Ераміі 8 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
У той час, кажа Гасподзь, выкінуць косьці цароў Юды, і косьці князёў ягоных, і косьці сьвятароў, і косьці прарокаў, і косьці жыхароў Ерусаліма — з магілаў іхніх;
«У той час, — кажа Госпад, — выкінуць з магіл іх косці цароў юдэйскіх ды косці князёў іх, косці святароў, косці прарокаў, косці жыхароў Ерузаліма;
і раскідаюць іх перад сонцам і месяцам і перад усім войскам нябесным, якіх яны любілі і якім служылі і сьледам за якімі хадзілі, якіх шукалі і якім пакланяліся; ня прыбяруць іх і не пахаваюць: яны будуць гноем на зямлі.
і раскладуць іх для сонца, месяца ды ўсяго войска нябеснага, якіх яны любілі ды якім служылі, за якімі хадзілі, якіх шукалі і якім пакланяліся.
І лепей захочуць сьмерці ўсе астатнія, якія застануцца ад гэтага ліхога племені ва ўсіх мясьцінах, куды Я выганю іх, кажа Гасподзь Саваоф.
І будуць выбіраць лепш смерць, чым жыццё, усе, хто застанецца з гэтага племені ліхога па ўсіх месцах, у якія Я выганю іх, — кажа Госпад Магуццяў.
І скажы ім: так кажа Гасподзь: хіба, упаўшы, не ўстаюць і, зьбіўшыся з дарогі, не вяртаюцца?
І ты скажаш ім: гэта кажа Госпад: “Ці ж не падымецца той, хто падае? Або ці не вернецца той, хто адвярнуўся?
Навошта гэты народ, Ерусаліме, стаіць ва ўпартым адступніцтве? яны моцна трымаюцца падману і ня хочуць навярнуцца.
Чаму тады адвярнуўся гэты народ, Ерузалім, у адступніцтве трывалым? Ухапіліся за падман і не хочуць навярнуцца”.
Я назіраў і слухаў: не гавораць яны праўды, ніхто ня каецца ў сваім бязбожніцтве, ніхто ня кажа: «што я зрабіў»? кожны паварочвае на сваю дарогу, як конь, што кідаецца ў бітву.
Я зважаў і слухаў. Ніхто не гаворыць тое, што добрае, няма нікога, хто б каяўся дзеля ліхоты сваёй, кажучы: “Што ж я зрабіў?” Усе паварочваюць у сваім напрамку, як конь, які шпарка нясецца ў бітве.
І бусел пад небам ведае свае пэўныя поры, і галубка, і ластаўка, і журавель, сочаць за часам, калі ім прыляцець; а народ Мой ня ведае вызначэньня Гасподняга.
Нават бусел у небе ведае свой час, туркаўка, ластаўка і журавель пільнуюць час свайго прылёту, а народ Мой не ведае прысуду Госпадава.
Як вы кажаце: мы мудрыя, і закон Гасподні ў нас? А вось, ілжывая трысьціна кніжнікаў і яго ператварае ў хлусьню.
Як жа вы кажаце: “Мы — мудрыя, і закон Госпада — з намі”? Сапраўды, падманнае пяро пісараў зрабіла яго хлуснёю.
Пасарамаціліся мудрацы, сумеліся і заблыталіся ў сетку: вось, яны адхілілі слова Гасподняе; у чым жа мудрасьць іхняя?
Мудрыя асаромлены, спалоханы і схоплены, бо адкінулі яны слова Госпада і няма ў іх ніякай мудрасці.
За тое жонак іхніх аддам другім, палі іхнія — іншым уладарам; бо ўсе яны, ад малога да вялікага, аддаліся карысталюбству; ад прарока да сьвятара — усе дзеюць ілжыва.
Дзеля таго жонак іх Я аддам чужаземцам, палі іх — заваёўнікам, бо ад найменшага да найбольшага ўсе яны дбаюць пра карысць; ад прарока да святара ўсе дапускаюцца падману.
