Лявіт 10 разьдзел

Лявіт
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Надаў і Авіуд, сыны Ааронавыя, узялі кожны сваю кадзільніцу і паклалі ў іх агню, і паклалі ў яго дымленьняў, і прынесьлі прад Госпада агонь чужы, якога Ён не загадваў ім;
 
Сыны Аарона, Надаб і Абігу, узяўшы кадзільніцы, паклалі у агонь ды яшчэ і духмянасці, складаючы ў ахвяру перад Госпадам іншы агонь, а не той, што быў загаданы.

і выйшаў агонь ад Госпада і спаліў іх, і памерлі яны перад абліччам Гасподнім.
 
Тады выйшаў агонь ад Госпада і спаліў іх, і яны памерлі перад Госпадам.

І сказаў Гасподзь Аарону: вось, пра што казаў Гасподзь, калі сказаў: у тых, што набліжаюцца да Мяне, асьвячуся і перад усім народам праслаўлюся. Аарон маўчаў.
 
Дык сказаў Майсей Аарону: «Вось што сказаў Госпад: “Я аб’яўлю Сваю святасць тым, якія набліжаюцца да Мяне, ды ўслаўлюся перад усім народам”». Аарон, чуючы гэта, маўчаў.

І паклікаў Майсей Місаіла і Элцафана, сыноў Ізііла, дзядзькі Ааронавага, і сказаў ім: ідзеце, вынесьце братоў вашых са сьвяцілішча за табар.
 
Тады Майсей паклікаў Місаэля і Элісафана, сыноў Азіэля, дзядзькі Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце, і забярыце братоў вашых з месца святога, і вынесіце іх за лагер».

І пайшлі і вынесьлі іх у хітонах іхніх за табар, як сказаў Майсей.
 
Яны зараз пайшлі і вынеслі іх, як ляжалі яны, апранутых у шаты свае, вонкі, як ім было загадана Майсеем.

А Аарону і Элеазару і Ітамару, сынам ягоным, Майсей сказаў: галоваў вашых не агаляйце і вопраткі вашай не разьдзірайце, каб вам не памерці і не навесьці гневу на ўсё супольства; але браты вашыя, увесь дом Ізраілеў, могуць плакаць па спаленых, якіх спаліў Гасподзь,
 
Майсей сказаў тады Аарону, Элеязэру і Ітамару, сынам яго: «Не галіце валасоў вашых і не раздзірайце адзення, каб часам не былі вы пакараныя смерцю, ды каб не ўзняўся гнеў на ўсю супольнасць. Браты вашыя і ўвесь дом Ізраэля могуць плакаць над спаленнем, якое ўчыніў Госпад.

і зь дзьвярэй скініі сходу ня выходзьце, каб не памерці вам, бо на вас алей памазаньня Гасподняга. І зрабілі паводле слова Майсея.
 
Вы ж не выходзьце па-за палатку сустрэчы, бо пагінеце, бо алей памазання Госпада на вас». І яны зрабілі ўсё, як Майсей ім загадаў.

І сказаў Гасподзь Аарону, кажучы:
 
І казаў таксама Госпад Аарону:

віна і моцных напояў ня пі і сыны твае з табою, калі ўваходзіце ў скінію сходу, каб не памерці; гэта вечная пастанова ў роды вашыя,
 
«Калі ўваходзіце ў палатку сустрэчы, то ані ты, ані твае сыны не піце віна, ані ўсяго таго, што можа п’яніць, каб не паўміралі. Гэта закон вечны ў пакаленнях вашых,

каб вы маглі адрозьніваць сьвяшчэннае ад несьвяшчэннага і нячыстае ад чыстага,
 
каб умелі адрозніваць паміж святым і паганым, паміж нячыстым і чыстым,

і вучыць сыноў Ізраілевых усім статутам, якія выказаў ім Гасподзь праз Майсея.
 
каб навучылі вы сыноў Ізраэля ўсім прыказанням Маім, якія Госпад аб’явіў ім непасрэдна праз Майсея».

І сказаў Гасподзь Аарону і Элеазару і Ітамару, астатнім сынам ягоным: вазьмеце прынашэньне хлебнае, якое засталося ад ахвяраў Гасподніх, і ежце яго прэснае каля ахвярніка, бо гэта вялікая сьвятыня:
 
Вось што сказаў Майсей Аарону і сынам яго, Элеязэру і Ітамару, якія засталіся: «Вазьміце ахвяру хлебную, што засталася ад агнявых ахвяр Госпада, і ежце яе прэсную каля ахвярніка, бо гэта самая святая рэч.

і ежце яго на сьвятым месцы, бо гэта дзялянка твая і дзялянка сыноў тваіх з ахвяраў Гасподніх: так мне загадана;
 
Ежце яе ў святым месцы, бо будзе дадзена яна табе і сынам тваім з агнявых ахвяр Госпадавых, як мне загадана.

і грудзіну трасеньня і лапатку паднашэньня ежце на чыстым месцы, дзе і сыны твае і дочкі твае з табою, бо гэта дадзена ў дзялянку табе і ў дзялянку сынам тваім зь мірных ахвяраў сыноў Ізраілевых;
 
Грудзіну ўздымання і лапатку даравання маеце есці на найчысцейшым месцы, ты і сыны твае, ды дочкі твае з табою; бо гэта пакінута табе і дзецям тваім з ахвяр прымірэння сыноў Ізраэля.

лапатку паднашэньня і грудзіну трасеньня павінны яны прыносіць з ахвярамі тлушчу, трасучы перад абліччам Гасподнім, і хай будзе гэта вечнай дзялянкай табе і сынам тваім з табою, як загадаў Гасподзь.
 
Лапатка і грудзіна хай складаюцца з агнявымі ахвярамі тлушчу для ўздымання перад Госпадам ды хай належаць табе і сынам тваім паводле вечнага закону, як загадаў Госпад».

І казла ахвяры за грэх шукаў Майсей, і вось, ён спалены. І ўгневаўся на Элеазара і Ітамара, астатніх сыноў Ааронавых, і сказаў:
 
Майсей шукаў казла ахвяры за грэх і знайшоў яго спаленага. Дык разгневаўся ён на сыноў Аарона, Элеязэра і Ітамара, ды сказаў ім:

чаму вы ня елі ахвяры за грэх на сьвятым месцы? бо яна сьвятыня вялікая, і яна дадзена вам, каб здымаць грахі з супольства, і ачышчае іх перад Госпадам:
 
«Чаму не з’елі вы ахвяру за грэх у святым месцы? Гэта ж самая святая рэч. Яна дадзена вам, каб вы знімалі грахі з супольнасці для ачышчэння іх перад Госпадам.

вось, кроў яе ня ўнесена ў сьвяцілішча, і вы павінны былі есьці яе на сьвятым месцы, як загадана мне.
 
А асабліва, калі частка крыві яе не была ўнесена ў месца святое, вы мусілі яе з’есці ў свяцілішчы, як загадана мне».

Аарон сказаў Майсею: вось, сёньня прынесьлі яны ахвяру сваю за грэх і цэласпаленьне сваё перад Госпадам, і гэта сталася са мною; калі я сёньня зьем ахвяру за грэх, ці будзе гэта заўгодна Госпаду?
 
Аарон адказаў: «Складзена сёння ахвяра за грэх, і цэласпаленне іх перад Госпадам. Са мною здарылася тое, што бачыш. Калі сёння з’ем ахвяру за грэх, ці гэта ўпадабае Госпад?»

І пачуў Майсей і ўхваліў.
 
Майсей выслухаў гэта і прыняў апраўданне.