Ераміі 31 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
У той час, кажа Гасподзь, Я буду Богам усім плямёнам Ізраілевым, а яны будуць Маім народам.
«У той час, — кажа Госпад, — Я буду Богам для ўсіх плямёнаў Ізраэля, а яны будуць Мне народам».
Так кажа Гасподзь: народ, які ацалеў ад меча, знайшоў мілажаль у пустыні, іду супакоіць Ізраіля.
Гэта кажа Госпад: «Знайшоў ласку ў пустыні народ, які ўратаваўся ад меча. Ізраэль пойдзе да месца супачынку свайго».
Здалёк явіўся мне Гасподзь і сказаў: любоўю вечнаю Я палюбіў цябе, і таму даў табе Маё ўпадабаньне.
Госпад аб’явіўся мне здалёк: «Я ўзлюбіў цябе любоўю вечнаю, дзеля таго прыгарнуў цябе з міласэрнасцю.
Я зноў уладжу цябе, і ты будзеш уладжана, дзева Ізраілевая, зноў будзеш упрыгожвацца тымпанамі тваімі і выходзіць у карагодзе тых, якія весяляцца;
Я зноў адбудую цябе, і будзеш ты адбудаваная, дзева Ізраэля. Ты зноў аздобішся бубнамі сваімі і выйдзеш у карагодзе вясёлым.
зноў насадзіш вінаграднікі на горах Самарыі; вінаграднікі, якія будуць гадаваць іх, самыя будуць карыстацца імі.
Ты зноў будзеш садзіць вінаграднікі на ўзгорках Самарыі, і будуць садзіць іх і збіраць вінаград земляробы.
Бо будзе дзень, калі вартаўнікі на гары Яфрэмавай абвесьцяць: «уставайце, і пойдзем на Сіён да Госпада Бога нашага».
Надыдзе бо дзень, калі вартаўнікі закрычаць на гары Эфраіма: “Уставайце, узыдзем на Сіён да Госпада, Бога нашага”.
Бо так кажа Гасподзь: радасна сьпявайце пра Якава і ўсклікайце перад галавою народаў; узьвяшчайце, слаўце і кажэце: уратуй, Госпадзе народ Твой, рэшту Ізраіля!
Бо вось што кажа Госпад: “Спявайце радасна ў гонар Якуба, усклікайце перад першым між народамі! Абвяшчайце, спявайце і кажыце: “Збаў, Госпадзе, народ Твой, рэшту Ізраэля!”
Вось, Я прывяду іх з краіны паўночнай і зьбяру іх з краёў зямлі; сьляпы і кульгавы, цяжарная і парадзіха разам зь імі, — вялікі гурт вернецца сюды.
Вось, Я прывяду іх з зямлі паўночнай і збяру іх з канцоў зямлі, між імі будуць сляпы і кульгавы, жанчына цяжарная і парадзіха разам: вялікая грамада тых, што вяртаюцца сюды.
Яны пайшлі са сьлязьмі, а Я павяду іх з уцехаю; павяду іх бліз патокаў водаў, дарогаю роўнаю, на якой не спатыкнуцца; бо Я — бацька Ізраілю і Яфрэм — першынец Мой.
Яны выйшлі плачучы, але Я прывяду іх з радасцю, Я павяду іх праз ручаі водныя, дарогай прамой, і не будуць яны спатыкацца на ёй, бо Я стаўся для Ізраэля бацькам, а Эфраім — першародны Мой”».
Слухайце слова Гасподняе, народы, і ўзьвясьцеце выспам аддаленым і скажэце: «Хто расьсеяў Ізраіля, Той і зьбярэ яго, і будзе ахоўваць яго, як пастух статак свой»;
Народы, паслухайце слова Госпада, і абвясціце на астравах, што воддаль, і скажыце: «Той, Хто расцярушыў Ізраэля, збярэ яго; і будзе берагчы яго, як пастух статак свой».
бо адкупіць Гасподзь Якава і пазбавіць яго ад рукі таго, хто быў дужэйшы за яго.
Адкупіў бо Госпад Якуба і вызваліў яго з рукі дужэйшага за яго.
І прыйдуць яны — і будуць радавацца на вышынях Сіёна; і сьцякуцца да добрасьці Гасподняй, да пшаніцы і віна і алею, да ягнят і валоў; і душа іхняя будзе як напоены вадою сад, і яны ня будуць ужо болей таміцца.
І прыйдуць яны, і будуць спяваць хвалу на гары Сіён, і прыгарнуцца да даброццяў Госпада: збожжа, і віна, і аліўкавага алею, ягнят і цялят; і душа іх станецца, як сад абводнены, і не будуць яны больш прагнуць.
Тады дзяўчына будзе весяліцца ў карагодзе, і хлопцы і старыя разам; і замяню маркоту іхнюю на радасьць і суцешу іх, і парадую іх пасьля смутку іхняга.
