзе ў цябе сыноў і дачок у гэтым месцы».

Бо так кажа Гасподзь пра сыноў і дачок, якія народзяцца на месцы гэтым, і пра матак іхніх, якія народзяць іх, і пра бацькоў іх, якія зачнуць іх на гэтай зямлі:
 
Бо вось што кажа Госпад пра сыноў і дачок, якія нараджаюцца на гэтым месцы, ды пра мацерак іх, якія народзяць іх, і пра бацькоў іх, з пакалення якіх нарадзіліся яны на гэтай зямлі:

цяжкімі сьмерцямі памруць яны і ня будуць ні аплаканыя, ні пахаваныя; будуць гноем на паверхні зямлі; мечам і голадам будуць вынішчаны, і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным.
 
«Паўміраюць яны ад смяротных хвароб, будуць яны не аплаканыя і не пахаваныя, будуць яны, як гной на полі, ды будуць вынішчаны мечам і голадам, і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і звярам палявым».

Бо так кажа Гасподзь: не ўваходзь у дом тых, што бядуюць, і не хадзі плакаць і жаліцца зь імі; бо Я адабраў у гэтага народа, кажа Гасподзь, мір Мой і ласку і шкадаваньне.
 
Бо гэтак сказаў Госпад: «Не ўваходзь у дом смутку, і не ідзі на галашэнне, і не шкадуй іх, бо ўхіліў Я супакой Мой ад гэтага народа, — кажа Госпад, — міласэрнасць і спагаднасць.

І памруць вялікія і малыя на зямлі гэтай; і ня будуць пахаваныя, і ня будуць аплакваць іх, ні рваць сябе, ні стрыгчыся дзеля іх.
 
І паўміраюць вялікія і малыя на гэтай зямлі, не будуць яны пахаваныя, і ніхто не будзе па іх плакаць, ніхто не зробіць дзеля іх нарэзаў і не будзе стрыгчыся.

І ня будуць ламаць дзеля іх хлеб у журбоце на ўцеху па нябожчыку; і не пададуць ім чары суцяшэньня, каб піць па бацьку іх і маці іх.
 
І не будуць ламаць хлеба для таго, хто ў жалобе, каб пацешыць па памерлым, і не пададуць яму чашы пацехі па яго бацьку і маці.

Не хадзі таксама і ў дом баляваньня, каб сядзець зь імі, есьці і піць;
 
Не ўваходзь таксама ў дом банкетавання, каб сесці з імі з’есці і выпіць».

бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я спыню на месцы гэтым і ў дні вашыя голас радасьці і голас весялосьці, голас жаніха і голас нявесты.
 
Бо вось гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Вось, Я спыню на гэтым месцы на вашых вачах ды ў вашых днях голас весялосці і голас радасці, голас жаніха і голас нявесты.

Калі ты перакажаш народу гэтаму ўсе гэтыя словы, і яны скажуць табе: «за гэта сказаў на нас Гасподзь усё гэта вялікае бедства, і якая наша няпраўда, і які наш грэх, якім зграшылі мы перад Госпадам Богам нашым?»
 
А калі абвесціш гэтаму народу ўсе гэтыя словы і скажуць табе: “Чаму Госпад прызначыў на нас усё гэта вялікае ліха? Што за злачыннасць наша і што за грэх наш, у чым зграшылі мы Госпаду, Богу нашаму?”,

тады скажы ім: за тое, што бацькі вашыя пакінулі Мяне, кажа Гасподзь, і пайшлі сьледам за іншымі божышчамі і слугавалі ім і пакланяліся ім, а Мяне пакінулі і закона Майго ня трымаліся.
 
скажаш ім: “Бо пакінулі Мяне бацькі вашы, — кажа Госпад, — і пайшлі следам за багамі чужымі, ды служылі ім, і пакланяліся ім, а ад Мяне адвярнуліся, ды закон Мой не пільнавалі.

