Ераміі 6 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Бяжэце, дзеці Веньямінавыя, спасярод Ерусаліма, і ў Тэкое трубеце ў трубу і дайце знак агнём у Бэткарэме, бо з поўначы ідзе бяда і пагібель вялікая.
 
Уцякайце з асяродку Ерузаліма, сыны Бэньяміна, і ў Тэкуа трубіце ў трубы, і над Бэт-Харэмам падыміце знак, бо з поўначы паказалася няшчасце ды вялікае спусташэнне.

Я зруйную дачку Сіёна, прыгожую і сьпешчаную.
 
Прыгожую і далікатную дачку Сіёна прымусіў Я змоўкнуць.

Пастухі са статкамі сваімі прыйдуць да яе, раскінуць намёты вакол яе; кожны будзе пасьвіць сваю дзялянку.
 
Да яе прыбудуць пастухі са сваімі статкамі, разаб’юць палаткі навокал яе, і кожны будзе пасвіць сваю частку.

Рыхтуйце вайну супраць яе; уставайце і пойдзем апоўдні. Гора нам! дзень ужо хіліцца, доўжацца цені вячэрнія.
 
«Прыгатуйцеся да святой вайны супраць яе, паўстаньце, і пойдзем апоўдні. Гора нам, бо дзень ужо схіліўся, бо даўжэйшыя сталі цені вечарам!

Уставайце, пойдзем і ўначы, і зруйнуем харомы яе!
 
Устаньце ды хадземце ноччу і знішчым яе дамы».

Бо так кажа Гасподзь Саваоф: сячэце дрэвы і рабеце насып супроць Ерусаліма: гэты горад павінен быць пакараны; у ім усялякі прыгнёт.
 
Бо вось што кажа Госпад Магуццяў: «Зрэжце дрэвы яе і насыпце вал кругом Ерузаліма, гэта бо горад пакарання, усялякая крывадушнасць пасярод яго.

Як крыніца зь сябе вывяргае ваду, так ён точыць ліха зь сябе: чутно ў ім насільле і рабаўніцтва, перад абліччам Маім — заўсёды крыўды і раны.
 
Як студня дае выліцца вадзе сваёй, так ён дае выліцца ліхоце сваёй; чутно ў ім пра гвалт і спусташэнне, прыгнёт і пакуты заўсёды перад абліччам Маім.

Набярыся розуму, Ерусаліме, каб душа Мая не аддалілася ад цябе, каб Я не зрабіў цябе пусткаю, зямлёй неабжытаю.
 
Вучыся, Ерузалім, каб часам не адступілася душа Мая ад цябе, каб часам Я не перамяніў цябе ў пустыню, зямлю бязлюдную».

Так кажа Гасподзь Саваоф: да канца дабяруць рэшту Ізраіля, як вінаград; працуй рукою тваёю, як зборшчык вінаграду, кашы напаўняючы.
 
Гэта кажа Госпад Магуццяў: «Абяруць старанна, як вінаград, да гронкі, рэшткі Ізраэля. Рухай рукой сваёй, як вінаградар да галінак вінаградных».

Да каго гаварыць мне і каго ўгаворваць, каб слухалі? Вось, вуха ў іх неабрэзанае, і яны ня могуць слухаць; вось слова Гасподняе ў іх пасьмешышча: яно няпрыемнае ім.
 
Каму я маю казаць і каго перасцерагаць, каб паслухаў? Вось жа, неабрэзаныя вушы іх, і не могуць яны чуць, вось жа, слова Госпада сталася для іх у пасмяянне, і яны не прымуць яго.

Таму Я перапоўнены лютасьцю Гасподняю, не магу трымаць яе ў сабе; вылью яе на дзяцей на вуліцы і на зборню юнакоў; узятыя будуць муж з жонкаю, пажылы з тым, хто аджыў гады.
 
Таму поўны я гневу Госпадава, цяжка мне ўстрымацца. «Вылі яго на дзяцей на вуліцы і на сход юнакоў! Будуць забраны нават муж з жонкаю, таксама стары разам з вельмі састарэлым.

І дамы іхнія пяройдуць да іншых, гэтак сама і палі і жонкі; бо Я працягну руку Маю на насельнікаў гэтай зямлі, кажа Гасподзь.
 
І пяройдуць дамы іх да іншых, падобна як палі і жонкі, бо выцягну Я руку Сваю на жыхароў зямлі, — кажа Госпад. —

Бо ад малога да вялікага, кожны зь іх аддадзены карысьлівасьці, і ад прарока да сьвятара — усе дзеюць ілжыва;
 
Бо ад найменшага аж да найбольшага ўсе апанаваны сквапнасцю, ад прарока да святара, усе чыняць падман ды не саромеюцца.

Лечаць раны народа Майго легкадумна, кажучы: «Мір! мір!», а міру няма.
 
І легкадумна яны лечаць рану народа Майго, кажучы: “Супакой, супакой”, а супакою няма.

Ці саромеюцца яны, робячы гнюсоты? Не, зусім не саромеюцца і не чырванеюць. Затое загінуць сярод пагіблых, і ў часіну наведаньня Майго будуць пабітыя, кажа Гасподзь.
 
