Ераміі 19 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Так сказаў Гасподзь: ідзі і купі гліняны збанок у ганчара; і вазьмі з сабою старэйшынаў з народу, і са старэйшынаў сьвятарскіх,
 
Гэта кажа Госпад: «Ідзі і купі ў ганчара гляк гліняны, потым вазьмі з сабою некалькі старэйшын народа ды старэйшых святароў.

і выйдзі ў даліну сыноў Эномавых, якая каля брамы Харшыт, і абвясьці там словы, якія Я кажу табе,
 
І выйдзі ў лагчыну Бэн-Гэном, якая пры ўваходзе ў браму Харсіт, і там будзеш абвяшчаць словы, якія Я табе скажу.

і скажы: слухайце слова Гасподняе, цары Юдэйскія і жыхары Ерусаліма! Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я навяду бедства на мясьціну гэтую, — пра якую калі хто пачуе, у таго зазьвініць у вушах, —
 
І скажаш: “Слухайце слова Госпада, цары Юды і жыхары Ерузаліма! Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я навяду няшчасце на гэтае месца, так што кожнаму, хто гэта пачуе, зашуміць у вушах.

за тое, што яны пакінулі Мяне, і счужынілі Мне мясьціну гэтую, і кадзяць на ёй іншым божышчам, якіх ня ведалі ні яны, ні бацькі іхнія, ні цары Юдэйскія; напоўнілі мясьціну гэтую крывёю невінаватых
 
Бо яны пакінулі Мяне і чужым зрабілі гэтае месца, ды палілі на ім кадзіла чужым багам, якіх не ведалі ані яны, ані бацькі іх, ані цары Юды, і напоўнілі гэтае месца крывёю нявінных.

і насыпалі вышыні Ваалу, каб паліць сыноў сваіх агнём на цэласпаленьне Ваалу, чаго Я не загадваў і не казаў, і чаго Мне нават наўме ня было;
 
І пабудавалі вышыні Баалу, каб паліць там сваіх сыноў у агні на цэласпаленне Баалу, чаго Я не загадваў і не даручаў і што не прыйшло Мне нават на думку.

затое вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі мясьціна гэтая ня будзе больш называцца Тафэтам альбо далінаю сыноў Эномавых, а далінаю забойства.
 
Таму прыйдуць дні, — кажа Госпад, — што гэтае месца не будзе больш называца Тафэт, ці лагчынай Бэн-Гэном, але далінай Забойства.

Я зьнішчу раду Юды і Ерусаліма на месцы гэтым і зваюю іх мечам перад абліччам ворагаў іхніх і рукою шукальнікаў душы іхняй, і аддам трупы іх на ежу птушкам нябесным і зьвярам зямным
 
І Я разганю раду Юды і Ерузаліма на гэтым месцы, і аддам іх пад меч на віду ворагаў іх, ад рукі тых, што цікуюць на іх душы. Целы іх Я дам на ежу птушкам паднебным і звярам зямным.

І зраблю горад гэты жахам і пасьмешышчам; кожны хто праходзіцьме празь яго, зьдзівіцца і пасьвішча, гледзячы на ўсе раны ягоныя.
 
Ды зраблю з гэтага горада прычыну аслупянення і насмешак. Кожны, хто будзе міма яго праходзіць, аслупянее і засвішча дзеля ўсіх яго бед.

І накармлю іхняй плоцьцю сыноў іхніх і плоцьцю дачок іхніх; і будзе кожны есьці плоць свайго блізкага ў аблозе і сьціску, калі сьціснуць іх ворагі іхнія і шукальнікі душы іхняй.
 
І Я буду карміць іх целамі сыноў іх і дачок іх; і не адзін з іх будзе спажываць цела прыяцеля свайго з прычыны аблогі і прыгнёту, якім ціснуць іх будуць ворагі іх, якія цікуюць на іх душы”».

І разьбі збанок на вачах у тых мужоў, якія прыйдуць з табою,
 
І ты разбі гляк перад мужчынамі, якія пойдуць з табой,

і скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф: так скрышу Я народ гэты і горад гэты, як скрышаны ганчарны посуд, які ўжо ня можа быць адноўлены, і будуць хаваць іх у Тафэце ад недахопу месца пад пахаваньне.
 
і скажы ім: «Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Я гэтак разаб’ю народ гэты і горад гэты, як таўчэцца посуд ганчара, які не можа быць больш адноўлены. І будуць яны пахаваны ў Тафэце, бо не будзе іншага месца на пахаванне.

Так зраблю і зь месцам гэтым, кажа Гасподзь, і з жыхарамі яго; і горад гэты зраблю падобным на Тафэт.
 
Я зраблю гэтаму месцу, — кажа Госпад, — і жыхарам яго так, што зраблю гэты горад такім, як Тафэт;

І дамы Ерусаліма і дамы цароў Юдэйскіх будуць, — як месца Тафэт, — нячыстыя, бо на дахах усіх дамоў кадзяць усяму войску нябеснаму і ўчыняюць ахвяраваньні божышчам чужым.
 
і стануцца нячыстымі дамы Ерузаліма і дамы цароў Юды, падобна як месца Тафэт; усе дамы, на дахах якіх палілі кадзіла ўсім сілам нябесным ды складалі ахвяры вадкія чужым багам”».

І прыйшоў Ерамія з Тафэта, куды Гасподзь пасылаў яго прарочыць, і стаў на дварэ дома Гасподняга і сказаў усяму народу:
 
Прыйшоў, вось, Ярэмія з Тафэта, куды яго паслаў Госпад праракаваць, ды стаў на панадворку дома Госпада, і сказаў усяму народу:

Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я навяду на горад гэты і на ўсе гарады яго ўсё тое бедства, якое вымавіў на яго, бо яны — цьвердалобыя і не слухаюць слоў Маіх.
 
«Вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я навяду на гэты народ і на ўсе яго паселішчы ўсякія беды, якія на іх прадказаў, бо зрабілі яны карак свой цвёрдым ды не слухаюць слоў Маіх”».