А вы робіце яшчэ горш за бацькоў вашых і жывяце кожны паводле ўпартасьці злога сэрца свайго, каб ня слухаць Мяне.
 
Але і вы паводзілі сябе яшчэ горш за бацькоў вашых, бо, вось, кожны з вас жыве па сапсаванасці сэрца свайго ліхога, каб не слухаць Мяне.

За гэта выкіну вас зь зямлі гэтай у зямлю, якой ня ведалі ні вы, ні бацькі вашыя, і там будзеце служыць іншым божышчам дзень і ноч; бо я не прыхілюся да вас мілажальнасьцю.
 
Дык Я выкіну вас з гэтай зямлі ў зямлю, якой не ведаеце ані вы, ані бацькі вашы, і будзеце вы там служыць багам чужым, днём і ноччу, бо Я не дам вам прабачэння.

Таму вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі ня будуць ужо казаць: «жывы Гасподзь, Які вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай»,
 
Вось таму прыйдуць дні, — кажа Госпад, — калі ўжо не будуць казаць: “Жывы Госпад, Які вывеў сыноў Ізраэля з зямлі Егіпецкай”,

а: «жывы Гасподзь, Які вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі паўночнай і з усіх земляў, у якія выгнаў іх»; бо вярну іх у зямлю іхнюю, якую Я даў бацькам іхнім.
 
а толькі: “Жывы Госпад, Які вывеў сыноў Ізраэля з зямлі паўночнай ды з усіх земляў, па якіх Ён іх расцерушыў”. І Я вярну іх зноў у зямлю іх, якую даў бацькам іх.

Вось, Я пашлю мноства рыбаловаў, кажа Гасподзь, і будуць лавіць іх; а потым пашлю мноства паляўнічых, і яны пагоняць іх з кожнай гары і з кожнага пагорка і зь цясьнін скал.
 
Вось, Я пашлю многіх рыбакоў, — кажа Госпад, — і будуць лавіць іх, а пасля гэтага пашлю да іх многіх паляўнічых, і будуць паляваць на іх з кожнай гары і з кожнага ўзгорка і са шчылін скальных.

Бо вочы Мае — на ўсіх шляхах іхніх; яны не схаваны ад аблічча Майго, і няпраўда іх не схавана ад вачэй Маіх.
 
Бо вочы Мае — на ўсіх шляхах іх: яны не схаваліся ад Мяне, і не ўтоена ліхота іх ад вачэй Маіх.

І дам ім найперш за няпраўду іхнюю і за падвойны грэх іхні, бо апаганілі зямлю Маю, трупамі гнюсотных сваіх і мярзотамі сваімі напоўнілі спадчыну Маю.
 
І Я аддам ім найперш удвая за ліхоту і за грахі іх, за тое, што апаганілі зямлю Маю трупамі ідалаў сваіх і брыдотай сваёю напоўнілі спадчыну Маю».

Госпадзе! сіла мая і моц мая і прыстанішча маё ў дзень смутку! да Цябе прыйдуць народы ад краёў зямлі і скажуць: «толькі няпраўду спадкавалі нашы бацькі, пустату і тое, у чым ніякай няма карысьці».
 
«Госпадзе, цвярдыня мая і абарона мая, і прыстанішча маё ў дзень трывогі; да Цябе прыйдуць народы ад канцоў зямлі і скажуць: “Сапраўды, бацькі нашы атрымалі ў спадчыну няпраўду, марнасць, якая нічым не дапаможа.

Ці можа чалавек зрабіць сабе божышчаў, якія зрэшты не багі?
 
Ці ж можа чалавек зрабіць сабе багоў? А яны ж зусім не багі!”»

Таму, вось Я пакажу ім сёньня, пакажу ім руку Маю і магутнасьць Маю, і ўведаюць, што імя Маё — Гасподзь.
 
«Дзеля таго, вось, Я пакажу ім гэтым разам, пакажу ім руку Сваю і магутнасць Сваю, каб ведалі, што імя Мне — Госпад!»