«Тады будзе радавацца дзяўчына ў карагодзе, і юнакі, і старыя ўсе разам. І замяню Я смутак іх на радасць, і пацешу іх, і ўзвесялю па іх пакутах.
І накармлю душу сьвятароў тлушчам, і народ Мой насыціцца дабротамі Маімі, кажа Гасподзь.
І насычу душу святароў тлустасцю, а народ Мой будзе напоўнены дабротамі Маімі», — кажа Госпад.
Так кажа Гасподзь: голас чуцен у Раме, лямант і горкае галашэньне: Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца ў дзецях сваіх, бо іх няма.
Гэта кажа Госпад: «Чуецца ў Раме голас ляманту, плач і галашэнне Ракелі, якая аплаквае сыноў сваіх і не хоча супакоіцца дзеля іх, бо няма іх».
Так кажа Гасподзь; утрымай голас твой ад галашэньня і вочы твае ад сьлёз, бо ёсьць узнагарода за працу тваю, кажа Гасподзь, і вернуцца яны з зямлі варожым.
Гэта кажа Госпад: «Хай супакоіцца твой голас ад плачу і вочы твае ад слёз, бо ёсць узнагарода за працу тваю, — кажа Госпад, — і яны вернуцца з зямлі варожай.
І ёсьць надзея для будучыні тваёй, кажа Гасподзь, і вернуцца сыны твае ў межы свае.
І ёсць надзея дзеля будучыні тваёй, — кажа Госпад, — і вернуцца сыны ў межы свае».
Чую Яфрэма, які плача: «Ты пакараў мяне, — і я пакараны, як цялё неўтаймоўнае; навярні мяне, — і навярнуся, бо Ты — Гасподзь Бог мой.
Слухаў Я і пачуў перасяленца Эфраіма: «Пакараў Ты мяне, і я навучаны, як нерахманае цяля. Навярні мяне, і я навярнуся, бо Ты — Госпад, Бог мой!
Калі я быў навернуты, я каяўся, і калі быў настаўлены на розум, біў сябе па клубах; я быў пасаромлены, я быў зьбянтэжаны, бо нёс няславу маладосьці маёй».
Як бо навярнуў Ты мяне, я пакаяўся, а калі паказаў Ты мяне, я ўдарыў па сцёгнах сабе, засаромеўся і пачырванеў, бо атрымаў я за ганьбу маладосці сваёй».
Ці не дарагі ў Мяне сын Яфрэм? ці ня любае дзіця? бо, як толькі загавару пра яго, заўсёды зь любоўю ўспамінаю пра яго; нутроба Мая абураецца за яго; умілажалюся зь яго, кажа Гасподзь.
«Ці ты, Эфраім, не дарагі сын Мой і ці не мілае дзіця? Бо колькі разоў гаварыў Я пра яго, а ён усё прыгадваецца Мне? Таму знемаглося нутро Маё дзеля яго, і, шкадуючы, пашкадую яго», — кажа Госпад.
Пастаў сабе дарожныя знакі, пастаў сабе слупы, павярні сэрца тваё на дарогу — на шлях, па якім ты ішла; вяртайся, дзева Ізраілевая, вяртайся ў гэтыя гарады твае.
Пастаў сабе камяні, парасстаўляй сабе знакі на дарогах, звярні сэрца сваё на дарогу, на шлях, якім ішла; вярніся, дзева Ізраэля, вярніся да гэтых гарадоў сваіх!
Ці доўга табе бадзяцца, адпалая дачка? Бо Гасподзь стварыў на зямлі нешта новае: жонка выратуе мужа.
Дакуль будзеш бадзяцца, дачка непакорлівая? Госпад бо стварыў навіну на зямлі: жанчына збавіць мужа.
Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: наперад, калі Я вярну палон іхні, будуць казаць на зямлі Юды і ў гарадах ягоных гэтае слова: «хай дабраславіць цябе Гасподзь, жытлішча праўды, гара сьвятая!»
Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Дагэтуль будуць гаварыць гэтае слова ў зямлі Юдэйскай і ў гарадах яе, калі Я перамяню лёс іх: “Хай дабраславіць цябе Госпад, жытло справядлівасці, гара святая”.
І паселіцца на ёй Юда і ўсе гарады ягоныя разам, земляробы і тыя, што ходзяць са статкамі.
І абжывуцца ў ёй Юда, і ўсе разам гарады яе, земляробы і тыя, што за статкам ходзяць.
Бо Я напаю душу стомленую і накармлю душу скрушную.
Бо напаю Я душу знямоглую, і кожную душу згаладнелую накармлю».
Пры гэтым я прачнуўся і паглядзеў, і сон мой быў прыемны мне.
На гэтым як бы ад сну я прачнуўся і глянуў, і сон мой быў мне прыемны.
Вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі Я засею дом Ізраілеў і дом Юдаў насеньнем чалавека і насеньнем быдла.
