Ераміін Плач 1 разьдзел
Ераміін Плач
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Які асамотнены горад, людны калісьці! ён нібы аўдавеў; вялікі паміж народамі, уладца краін адрабляе даніну.
О, як сумуе адзінокі горад, калісь такі людны, стаўся ён быццам удавою, валадар народаў; князь над правінцыямі, апынуўся ён пад данінаю.
Горка плача ён уначы, і сьлёзы яго па шчоках бягуць. Ня мае суцешніка сярод тых, што любілі яго; усе сябры яму здрадзілі, яму сталіся ворагамі.
Горка ён плача ўсю ноч, і слёзы яго на шчаках яго, няма каму яго суцешыць з усіх прыяцеляў яго: усе сябры яго адвярнуліся ад яго, сталіся яму ворагамі.
Юда ў выгнаньні, у цярпеньнях і ў цяжкай няволі, пасяліўся сярод язычнікаў, і не знаходзіць спакою сабе; усе, хто яго перасьледаваў, дагналі яго ў цясьнінах.
Пайшоў на выгнанне Юда з прычыны прыцяснення і вялікай няволі; жыве ён між народамі, не знаходзіць супакою, усе пераследнікі яго ловяць яго сярод прыцясненняў.
Шляхі да Сіёна ў жалобе, не пасьпяшае ніхто на сьвята; усе апусьцелі брамы; сьвятары яго енчаць, дзяўчаты ягоныя ў смутку, горка й самому яму.
Дарогі Сіёна пустуюць, бо няма нікога, хто б пайшоў на святы; усе брамы яго панішчаны, войкаюць святары ў смутку, дзяўчаты яго зняважаны, і сам ён горыччу прыгнечаны.
Ворагі апанавалі яго, няпрыяцелі шчасьцяцца ў дабрадзенстве, бо наслаў на яго Гасподзь бядоту за многія беззаконьні ягоныя; дзеці яго пайшлі ў палон паперадзе ворага.
Ворагі сталі на чале яго, непрыяцелі яго жывуць бяспечна, Госпад бо яго прыціснуў моцна за многія яго злачынствы. Дзяцей яго вядуць нявольнікамі пад наглядам крыўдзіцеля.
І адабрана ў дачкі Сіёна ўся яе велічнасьць; князі яе, як алені, што не знаходзяць пашы; і бясьсіла ідуць яны перад паганятым.
І страціла дачка Сіёна ўсю дастойнасць сваю, кіраўнікі яе — як алені, не знаходзячыя пашы сабе; валакуцца зняможаныя на вачах пераследніка.
Успамінае Ерусалім у дні бедства свайго і пакутаў сваіх, пра ўсе скарбы свае, што былі ў яго за былымі днямі, тым часам народ яго гіне ад рук ворага, і ніхто яму не пасабляе; супастаты глядзяць на яго і сьмяюцца зь яго суботаў.
Успомніў Ерузалім дні гора свайго і выгнання, усе каштоўнасці свае, якія меў у даўнасці, пакуль не ўпаў народ яго ў рукі варожыя і ніхто яму не дапамог; бачылі яго ворагі і насміхаліся з загубы яго.
Цяжка зграшыў Ерусалім, і за тое зрабіўся агідны; кожны, хто славіў яго, глядзіць на яго з пагардай, галізну ягоную ўбачыўшы; ён і сам уздыхае і адварочваецца.
Зграшыў цяжка Ерузалім, таму стаўся абрыдлым для ўсіх; усе, хто ганарыліся ім, пагардзілі ім, бо бачылі подласць яго: сам ён, уздыхаючы, павярнуўся назад.
На прыполе ў яго была нечысьць, але ён ня думаў пра будучыню, і заняпаў так ганебна, і няма яму суцешніка. «Паглядзі, Госпадзе, на гароту маю, бо вораг узвысіўся!»
На краях шатаў яго — бруд, не ўспамінае ён пра будучыню сваю, страшна зняважаны ён, не мае нікога, хто б пацешыў. «Пабач, Госпадзе, гора маё, бо перамогу бярэ вораг».
Вораг руку працягнуў на ўсе скарбы ягоныя; ён бачыць, як уваходзяць язычнікі ў сьвятыню ягоную, пра якую Ты наказаў, каб яны ня ўступалі ў сходню Тваю.
Вораг працягнуў руку сваю на ўсе яго каштоўнасці, а ён глядзеў на паганаў, як уварваліся ў святыню яго, хоць забараніў Ты ім уваходзіць на сход Твой.
Увесь народ ягоны ўздыхае, шукаючы хлеба, за ежу багацьці свае аддае, каб душу ўмацаваць. «Паглядзі, Госпадзе, і падзівіся, які я пагарджаны!»
Увесь народ яго стогне, шукаючы хлеба, на ежу выдалі каштоўнасці свае, каб ажывіць душу: «Зірні, Госпадзе, і ўзваж, бо стаўся я нікчэмны!