І гояць рану дачкі народа Майго легкадумна, кажучы: «мір, мір!», а міру няма.
І лечаць раны дачкі народа Майго легкадумна, кажучы: “Супакой, супакой”, хаця супакою няма.
Ці саромеюцца яны, робячы мярзоты? Не, яны зусім не саромеюцца і не чырванеюць. За тое загінуць яны сярод пагіблых; у час наведваньня іх будуць пабітыя, кажа Гасподзь.
Сорам ім, бо дапусціліся брыдоты, ды нават у сораме яны не саромеюцца і чырванець не ўмеюць, таму ўпадуць яны паміж заняпалых, прападуць у час наведання іх, — кажа Госпад. —
Да канца абяру іх, кажа Гасподзь, не застанецца ніводнай вінаградзіны на лазе, ні смоквы на смакоўніцы, і ліст ападзе, і што Я даў ім, адыдзе ад іх.
Учыню Я збор і буду збіраць іх, — кажа Госпад, — ды няма ні гронкі на галінках, ані фігаў на дрэве фігавым, і лістота звяла».
«Чаго мы сядзім? зьбірайцеся, пойдзем ва ўмацаваныя гарады, і там загінем: бо Гасподзь Бог наш назначыў нас на пагібель і дае нам піць ваду з жоўцю за тое, што мы грашылі перад Госпадам».
«Чаму ж мы сядзім? Збірайцеся і пойдзем у гарады ўмацаваныя, каб там загінуць, бо Госпад, Бог наш, аддаў нас на загубу, і на піццё даў нам атручаную ваду, бо зграшылі мы перад Госпадам.
Чакаем міру, а нічога добрага няма, — часу ацаленьня, і вось жахі.
Чакаем супакою, але няма добрага, часу аздараўлення, ды вось — жах!»!
Ад Дана чуваць храп коней ягоных, ад моцнага іржаньня жарабцоў ягоных дрыжыць уся зямля; і прыйдуць і зьнішчаць зямлю і ўсё, што на ёй, горад і ўсіх, хто жыве ў ім.
«Ад Дана чуецца хрыпенне коней іх, на голас іржання баявых жарабцоў іх дрыжыць уся зямля. І прыйдуць яны, і паглынуць зямлю ды тое, што поўніць яе, горад і жахароў яго.
Бо вось, Я пашлю на вас зьмеяў, васіліскаў, супроць якіх няма замовы, і яны будуць кусаць вас, кажа Гасподзь.
Бо, вось, пашлю Я супраць вас васіліскаў, супраць якіх няма замовы, і яны будуць вас кусаць, — кажа Госпад, — і не зможаце лячыцца».
Калі суцешуся я ў гароце маёй! сэрца маё спакутавалася ўва мне.
Весялосць мая зрабілася ўва мне болем, сэрца маё смуткуе.
Вось, чую енк дачкі народа Майго з далёкай краіны: хіба няма Госпада на Сіёне? хіба няма Цара яго на ім? — Навошта яны спадзьвіглі Мяне на гнеў сваімі ідаламі, чужаземнымі, нікчэмнымі?
Вось жа голас ляманту дачкі народа Майго з далёкай зямлі: «Ці ж няма Госпада на Сіёне? Ці ж няма на ім цара Яго?» — «Дык чаму яны абудзілі Мяне да гневу сваімі ідаламі ды марнасцямі чужымі?»
Прайшло жніво, скончылася лета, а мы ня выратаваны.
«Прайшло жніво, скончылася лета, а мы не збаўлены!»
Па смутку дачкі народа Майго я смуткую, хаджу змрочны, жудасьць агарнула мяне.
Заламаны і сумны я дзеля заламання дачкі народа майго; жах ахапіў мяне.
Хіба няма бальзаму ў Галаадзе? хіба няма там лекара? Чаму ж няма ацаленьня дачцэ народа майго?
Ці няма бальзаму ў Галаадзе, ці няма там лекара? Дык чаму не зацягнулася рана дачкі народа майго?