«Вось жа, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я засею дом Ізраэля і дом Юды семем людзей і семем жывёлы.
І як Я назіраў за імі, выкараняючы і ламаючы, і разбураючы і губячы, і пашкоджваючы, так буду назіраць за імі, будуючы і насаджваючы, кажа Гасподзь.
І як рупіўся Я пра іх, каб вырываць і нішчыць, раскідваць, губіць і пераследаваць, так буду рупіцца пра іх, каб адбудаваць іх і засадзіць — кажа Госпад.
У тыя дні ўжо ня будуць казаць: «бацькі елі кіслы вінаград, а ў дзяцей на зубах — аскома»,
У тыя дні не будуць яны ўжо казаць: “Бацькі елі горкія ягады, а зубы сыноў здранцвелі”,
а кожны будзе паміраць за сваё ўласнае беззаконьне; хто будзе есьці кіслы вінаград, у таго на зубах і аскома будзе.
але кожны памрэ за сваю злачыннасць, і ў кожнага чалавека, які будзе есці горкія ягады, здранцвеюць зубы яго.
Вось настаюць дні, кажа Гасподзь, калі Я заключу з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,
Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я заключу з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет.
не такі запавет, які Я заключыў з бацькамі іхнімі ў той дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх зь зямлі Егіпецкай; той запавет Мой яны парушылі, хоць я заставаўся ў еднасьці зь імі, кажа Гасподзь.
Не такі запавет, які заключыў Я з бацькамі іх, у дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай, запавет, які яны парушылі, а Я ж валадарыў над імі, — кажа Госпад.
А той запавет, які Я заключу з домам Ізраілевым пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: укладу закон Мой у іхнюю нутрыну і на сэрцах іх напішу яго, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам.
Але вось якім будзе запавет, які Я заключу з домам Ізраэля па тых днях, — кажа Госпад, — Я размяшчу закон Мой у нутры іх ды ў сэрцы іх напішу яго, і буду ім Богам, а яны будуць Мне народам.
І ўжо ня будуць вучыць адзін аднаго, брат — брата і казаць: «спазнайце Госпада», бо ўсе самі будуць ведаць Мяне, ад малога да старога, кажа Гасподзь, бо Я дарую беззаконьні іхнія і грахоў іхніх ужо не спамяну болей.
І не будзе вучыць болей чалавек блізкага свайго і брат брата свайго, кажучы: “Спазнай Госпада”, бо ўсе ад найменшага з іх аж да найбольшага будуць ведаць Мяне, — кажа Госпад, — бо Я прабачу злачынствы ім і пра грахі іх не буду больш узгадваць».
Так кажа Гасподзь, Які даў сонца на асьвятленьне ўдзень, пастановы месяцу і зоркам на асьвятленьне ўначы, Які хвалюе мора, што аж хвалі яго равуць; Гасподзь Саваоф — імя Яму.
Гэта кажа Госпад, Які дае сонца, як свяціла дня, парадак месяцу і зоркам, як свяцілам ночы, Які хвалюе мора, што шумяць хвалі яго, імя Яму — Госпад Магуццяў:
Калі гэтыя пастановы перастануць дзейнічаць перад Мною, кажа Гасподзь, дык і племя Ізраілевае перастане быць народам перад Мною назаўсёды.
«Калі б зніклі гэтыя законы перад абліччам Маім, — кажа Госпад, — тады б знікла і насенне Ізраэля і не было б перада Мною народам на ўсе дні.
Так кажа Гасподзь: калі неба можа быць абмерана ўгары, а асновы зямлі — дасьледаваныя ўнізе, дык і Я адкіну ўсё племя Ізраілевае за ўсё тое, што яны рабілі, кажа Гасподзь.
Гэта кажа Госпад: “Калі магчыма будзе змерыць неба ўгары і даследаваць падваліны зямлі ўнізе, тады і Я адкіну ўсё семя Ізраэля за ўсё тое, што яны зрабілі”, — кажа Госпад.
Вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі горад уладжаны будзе на славу Госпаду ад вежаў Анамэіла да брамаў вугольных,
“Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — калі будзе адбудаваны горад Госпада ад вежы Хананээль аж да вонкавай брамы.
і каморніцкая вяроўка пойдзе проста да пагорка Гарыва і абыдзе Гаат.
І будзе цягнуцца далей шнур для мерання наўпрост, аж да ўзгорка Гарэб, ды зверне на Гоа.
І ўся даліна трупаў і попелу, і ўсё поле да патока Кедрона, да кута конскае брамы на ўсход, будзе сьвятыняю Госпада; не разбурыцца і не распадзецца векавечна.
І ўся лагчына трупаў і попелу, ды ўсё наваколле аж да ручая Цэдрон, да рога брамы Конскай на ўсход — святыня Госпада, і не будуць яны ўжо больш знішчаныя і зруйнаваныя навекі”».