Хай ня будзе гэтага з вамі, вы, што дарогай праходзіце! зірнеце і падзівецеся, ці ёсьць хвароба, як хвароба мая, што спасьцігла мяне, што наслаў на мяне Гасподзь у дзень палкага гневу Свайго?
О вы ўсе, што ідзяце дарогаю, прыгледзьцеся і пабачце, ці ёсць пакута, як мая пакута, якую прыгатаваў мне, якою прыціснуў мяне Госпад у дзень, калі ўзгарэўся гнеў Яго.
Згары Ён паслаў агонь у косткі мае, і ён авалодаў імі; раскінуў сеткі на ногі мае, абярнуў мяне, і зьбедніў мяне, каб я таміўся дзень кожны.
З гары агонь саслаў Ён, запусціў яго ў косці мае; раскінуў сець на ногі мае, павярнуў Ён мяне назад: пакінуў мяне адзінокага, апанаванага тугой увесь дзень.
Ярмо пахібнасьцяў маіх зьвязана ў руцэ Ягонай; яны сплецены і падняліся на шыю маю; Ён паслабіў сілу маю. Гасподзь аддаў мяне ў рукі, зь якіх не магу я вырвацца.
Сачыў Ён за маімі злачынствамі, рукой Яго згорнуты яны ды ўскладзены на шыю маю, аслабіў Ён сілу маю. Аддаў мяне Госпад у руку, з якой не змагу ніяк падняцца.
Усіх дужых маіх Гасподзь скінуў сярод мяне, склікаў супроць мяне сход, каб вынішчыць хлопцаў маіх; як у таўчэльні стаптаў Гасподзь дзеву, дачку Юдавую.
Выдаліў спасярод мяне Госпад усіх волатаў маіх, зборышча прызваў супраць мяне, каб знішчыць юнакоў маіх, як вінатокам, стаптаў Госпад дзеву, дачку Юды.
Па гэтым плачу я; вока маё, вока маё вылівае воды, бо далёка ад мяне мой суцешнік, які ажывіў бы душу маю; дзеці мае спустошаны, бо перамог вораг.
Таму я і плачу, ды вока маё цячэ слязой, бо далёкім ад мяне стаўся Суцяшальнік, Той, Хто ажыўляе душу маю; сыны мае прапалі, бо перамог вораг».
Сіён працягвае рукі свае, а суцешніка яму няма, Гасподзь даў загад пра Якава ворагам ягоным; Ерусалім сярод іх амярзоціўся.
Распасцёр Сіён рукі свае — няма каму яго суцяшаць, Госпад даў загад супраць Якуба, ворагі яго акружылі, стаўся Ерузалім, як спаганены нячыстасцю між імі.
Гасподзь праведны, бо не ўпакораны быў я слову Ягонаму. Паслухайце, усе народы, і зірнеце на немач маю: дзевы мае і хлопцы мае ў няволю пайшлі.
«Справядлівы ёсць Госпад, бо супрацівіўся я слову вуснаў Яго. Слухайце, малю, усенькія народы, ды паглядзіце на боль мой: дзяўчаты мае і юнакі мае пайшлі ў няволю.
Клічу сяброў маіх, але яны ашукалі мяне; сьвятары мае і старцы мае канаюць у горадзе, шукаючы ежы сабе, каб душу сваю падмацаваць.
Клікаў я прыяцеляў сваіх, але яны мяне падманулі, святары мае і старэйшыны мае прапалі ў горадзе, бо шукалі харчоў сабе, каб ажывіць душу сваю.
Паглядзі, Госпадзе, бо мне цесна, хвалюецца ўва мне нутроба, сэрца маё перавярнулася ўва мне за тое, што я ўпарта Табе супрацівіўся; меч звонку зьбязьдзетніў мяне, а дома — як сьмерць.
Зірні, Госпадзе, бо я пакутую; трасецца нутро маё, сціскаецца сэрца маё ўва мне, бо я быў надзвычай праціўны Табе, на дварэ пагражае мне меч, а дома — смерць.
Пачулі, што я енчу, а суцешніка мне няма; пачулі ўсе ворагі мае пра гароту маю і парадаваліся, што Ты зрабіў гэта: о, калі б Ты загадаў, каб настаў дзень, Табою прадказаны, і каб яны мне ўпадобніліся!
Паслухай, як я ўздыхаю, — ды няма каму мяне пацешыць; усе ворагі мае, пачуўшы аб няшчасці маім, цешацца, бо Ты гэта зрабіў. Прывядзі той дзень, які Ты прадказаў, каб сталіся яны падобнымі да мяне.
Хай стане перад аблічча Тваё ўся іхняя злосьць; і ўчыні зь імі гэтак сама, як Ты са мною ўчыніў за грахі мае, бо цяжкія стагноты мае, і сэрца маё зьнемагае.
Няхай уся іх ліхота выйдзе перад аблічча Тваё, і ім зрабі так, як мне зрабіў дзеля ўсялякіх злачынстваў маіх; вялікія бо стагнанні мае і сэрца маё сумуе».