Сорам ім, бо чыняць яны брыдоту; ды толькі сораму яны не адчуваюць і не ўмеюць чырванець. Дзеля таго ўпадуць сярод тых, што падаюць; у час, калі Я наведаю іх, пападаюць», — кажа Госпад.

Так кажа Гасподзь: спынецеся на шляхах вашых і разгледзьце, і распытайце пра шляхі старажытных, дзе шлях добры, і ідзеце па ім, і знойдзеце спакой душам вашым. Але яны сказалі: «ня пойдзем».
 
Гэта кажа Госпад: «Станьце на дарогах і глядзіце, ды пытайцеся пра даўнейшыя сцежкі, якая дарога добрая, ды ідзіце па ёй, і знойдзеце супакой сэрцам вашым». Але яны сказалі: «Не пойдзем!»

І паставіў я варту над вамі, сказаўшы: слухайцеся гуку трубы. Але яны сказалі: «ня будзем слухацца».
 
«І паставіў Я назіральнікаў над вамі: “Слухайце гукі трубы!” Але яны адказалі: “Не будзем слухаць!”

Дык вось, слухайце, народы, і ведай, зборня, што зь імі будзе.
 
Дык слухайце, народы, і зразумейце супольна, што Я маю ім зрабіць.

Слухай, зямля: вось, я прывяду на народ гэты пагібель, плод помыслаў іхніх; бо яны слоў Маіх ня слухалі і закон Мой адкінулі.
 
Слухай, зямля! Вось жа, Я навяду няшчасце на народ гэты, плод іх задумаў, бо не слухалі яны слоў перасцярогі Маёй ды закон Мой адкінулі.

Навошта Мне ладан, які ідзе з Савы, і пахучы трысьнёг з далёкай краіны? Цэласпаленьні вашыя недагодныя, і ахвяры вашыя няпрыемныя Мне.
 
Навошта Мне кадзіла, якое прывезена з Сабы, або трыснёг, салодкі і пахкі, з зямлі далёкай? Не прымаю Я вашых цэласпаленняў, і крывавыя ахвяры вашы не падабаюцца Мне».

Таму так кажа Гасподзь: вось, я кладу перад народам гэтым спатыкі, і спатыкнуцца на іх бацькі і дзеці разам, сусед і сябар ягоны, і загінуць.
 
Дзеля таго вось што кажа Госпад: «Вось, Я нашлю на гэты народ перашкоды, і спатыкнуцца аб іх бацькі і дзеці разам, сусед і сваяк прападуць».

Так кажа Гасподзь: вось, ідзе народ з краіны паўночнай, і народ вялікі падымаецца ад краёў зямлі;
 
Гэта кажа Госпад: «Вось, надыходзіць люд з зямлі паўночнай, і народ вялікі падымецца з канцоў зямлі.

трымаюць у руках лук і дзіду; яны жорсткія і неміласэрныя, голас у іх шуміць, як мора, і ляцяць на конях, выстраеныя, як адзін чалавек, каб цябе зваяваць, дачка Сіёна.
 
Лук і меч схопіць ён, жудасны ён і без літасці, гармідар іх будзе шумець, як мора, і сядуць яны на коней, гатовыя ўсе як адзін да бою супраць цябе, дачка Сіёна!»

Мы пачулі вестку пра іх, і рукі ў нас апусьціліся, скруха агарнула нас, пакуты, як жанчыну ў родах.
 
«Пачулі мы вестку аб гэтым, і рукі нашы самлелі, трывога ахапіла нас, пакуты — як у парадзіхі».

Ня выходзьце ў поле і не хадзеце па дарозе, бо меч непрыяцеляў, жах з усіх бакоў.
 
«Не выходзьце ў палі і не хадзіце па дарозе, бо меч ворага, трывога кругом.

Дачка народу майго! аперажы сябе вярэтаю і пасып сябе попелам; смуткуй, як бы па сьмерці адзінага сына, — горка плач; бо зьнянацку прыйдзе на нас загубца.
 
Дачка народа Майго, апраніся ў зрэбніцу ды качайся ў попеле; учыні сабе жалобу, горкі плач, як па сыне адзіным, бо знянацку нападзе на нас нішчыцель.

Вежаю паставіў Я цябе сярод народу Майго, слупам, каб ты ведаў і пільнаваў шлях іхні.
 
Я паставіў цябе даследніцай у народзе Маім, і ты пазнаеш і выспрабуеш дарогу іх.

Усе яны — упартыя адступнікі, жывуць паклёпам; гэта — медзь і жалеза, — усе яны разбэшчваюць.
 
Усе яны — першыя бунтаўнікі, жывуць крывадушна. Яны — медзь і жалеза, псуюць усё.

Паддзімальны мех абгарэў, сьвінец сатлеў ад агню: гутнік плавіў дарма, бо ліхія не аддзяліліся;
 
Кавальскі мех раздуўся на агні, волава растапілася; надарма каваль пераплаўляў, шлакі не аддзяліліся.

адкінутым срэбрам назавуць іх, бо Гасподзь адкінуў іх.
 
Назавіце іх срэбрам асуджаным, бо адкінуў іх Госпад».